Вы тут

Мемуары земляка-ваеначальніка з Пінска


Незаўважанай аказалася чарговая дата, якую маглі б адзначыць не толькі берасцейскія краязнаўцы... Сакавік 2019 — 180 гадоў з дня нараджэння аднаго нашага земляка: рускага генерала Аляксандра Вітмера. Што ж, будзем спадзявацца на адпаведную ўвагу ў 2024-м… Але ж аб усім па парадку... 


Пінск, Піншчына — багатая на знакамітасцяў старонка. Тут нарадзіліся вучоныя, пісьменнікі, мастакі, вынаходнікі... Мастак Дунін Альфонс Баркоўскі паходжаннем з вёскі Плята Мураваная. У Лагішыне нарадзіўся геолаг прафесар Аляксандраўскага універсітэта ў Варшаве Марцін Антоній Паўловіч. Піншчына выправіла ў вялікую творчую дарогу пісьменнікаў Францішка Савіча, Міхася Дубянецкага, Міколу Антаноўскага, Любоў Тарасюк, Зіновія Прыгодзіча, Фёдара Одрача, Марыю Пшыбыляк, Яўгенію Янішчыц, Валерыя Грышкаўца, Леанарда Кандрашэнку. Ёсць сярод пінчукоў і вайскоўцы. Адзін з іх — і згаданы Вітмер...

Сярод генералаў, якя нарадзіліся ў Пінску, на Піншчыне, ён неяк не згадваецца. Асоба, між тым, яркая шматгранная, ён шмат што паспеў зрабіць за сваё жыццё. Ды фактычна , калі можна так вобразна заўважыць, паспеў пражыць два жыцці. Другое з іх пачалося ў Крыме, куды Аляксандр Мікалаевіч патрапіў ужо ў сталым узросце : улічваючы стан здароўя, дактары параілі ратавацца ў цёплай старонцы, на марскім узбярэжжы. Але ж не мог чалавек актыўны, дзейсны, адседжвацца на пляжы, ды адно толькі транжырыць генеральскую пенсію. Прыехаўшы ў Крым, маючы пэўны дастатак, у 1890-я гады Вітмер набыў мноства зямельных надзелаў у Севастопалі, Балаклаве і Ялце. Пабудаваў некалькі гасцініц і рэстаранаў на Ялцінскай набярэжнай. Адчыніў кінатэатр. Заснаваў друкарню. Адным з самых паспяховых праектаў вайскоўца, які доўгі час і не задумваўся ні пра які бізнес, у пачатку 1900-х гг. стала будаўніцтва мэбліраваных пакояў «Арэанда». Забягаючы наперад, скажам, што гатэль «Арэанда», пабудаваны ў 1907 годзе, працуе і зараз. Рэканструяваны ў 2001 годзе, гатэль становіцца ўдзельнікам гасцінічнай сеткі Premier Hotels. І калі некалкьі год назад прапраўнучка генерал-маёра Вітмера Л.Ю. Меншыкава ( кандыдат гістарычных навук, яна да нядаўняга часу працавала выкладчыкам лацінскай мовы ў гімназіі N610 Санкт-Пецярбурга) меркавала , дзе правесці прэзентацыю толькі што выдадзенай кнігі Аляксандра Мікалаевіча Вітмера «Што бачыў, чуў, каго ведаю» , выбар прыпаў на ялцінскі гатэль «Арэанда». 

Але вернемся да «першага жыцця» Аляксандра Вітмера. Удакладнім. Нарадзіўся Аляксандр Мікалаевіч 26 сакавіка 1839 года. Ваенную адукацыю спярша атрымаў у Паўлаўскім кадэцкім корпусе. Удзельнічаў, як тады пісалі, «у польскай кампаніі 1863 года». Служыў у Свеабаргу. Займаў пасаду начальніка штаба абароны Свеабарга ў 1878 годзе. Перад гэтым узначальваў штаб 2-га армейскага корпуса. Закончыў Акадэмію Генеральнага штаба. Займаў пасаду прафесара ваеннай гісторы і ваеннага мастацтва Мікалаеўскай акадэміі Генеральнага штаба. З 1882 года генерал-маёр Аляксандр Вітмер (ва ўзросце ўсяго 43 гадоў!) пакдае службу, сыходзіць у адстаўку. Пачынае актыўна займацца літаратурнай дзейнасцю. Піша п’есы. Выступае як публіцыст у «Русской старине», «Историческом вестнике», «Русской мысли», «Исторической летописи», «Военном сборнике». Трэба заўважыць , што пры ўсёй публіцыстычнай актыўнасці тагачасных вайскоўцаў ваенны друк напрыканцы 19-га стагоддзя быў наўздзіў казённым, прымітыўным. На працягу многіх дзесяцігоддзяў «надвор’е» на армейскай інфармацыйнай прасторы рабіла прымітыўная газетка «Русский инвалид». Вядомы кнігавыдавец Іван Сыцін на гэты конт выказаўся наступным чынам:"І ў самой гэтай назве адбілася як быццам насмешка гісторыі«.

Аляксандр Вітмер выдае ў 1864 годзе кнігу «Уплыў французскіх ваенных устаноў канца мінулага стагоддзя на ход рэвалюцыйных войн, крытычны разгляд кампаніі 1800 г. у Італіі...» Праз пяць гадоў да чытача прыходзіць новая работа нашага земляка — «1812 год у „Вайне і міры“ ...Л.М. Талстога». У сваіх публікацыях Аляксандр Мікалаевіч выкладаў уласныя крытычныя погляды на ўзбраенне рускай арміі, спосабы вядзення вайны Расіяй. Магчыма, гэта і стала прычынай звальнення Вітмера ў адстаўку. На шчасце, і заняткаў, і клопатаў, і захапленняў на той час у генерала было звышдастаткова: літаратурная работа, ваенная гісторыя, калекцыяніраванне твораў выяўленчага мастацтва, а пасля і прадпрымальніцтва.

На пачатку 1900-х у Санкт-Пецярбургу і Севастопалі выходзяць кнігі Вітмера, прысвечаныя знакамітым ваеначальнікам, — «Генерал Лявіцкі» і «Скобелеў і яго юнацтва». Памёр Аляксандр Мікалаевіч у 1916 годзе. У Ялце. Помнік Вітмеру — не толькі гатэль «Арэанда», але і кніга «Што бачыў, чуў, каго ведаў». У ёмістым фаліянце ў 700 з нечым кніжных старонак — успаміны пра пра генерала Скобелева, адмірала Бутакова, хіміка Бутлерава, хірурга Пірагова, мастака Ге, ды пра іншых вядомых мастакоў. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Навука

На што здольныя тэхналогіі трэцяга тысячагоддзя?

На што здольныя тэхналогіі трэцяга тысячагоддзя?

Ад распрацоўкі лекаў да беспілотных аўтамабіляў.

Без рубрики

Як прайшоў фінал конкурсу «Сям’я года»

Як прайшоў фінал конкурсу «Сям’я года»

Самыя таленавітыя, дружныя, крэатыўныя!

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.