Вы тут

Сучаснае свята з гістарычным адценнем прайшло ў Навагрудку


Спалучыць велічную векавую гісторыю і вясёлую сучаснасць абсалютна рэальна. Гэта даказаў чарговы этап фестывалю «Вытокі», які на мінулых выхадных разгарнуўся ў Навагрудку. Побач з мурамі Навагрудскага замка проходзілі квэст, пелі песні, спрабавалі сябе ў розных майстар-класах госці і жыхары горада. А «Звязда» назірала, як гэта было.


Адкрыўся фестываль у пятніцу. Навагрудак адразу прадэманстраваў адмысловы каларыт і пазнаёміў гасцей са сваёй гісторыяй. Удзельнікі прэс-тура наведалі прадпрыемства «Навагрудскія дары», дзе паласавалася знакамітымі сырамі. Хапіла і духоўнай ежы. Навагрудак — гэта не толькі першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага, але і родны горад знакамітага на ўвесь свет пісьменніка Адама Міцкевіча. Таму абавязковы для наведвання дом-музей паэта. Міні-музей макетаў «Страчаная спадчына» раскрывае гістарычную і культурную спадчыну рэгіёна. Тут у мініяцюры паказаны той Навагрудак, якім ён быў у пачатку ХХ стагоддзя. Некаторыя будынкі можна ўбачыць толькі тут, бо ў самім горадзе яны не захаваліся. А яшчэ ў Навагрудку можна трапіць у мінулае. У музеі аднавілі рэтра-фотаатэлье, дзе кожны можа пераўвасобіцца ў вобраз гараджаніна ці гараджанкі і зрабіць фота на памяць.

Аднак надоўга заставацца ў мінулым не варта — цікавага хапае і ў сучаснасці. Беларуская алімпійская акадэмія арганізавала семінар-практыкум, удзельнікі якога пазнаёміліся з алімпійскімі каштоўнасцямі, напрацоўкамі ў сферы алімпійскай адукацыі і дасягненнямі беларускіх атлетаў на галоўных стартах чатырохгоддзя. А семінар «Актуальныя пытанні падрыхтоўкі спартсменаў і шляхі іх вырашэння» сабраў спецыялістаў спартыўных арганізацый Гродзенскай вобласці для таго, каб разгледзець, як павялічыць колькасць дасягненняў беларускіх спартсменаў. У семінары таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і Вышэйшай школы трэнераў.

Скончыўся першы фестывальны дзень на культурнай ноце. Галерэя «АртХаос» правяла майстар-клас па набіўцы маляваных дываноў. Дарэчы, гэта традыцыйны для Беларусі від выяўленчага мастацтва. А кампазітар Валерый Шмат падарыў канцэрт арганнай музыкі. Усе, хто прыйшоў у Дом культуры, пачулі розныя класічныя творы на ўнікальным інструменце. А таксама папоўнілі свае веды пра розныя музычныя стылі і эпохі.

Майстар-класа ад чэмпіёна

Калі першы дзень быў прысвечаны спакойнаму знаёмству з горадам і яго славутасцямі, то ў другі Навагрудак быў напоўнены дзіцячымі галасамі і музыкай. Алімпійскі квэст аб'яднаў 20 спартыўных пляцовак і некалькі тысяч людзей, якія жадаюць паспрабаваць кожны від спорту. Не абышлося без падарункаў гаспадарам. Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця фестывалю прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка ўручыў кіраўніцтву горада сертыфікат на 100 тысяч беларускіх рублёў. Гэтыя сродкі будуць накіраваны на развіццё спартыўнай інфраструктуры ў раёне. Прэзідэнт НАК Беларусі таксама наведаў біятлонны комплекс у вёсцы Сялец, дзе пазнаёміўся з умовамі трэніровак юных спартсменаў. Спартыўны комплекс уключае ў сябе лыжаролерную трасу са стрэльбішчам і лыжную базу. Як мінімум, біятлонная будучыня ў Навагрудка ёсць. А, можа, дзякуючы «Вытокам» атрымаюць другое дыханне і іншыя віды спорту.

«Мы з вялікім натхненнем падтрымалі ідэю правядзення аднаго з этапаў фестывалю «Вытокі» ў Навагрудку. Вы бачыце, колькі людзей. Гэта пацвярджэнне таго, што народ стаміўся ад пандэміі, засумаваў па святах. Людзі хочуць размаўляць, хочуць мерапрыемстваў, дзе яны могуць даведацца нешта новае. А для маладога пакалення гэта выдатнае мерапрыемства па папулярызацыі фізічнай культуры і спорту. Чым больш актыўна нашы маладыя грамадзяне будуць займацца фізічнай культурай, тым здаравейшай будзе наша нацыя. Я ўпэўнены, што для маладых беларусаў, якія ўдзельнічаюць у розных этапах фестывалю «Вытокі», свята будзе першым крокам да спартыўнага Алімпу. Калісьці яны будуць праслаўляць нашу краіну і ў гонар іх будзе падымацца сцяг, і гучаць гімн нашай дзяржавы на самых буйных спаборніцтвах. Папулярызацыя спорту дазволіць знайсці такія таленты ў раёнах, дастукацца да кожнага маленькага беларуса», — падкрэсліў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, адзін з суарганізатараў фестывалю, заўважыў, што ў малых гарадах нямала таленавітых людзей. Таму рашэнне праводзіць фестываль «Вытокі» менавіта ў невялікіх гарадах — абсалютна правільнае. Ён таксама дадаў, што ФПБ вялікую ўвагу ўдзяляе развіццю спорту ў рэгіёнах. Напрыклад, у папярэдняй фестывальнай сталіцы горадзе Століне ў рамках «Вытокаў» была адкрыта футбольная секцыя ў Аздамічах.

«Фестываль выконвае сваё прызначэнне. Людзі прыязджаюць з іншых рэгіёнаў, дзеці з азартам выконваюць усе спартыўныя заданні, маюць магчымасць пагутарыць з вядомымі атлетамі. Мы заўсёды гатовы падтрымаць юных талентаў і ўнесці свой уклад развіццё фізічнай культуры і спорту», — сказаў Міхаіл Орда.

Пакуль дарослыя разважалі, наколькі гэта карыснае свята, дзеці атрымлівалі ад яго задавальненне і сюрпрызы. На некаторых спартыўных пляцоўках іх чакалі тыя, на каго раўняюцца юныя спартсмены. На гандбольнай пляцоўцы можна было атрымаць міні-майстар-клас ад алімпійскага чэмпіёна 1992 года Андрэя Барбашынскага. «У Навагрудку сёння свята для ўсяго рэгіёна, кожны можа дакрануцца да культурнай спадчыны, паспаборнічаць на пляцоўках. Маладое пакаленне мае выдатныя магчымасці развівацца, вучыцца, і гэта датычыцца не толькі спорту. Што аб'ядноўвае людзей ва ўсім свеце — спорт і музыка. І ўсё гэта ёсць на «Вытоках», — падзяліўся ўражаннямі Андрэй Барбашынскі. Ёнтаксама падкрэсліў, што чакае, калі «Вытокі» пройдуць на яго малой радзіме — у горадзе Ашмяны, што таксама ў Гродзенскай вобласці.

Ідзём далей. На пляцоўцы спартыўнай барацьбы каштоўныя падказкі ўдзельнікам квэсту давала знакамітая беларуская спартсменка, шматразовы прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы Васіліса Марзалюк. Пасля завяршэння спартыўнай кар'еры яна працуе ў Беларускай федэрацыі барацьбы і на «Вытоках» сумяшчае прыемнае з карысным — атрымлівае задавальненне ад свята і вывучае, як развіваецца барацьба ў рэгіёне. «Я на «Вытоках» першы раз, даўно хацела наведаць Гродзенскую вобласць. Я ўбачыла выдатнае свята, адчуваецца, што ва ўсіх добры настрой. Сёння з намі Саша Гуштын (сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы), Іван Яноўскі, прызёр чэмпіянату Еўропы. І кожны можа пазнаёміцца са сваімі кумірамі і, магчыма, нават правесці нейкі прыём», — падзялілася Васіліса.

Беларуская хакейная федэрацыя разам з клубам «Дынама-Мінск» арганізавала свой міні-квэст. Яго ўдзельнікі спачатку прымервалі на сябе сапраўдную хакейную форму, фота ў ёй — абавязковае. Затым — фанацкі грым, без якога не абыходзіцца ні адзін хакейны матч. «Дынама-Мінск» падрыхтавала настольную гульню, якая мадэлюе гульню. Удзельнікам трэба перагуляць саперніка, маючы ў сімвалічным складзе гульцоў толькі з пэўнымі навыкамі. Адной з самых папулярных стала кідковая зона. Тут можна даведацца, з якой хуткасцю ляціць шайба. На «Вытоках» нават летам можна згуляць у хакей. І няважна, што гэта аэрахакей. Але ж у саперніках — абаронца нацыянальнай зборнай Данііл Рогач і самы малады нападаючы ў гісторыі «Ліды» Максім Якунін.

Асобна ад усіх, у глыбіні навагрудскага парку, размясцілася біятлонная пляцоўка. «Адсялілі» яе не дрэнныя паводзіны, а за дасягненні. Федэрацыя біятлона прадставіла ноу-хау — аналаг малакалібернай вінтоўкі. «Усім удзельнікам вельмі падабаецца пастраляць з такой зброі, прычым зрабіць гэта могуць і дзеці. Выдатная перспектыва і для федэрацыі ўбачыць здольных дзяцей і прапанаваць ім займацца біятлонам. На «Вытоках» наш від спорту заўсёды вельмі папулярны», — адзначыла Ганна Вялюга. А яшчэ на гэтай лакацыі можна было пазнаёміцца з двухразовай чэмпіёнкай Еўропы па біятлоне Людмілай Ананькай.

Сёлета неад'емнай часткай «Вытокаў» стаў гоначны грузавік каманды «МАЗ-СПОРТаўта» разам з легендарным пілотам Сяргеем Вязовічам. Калі на фестывалі быў конкурс на колькасць зробленых фатаграфій, «МАЗ-СПОРТаўта» і тут бы апярэдзілі ўсіх.

Калі для ўдзельнікаў алімпійскі квэст — цікавая гульня, то для арганізатараў — выдатная магчымасць паказаць свой від спорту і прыгледзець таленавітых спартсменаў. «Вытокі» праходзяць, а спартыўны рэзерв патрэбны заўсёды. «Мы спадзяёмся, што мясцовыя ўлады ўбачаць, як шмат дзяцей выходзіць з пляцоўкі тэніса з гарачымі вачыма, з марамі стаць Арынай Сабаленкай ці Максімам Мірным, і задумаюцца аб тым, каб пабудаваць у сябе тэнісныя пляцоўкі. Мы са свайго боку будзем гэтаму вельмі рады і для гэтага бяром удзел у «Вытоках». Хочацца паказаць, што тэніс — папулярны ў нашай краіне. І вельмі прыемна, што мы можам паказаць вялікай колькасці людзей наш цудоўны від спорту. Вялікі дзякуй за гэта арганізатарам фестывалю», — адзначыла генеральны сакратар Беларускай тэніснай федэрацыі Кацярына Лісіца.

Цікавосткі для ўсіх

Спаборніцтвы разгортваліся не толькі на алімпійскім квэсце, але і на галоўнай сцэне фестывалю. Тут праходзіў традыцыйны вакальны конкурс. Найлепшым выканаўцам у малодшай узроставай групе стала Дзіяна Маляўская з Ліды, а ў старэйшай — Паліна Бекіш. Лаўрэаты атрымалі дыпломы і прызы, а таксама змогуць у далейшым узяць удзел у майстар-класах вядучых настаўнікаў краіны.

На «Вытоках» у Навагрудку было на што паглядзець і тым, хто цікавіцца не толькі спортам. У горадзе цэлы дзень працаваў горад майстроў, дзе можна было ўбачыць нават незвычайныя рамёствы. «Мне вельмі падабаецца, што вы да нас прыехалі ў Навагрудак! Сёння ў нас столькі прыемных людзей, столькі майстар-класаў. Гэта свята павінна быць кожны год. Таму што «Вытокі» — гэта пра нашы карані, адкуль мы ўсе паходзім, адкуль наша культура і наша спадчына», — расказала народны майстар беларускай выцінанкі Наталля Клімко.

Наколькі на Гродзеншчыне рады гасцям і як іх тут чакаюць, паказала выстаўка самых цікавых турыстычных аб'ектаў. Музей вавёркі ў Вялікай Бераставіцы, дом-сядзіба Агінскага, Аўгустоўскі канал, Стары і Новы замкі ў Гродне — жывы турыстычны даведнік. «Вытокі» — гэта спартыўна-культурнае свята. А мы дадалі яму і турыстычны акцэнт. Хочацца паказаць, колькі цікавага можна ўбачыць у Гродзенскай вобласці», — сказала галоўны спецыяліст упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Настасся Алейнікава.

Вядучыя артысты краіны праспявалі свае песні, сціхлі апладысменты, адгрымеў салют. Фестываль «Вытокі» стаў яшчэ адной яркай старонкай у гісторыі Навагрудка. А падхапіць святочную эстафету рыхтуюцца Горкі, дзе «Вытокі» пройдуць 22—23 ліпеня.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота НАК Беларусі

Загаловак у газеце: «Вытокі» — гэта пра нашы карані»

Выбар рэдакцыі

Культура

Што пакажа «Славянскі базар у Віцебску»? Добры настрой і незабыўныя ўспаміны гарантаваны

Што пакажа «Славянскі базар у Віцебску»? Добры настрой і незабыўныя ўспаміны гарантаваны

Канцэртныя праграмы, тэатральныя пастаноўкі, майстар-класы, кірмаш і многае іншае.

Грамадства

З серады дажджы, а з чацвярга спякота «адпусціць»

З серады дажджы, а з чацвярга спякота «адпусціць»

Начныя тэмпературы стануць яшчэ ніжэй у пятніцу.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.