Вы тут

Купалавымі шляхамі ў Яхімоўшчыну і вакол


...Бурлівая рэчка і млын гутарлівы

Адмерным, раскоцістым плюскатам вод

Складалі мне рытму мастацкія звівы,

Парадквалі складаў раскоцісты ход...


Так пісаў Янка Купала ў сваім вершы «Мая навука» пра крыніцы свайго натхнення... Млын быў сярод тых натхняльных аб'ектаў.

З млына і пачалася наша чарговая вандроўка, гэтым разам — па Купалавых мясцінах.

Хоць прыехалі мы да ветрака, а ў вершы, падобна, гаворка пра вадзяны млын — Купала цалкам мог назіраць, як круцяцца крылы гэтага ветрака каля вёскі Салтаны... Пашарэлае ад часу дрэва, каменныя жорны, якія даўно не памятаюць дотыку зерня... Канструкцыя «казлоўка», якую яшчэ называлі нямецкай, — млын мог паварочвацца, каб «злавіць» вецер. Сёння крылы застылі на месцы ў чаканні Дона Кіхота, які захоча пазмагацца з заняпадам рарытэта.

Маленькі Іван Луцэвіч дакладна гуляў з равеснікамі ў такі млын — гэта калі дзеці становяцца ў кола, а тры пары ў цэнтры круцяцца, імітуючы крылы млына:

Млынарня на горцы

Крыламі махае,

Крыламі махае,

Зерне працірае,

Сама не глытае,

Другім хлеб выпякае.

Добрая, дарэчы, метафара для паэта, які аддае свой талент і сілы людзям...

Клямка, за якую браўся Купала

А наша дарога — у Яхімоўшчыну, куды ад Салтаноў пешкі, напрасткі — сем кіламетраў... Менавіта там Іван Луцэвіч працаваў памочнікам вінакура на бровары і ствараў вершы, што ўвайшлі ў першы зборнік «Жалейка».

Калі ўдаву Купалы, Уладзіславу Францаўну, прызначылі дырэктарам яго музея, яна ўпарта дамагалася зрабіць Яхімоўшчыну мемарыяльнай мясцінай. Сёння там дзейнічае філіял музея Янкі Купалы.

Экспазіцыя змяшчаецца ў доме для рабочых бровара, у адным з пакояў якога жыў малады Купала. Доўгі драўляны будынак з навесам над ганкам... Між іншым, XVІІІ стагоддзе! Сапраўды, падмурак высокі, каменны, з так званай разынкавай кладкай — гэта калі швы паміж камянямі ўпрыгожвалі маленькімі цёмнымі каменьчыкамі, сведчанне даўніны. На фасадзе — драўляная дошка: «У гэтай хаце ў 1906-1907 гг. жыў Янка Купала, народны паэт Беларусі». Абходзім будынак... Прастору побач аздобілі старымі гаспадарчымі прыладамі, не ўсе назвы ведаю... Купала вось ведаў дакладна.

Не была для яго праца на бровары жаданай... Але калі ў 1902 годзе памёр яго бацька, Дамінік Луцэвіч, арандатаркай усіх фальваркаў стала маці, Бянігна Іванаўна. Купала ж не адчуваў паклікання прысвяціць сябе сельскай гаспадарцы. Вось і пайшоў па свеце — шукаць лёсу, ну і заробку. Кім толькі ні быў — хатнім настаўнікам, пісарам у судовага следчага, малодшым прыказчыкам, памочнікам вінакура... «...Зазнаў там такога пекла, якога яшчэ дагэтуль не меў», — успамінаў Купала сваю працу на броварах (не на адным ён працаваў)…

Прынамсі, у Яхімоўшчыне меў асобны пакойчык — вам яго пакажуць, звернуць увагу на дзверы і клямку, што захаваліся ад тых часоў, раскажуць, як Купала запрашаў сюды гасцей, чытаў вершы, толькі не прызнаваўся, што ён — аўтар. Чаму? Ну, згадаем, што менавіта тады паэт напісаў палымяныя радкі: «Чаго вам хочацца панове? / Які вас выклікаў прымус / Забіць трывогу аб той мове, / Якой азваўся беларус? / Чаму вам дзіка яго мова? / Паверце, вашай ён не ўкраў, / Сваё ён толькі ўспомніў слова, / З якім радзіўся, падрастаў...»

Паравы, на бульбяной сыравіне

Але былі і светлыя старонкі... Урэшце, нездарма ж Купала напісаў у Яхімоўшчыне столькі вершаў, у тым ліку праграмнае «А хто там ідзе...» Тут ад селяніна Парфёна пачуў страшную гісторыю з часоў прыгону, якая стала сюжэтам паэмы «Нікому...» — як пан падчас п'янога балявання паслаў гайдукоў прывесці для ўцехі нявесту з вясковага вяселля, а яе жаніх, каб не даваць каханую на здзек, засек яе сякерай, а сам згінуў на катарзе.

«Палац стаіць пусткай,

Жыць няма ў ім як,—

Здані ў ім здаюцца,

Быццам помсты знак».

А вось і яшчэ адзін будынак, больш дыхтоўны, каменны, ганак з балюстрадай, порцік... І таксама шыльда: «Тут у Яхімаўшчыне на бровары працаваў чарнарабочым народны паэт Беларускай ССР Янка Купала».

Выглядае на панскі палац... Аж не, палац, як прадказвала паэма «Нікому...», знішчаны яшчэ ў часы Першай сусветнай... Гэта ўсяго толькі афіцына, флігель, які выкарыстоўваўся як кантора і куды таксама даводзілася заходзіць будучаму народнаму паэту.

А палац меўся. Бо Яхімоўшчына вядомая яшчэ з XVІ стагоддзя, назву атрымала ад прозвішча першых уладальнікаў, Яхімовічаў. Потым гаспадарыў тут Юзаф Сулістроўскі, маршалак Ашмянскага павета, а з 1877-га — пан Ян Любанскі. Вось на ягонага сына, Аляксандра Любанскага, Янка Купала і працаваў... Маёнтак быў багаты: смалярня, маслабойня, сыраварня, цагельня, вяндлярня, млын... Калі агледзецца, відаць там-сям рэшткі гаспадарчых падбудоў…

А мы ідзём туды, куды экскурсантаў звычайна не водзяць, а менавіта да самога бровара, які трохі наводдаль, за панскай сажалкай... Падобна, што сёння будынкі не выкарыстоўваюцца, але яшчэ нядаўна працавалі — да старых муроў прытуліліся новыя, з шэрай сілікатнай цэглы... Але з-пад тынкоўкі там-сям паказваюцца чырвоная цэгла і каменны мур, што памятаюць і паноў Любанскіх, і памочніка вінакура, які пісаў вершы. Бровар быў салідны — паравы, на бульбяной сыравіне. На франтонах будынкаў заўважныя лічбы: 1893, 1897.

Дарэчы, тут, на бровары, Купала таксама чытаў калегам свае творы, проста на месцы працы...

«Пры якіх акалічнасцях ствараліся мае першыя вершы? Цяжка сказаць. Калі займаўся земляробствам, былі адны акалічнасці, калі працаваў на бровары — другія, але і ў тым і ў другім выпадку папера і аловак былі заўсёды пры мне. І вось, на працы ў полі, або ў дарозе, або на начлезе прыйдзе думка — і я пішу. На бровары тое ж самае — ухітраюся адлучыцца, або нават у часе самой працы, калі павінен толькі назіраць, таксама пішу. Часам уначы, упацёмку запісваю, а днём перапісваю».

Як Горкі даведаўся пра Купалу

Здарылася з паэтам і яшчэ адна важная падзея ў Яхімоўшчыне — пасябраваў з Андрэем Посахам, настаўнікам з суседняга Гарадзілава. Вельмі радасна было сустрэць аднадумца... Андрэй Посах, які пасля стане кандыдатам фізіка-матэматычных навук і вядомым педагогам, у 1910-м адправіцца на Капры, дзе пазнаёміцца з Максімам Горкім. Раскажа яму пра свайго сябра, беларускага паэта Янку Купалу, а потым перашле зборнікі «Жалейка» і «Песні-жальбы».

Неаднойчы Купала наведваў Андрэя Посаха ў Гарадзілаве... Туды мы і кіруемся.

І першае, што бачым, — царкву святога Іосіфа Абручніка. Каменны храм, збудаваны ў 1866-м. Купала дакладна яго памятаў. Акуратная арачная брама, неатынкаваная муроўка і белыя элементы дэкору... Збудаваны храм на месцы згарэлай Свята-Георгіеўскай царквы фундацыяй пана Коцела. Побач могілкі... І яшчэ адзін унікальны аб'ект у двары: жоўты помнік-каплічка ў памяць загінулых у час Вялікай Айчыннай вайны воінах з Гарадзілаўскага прыхода. «Помолись и отдай честь убиенным воинам в Великую Отечественную войну 1941-45 гг» — значыцца на шыльдачцы... І прозвішчы загінулых па вёсках.

Справа гарадзілаўскага святара

Гэты помнік усталяваў у 1949 годзе святар Гарадзілаўскай царквы Аляксей Маеўскі. Нядаўна былі абнародаваныя дакументы пра тое, як мясцовыя чыноўнікі напалохаліся, што «служыцель культу» робіць несанкцыянаваны помнік, і спрабавалі яму перашкодзіць. Справа дайшла да Савета па справах Рускай праваслаўнай царквы пры Савеце Міністраў СССР. Упаўнаважаны Савета па Маладзечанскай вобласці Кадоўба 10 лютага 1950 года адчытваўся: «27 чэрвеня 1949 года да мяне зайшоў святар (благачынны) Гарадзілаўскай царквы Маеўскі А.І. з просьбай аказаць яму садзеянне ў набыцці цэменту і вапны для пабудовы помніка на могілках у в. Гарадзілава ў памяць загінуўшых воінаў Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гг., прычым Маеўскі паведаміў мне, што ён ужо заказаў 3 мемарыяльныя дошкі ў г. Мінску ў майстэрні школы глуханямых з надпісам імёнаў і прозвішчаў загінуўшых. Паколькі для мяне было гэта пытанне не яснае, я яму дазволу на будаўніцтва помніка не даў і ў той жа дзень сказаў сакратару аблвыканкама тав. Дзядзічкіну, каб ён пазваніў старшыні Маладзечанскага райвыканкама тав. Шаўчэнку аб тым, каб не даваў Маеўскаму будматэрыялу на будаўніцтва помніка і, акрамя таго, я сам асабіста размаўляў з тав. Шаўчэнкам аб тым, каб не даваў святару Маеўскаму дазволу на будаўніцтва помніка».

А калі святару ўсё ўдалося, там яшчэ і богаслужэнне зладзілі! Сёння цяжка такое ўявіць, але помнік на брацкай магіле, узведзены святаром, каб пазбегнуць «умацавання аўтарытэту» служыцеля культу, быў знесены... Тады Маеўскі зрабіў вось гэты мемарыял проста ў двары царквы, дзе ён дасюль і стаіць.

Але дарэмна чыноўнікі баяліся — аўтарытэт айца Аляксея Маеўскага быў высокі і без узвядзення помніка. У гады Вялікай Айчыннай бацюшка збіраў сродкі для дапамогі ваеннапалонным, асабіста выратаваў дзясяткі людзей, сярод якіх, між іншым, дырэктар Гарадзілаўскай школы Лідзія Корсак, пераемніца Андрэя Посаха…

Маеўскі пяцьдзясят гадоў служыў у Гарадзілаве.

Жоўтыя львы і Адэля з Устроні

Ад'язджаем трохі далей — і вось мы ўжо ў Бярэзінскім... Лічы, тое самае Гарадзілава — зліліся населеныя пункты... І тут выпадкова заўважаем двух ярка-жоўтых львоў, што ахоўваюць прысаду, якая вядзе да будынка з порцікам.. Ну як не збочыць?

Выявілася, недарэмна. Будынак адносна новы, 1950-х, тут клуб... А вось львы — ажно з XVІІІ стагоддзя. Стаялі калісь у сядзібе Агінскіх Галянава... Пасля рэвалюцыі паставілі іх у Маладзечне перад вялікай мемарыяльнай аркай. Вось толькі не ўпісваліся панскія жывёлы ў новы пейзаж... І іх забралі сюды, у Бярэзінскае. Відаць, што падмалёўвалі шмат разоў... Апошні слой жоўтай фарбы, напэўна, дужа адрозны ад аўтэнтычнага колеру скульптур... Але, прынамсі, яны цэлыя, у кожнай нават свой пастамент. Ну і турыстаў прыцягваюць...

А было тут калісьці шмат турыстаў... Яшчэ калі не існавала Бярэзінскага — пасёлак узнік у 1951-м, калі ля Заходняй Бярэзіны пачалі здабываць торф... А быў тут маёнтак, які ў пачатку XVІІІ стагоддзя перайшоў ва ўладанне панна Тадэвуша Пузыны. А той меў гонар ажаніцца з самой паэткай Габрыэлай Гюнтэр, якой Адам Міцкевіч за паэму «Дабраўляны» падарыў пяро, атрыманае ім ад Гётэ.

Габрыэля выйшла замуж толькі ў 36 гадоў — занятая была духоўнай працай. На вяселле паэт Ігнат Ходзька напісаў верш, у якім называў нявесту «музай нашай зямлі». Так што Тадэвушу Пузыну давялося адпавядаць... Тут быў сапраўдны свецкі салон, дзе бывалі і Сыракомля, і Манюшка... А Адам Кіркор раскапаў каля Гарадзілава курганы, дзе знайшоў нават княскі меч…

Не ведаю, ці чуў Янка Купала пра вучоную гарадзілаўскую памешчыцу, якая, як мяркуюць даследчыкі, магла быць аўтаркай паэмы на беларускай мове «Мачаха», падпісаўшыся «Адэля з Устроні». Прынамсі, гэтую версію пераканаўча абгрунтоўваў Адам Мальдзіс. Але, несумненна, мясціны гэтыя натхнялі і Купалу…

Таму абавязкова прайдзіцеся шляхамі класіка, пабачце на свае вочы хараство беларускай зямлі, знайдзіце пазнакі нашай багатай гісторыі.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Анатоль КЛЯШЧУК

Загаловак у газеце: Вершы з бровара, вятрак і жоўтыя львы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым сёння прадаюць лісічкі, чарніцы і лясную суніцу?

Пачым сёння прадаюць лісічкі, чарніцы і лясную суніцу?

Карэспандэнт «Звязды» патаргавалася на рынках.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.