Вы тут

Добрая традыцыя: Музычны тэатр у Мірскім замку


Летнія музычныя вечары Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра ў замкавым комплексе «Мір» выклікаюць нязменную цікавасць у публікі. 


Прыязджаючы не першы раз у Мір на музычныя імпрэзы, заўважаю, што ёсць традыцыі: персанал тэатра і замкавага комплексу працуюць як адзіны дружны калектыў. Дворык замка за нейкія паўгадзіны ператвараецца ў глядзельную залу.

«Наша традыцыя і нават, можна сказаць, філасофія тэатра — актыўная гастрольная дзейнасць. Мы імкнемся да таго, каб людзі маглі пабываць на нашым спектаклі ці канцэрце як мага бліжэй да свайго дома. У гэтым сезоне наш калектыў гастраляваў у краінах блізкага і далёкага замежжа, а таксама ў Брэсце, Гродне, Гомелі, Светлагорску і многіх іншых вялікіх і малых гарадах нашай краіны, — расказаў дырэктар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Сяргей ПУКІТА. — У гэтую традыцыю ўпісваюцца і нашы вечарыны ў Мірскім замку. Тут збіраецца публіка практычна са ўсіх рэгіёнаў Беларусі, ёсць і замежныя турысты. У замкавым комплексе “Мір” працуюць нашыя сябры і аднадумцы, якія ствараюць выдатную атмасферу для публікі і добрыя ўмовы для артыстаў».

Сёлета першы канцэрт быў прысвечаны кінахітам. Мы іх ведаем напамяць, таму публіка падпявала. А артысты атрымлівалі асалоду ад таго, што спявалі і свае любімыя песні, якія і па-акцёрску абыгрывалі. Наталля Глух, Вікторыя Жбанкова-Стрыганкова, Леся Лют, Уладзіслаў Даніловіч, Сяргей Жараў, Дзяніс Мальцэвіч, Кацярына Дзегцярова і ўсе-ўсё артысты, як заўсёды, у такіх канцэртах прыемна здзіўлялі публіку. За дырыжорскім пультам была Марына Траццякова — хупавая, эмацыйная, яркая! Яна паспявала дырыжыраваць, падпяваць, а часам і танчыць.

Не абышлося без казуса. Амаль у сярэдзіне канцэрта нешта здарылася з апаратурай: раптам яна адключылася. Марына Траццякова як ні ў чым не бывала дырыжыравала аркестрам, які проста цішэй гучаў, а заслужаная артыстка Беларусі Маргарыта Аляксандровіч імгненна арганізавала хор з публікі. Так разам і праспявалі песеньку пра мядзведзяў з «Каўказскай палонніцы».

Вядучыя аб’явілі невялікі антракт пасля «лепшага нумара нашага канцэрта». Частка публікі накіравалася на рэсэпшэн замкавага гатэля за кавай, гарбатай і гарачым шакаладам. І вось тут мы ўсё адчулі гасціннасць працаўнікоў замкавага комплексу «Мір». Не такую, якой вучаць на розных трэнінгах, а тую, што ідзе ад душы, калі табе шчыра рады!

У другім аддзяленні песеньку аб мядзведзях паўтарылі на біс. У Міры не абыходзіцца без танцаў — хтосьці аддаваў перавагу вальсавым мелодыям, іншыя танчылі пад «Размову са шчасцем» з кінафільма «Іван Васілевіч мяняе прафесію».

Завяршыўся канцэрт вельмі прыгожа: кожны артыст пакінуў сцэну з букетам. Былі тут і раскошныя магазінныя ружы, і далікатныя півоні з кветнікаў жыхароў Міра.

Пасля канцэрту Сяргей Пукіта шчыра падзякаваў усім артыстам за цудоўны выступ. А нашых чытачоў Сяргей Аляксандравіч запрасіў на вечар балета ў замку 9 ліпеня. У продажы ёсць яшчэ крыху квіткоў. І значыць, выдатная магчымасць наведаць музей і канцэрт, прагуляцца па сардэчным Міры, прадэгуставаць мясцовую кухню і зрабіць сэлфі на фоне велічнага замка.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота прэс-службы тэатра

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».