Днямі ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у прасторы былога музея па праспекце Незалежнасці, 47 адкрылася выстаўка «Шагал. La Bible». Экспазіцыю склалі 64 ілюстрацыі Старога запавету, выкананыя знакамітым ураджэнцам Віцебшчыны ў тэхніцы каляровай літаграфіі, а таксама работы сучасных аўтараў, натхнёныя творчасцю сусветна вядомага мастака. Арганізатарам мерапрыемства выступіла «FARBA» — установа, якая прыйшла на змену знаёмай нашым чытачам галерэі «LIBRA».
Па словах куратараў праекта, ілюстрацыі да Свяшчэннага Пісання, зробленыя Маркам Шагалам па заказе вядомага французскага выдаўца Амбруаза Валара, займаюць вельмі важнае месца ў творчай спадчыне класіка. Дзеля напісання цыкла творца нават здзейсніў працяглую вандроўку па святых месцах Старога запавету — Палесціне, Сірыі і Егіпце. Да таго ж, каб паспяхова праілюстраваць кнігі Танаха, Шагалу давялося асвойваць новую для яго тэхніку — літаграфіі. Работа над серыяй вялася на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў.
«Біблейскія матывы чырвонай ніццю праходзяць праз усю творчасць мастака», — даводзіць суправаджальны тэкст да выстаўкі. Зрэшты, у гэтым прызнаваўся і сам Шагал. Так, у сувязі з адкрыццём музея «Біблейскае пасланне» ў Ніцы ў 1973 годзе ён пісаў: «З ранняга дзяцінства я быў зачараваны Бібліяй. Мне заўсёды здавалася і здаецца цяпер, што гэтая кніга з’яўляецца самай вялікай крыніцай паэзіі ўсіх часоў. З даўняй пары я шукаю яе адлюстраванне ў жыцці і мастацтве. Біблія падобна да прыроды, і гэту тайну я спрабую перадаць».
Апошні сказ, прадвызначыўшы экспазіцыю ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, быў абраны своеасаблівым эпіграфам да яе. І нездарма! Прадстаўленыя на выстаўцы работы, таксама як і Кніга кніг, утрымліваюць нямала таямніц, якія давядзецца разгадваць цікаўным гледачам. Напрыклад, што вы скажаце на тое, што на адной з работ дрэва пазнання дабра і зла вырастае літаральна з галавы самога Шагала? У дэшыфроўцы падобных дэталей традыцыйна дапаможа квэст па экспазіцыі, падрыхтаваны арганізатарамі.
Ключом да разумення «Біблейскіх пасланняў» (назва біблейскага корпуса твораў Марка Шагала) служыць той факт, што аўтар іх — плоць ад плоці іўдзейскай рэлігійнай традыцыі. Прытрымліванне канонаў іўдаізму прадугледжвае апроч іншага строгую забарону на ўсякую фігуратыўную выяву чалавека, жывёліны і тым больш Бога, неабсяжнага і невымоўнага паводле азначэння. Атрымліваецца, вынайдзены Шагалам унікальны напаўдзіцячы стыль стаў для яго адзіным выйсцем, арыгінальным адказам на суровае правіла.
Трэба думаць, працуючы над ілюстрацыямі да Свяшчэннага Пісання, мастак вёў яго палажэннямі ўяўную спрэчку. У гэтых адносінах асабліва цікавай паўстае ілюстрацыя да класічнага касмаганічнага сюжэта «Стварэнне свету». На адной невялікай карціне знайшлося месца ўсяму: умясціліся на ёй і свяцілы, і рыбы, і птушкі, і жывёлы, і людзі, і анёлы, і, канешне ж, сам Тварэц. Што гэта, калі не дзёрзкая выхадка ўзгадаванага ў рэлігійнай традыцыі жывапісца, гуллівае падміргванне заўзятым ахоўнікам «закона божага»?
Цікава, што ў сваёй рабоце над Бібліяй не абмінуў Шагал і старонак з запаведзямі, адна з якіх забараняе рабіць падобныя малюнкі. Пры гэтым, ілюструючы Дэкалог, мастак кіруецца не метадам аналогіі, суправаджаючы кожнае з прадпісанняў уласным сюжэтам (падобным шляхам ідзе, напрыклад, Кшыштаф Кеслёўскі у сваім шматсерыйным фільме). Наадварот, запаведзі для яго — гэта ў першую чаргу каменныя скрыжалі і тэкст на іх паверхні. Да таго ж у абход названай забароны вырашаюцца яны вельмі абстрактна, пункцірна.
Яшчэ шырэй межы фігуратыўнасці рассоўваюць сучасныя беларускія аўтары, чые работы гэтымі днямі таксама прадстаўлены ў залах Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. У выставачнай прасторы знайшлося месца і поп-арт-эксперыментам Віктара Лагоўскага, і кубічным экзерсісам Юліі Церашко, і практыкаванням у абстрактным экспрэсіянізме Святланы Варабей, і канцэптуальным выказванням Паліны Корзун-Фомчанкі. Адзін з твораў апошняй аўтаркі, дарэчы сказаць, уступае ў дыялог з шагалаўскім «Стварэннем свету».
Вяртаючыся да віноўніка ўрачыстасці, варта адзначыць, што асобную залу на выстаўцы, арганізаванай галерэяй «FARBA», займаюць літаграфіі Марка Шагала, зробленыя ім паводле эскізаў да вітражоў уласнага аўтарства. У 1959 годзе мастак атрымаў прапанову запоўніць вітражамі вокны сінагогі Медыцынскага цэнтра Хадаса ў Іерусаліме. Размешчаная на Іўдзейскіх пагорках сінагога мае чатырохвугольны план і 12 акон па перыметры. Кожнае з іх вырашана ў адным з чатырох колераў — сінім, чырвоным, зялёным і жоўтым.
Для лепшага паглыблення ў атмасферу «саманнага» Усходу і раскрыцця біблейскага кантэксту прагляд экспазіцыі суправаджаецца таямнічай кампазіцыяй духавых, якая мякка разліваецца па прасторы. Акрамя таго, да кожнай з шагалаўскіх работ дадаецца фрагмент біблейскага тэксту, які яна ілюструе, і падрабязнае тлумачэнне. Больш за тое, у адной з залаў наведвальнікаў чакае вялікі тэлеманітор, па якім бесперанку ідуць найцікавейшыя фільмы аб мастаку. І як жа не ўспомніць пра фотазону!
Мікіта ШЧАРБАКОЎ
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.