Вы тут

У Мінску пачала працаваць выстава «Мне сняцца сны аб Беларусі...»


У Палацы мастацтва 16 чэрвеня пачала працаваць рэспубліканская выстава «Мне сняцца сны аб Беларусі...».


Ад першых партрэтаў — да сучасных імправізацый

На прэс-канферэнцыі, якая адбылася напярэдадні, гаварылі пра адлюстраванне спадчыны класікаў у сучасным беларускім мастацтве і пра тое, якой задуманая выстава. Першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч распавяла, што экспазіцыю складае каля 200 работ. Большасць з іх створана мастакамі-сучаснікамі. Перад імі стаяла задача паказаць не партрэтныя выявы класікаў, а распавесці, што для іх Беларусь, праз вобразы лірыкі паэтаў. Наведвальнікі ўбачаць не прамое ілюстраванне твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа, а асацыятыўныя, алегарычныя і метафарычныя матывы. Наталля Шаранговіч адзначыла, што для арганізатараў было вельмі важна і тое, каб на выставе з'явілася частка рэтраспектыўнага, гістарычнага характару.

— У нас ёсць пункт адліку — адзін з першых партрэтаў Янкі Купалы, які быў створаны ў 1921 годзе мастаком Дзмітрыем Полазавым. Дзякуючы фондавым работам, з'явіліся ў экспазіцыі імёны тых мастакоў, якіх сёння, на жаль, ужо няма: Міхаіл Савіцкі, Віктар Грамыка, Георгій Паплаўскі, Леў Гумілеўскі.

140-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа знаходзіцца ў цэнтры ўвагі ўсёй культурнай супольнасці нашай краіны, падкрэсліў Аляксей Чарота, намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі. У СПБ складзены асобныя планы па святкаванні юбілеяў класікаў — да мерапрыемстваў далучыліся ўсе абласныя арганізацыі саюза. На працягу года адбудуцца круглыя сталы, выстаўкі, а таксама сустрэчы пісьменнікаў з чытачамі:

— Сяброўства мастакоў і пісьменнікаў, іх творчыя стасункі назіраліся ў гісторыі не толькі нашай краіны. Можна прыгадаць хаця б сяброўства Талстога з Рэпіным або Левітана з Чэхавым. Таму выдатна, што сёння мы зможам пабачыць дасягненні ў беларускім выяўленчым мастацтве, якія звязаны з імёнамі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Я спадзяюся, што гэты праект будзе толькі адным з крокаў у супрацоўніцтве мастакоў і пісьменнікаў, якое працягнецца і далей.

Развіваючы думку аб сінтэзе мастацтваў, Ірына Мацяс, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, адзначыла, што для выстаў літаратурных музеяў вельмі каштоўныя ілюстрацыі. У якасці прыкладу — работы Васіля Шаранговіча да паэмы «Новая зямля», а таксама графічныя творы Людмілы Пятруль да зборніка «Казкі жыцця». Выстава з работамі менавіта сучасных мастакоў — добрая нагода папоўніць фонды музея.

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Галінская дадала, што ў Год гістарычнай памяці імёны класікаў і іх творчая спадчына набываюць асаблівы сэнс. Юбілеі Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама прысвечаныя ім работы мастакоў з'яўляюцца складнікам нашай агульнай гістарычнай памяці. Тым больш што ў сваіх творах Янка Купала распавядаў аб становішчы 1941—1942 года — цяжкія часы акупацыі, генацыд беларускага народа.

У лучнасці музыкі, паэзіі, мастацтва

У экспазіцыі, якая размясцілася на двух паверхах Палаца мастацтва, — розныя, у нейкім сэнсе палярныя па выкананні і творчай ідэі, работы. Гэта і класічныя партрэты бацькоў Якуба Коласа Міхаіла і Ганны Міцкевіч, створаныя Віктарам Маркаўцом. І яскравыя, поўныя колераў пейзажы Уладзіміра Пракапцова і Алега Скавародкі. І «Гімн цішыні» Анатоля Кузняцова — абстрактнае палатно метровага памеру. Выстава не склалася б без класікаў айчыннага мастацтва, у экспазіцыю ўвайшлі партрэты Коласа і Купалы, створаныя Міхаілам Савіцкім, Віктарам Грамыкам, Георгіем Паплаўскім.

Адкрыццё выставы з упэўненасцю можна назваць літаратурна-мастацкай імпрэзай — для гасцей свае вершы прачыталі Віктар Шніп, Анатоль Аўруцін, Алена Басікірская, Ірына Карэніна. Удзел у мерапрыемстве ўзялі шмат прадстаўнікоў творчых прафесій, яны дзяліліся думкамі, успамінамі і ўражаннямі.

Анатоль Аўруцін, паэт, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі:

— Упершыню я бачу, каб мастакі і пісьменнікі ладзілі такое сумеснае мерапрыемства. Усе прызвычаіліся варыцца ва ўласным соку. І раптам, дзякуючы Богу, наша творчая інтэлігенцыя знаёміцца паміж сабой. Спадзяюся, сумеснымі намаганнямі мы падштурхнём нашу культуру ўперад.

Іван Міско, народны мастак Беларусі:

— У мяне ёсць канкрэтная прапанова: у сувязі з юбілеем Янкі Купалы і Якуба Коласа выпусціць добры хлеб з прыгожай этыкеткай. А таксама даць яму назву «Купала і Колас».

Уладзімір Тоўсцік, народны мастак Беларусі:

— Мне здаецца, што мінулае заўсёды з намі. Без яго няма ні будучыні, ні сучаснасці. Таму ў такі святочны дзень Палац мастацтва знаходзіцца непадалёк ад месца, дзе і нашы класікі. Мяркую, яны чуюць і спадзяюцца на нас — што наша зямля застанецца багатай на таленты.

Алесь Карлюкевіч, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі:

— Я назваў бы гэтую выставу не проста асаблівай, а сапраўды хрэстаматыйнай. Уражвае, што яна адкрываецца творам, які быў створаны ў 1921 годзе, і завяршаецца работамі, якія толькі-толькі нарадзіліся натхненнем майстроў мастацтва. Хрэстаматыйны характар работ пацвярджае, што нам, беларусам, пашчасціла: у нас ёсць народныя паэты, якім наканавана жыць у вечнасці. Другая рыса, якая ўражвае і выклікае цікавасць да гэтай выставы, — работы, звязаныя з афармленнем твораў класікаў. Мастацкае слова не можа жыць без прачытання мастакамі, найперш кніжнымі графікамі.

Глеб Отчык, старшыня Беларускага саюза мастакоў:

— Янка Купала і Якуб Колас — нашы класікі, падмурак, агульная гісторыя і сучаснасць. Таму хачу выказаць падзяку ўдзельнікам выставы, усім, хто дакрануўся да яе стварэння. Жадаю, каб мы заўсёды неслі ў сваім сэрцы любоў да мастацтва і Радзімы.

Уладзімір Пракапцоў, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея:

— Мы адзначаем свята, якое выходзіць за межы Палаца мастацтва, яно ўсенароднае. Вельмі прыемна, што разам з нашымі класікамі ў нацыянальным мастацтве актыўна працуе моладзь. Значыць, у нас ёсць будучыня: калі будзе жыць мастацтва, будзе жыць і Беларусь, наша зямля, багатая на таленты. Вельмі прыемна, што сёння Янка Купала і Якуб Колас аб'ядналі ўсіх: і паэтаў, і літаратараў, і скульптараў, і графікаў, і жывапісцаў.

Віктар Шніп, паэт, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя»:

— Маючы Купалу і Коласа, маючы нашых цудоўных мастакоў, мы ніколі не знікнем з гэтай зямлі. Ніколі не знікнем з Беларусі, бо мы былі, ёсць і будзем.

Анатоль Бутэвіч, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры:

— Прызнаюся, я ніколі не дзяліў мастацтва па жанрах. І сённяшняя імпрэза гэта даказвае: мастакі любых відаў і жанраў заўсёды разам стваралі нашу з вамі гісторыю. Хіба можна было б уявіць Купалу і Коласа без таго, што яны ўвасоблены ў мастацкіх палотнах, скульптурах ды іншых выявах? Памятаю, як святкавалася дзевяностагоддзе класікаў, стагоддзе — іх з шырокім размахам адзначалі на радзіме Купалы ў Вязынцы, на радзіме Коласа ў Мікалаеўшчыне. Гэта было агульнае паяднанне людзей вакол тых асоб, якія тварылі і нацыю, і гісторыю. Я хацеў бы, каб мы заўсёды жылі са словамі класікаў.

Уладзімір Слабодчыкаў, народны мастак Беларусі:

— Стаяў і ўспамінаў: было стагоддзе Купалы і Коласа, таксама ў чэрвені, у такі ж лагодны дзень. Прыйшло шмат людзей, я бачыў там вядомых мастакоў і скульптараў. Прайшло шмат гадоў, а яны ўсё роўна знаходзяцца паміж намі — сваімі творамі. Я хадзіў па сённяшняй выставе і бачыў моладзь, значыць, постаці класікаў хвалююць нашых маладых мастакоў, як і нас у свой час. Хацеў бы, каб гэтая пераемнасць працягвалася, таму што ў кожнага беларуса Янка Купала і Якуб Колас у душы.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».