Вы тут

Падкормка агуркоў народнымі сродкамі


Разнастайныя ўгнаенні для падкормкі агуркоў можна не толькі купіць у краме, але і прыгатаваць самастойна. Чым толькі не падкормліваюць агурочныя пасадкі. У справу ідуць дрожджы, попел, хлеб, курыны памёт, цыбульнае шалупінне, а таксама розныя настоі. І, што самае цікавае, такія падкормкі выдатна працуюць.


Дрожджы

Адно з дзейсных угнаенняў, якія можна прыгатаваць у хатніх умовах, гэта настой на аснове хлебапякарных дражджэй, якія змяшчаюць нямала пажыўных рэчываў (бялкі, каштоўныя мінералы, мікраэлементы, амінакіслоты). Строга кажучы, «карміць» такі настой будзе не самі расліны — дрожджы, трапіўшы ў глебу, узмацняюць актыўнасць карысных мікраарганізмаў, якія жывуць у ёй, ажыўляюць глебавую мікрафлору, стымулююць паскоранае раскладанне арганічных рэчываў і паляпшаюць структуру грунту. А ўжо за кошт гэтага раслінам лягчэй засвойваць карысныя элементы з глебы.

Менавіта па такім прынцыпе працуюць модныя сёння ЭМ-прэпараты.

Як прыгатаваць угнаенне з дражджэй? 200 г свежых дражджэй трэба растварыць у 10 л вады і настаяць трое сутак у цёплым месцы. Раз на дзень настой варта памешваць.

Уносіць такое ўгнаенне трэба пад корань, абавязкова пасля паліву агуркоў (каб не апаліць каранёвую сістэму). На адзін куст — па 0,5 л падкормкі. Дадзенае ўгнаенне не толькі стымулюе рост агуркоў, але і абараняе іх ад шкоднікаў, з'яўляючыся своеасаблівым прыродным фунгіцыдам. Толькі вазьміце на заметку, што такую падкормку не варта праводзіць больш за 2-3 разы за сезон і не часцей чым раз на два тыдні.

Попел

Драўняны попел — не менш каштоўнае арганамінеральнае ўгнаенне для агуркоў: у ім утрымліваюцца ўсе карысныя элементы, якія так неабходныя культуры падчас росту і фарміравання пладоў. А яшчэ попел:

• паляпшае якасць кіслай глебы;

• дапамагае глебавым мікраарганізмам хутчэй раскладаць арганіку, ператвараючы яе ў даступныя раслінам элементы;

• дапамагае больш эфектыўна змагацца з многімі шкоднікамі і хваробамі.

Падкормліваць агуркі попелам можна двума спосабамі:

• сухім попелам. Увесну ўносяць 1 шклянку попелу на 1 кв. м пад перакопку градкі і каля 1 ст. л. у кожную лунку пры высадцы расады ў грунт. У далейшым на працягу вегетацыі адвольна пасыпаюць глебу пад агуркамі перад палівам;

• настоем попелу. Для яго прыгатавання трэба змяшаць попел з вадой і настаяць два тыдні, рэгулярна памешваючы. На 1 л вады пры гэтым павінна прыходзіцца 2-3 ст. л. попелу. Норма расходу настою — 0,5 л на адзін куст.

Праводзіць любую з дадзеных падкормак можна 5-6 разоў за сезон.

Склад попелу шмат у чым залежыць ад таго, з чаго ён атрыманы. Напрыклад, попел з драўніны лісцевых парод багаты кальцыем, у попеле з кары і саломы больш фосфару, а попел лугавой травы адрозніваецца высокім утрыманнем калію.

Хлеб

Падкормка агуркоў хлебам — выдатная альтэрнатыва ўгнаенням з дражджэй. Каб прыгатаваць хлебнае ўгнаенне для пазакаранёвага прымянення, трэба ў вядры вады замачыць бохан чорнага хлеба і настаяць ноч. Можна ў гэтую ж ёмістасць кінуць жменю-другую скошанага пустазелля. Далей атрыманую масу разводзяць вадой з разліку 1 л угнаення на 10 л вады і апырскваюць ім агуркі.

Калі ж настойваць хлеб тыдзень у закрытым вечкам вядры і ў цёплым месцы, то вы атрымаеце добрую каранёвую падкормку. Для яе можна выкарыстаць не цэлы бохан, а чэрствыя скарыначкі, узятыя ў адвольнай колькасці. Для паліву агуркоў такую »закваску» разводзяць з вадой у суадносінах 1:3. На адзін кусцік павінна прыходзіцца 0,5 л хлебнага ўгнаення.

Паліваць хлебным угнаеннем агуркі можна адзін раз на пяць дзён. Пачынаць падкормкі варта, калі агуркі пачнуць утвараць завязі. Працягваць іх можна да самага канца плоданашэння.

Курыны памёт

Нягледзячы на тое, што курыны памёт — арганічнае ўгнаенне, ён таксама змяшчае жалеза, фосфар, медзь, серу, марганец, цынк, кобальт. Таму падкормліваць ім карысна не толькі агуркі, але і іншыя агародныя і садовыя культуры.

Каб прыгатаваць настой курынага памёту для падкормкі агуркоў, неабходна заліць арганіку вадой у прапорцыях 1:20 і пакінуць на некалькі гадзін, перыядычна памешваючы. Далей атрыманы раствор трэба працадзіць, пасля чаго ён гатовы да ўжывання.

Пад адну расліну рэкамендуецца ўносіць каля 0,5 л настою курынага памёту. Выкарыстоўваць такое ўгнаенне рэкамендуецца тры разы за сезон: у пачатку вегетацыі, падчас цвіцення агуркоў і падчас актыўнага плоданашэння.

Цыбульная шалупіна

Угнаенне з цыбульнай шалупіны добрае тым, што яго можна выкарыстоўваць як для каранёвай, так і для пазакаранёвай падкормкі. Пры гэтым апырскванне і паліў агуркоў настоем цыбульнага шалупіння — гэта не толькі паўнавартасная падкормка, але і абарона ад хвароб.

Дадзены настой рыхтуецца з адной шчыльна напоўненай шклянкі шалупіння і 8 л вельмі гарачай вады. Сумесь павінна настойвацца на працягу 2-3 дзён, пасля чаго яе трэба працадзіць. Такая падкормка карысная не толькі агуркам, але і многім іншым агароднінным культурам, у прыватнасці таматам.

Як правільна падкормліваць агуркі настоямі і адварамі

• Паколькі настоі і адвары часцей за ўсё з'яўляюцца канцэнтраванымі, то, каб паліць або апырскаць агуркі, угнаенне варта развесці вадой.

• Агуркі можна паліваць двума спосабамі: непасрэдна пад корань і ў баразёнку, праведзеную ўздоўж шэрагу раслін на адлегласці 6-7 см ад іх.

• За ўвесь сезон гэтую культуру рэкамендуецца падкормліваць 3-4 разы.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».