Вы тут

Залатыя ўрокі жыцця


Літаратурна-музычны вечар памяці віцебскага паэта Барыса Беляжэнкі, прысвечаны 85-годдзю з дня яго нараджэння, правялі Віцебскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі сумесна з Віцебскай абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна і Бачэйкаўскай сельскай бібліятэкай, якая носіць імя паэта. 


Горыч яго лёсу была сапраўды вялікая. Паэт упарта лічыў, што ўся яго жыццёвая доля была своеасаблівай «платай бесу», пра што ён нярэдка і недвухсэнсоўна пісаў у вершах. У пачатку свайго шляху, у тым ліку творчага, Барыс Беляжэнка не толькі не верыў у Бога, але і нават быў гарачым багаборцам. 

Мы пазнаёміліся каля сарака гадоў таму, і зусім не на літаратурным, а на жыццёвым полі — як суседзі. З маім мужам яны часта пакеплівалі, ды і проста смяяліся з мяне, што вывучала і паглыблялася ў Кнігу Кніг — Свяшчэннае Пісанне. І менавіта Барыс Паўлавіч спрабаваў «разбіць» мае гарачыя і шчырыя перакананні і веру, апелюючы тэкстамі «Пацешнай бібліі» (была такая кніга, якая карысталася поспехам у атэістаў, прапагандыстаў і агітатараў таго часу). У нашай няпростай спрэчцы, дзе я адна супрацьстаяла двум сталым мужчынам, перамога была нечаканай для іх. Яе атрымала, вядома ж, Свяшчэннае Пісанне. 

Здаецца, менавіта з таго часу, пасля шматлікіх гутарак, абодва мае «апаненты» перагледзелі сваё стаўленне да Бога і веры. Няхай не адразу, але яны пачалі і Біблію пачытваць, і ў царкву прыходзіць, і маліцца, ціхенька адасобіўшыся ў кутку, нібы саромеючыся. Але жаданне маліцца і адкрыць свой смутак і пакуты Богу сталі неабходныя… У позняй творчасці Барыса Паўлавіча вельмі прыкметна гучалі ноты веры, шчырага прыняцця Бога... Хоць і не без філасофскага пытання, якое мучыла… А ўсё ж… 

Глухая ночь… Зажгу свечу для Бога… Для Сатаны, чтоб знал он свой предел. И кочергу поставлю у порога: А вдруг уже он к дому подлетел. Сердечком бьется пламечко немое… Минута эта так мне дорога… И вновь ребром вопрос передо мною: Что — Богу свет, что — черту — кочерга?

Барыс Беляжэнка рана даведаўся, што такое раненне, не ў баі, а ў жыцці, атрымаўшы калецтва і страціўшы напалову зрок. Аднак быў вельмі актыўны: пісаў кнігі і, працуючы ў рэдакцыі абласной газеты, мноства інфармацыйных, філасофскіх і грамадска-публіцыстычных матэрыялаў… Апошнім часам працаваў над гістарычнай аповесцю пра вялікага асветніка ХVІ стагоддзя Васіля Цяпінскага, часопісны варыянт якой быў апублікаваны ў 2014 годзе, за два гады да смерці пісьменніка, у «Нёмане». Але, на жаль, твор так і не быў скончаны… 

На многія вершы паэта напісаны песні, якія сталі вядомымі і выконваюцца на сцэнах абласных і раённых свят. Асноўнымі тэмамі яго творчасці былі любоў да Радзімы, захапленне яе прыродай, цудоўнымі, працавітымі людзьмі Беларусі. Барыс Паўлавіч імкнуўся працаваць у розных жанрах на беларускай і рускай мовах. Літаратурная і грамадская дзейнасць творцы неаднаразова адзначалася на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Быўшы ў складзе Саюза пісьменнікаў з 1979 года, выдаў 13 кніг: «Крыгалом», «Жытнёвае поле», «Крык у цiхай затоцы», «Званочак і цюльпан», «Успамiны пра майго асла»… У іх сабраны найлепшыя яго паэмы, вершы, апавяданні, навелы, гумар, сатыра, афарызмы, выслоўі. 

У свой час скончыў філфак БДУ, Мінскую вышэйшую партыйную школу. Як чалавек усебакова развіты і энергічны, цікавіўся моднымі ў той час Цэнтрамі народнай медыцыны ў Маскве і ў Кіеве, вучыўся на шматлікіх курсах, заканчэнне якіх заўсёды з асаблівай гордасцю згадваў ва ўсіх сваіх біяграфіях, і спрабаваў быць паслядоўнікам шырока вядомых у той час Джуны і Кашпіроўскага… 

Усе гэтыя захапленні ўплывалі як на бачанне свету, так і на яго творы… Адсюль, мабыць, і «для нячысціка плата», і «таямніца івалгі», і іншыя моманты пошукаў, роспачы і сумневаў, характэрных для сапраўднай творчай асобы. І паэзія аптымістычная, з тонкім гумарам і часам цвёрдай сатырай у канчатковым выніку перамагала ў ім адчуванне адчаю і суму, сумневаў і горычы. Шматлікія выступленні Барыса Паўлавіча ў працоўных калектывах, бібліятэках, дамах культуры, навучальных установах і сярод калег-літаратараў былі заўсёды паспяховыя… Хто толькі не смяяўся ад душы, слухаючы яго байкі «Агуркі», «Дачнік», «Аўтобус» і іншыя… Ён быў вялікім гумарыстам і жыццялюбам, умеў зараджаць пазітывам усіх. 

Паэты і празаікі, якія сабраліся на музычна-літаратурным вечары памяці ў дзень 85-годдзя Барыса Паўлавіча, яго сябры Вольга Русілка, Мікалай Намеснікаў, Андрэй Герашчанка, Валянціна Шырынава, Валерый Касаткін, Ірына Радзіхоўская, музыканты і мастакі Віталь Рауза, Алег Кірушкін, Людміла Станкевіч з удзячнасцю і сумам успаміналі паэта, чыталі яго вершы, а музычны народны самадзейны калектыў «Крынiца» сардэчна выканаў яго любімыя народныя песні. 

Где ж ты, бабушкина печка С теплым, ласковым челом? Где дымков твоих колечки, Что царили над селом?

У гэтым творы Барыса Беляжэнкі цэлы раман… Тут і «Ціхі Дон», і «Вайна і мір»… У кожнага з нас былі і такая чароўная печка, і бабуля, якая перанесла вайну, на якой страціла і мужа-карміцеля, і сваіх сыноў-дачок, і няма ім ліку, стратам і слёзам. А бабуля стаяла як сцяна сярод жыццёвых завірух і пакут, карміла і гадавала сваіх унукаў, чытала ім несмяротныя казкі Пушкіна, і сярод начной завірухі, холаду і голаду чароўная руская печка сагравала і дапамагала выстаяць нашаму народу… А паэт заўсёды з народам. 

Светлая, жывая атмасфера, у якой нібы чуўся вясёлы голас творцы, панавала ў канцэртнай зале абласной бібліятэкі, дзе гучала музыка і словы вершаў Барыса Беляжэнкі, заўсёды такога добразычлівага, чулага, які па-філасофску ставіўся да жыцця і мужна прымаў яго залатыя ўрокі. Доўга яшчэ звінелі ў ясным чэрвеньскім дні светлыя і жыццесцвярджальныя радкі вершаў, пакінутых нам Барысам Беляжэнкам. 

Тамара КРАСНОВА-ГУСАЧЭНКА 

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».