Вы тут

Дыяменты Нацыяналкі. 5 цікавостак новай выстаўкі


Да свайго стагадовага юбілею Нацыянальная бібліятэка падрыхтавала шэраг сюрпрызаў. Тут ладзяцца выстаўкі, круглыя сталы, майстар-класы, цікавыя сустрэчы. Падчас такіх мерапрыемстваў бібліятэка пакрысе раскрывае свае сакрэты. Так, у музеі кнігі праходзіць выстаўка, прысвечаныя рарытэтам. Тут прадстаўлены найбольш старажытныя кнігі і рукапісы. А днямі адкрылася новая экспазіцыя «Дыяменты стагоддзя: з бібліятэчнай калекцыі», якая знаёміць з найшымі ўзорамі кнігадрукавання, як айчыннага, так і сусветнага, з 1922 д 2022 год.


Сёння фонд Нацыянальнай бібліятэкі — звыш 10 мільёнаў экзэмпляраў. Штогод фонд бібліятэкі прырастае на 200 тысяч дакументаў. Сарыентавацца ў гэтых інфармацыйных скарбах няпроста. І новая выстаўка якраз дапаможа даведацца пра найбольш цікавыя кнігі, якія на працягу стагоддзя былі самымі запатрабаванымі ў чытачоў. У экспазіцыі прадстаўлены літаратурныя бестселеры, кнігі, адзначаныя на конкурсах. Напрыклад, першыя выданні твораў сусветнай класікі.

1. Даступныя рарытэты

У экспазіцыі пададзены факсімільныя выданні Тураўскага і Слуцкага Евангелляў, кнігі першадрукара Францыска Скарыны, Жыціе Еўфрасінні Полацкай і першы ў свеце буквар. Арыгінал апошняга захоўваецца ў Лонданскай бібліятэцы, але дзякуючы выдавецкай рабоце Нацыяналкі, сёння такія якасныя копіі старых каштоўных выданняў даступныя чытачам. Таксама прадстаўлены факсімільныя зборнікі класікаў беларускай літаратуры.

2. Кніжкі-малышкі

На выставе можна пабачыць калекцыю мініяцюрных кніжак (памер не перавышае 10 см). Дарэчы, сярод самых першых мініяцюрных выданняў — справаздача з дзяржынскай раённай партканферэнцыі 1930-га года. У 1960-х кніжкі-малышкі становяцца папулярнымі. На выстаўцы можна пабачыць, напрыклад, такі зборнік вершаў Якуба Коласа.

3. Сваімі рукамі

Выстаўка падкажа, якія выданні былі папулярнымі ў розныя дзесяцігоддзі. Статыстычныя звесткі падказваюць, што ў 1960—1970-я гады чыталі кнігі Івана Чыгрынава, Івана Шамякіна, Івана Мележа. Некаторыя творы друкаваліся ў часопісах. Бібліятэкары змогуць згадаць, які быў ажыятаж на нумары, у якіх друкаваліся творы Караткевіча. На выстаўцы можна ўбачыць рукатворную кнігу з раманам «Чорны замак Альшанскі» — сабраную з надрукаваных у часопісах старонак.

4. Часопісы

У фондах бібліятэкі багата перыядычных выданняў. Напрыклад, захоўваецца тэхналагічны часопіс, які выйшаў у свет у 1804 годзе, выданні, якія друкуюцца з ХІХ стагоддзя да нашага часу. Ужо паступіў у фонд свежы нумар часопіса «Вакол свету», а самы стары, з тых што ёсць у бібліятэцы, — 1861 года.

Арганізатары абралі для экспазіцыі нумары, якія выходзілі з 1920-х гадоў мінулага стагоддзя. А каб прасачыць, як мянялася афармленне выдання, побач змясцілі іх сучасныя варыянты. Так можна пабачыць, якімі раней былі часопісы «Бярозка», «Алеся», «Беларусь», Natіonal Geographіc, Popular Scіence і іншыя. Сярод цікавостак — часопіс «Трыбуна мастацтва», які ў 1925 годзе выходзіў на чатырох мовах (на той час дзяржаўнымі ў беларускай рэспубліцы былі беларуская, руская, польская і яўрэйская). Заслугоўвае ўвагі і нумар «Маладога аратага», дзе змешчаны партрэт нашага першадрукара і частка тэксту, надрукаваная шрыфтам Скарыны.

5. Сведкі эпохі.

Карты, графіка, плакаты, календары, аўтарэфераты і дысертацыі, нотныя дакументы, аўдыявідэаносьбіты (пласцінкі, магнітныя стужкі, дыскі) таксама захоўваюцца ў фондах бібліятэкі і прадстаўлены ў экспазіцыі. Тут можна пабачыць нават рэдкія каляровыя пласцінкі, паслухаць сусветную класіку.

Літаратурныя музеі прадставілі для выстаўкі рэчы, што належалі пісьменнікам, сярод якіх чытацкія білеты, асадкі, закладкі, машынка-друкарка Рыгора Барадуліна, настольная лямпа Янкі Брыля, партфель Петруся Броўкі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?