Вы тут

Слыннай беларускай журналістцы Марыі Карпенцы сёлета споўнілася б 90 гадоў


У Год гістарычнай памяці, здаецца, будзе карысным згадаць і тых, хто шмат зрабіў для нашай краіны і хто жыў, працаваў побач з намі, з кім мы стасаваліся, супрацоўнічалі, сябравалі.


Гэта я наконт таго, што мне пашчасціла быць знаёмым з сям'ёй Карпенкаў. Мінскіх, пасля Магілёва, Карпенкаў. З Мікалаем Сяргеевічам я працаваў у аддзеле культуры ЦК КПБ на пачатку 1980-х. Я, які не меў да ЦК вопыту партыйнай працы, нават нізавой, уважліва прыглядаўся да таго, як паводзяць сябе мае калегі, прыслухоўваўся да іх парад. Праўда, не мелі такога вопыту ні Мікалай Карпенка, ні Уладзімір Гілеп. Але вучыцца разам было лягчэй, тым больш што яны ўжо пэўны час спасцігалі таямніцы цэкоўскай атмасферы. Вучыліся і спосабам працы, і як зносіцца з людзьмі, якія часта звярталіся ў самую высокую на той час інстанцыю: не толькі партыйную, але і жыццёвую, амаль што дзяржаўную, ад якой залежалі якасць і змест жыцця многіх і нават іх лёс. А маімі калегамі тады былі Іван Пашкевіч, Іван Вашкевіч, Мікалай Карпенка, Сяргей Законнікаў, Расціслаў Бузук, Уладзімір Гілеп, Марыя Крыловіч, Вячаслаў Высеўка, Генадзь Пашкоў, Іван Рай, Паўла Пятроўна Украінец (намеснік загадчыка аддзела), загадчыкам спачатку быў Іван Іванавіч Антановіч, а пасля Яўген Канстанцінавіч Вайтовіч.

Згадак самай рознай якасці і зместу з той пары засталося шмат. І мо найпершае правіла, якое я засвоіў, заключалася ў наступнай фразе: рабі людзям тое, што хочаш, каб яны рабілі табе. Або, калі прадоўжыць: як ты да людзей сёння, так яны да цябе заўтра. Мае калегі стараліся як мага больш дакладна трымацца гэтага правіла, асабліва тыя, хто меў практыку непасрэднай работы ў непартыйных калектывах.

З Мікалаем Сяргеевічам мы не толькі разам працавалі, але так сталася, што і жылі ў суседніх дамах. Таму стасаваліся часта, вялі гаворку не толькі пра работу. Здаралася, я сустракаў на вуліцы і яго жонку Марыю Іосіфаўну. Яна была галоўным рэдактарам часопіса «Работніца і сялянка» (пазней «Алеся»). У свой час у Мінску заўважылі здольнасці супрацоўніцы «Магілёўскай праўды», прапанавалі пераехаць у сталіцу. І не памыліліся. Марыя Іосіфаўна цалкам апраўдала гэткі давер. З ёй пераехаў ў Мінск і Мікалай Сяргеевіч, атрымаў пасаду ў ЦК КПБ.

Амаль на 30 гадоў звязала «Работніца і сялянка» Марыю Іосіфаўну з рэдактарскай працай. Усімі выданнямі, у тым ліку і гэтым, тады заклапочана апекаваўся ЦК КПБ. Праз гэта Марыя Карпенка мела зносіны не толькі з шараговымі супрацоўнікамі ЦК, але і з самім Першым сакратаром П. М. Машэравым. Ён паважаў і шанаваў журналісцкі талент і жыццёвы вопыт Марыі Іосіфаўны.
Іначай не стала б яна самай вядомай журналісткай не толькі ў Беларусі. Пра тое сведчаць хоць бы многія высокія грамадскія пасады, якія займала Марыя Іосіфаўна.

Няпросты гэта, скажу вам, быў рэдактарскі надзел. Колькі творчых сіл трэба было мець і дбайна выдаткоўваць, добра ведала толькі яна. Але ж вынікі былі відочныя: хто б мог падумаць, што часопіс на беларускай мове, які да гэтага не вызначаўся асаблівай папулярнасцю нават у Беларусі, уздымецца на недасягальную для іншых вышыню, стане запатрабаваным ва ўсім Савецкім Саюзе. Вы не паверыце, але яго тыраж пры Марыі Карпенцы складаў паўтара мільёна экзэмпляраў! Неверагодна, аднак факт. І цяпер можаце ўявіць, які змест, якія публікацыі мусілі быць на старонках часопіса, каб ім так цікавіліся, каб яго так чыталі. Мо і праз гэта Марыя Іосіфаўна стала нібыта жаночым сімвалам Беларусі, вядомай не толькі ў нашых гарадах і вёсках, але і далёка за іхнімі межамі — па ўсім Савецкім Саюзе. Яе нездарма называлі легендай беларускай журналістыкі. Марыю Іосіфаўну двойчы ўключалі ў склад дэлегацыі на Генеральнай сесіі ААН у Нью-Ёрку.

А яшчэ ж — колькі было яе публікацый у розных калектыўных зборніках, ды і сама яна выдала пяць кніг публіцыстыкі і нарысаў. А колькі добрых
спраў для людзей было зроблена ёю за свае амаль 89 гадоў жыцця!

Прызнаюся, што і я быў асмялеў і прапанаваў часопісу некаторыя свае творы. Найперш казкі для дзяцей, бо была там цікавая рубрыка «Мама, пачытай!» У дзявятым нумары за 1985 год была надрукавана мая казка «Надзейка-чарадзейка». Але тым часам я карыстаўся псеўданімам Максім Валошка, бо займаў пасаду ў ЦК КПБ і не хацеў, каб маё друкаванне і творчыя набыткі былі пазначаны хоць кропляй неадпаведнага літаратурнай вартасці спрыяння.

І вось аднойчы сустракаю на вуліцы Марыю Іосіфаўну. Шчыра дзякую ёй за надрукаваную казку. «Якую?» — пытаецца яна. Адказваю. «Дык гэта ж не твая, там жа аўтар Валошка». — «Дак я і ёсць Валошка». — «Чаму ж не сказаў мне раней?» — «Не лічыў патрэбным», — адказваю я. «Ну і дарэмна, — нечакана перапыняе мяне Марыя Іосіфаўна. — Мы і ганарар большы выпісалі б». Я апраўдваюся, што акурат таму і не сказаў і не падпісаўся сапраўдным прозвішчам, каб не было залішне «сяброўскіх» адносін.

Натуральная чалавечая ўзаемапавага існавала паміж намі ўсё жыццё. Колькі цікавых гутарак і нават спрэчак было з Марыяй Іосіфаўнай, колькі перагаворана на тэму паляпшэння журналісцкай працы і спрыяння творчым людзям, падтрымкі перыядычных выданняў. Бо з развалам Савецкага Саюза тыраж «Алесі» (былой «Работніцы і сялянкі»), як і многіх іншых газетных (неверагодна вялікі — больш за мільён экзэмпляраў — мела газета «Знамя юности», рэдактарам якой быў Мікалай Сакалоў) і часопісных выданняў, непамерна скараціўся, стала цяжка выжываць. Але Марыя Іосіфаўна старалася ўсё рабіць дзеля таго, каб часопіс жыў і быў запатрабаваны ў чытачоў, галоўнай прыкметай чаго з'яўлялася падпіска. Ёй гэта ўдавалася.

Не адважуся сказаць, што мы сябравалі, але прыязныя адносіны склаліся адразу — нармальныя, зацікаўленыя. І нават пасля сыходу з працы яна ніколі не губляла настрою, заўсёды сустракала з усмешкай, вабнай дабрынёй свяціліся яе вочы. А пры сустрэчы мы маглі прастаяць на вуліцы і прагаварыць не адзін дзясятак хвілін. Яе па-ранейшаму цікавіла ўсё, што адбываеца вакол (і не толькі) і чаго мо яна не паспела зведаць. Дасведчанай была заўсёды і ў многіх сферах, нездарма ж мела званне заслужанага работніка культуры. А што да грамадскіх спраў, то й пералічыць іх складана — не хопіць газетнай плошчы. Ад адной са стваральніц Беларускага саюза журналістаў да народнага дэпутата СССР. І я заўсёды заўважаў, што да сваіх абавязкаў ставілася надзвычай сур'ёзна, не шкадавала ні сіл, ні часу. Таму і вынікі мела станоўчыя. Яе паважалі, спадзяваліся на падтрымку і дапамогу. У большасці выпадкаў атрымлівалі чаканае. Інакш Марыя Іосіфаўна не магла. А мо і не хацела. Чым не вабны прыклад, як трэба жыць і працаваць? Але ж найперш — жыць па прынцыпе: як ты да людзей, так і людзі да цябе.

Я мог бы яшчэ шмат чаго добрага сказаць на адрас Марыі Карпенкі. Прызнаюся, што мяне на гэтае слова навёў адзін яе ліст, які захоўваю і сёння. Адрасаваны мне ў Бухарэст. Тады я працаваў першым Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Румыніі. Але нашы сувязі не перапыняліся, мы віншаваліся, часам ліставаліся. І вось Марыя Іосіфаўна піша:

«Дзень добры, шаноўныя Анатоль Іванавіч, Тася (мая жонка, з якой Марыя Іосіфаўна ахвотна стасавалася. — А.Б.) і Надзя (мая дачка, яны абедзве былі са мной у Бухарэсце. — А. Б.)! Вялікі дзякуй за пісьмо, якое мы ў рэдакцыі атрымалі з месяц назад, а адказ я пішу толькі цяпер, таму што была ў «Соснах» на Нарачы. Даруйце за затрымку.

Перш за ўсё віншуем усіх вас з надыходзячым Новым годам! Няхай ён прынясе вам толькі дабро і здароўе.

Паважаны Анатоль Іванавіч! Старонка «Мама, пачытай!» у нас захавалася, і дасланы Вамі твор мы маем намер даць у другі і трэці нумар за будучы год (калі не загінем ад усіх гэтых крызісаў, інфляцый і г. д.). Пакуль яшчэ ідзе падпіска, то нават не ведаем, колькі чытачоў у нас застанецца, бо часопіс падаражэў удвая і настолькі ж збяднелі людзі. Але на нешта спадзяёмся.

Крыху пра свае асабістыя справы. Як бачыце, яшчэ працую, кантракт і са мной, і з В. Блакітам (Валянцін Блакіт, сапраўднае прозвішча Валянцін Болтач — галоўны рэдактар часопіса «Вожык». — А.Б.) заключылі да лістапада будучага года. Пасля таго, як пахавала Мікалая Сяргеевіча (ён памёр раптоўна 20 лютага г.г. у Цімкавічах, дзе мая радзіма), на многае гляджу зусім інакш і ўся жыццёвая мітусня здаецца такой недарэчнай. Вельмі цяжка застацца адной на схіле жыцця. У дзяцей — свае сем'і, свае праблемы. Дзякуй Богу, што ёсць у іх праца і сякія-такія грошы. Жыву з сям'ёй сына, і гэта ратуе ад поўнай адзіноты.

Вельмі рада, што ў вас усё добра, што ў душы дыпламата жыве літаратар. Жадаю Вам вялікіх поспехаў і ў тым, і ў другім.

З павагай і ўдзячнасцю за ўсё, Марыя Карпенка.

г.Мінск, 15.ХІІ — 98 г.»

Дзякуй вам, шаноўныя Карпенкі — Мікалай Сяргеевіч і Марыя Іосіфаўна, за нашы прыязныя шматгадовыя стасункі, за светласць вашых вачэй, за душэўную шчодрасць у зносінах з людзьмі. Як вы да людзей — так і людзі да вас. І некалі, і сёння.

Анатоль БУТЭВІЧ

Загаловак у газеце: Як ты да людзей, так і людзі да цябе

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.