Вы тут

Дзейснасць зваротаў і інтэграцыя інвалідаў


Адобраны сенатарамі законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» накіраваны на ўдасканаленне прававога рэгулявання адносін, якія датычацца сферы падачы і разгляду зваротаў грамадзян, а таксама юрыдычных асоб з мэтай найбольш поўнай абароны іх правоў і законных інтарэсаў.


— Нязменным прыярытэтам для ўсіх галін улады і дзяржаўных органаў, у тым ліку Савета Рэспублікі, з'яўляецца работа са зваротамі грамадзян, — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей СІВЕЦ. — Рэспубліканскі семінар-нарада «Актуалізацыя метадаў і форм работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні», які адбыўся з удзелам кіраўніка дзяржавы, чарговы раз наглядна пацвердзіў, што для эфектыўнага ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў і службовых асоб з насельніцтвам неабходная актуальная і запатрабавальная на практыцы заканадаўчая база. Прадстаўлены законапраект накіраваны на ўдасканаленне парадку разгляду зваротаў, у тым ліку з улікам новых метадаў камунікацыі, на фарміраванне аднастайнай правапрымяняльнай практыкі ў гэтай сферы.

Звярнуўшы ўвагу на актуальнасць законапраекта, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Алег ДЗЯЧЭНКА расказаў, што ў павестцы дня стаіць пытанне аб тым, каб узмацніць работу з насельніцтвам, са зваротамі грамадзян. «Галоўнае, каб мы працавалі для людзей, каб кожны грамадзянін мог звярнуцца да той службовай асобы, да якой хоча, — удакладніў сенатар. — Яшчэ больш важна, каб гэты зварот быў дзейсным, каб, разгледзеўшы яго, мы маглі якасна вырашыць пастаўленую задачу».

Таксама сенатары адобрылі законапраект «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі». Яго асноўнай асаблівасцю з'яўляецца паўнапраўнае ўключэнне людзей з інваліднасцю ў грамадства, а таксама рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі сацыяльнай інтэграцыі інвалідаў, стварэнне даступнага асяроддзя і паляпшэнне якасці жыцця інвалідаў, падтрымка сем'яў з інвалідамі.

Прадстаўляючы законапраект, міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына КАСЦЕВІЧ заўважыла, што людзі з інваліднасцю займаюць асаблівае месца ў сістэме дзяржаўнай і сацыяльнай падтрымкі. «Шэсць працэнтаў насельніцтва краіны, а гэта больш чым паўмільёна чалавек, — людзі, якія маюць інваліднасць, — паведаміла міністр. — Яшчэ на мяжы 2000-х лічылася, што асноўная мэта дапамогі інвалідам — аказанне матэрыяльнай падтрымкі. У сучасным свеце задачы трансфармаваліся. Наша ключавая мэта — інтэграваць людзей з інваліднасцю ў грамадства».

Законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі», таксама адобраны членамі Савета Рэспублікі, распрацаваны з мэтай паляпшэння даступнасці і якасці псіхалагічнай дапамогі, стварэння больш спрыяльных умоў для яе аказання. Як заўважыла першы намеснік міністра аховы здароўя Алена КРАТКОВА, дапамога праз інтэрнэт неабходная, асабліва для маладога пакалення. «У пашыраныя паўнамоцтвы бярэцца права выкарыстоўваць яе і на платнай аснове, — удакладніла першы намеснік міністра. — Чакаецца, што цікавасць з боку псіхолагаў на аказанне новага віду дапамогі будзе вялікая. Адпаведна, і даступнасць для аказання дапамогі палепшыцца».

Станоўчую ацэнку атрымаў і законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абыходжанні з адходамі». Дакумент прадугледжвае пераразмеркаванне паўнамоцтваў Прэзідэнта ў частцы ўстанаўлення патрабаванняў да абыходжання з адходамі, якія ўтвараюцца пасля страты таварамі і ўпакоўкай сваіх спажывецкіх якасцяў. Гэтыя паўнамоцтвы цяпер будуць ускладзены на ўрад. Акрамя таго, за юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія ажыццяўляюць вытворчасць і (або) увоз тавараў, замацоўваюцца абавязкі па забеспячэнні збору, абясшкоджвання і (або) выкарыстання адходаў тавараў і адходаў упакоўкі, якія ўтварыліся пасля страты імі спажывецкіх якасцяў.

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.