Вы тут

Героі нашага часу ў белых халатах


У нашай кране амаль 300 тысяч медыкаў, з іх каля 45 тысяч практыкуючых урачоў, 115 тысяч медыцынскіх сясцёр і братоў. Два гады наша медыцына пераадольвала няпросты шлях барацьбы з COVІD-19. За гэты час на сферу аховы здароўя выдзелена каля 2,3 мільярда рублёў, з іх на выплату надбавак медработнікам — больш за 1,5 мільёна. Бальніцы былі аснашчаны кіслароднымі пунктамі (цяпер у стацыянарах іх больш за 30 тысяч), камп'ютарнымі тамографамі і іншым неабходным абсталяваннем. У Беларусі за два месяцы наладзілі ўласную вытворчасць сродкаў індывідуальнай аховы, рэспіратараў, масак, дэзынфектараў. Была створана тэхналогія вытворчасці ўласнай вакцыны, наладжаны выпуск крытычна важных лекаў.


Фота: pixabay.com

Аднак не забываліся ў гэты час і ў цэлым пра развіццё сферы аховы здароўя. Будаваліся новыя паліклінікі і карпусы бальніц, жыллё для медыкаў, закуплялася новае абсталяванне, асвойваліся новыя віды аперацый.

Вось толькі некалькі прыкладаў. Зусім нядаўна ў Мінску адкрылася 9-я дзіцячая паліклініка. Будынак узведзены на месцы старога. У будаўніцтва ўкладзена больш за 21,1 мільёна рублёў. Магутнасць новага 6-павярховага будынка — 400 наведванняў у змену. Усяго тут абслугоўваецца больш за 15 тысяч юных мінчан, працуюць 46 урачоў і 85 медсясцёр.

Крыху раней у Магілёве адкрылася дзіцячая паліклініка № 1. На новай базе спецыялісты медустановы працягнуць абслугоўваць дзяцей цэнтральнай часткі горада, а таксама будуць аказваць медпаслугі маленькім пацыентам некалькіх найбліжэйшых мікрараёнаў. Паліклініка разлічана на 250 наведванняў у змену.

Новая дзіцячая паліклініка адкрылася і ў Жодзіне. Будынак, выкананы па індывідуальным праекце, размясціўся ў самым цэнтры горада і разлічаны на 300 наведванняў за змену. У чатырохпавярховай паліклініцы размясціліся ўтульныя кабінеты з сучасным абсталяваннем, у тым ліку стаматалагічным, лабараторным, дыягнастычным, фізіятэрапеўтычным. Кабінеты паліклінікі, вядома ж, забяспечаны інфармацыйным абсталяваннем, камп'ютарнай сеткай, электроннай чаргой. Гэта значыць, усё задумана так, каб устаць на рэйкі электроннай аховы здароўя з моманту адкрыцця.

А вось ў Брэсце адкрыты сучасны шматфункцыянальны медыцынскі цэнтр для дзяцей і дарослых. Медыцынскі комплекс уключае ў сябе паліклініку для дарослых на 500 наведванняў у змену (для абслугоўвання 40 тысяч чалавек) з аддзяленнем дзённага знаходжання на 25 ложкаў і дзіцячую паліклініку на 600 наведванняў за змену (для абслугоўвання 30 тысяч дзяцей).

У наступным годзе ў Брэсце плануюць пачаць будаўніцтва хірургічнага корпуса абласной бальніцы. Мяркуецца, што ён будзе складацца з двух блокаў. Першы — чатырохпавярховы. Там размесцяцца прыёмнае аддзяленне, а таксама рэанімацыйнае, аперацыйнае, цэнтралізаванае стэрылізацыйнае аддзяленні і гемадыяліз. У асноўным, лячэбным, блоку будуць працаваць кардыялагічная, кардыяхірургічная і сасудзістая дапамога. Дадаткова адкрыюцца тры аддзяленні, у тым ліку інфарктнае і парушэнняў рытму. Такім чынам гэты блок будзе прызначаны для пацыентаў з кардыясасудзістай паталогіяй. У дадатак да гэтага там размесцяцца нейрахірургічнае аддзяленне, аддзяленне хірургіі і трансплантацыі. Акрамя таго, у медыцынскім гарадку сёлета плануюць пачаць будаўніцтва арэнднага дома для медработнікаў.

А вось у Барысаве закончана будаўніцтва кааператыва «Медык». На вуліцы Ватуціна з'явіўся жылы дом на 104 кватэры, які стаў цудоўным падарункам маладым сем'ям медработнікаў Мінскай вобласці.

Барысаўская ЦРБ — адна з самых буйных бальніц у вобласці, дзе ствараецца спецыялізаваны цэнтр высокатэхналагічнай меддапамогі, на базе якога з'явяцца ўнікальныя магчымасці для аказання меддапамогі. Два камп'ютарныя тамографы, МРТ і ангіёграф у Барысаве ўжо ёсць. Цяпер завяршаецца будаўніцтва дзіцячага шматпрофільнага корпуса.

На працягу гэтага года адбудзецца і адкрыццё новай дзіцячай бальніцы ў Барысаве. Актыўна вядзецца будаўніцтва новай паліклінікі ў Бараўлянах і паліклінікі ў вёсцы Азярцо Мінскага раёна. Гэтыя аб'екты сістэмы аховы здароўя таксама плануецца адкрыць у 2022 годзе.

Шэраг медыцынскіх устаноў будуецца і ў іншых рэгіёнах. У Віцебску ўзводзяцца новыя карпусы абласнога клінічнага спецыялізаванага цэнтра. У Гродне — новы анкацэнтр. Увесь аб'ект будзе здадзены ў 2025 годзе. Будуюць яго ў рамках інвестпраграмы за кошт рэспубліканскага бюджэту. Анкадыспансер разлічаны на 312 месцаў, наведвальнасць — 300 чалавек у дзень. Тут будзе восем карпусоў, у тым ліку два лячэбныя, аперацыйны, радыелагічны, лабараторна-дыягнастычны, анкадыспансер, кафедры, паталагаанатамічнае аддзяленне і пансіянат.

У сталіцы напрыканцы гэтага года завершыцца будаўніцтва новага корпуса РНПЦ «Кардыялогія». Цяпер у новым корпусе (а яго прызначэнне — гібрыдная кардыяхірургія) абсталёўваюць аперацыйныя. Умовы ў іх дазволяць хірургам больш эфектыўна працаваць, а пацыентам — лепш аднаўляцца пасля аперацый. На новых плошчах размесціцца рэанімацыйнае аддзяленне на пяць рэанімацыйных боксаў, тут будзе абсталявана 12 спецыялізаваных ложкаў. Акрамя таго, у корпусе плануецца размясціць аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі для пацыентаў кардыяхірургічнага профілю, а таксама навуковыя лабараторыі цэнтра.

Што датычыцца аплаты работы медыкаў, кіраўніцтва краіны прымае меры, каб яна не знізілася пасля адмены «ковідных» надбавак. Напярэдадні прафесійнага свята міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч анансаваў змяненні ў сістэмы аплаты працы. Ён адзначыў, што ў хуткім часе будзе прыняты дакумент, які фармалізуе прэзідэнцкія даручэнні наконт гэтага. Кіраўнік дзяржавы даваў іх у тым ліку ў ходзе шматлікіх паездак у рэгіёны, наведванняў лячэбных устаноў.

— Там менавіта даваліся ўказанні, прымаліся стратэгічныя рашэнні. Літаральна некалькі дзён — і будуць выкрышталізаваны рашэнні кіраўніка дзяржавы. Па яго даручэнні прапрацавана ўрадам, якое будзе павышэнне зарплат медыцынскім работнікам, — расказаў Дзмітрый Піневіч.

Павышэнне зарплат ахопіць усіх медыкаў краіны.

— Але ў некаторых катэгорый, якія працуюць, з нашага пункту гледжання, на больш важных, складаных участках, гэта павышэнне зарплаты будзе большым, — падкрэсліў міністр.

Кампетэнтна

Валерый Недзень, галоўны пазаштатны стаматолаг Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, галоўны ўрач 7-й стаматалагічнай паліклінікі Мінска, напярэдадні прафесійнага свята атрымаў ганаровае званне «Выдатнік аховы здароўя»:

— У нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага матэрыяльна-тэхнічнай базе медыцынскіх устаноў, у тым ліку абнаўленню абсталявання. У хуткім часе пасля капітальнага рамонту адкрыецца Мінскі гарадскі дзіцячы клінічны цэнтр па стаматалогіі. Гэта цалкам сучасны праект з абноўленымі інжынернымі сеткамі і самым сучасным стаматалагічным абсталяваннем.

Зусім нядаўна ўведзены ў эксплуатацыю новы будынак 9-й гарадской дзіцячай паліклінікі. У сакавіку пасля капітальнага рамонту адкрылася 16-я гарадская паліклініка, якая прымае дарослых. У абедзвюх маюцца стаматалагічныя аддзяленні, аснашчаныя найноўшым абсталяваннем.

Цяпер працягваецца мадэрнізацыя 36-й гарадской і 19-й дзіцячай паліклінік, якія будуць цалкам перааснашчаны. Што датычыцца стаматалагічных аддзяленняў, то там таксама будзе заменены стаматалагічны парк: і стаматалагічныя ўстаноўкі, і рэнтгенабсталяванне.

На мой погляд, матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя, абсталяванне, якое маецца, дазваляюць нам выкарыстоўваць самыя сучасныя тэхналогіі ў стаматалогіі. А кваліфікацыя і кампетэнцыі нашых медыцынскіх работнікаў, якіх, карыстаючыся выпадкам, я віншую з прафесійным святам, дазваляюць аказваць паслугі любога ўзроўню складанасці.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

У БДУ 82 % залічаных на першы курс набралі 300 балаў і больш.

Калейдаскоп

Склад для дачніка. Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму

Склад для дачніка. Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму

Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму.