Адказ на гэтае і іншыя пытанні шукалі падчас выязной калегіі ў Стоўбцах спецыялісты Міністэрства ЖКГ разам з камунальнікамі Міншчыны. Апошнія расказалі пра асаблівасці жыллёвага фонду вобласці і праблемныя пытанні капрамонту, а таксама падзяліліся сваімі дасягненнямі і прапановамі ў сферы паляпшэння жыллёвых умоў беларусаў.
Мэта капрамонту — не дапусціць старэння ці недарамонту, і бадай адзіная яго праблема — недахоп фінансавых сродкаў, лічаць камунальнікі. Тым не менш задача штогод рамантаваць 3 % будынкаў ад усяго жылфонду, які эксплуатуецца ў краіне, застаецца, і яе трэба дасягаць, і субсідзіраванне работ на гэта працягнецца. Аднак жыхары павінны ўсвядоміць, што за станам свайго дома трэба своечасова сачыць самастойна і выкарыстоўваць для гэтага існуючыя ў краіне законы.
Беларусы вельмі востра адчуваюць праблему капрамонту і гэтак жа на яе рэагуюць — 45 % зваротаў грамдзян датычыцца менавіта ўтрымання і капітальнага рамонту жылфонду. Мы павінны разабрацца, што перашкаджае выйсці на ўстаноўленыя паказчыкі, як паскорыць і спрасціць работу па капрамонце, не забываючы пра яе якасць, лічыць міністр ЖКГ Андрэй ХМЕЛЬ.
Згодна з дзяржаўнай праграмай «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2021—2025 г. і іншымі дакументамі, сёлета ў краіне трэба капітальна адрамантаваць 3 млн 620 тысяч м2 жылля, на што з бюджэту прадугледжана 386,99 млн рублёў. А з улікам адлічэнняў, якія паступілі на капрамонт ад насельніцтва, агульны аб'ём грошай — 714,6 млн рублёў. Пры гэтым на 1 мая аб'ём сродкаў на капрамонт быў павялічаны па ўсіх абласцях і сталіцы, а ў Мінскай вобласці зменшаны на 3,253 млн рублёў, расказаў Андрэй РАМАШКА, начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ:
— У бягучыя графікі капрамонту ўключана 1295 аб'ектаў агульнай плошчай 3 млн 995 тысяч м2, што з запасам забяспечвае выкананне гадавога паказчыка. Вызначаны паквартальныя паказчыкі выканання капрамонту, і ўжо ўведзена ў экплуатацыю больш як 260 тысяч м2. Разам з тым, згодна з інфармацыяй, прадстаўленай абласнымі ўпраўленнямі ЖКГ, і аб'ёмамі фінансавання, рэалізаваць капрамонт сёлета можна будзе толькі на 85 % (3 млн 100 тысяч м2). Аб'ём гадавога задання па капрамонце пакуль выкананы крыху больш як на 7 %.
Абазначыў намеснік міністра і праблему перавышэння тэрмінаў. На пачатак 2022-га ў Беларусі было 214 аб'ектаў з перавышанымі нарматыўнымі тэмпамі будаўніцтва. Цяпер такіх аб'ектаў 141, з іх 97 — у сталіцы. Вясной колькасць аб'ектаў са звышнарматыўным перавышэннем тэрміну зменшылася на дзесяць, аднак за гэты год такіх аб'ектаў ужо пабольшала з 18 да 35.
У першым квартале 2022-га Дзяржбуднаглядам было праверана больш за тысячу аб'ектаў капрамонту, дзе выяўлена 11 669 дэфектаў і парушэнняў на 496 аб'ектах. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 237 фізічных і юрыдычных асоб, з якіх спагнана 20,5 тысячы рублёў штрафу, вынесена 87 папераджэнняў.
— Найбольш характэрныя парушэнні падчас капрамонту: арганізацыя будаўнічай вытворчасці, аўтарскі тэхнічны нагляд у будаўніцтве. Гэта сведчыць пра неналежную арганізацыю капрамонту не толькі пры яго планаванні, але і на стадыі будаўніча-мантажных работ, — адзначыў Андрэй Рамашка.
Прычына многіх праблем капрамонту вынікае з таго, што пры яго правядзенні неналежным чынам арганізавана работа на самым пачатку, лічыць міністр:
— Грамадзяне ў зваротах кажуць, што не ведаюць, што адбываецца. Іх просяць даць допуск у кватэры немаведама дзеля чаго. Сходы не праводзіліся, аб'ёмы капрамонту не даведзены, дагаворы з імі не заключаны. Такая сітуацыя існуе ў Мінскім раёне.
Што датычыцца недахопу сродкаў на капрамонт і росту кошту матэрыялаў, то трэба глядзець, на колькі і што падаражэла, а што стала танней, і прыводзіць дакладныя і абгрунтаваныя прычыны, чаму не вытрымліваюцца тэрміны, дадаў Андрэй Хмель.
Камунальнікі Мінскай вобласці прапануюць знесці 14 малапавярховых дамоў 1953 года пабудовы ў г. п. Мачулішчы і пабудаваць на іх месцы восем жылых дамоў сярэдняй паверхавасці. Такім чынам, замест 216 кватэр, якія мяркуецца зруйнаваць, будзе збудавана 440 кватэр, частку якіх зоймуць былыя гаспадары знесенага жылля. А частку — грамадзяне, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у тым ліку шматдзетныя. Разам з гэтым абновіцца жылфонд, зменшацца эксплуатацыйныя расходы, зменіцца аблічча населеных пунктаў, упэўнены яны.
На абслугоўванні ЖКГ Мінскай вобласці 8713 дамоў плошчай 14 млн 200 тысяч м2, капітальна адрамантавана 1128 з іх (18 % ад агульнай колькасці). Архітэктурная асаблівасць вобласці ў тым, што вышэй за пяць паверхаў тут толькі 8,1 % жылфонду, а 53 % (4650 будынкаў) — адна- і двухпавярховікі, 34 % з якіх эксплуатуюцца больш за 60 гадоў. Вядома, што яны маюць высокую фізічную і маральную зношанасць і пры складанні праектна-каштарыснай дакументацыі маюць высокі кошт капрамонту. І гэта тое, што найперш хвалюе камунальнікаў Міншчыны, расказала Святлана ВАЛЬКО, намеснік гендырэктара ЖКГ Мінскай вобласці:
— У нас шмат двухпавярховых жылых дамоў. Напрыклад, васьмікватэрны двухпавярховы дом у г.п. Мачулішчы 1951 года пабудовы агульнай плошчай 583 м2. Каштарысны кошт на капрамонт будынка, якім прадугледжана практычна ўсё, што можна зрабіць падчас капрамонту, — 290 тысяч, а кошт метра квадратнага — 566 рублёў. І падобных дамоў шмат, і многія з іх не маюць цэнтральнай каналізацыі ці гарачага водазабеспячэння. Таму замест капрамонту мы хацелі б прапанаваць рэнавацыю такога жылля. Мы разлічылі прыкладны кошт затрат з улікам зносу будынкаў, кампенсацыйных выплат і будаўніцтва новага жылля прыкладна той жа квадратуры.
Згодна з новымі будаўнічымі правіламі, Інстытут «Белжылпраект» адносна такіх дамоў сцвярджае, што «выкананне капітальнага рамонту будынкаў эканамічна немэтазгодна і практычна не забяспечыць асноўных эксплуатацыйных паказчыкаў, якія адпавядаюць сучаснаму ўзроўню». Капрамонт аднаго м2 у такім двухпавярховіку — 839 рублёў, што перавышае гранічную норму ў 5,4 раза, а кошт мадэрнізацыі ў гэтым жа доме — 270 рублёў (перавышэнне ў 1,3 раза). Атрымліваецца, што кошт квадратнага метра капрамонту пры дзеючым заканадаўстве — прыкладна 1100 рублёў, а збудаваць новы жылы дом можна па 1600 рублёў за «квадрат», запэўніла спецыяліст.
Але праблема ў тым, на падставе чаго можна зруйнаваць такія дамы, калі яны не ўваходзяць у катэгорыю трухлявых. Каб займацца рэнавацыяй, трэба ў дзесяць разоў больш грошай выдаткаваць з бюджэту, а дзе іх узяць? Міністр ЖКГ Андрэй ХМЕЛЬ заўважыў:
— Калі жыллё прызнаецца аварыйным, жыхарам замест яго выплачваецца кампенсацыя і прапануецца арэнднае жыллё, а не ва ўласнасць. А ваша ідэя ў тым, каб замест вось гэтага старога жылля, якому ўжо мала засталося да аварыйнага, але яно падлягае капрамонту, людзі атрымлівалі ва ўласнасць нанова збудаваныя кватэры. Такім прыкладам можна стварыць прэцэдэнт у краіне, і людзі будуць патрабаваць знос замест капрамонту. Перш чым будзе прынятае рашэнне па гэтых дамах, яго трэба ўзважыць.
Рашэнне фінансавай праблемы камунальнікі Міншчыны бачаць у прыходзе інвестара і просяць падтрымаць гэтую ідэю.
— У сталіцы ўжо даўно прынята рашэнне, што двухпавярховікі капітальна не рэканструююць. Пытанне ў тым, што сёння ўласнік тэрыторыі павінен прыняць рашэнне. Заканадаўствам прапісана: калі відаць, што перспектывы ніякай няма, не будзе ніякіх інвестыцый, а дом трэба рамантаваць, то прымаецца рашэнне аблвыканкама і выконваецца рамонт. Калі ж хаця б мінімальная перспектыва ёсць, што ў Мачулішчы прыйдуць людзі, што там ёсць вытворчасць, то рашэнне можа быць іншае, а тэрыторыя — разглядацца як інвестучастак, — удакладніў першы намеснік міністра Генадзь ТРУБІЛА.
Прапануюць камунальнікі таксама праводзіць уцяпленне дамоў за сродкі грамадзян, што дазволіць сэканоміць бюджэт. А некаторыя спецыялісты ўвогуле лічаць, што ўласнікі павінны за ўсе работы, у тым ліку і за капрамонт, плаціць са сваёй кішэні.
З тым, што капрамонт павінен аплачвацца насельніцтвам напоўніцу, а не як сёння, на 40 %, згодзен і міністр, аднак ісці да гэтага трэба паэтапна, крокава, упэўнены ён. Большасць людзей сёння не пацягнуць капрамонт сваімі сіламі, тым больш што ў беларусаў дагэтуль не сфарміравана паняцце і разуменне інстытута ўласнасці.
— Трэба, каб чалавек усведамляў, што шматкватэрны жылы дом сёння — гэта не ўласнасць дзяржавы, а сумеснае домаўладанне. Калі мы прыватызуем кватэру, мы прыватызуем таксама і частку агульнай маёмасці. Дзяржава цяпер выконвае большую частку затрат па капітальным рамонце — 60 %, і цалкам аплачваецца з бюджэту бягучы рамонт жылфонду. Казаць, што праз год ці два мы адыдзем ад гэтай практыкі, нельга, і мяняцца такая палітыка не будзе. Аднак заклікаць людзей карыстацца існуючымі механізмамі варта, — адзначыў кіраўнік ЖКГ. — Сёння дакладна размежавана, за што плаціць дзяржава, за што — чалавек. Можна, напрыклад, уцяпліць сваё жыллё ў растэрміноўку і атрымаць для сябе добры вынік, уклаўшы сродкі. Жыхары павінны памятаць і пра тое, што ў сваіх пад'ездах яны гаспадары, і сачыць за іх станам яны павінны за свой кошт — тады і стаўленне да пад'езда іншае, яны пачынаюць яго цаніць і берагчы. Таму сённяшняя задача — сфарміраваць у людзей паняцце ўласнасці і адпаведнае стаўленне да яе, а далей паглядзім.
Задача калегіі — не крытыкаваць работу на месцах, а выпрацоўваць рашэнні, якія паспрыяюць паляпшэнню сітуацыі, рэзюмаваў міністр.
Калі жыхары бачаць, што нешта няякасна робіцца падчас рамонту ці пасля яго, то са скаргай трэба звяртацца ў службу 115 у межах гарантыйных тэрмінаў. Пытанне перададуць упаўнаважанай асобе, якая арганізоўвала рамонт, і ўжо яна прымусіць падрадчыка выправіць сітуацыю. І гэта працуе. Людзі павінны ведаць упаўнаважаную асобу ў твар, каб яна мела з імі настолькі шчыльныя стасункі, каб праблемныя пытанні можна было вырашаць адразу, без зваротаў у 115. Што датычыцца чаканняў капрамонту, то трэба яго чакаць. Рана ці позна ён прыйдзе ў кожны дом у краіне, запэўніў міністр.
У Мінскай вобласці сёлета трэба капітальна адрамантаваць 406,7 тысячы м2 жылля, на што спатрэбіцца 123 мільёны беларускіх рублёў. Аднак выдзелена толькі 73 млн, у тым ліку 33 млн з бюджэту і 40 млн — сродкі ад насельніцтва. Паколькі 50 млн не хапае, у сталічнай вобласці дакладна адрамантуюць толькі 271 тысячу м2, або 66,9 % ад плана. За гэты год каля 17 тысяч м2 ужо ўведзена ў эксплуатацыю, у рабоце больш як 200 тысяч м2. Тым не менш камунальнікі спадзяюцца, што да канца года сродкі ўдасца знайсці. А сярод прапаноў па вырашэнні праблемы — замяніць асоб (у райвыканкаме), адказных за неналежную арганізацыю выканання капрамонту і несвоечасовае асваенне сродкаў. Вырашэнне апошняй праблемы камунальнікі бачаць у пераглядзе сум фінансавання па кварталах, каб своечасова аплачваць, у тым ліку авансава, бягучыя работы, і налета гэтае пытане мяркуюць прапрацаваць.
Ірына СІДАРОК, фота аўтара
Наводзіць парадак — з розумам.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.