Вы тут

Новыя загадкі для археолагаў


У Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук штогод праходзіць міжнародная канферэнцыя «Вынікі археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Беларусі». Даследчыкі распавядаюць пра вынікі сваіх прац, знаходкі, згадваюць працы папярэднікаў, уздымаюць актуальныя пытанні, звязаныя з вывучэннем гісторыі. Наш карэспандэнт пабыла на гэтым форуме археолагаў і сабрала самыя цікавыя факты.


Міфы Юравіч

Галоўны навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алена Калечыц распавяла пра першабытную стаянку Юравічы. Сёння пра гэты археалагічны помнік ведае кожны школьнік, у падручніках пазначана, што гэта найстаражытнейшая знойдзеная на тэрыторыі Беларусі стаянка чалавека. Апошнія пяць гадоў вывучэнню гэтых мясцін даследчыкі ўдзяляюць асаблівую ўвагу, рыхтуецца кніга пра міфы і рэаліі помніка. Трэба сказаць, што даследаванні ў Юравічах вядуцца ўжо каля ста гадоў. Калі не так даўно даследчыкі тут выявілі гарызонт з косткамі мамантаў, у найбліжэйшай вёсцы пазачыняліся магазіны, усё насельніцтва бегла падзівіцца на цікавостку, і нават старэнькая бабулька караскалася па схіле і запэўнівала, што не памрэ, пакуль не пабачыць маманта. Цяжка паверыць, што яшчэ дваццаць гадоў назад тут было занядбанае месца. Зараз на ўзгорку стаіць музей, і сюды зачасцілі турысты.

Адкапаныя сакрэты падкінулі вучоным багата загадак. Чаму было знойдзена столькі костак у адным месцы? Звесткі па костках зусім не супадалі з інфармацыяй, якая «счытвалася» са знойдзенага інвентару першабытных людзей. Але навука не стаіць на месцы. Магчыма, у тэорыі «мамантавых могільнікаў» можна знайсці патрэбныя падказкі. Відавочна, што старажытныя жывёлы загінулі ў выніку прыроднай катастрофы. Падобныя мамантавыя могільнікі адкрываюцца ў розных месцах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Юбілей унікальнага музея

Сёлета споўнілася 40 гадоў з адкрыцця адзінага ў свеце музея старажытнай драўлянай архітэктуры «Бярэсце». Доўгі час аб знаходжанні старажытнага горада не было вядома, толькі дзякуючы даследаванням на той час яшчэ аспіранта Пятра Лысенкі, гарадзішча было знойдзена. У 1964 годзе ён дасылае даследаванне свайму кіраўніку, і ў хуткім часе выходзіць артыкул з сенсацыяй. Праца маладога даследчыка была сапраўдным навуковым адкрыццём. З 1968 да 1981 года вяліся археалагічныя даследаванні. Было ўскрыта дзве вуліцы, 223 пабудовы. Такой захаванасці не ведае ні адзін горад. Для прыкладу, у старажытным Вялікім Ноўгарадзе захаванасць пабудоў максімальна 2-3 вянцы. У Бярэсці — 10—13 вянцоў пабудовы ХІІІ стагоддзя. Было прынята рашэнне аб стварэнні музея, каб зберагчы такую ўнікальную знаходку. На той час у свеце яшчэ не было практыкі па захаванні такіх вялікіх пабудоў, кансервавалі толькі малыя формы. Шмат намаганняў Пятру Лысенку давялося прыкласці, каб знайсці сродкі на будаўніцтва павільёна. Калі б не яго настойлівасць і шанцаванне, музея магло б і не быць, а драўляныя знаходкі маглі спарахнець пад навесамі. Вучоны выпадкова выйшаў на старшыню савета міністраў СССР Касыгіна, сумеў перадаць яму ліст, у якім падзяліўся сваёй марай. Знайшліся грошы. Было дадзена распараджэнне ўраду БССР, і пачалася будоўля павільёна. Дарэчы, праектавалі яго вядучыя маладыя архітэктары, у будучыні яны ж працавалі над будынкамі новага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Цэнтральнага вакзала.

Старшы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Наталля Дубіцкая заўважыла, што музей мае важнае культурнае, навуковае і палітычнае значэнне. Доўгія гады нельга было даказаць, каму належалі гэтыя землі, толькі дзякуючы археалагічным даследаванням, удалося даказаць, што горад Бярэсце быў заснаваны ўсходнеславянскім племенем дрыгавічоў, і Бярэсце належала Тураўскаму княству. Музей мае выключную калекцыю — каля 45 тысяч находак. Гэта вялікі навуковы матэрыял, які патрабуе далейшай апрацоўкі.

Апошнія гады, трацячы апошняе здароўе, Пётр Лысенка дабіваўся, каб музей «Бярэсце» стаў самастойным. Давесці гэтую справу ён не паспеў. Сёння «Бярэсце» з'яўляецца адным з філіялаў Брэсцкага абласнога музея. І гэта адно з самых запатрабаваных месцаў у турыстаў: з сакавіка 1982 года музей наведала больш за 3,5 мільёна чалавек. Але для ўключэння гэтага ўнікальнага ў свеце музея ў спіс ЮНЕСКА неабходна, каб музей меў уласны юрыдычны статус.

Памяць пра Першую сусветную

Праблему, што рабіць са знаходкамі ХХ стагоддзя пры даследаванні археалагічных помнікаў папярэдніх эпох, узняў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі Беларусі ІХ—ХVІІІ стагодзяў Алег Дзярновіч. Справа ў тым, што на тэрыторыі сучаснага Крэва знаходзіцца шэраг аб'ектаў, якія з'яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. У сукупнасці з адметным ландшафтам і ацалелай тапаграфіяй мястэчка яны ўтвараюць гісторыка-культурны комплекс. Даследаванні вядуцца на некалькіх яго частках. Акрамя замка, зонай увагі археолагаў стала Юрава гара — найбольш высокае месца ў мястэчку, дзе трапляюцца знаходкі ХІV—ХV і пазнейшых стагоддзяў. У мінулым сезоне тут былі знойдзены сляды цэнтрычнай драўлянай пабудовы памерам чатыры на чатыры метры. Магчыма, тут знаходзілася вежа дазорца. На карысць гэтай гіпотэзы выступае тое, што агляд з княжацкай вежы Крэўскага замка, якая знаходзіцца ў нізіне, можа быць каля 10 кіламетраў, а з Юравай гары тэрыторыя праглядалася на 50 кіламетраў.

Да гэтага часу яшчэ добра прачытваецца лінія акопаў Першай сусветнай вайны. Калі ў Крэўскім замку размяшчаліся нямецкія пазіцыі, то на Юравай гары былі расійскія. Крэўская зямля ўсыпана гільзамі і аскепкамі снарадаў. І даследчыкі вырашылі збіраць гільзатэку. Па клеймах на гільзах можна даведацца, з якога завода яны паступалі, і паспрабаваць высветліць інтэнсіўнасць баявых дзеянняў па гадах.

У мінулым сезоне былі праведзены даследаванні паўднёва-ўсходняй сцяны Крэўскага замка ў мэтах стварэння праекта кансервацыі. Сярод знаходак — аб'ект, які вызначылі як сметніцу Першай сусветнай вайны, дзе знойдзены бутэлькі добрай захаванасці і фаянсавая файка для курэння. Сёння, калі перад Смаргонскім раёнам стаіць задача па прыцягненні турыстаў, вядзецца пошук матэрыялаў, якія можна было б ім падаваць. Сапраўды, Крэва з'яўляецца і месцам памяці часоў Першай сусветнай вайны, таму і пры правядзенні ў парадак тэрыторыі замка, каб не страціць сляды гісторыі, гаворка ідзе і пра захаванне ў тым ліку варонак ад снарадаў.

Наогул, сучасная археалогія ва ўсім свеце ўсё больш удзяляе ўвагі гісторыі ХХ стагоддзя. Калі не хапае дакладных пісьмовых крыніц, раскопкі дазваляюць атрымліваць дадатковыя веды.

Адкапаныя сакрэты

Летась маштабныя даследаванні праводзіліся на тэрыторыі Верхняга горада старажытнага Полацка, там, дзе вядзецца будоўля кадэцкага вучылішча. Сярод адкрыццяў сезона — выяўленне полацкага вала. Знойдзены шыкоўныя драўляныя канструкцыі, рэшткі гаспадарчых пабудоў, брукаваных вуліц і частакола. Даследчыкі патрапілі ўсяго на дзве печы, што сведчыць пра тое, што хутчэй за ўсё ў гэтым месцы знаходзіліся нежылыя пабудовы. Яны могуць пахваліцца больш як 1600 індывідуальнымі знаходкамі, сярод якіх грэбні, фрагмент кальчугі, адна з ліцейных форм. Прадметы патрабуюць далейшага вывучэння.

У цэнтры Брэста вяліся раскопкі на тэрыторыі, дзе праектуецца будынак Гарадской Думы. Захаваліся фатаграфіі фасадаў гэтай пабудовы ХІХ стагоддзя. Падчас Першай сусветнай вайны горад моцна пацярпеў — драўляныя пабудовы былі спалены, а каменныя разбураны. І ўжо ў 1920—1930-я гады мінулага стагоддзя на месцы Гарадской Думы знаходзілася пажарная часць. Археолагі вялі раскопкі, каб высветліць памеры будынка і яго размяшчэнне.

Раскопкі на Мядзельшчыне некропаля другой паловы І тысячагоддзя н.э. падказалі вучоным новы кірунак для даследаванняў. Побач з курганнымі пахаваннямі былі знойдзены бескурганныя. І гэта першы падобны помнік на землях Беларусі. Але сёння па тэрыторыі лясной зоны Усходняй Еўропы выяўляюцца шматлікія бескурганныя некропалі. Напэўна, такая знаходка зменіць падыходы да вывучэння пахавальных традыцый. Сёння ўжо недастаткова даследаваць толькі візуальна бачныя канструкцыі — трэба вывучаць і прылеглую тэрыторыю.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Шалі — прыемныя навіны, леў — добрыя справы. Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалі — прыемныя навіны, леў — добрыя справы. Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Авен. Панядзелак прынясе вам рамантычны настрой, хаця трэба працаваць

Калейдаскоп

Што вы ведаеце пра беларускае жніво? «Ураджайны» тэст

Што вы ведаеце пра беларускае жніво? «Ураджайны» тэст

Надышоў жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час.