Вы тут

Вампіры сярэдняй паласы. Як абараніць сябе ад камароў і іншых крывасмокаў


Лета на дачы ці ў вёсцы — неверагодная асалода! Калі б не камары ды мухі. А яшчэ пчолы, восы, шэршні і сляпні. У хаце ад гэтай крылатай «жыўнасці» добра абараняюць фумігатары, але варта ў гарачы дзень выйсці на вуліцу ці пайсці на рэчку, як цябе тут жа абляпляе рой машкары. І калі, напрыклад, сляпні, пчолы ды восы найболей актыўныя пры святле сонца, то пасля заходу вахту ў іх пераймаюць камары. Яны дастаўляюць масу непрыемнасцяў, атручваюць цёплыя вечары, не даюць спакойна прагуляцца і пасядзець, а наступствы ўкусаў сверб і хваравітасць надоўга застаюцца на целе. Як абараніцца ад усіх гэтых кусачых насякомых, расказала памочнік урача-гігіеніста аддзела гігіены Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Таццяна Ляшкевіч.


Не дай сябе ўкусіць!

Асабліва прывабныя для камароў і сляпней дзеці. Скура ў іх далікатная, тонкая, пракусіць яе прасцей за ўсё, ды і адмахвацца ад гэтых насякомых малыя яшчэ толкам не навучыліся. А вось што да асаблівай прыхільнасці гэтых вампіраў да той ці іншай групы крыві, то гэта ўсяго толькі міф. Не такія яны гурманы. Як абараніць сябе, дзяцей і гадаванцаў ад крывасмокаў? У гэтым могуць дапамагчы спецыяльныя прэпараты — рэпеленты.

— Рэпелент (з лацінскай «які адштурхоўвае») — прыроднае або сінтэтычнае хімічнае рэчыва, якое ўжываецца ў бытавых мэтах для адпужвання насякомых. Яго ўжываюць для абароны чалавека ад нападу крывасмокаў (камароў, сляпнёў, мошак) і кляшчоў, а таксама для абароны прадметаў ужытку і адзення ад псавання моллю і жукамі. У адрозненне ад інсектыцыдаў рэпеленты прызначаны не для знішчэння насякомых, а толькі для іх адпужвання, — тлумачыць спецыяліст.

Як выбраць рэпелент?

Кожны рэпелентны сродак павінен мець пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі, нумар якога пазначаны ў дакументах для продажу (гэта можна ўдакладніць у прадаўца). Уся інфармацыя аб прызначэнні сродку, вытворцы, спосабе прымянення і мерах засцярогі пры ўжыванні выкладзена на этыкетцы сродку, распрацаванай падчас яго дзяржаўнай рэгістрацыі.

— Формы рэпелентных сродкаў разнастайныя. Частку з іх можна наносіць толькі на скуру, некаторыя — і на скуру на адкрытыя часткі цела, і на адзенне. Для нанясення толькі на скуру прызначаны крэмы, гелі, ласьёны, алоўкі, эмульсіі і сурвэткі. Аэразольныя ўпакоўкі падыходзяць для нанясення і на скуру, і на адзенне. Перавагі нанясення рэпелента на адзенне ў тым, што эфект доўжыцца некалькі сутак, прытым таксічнасць мінімальная, — кажа Таццяна Ляшкевіч.

Працягласць эфекту залежыць ад канцэнтрацыі рэпелентнага рэчыва. Рэпеленты з высокім утрыманнем таксічнага рэчыва адпужваюць кляшчоў, але не забіваюць. Для абароны ад кляшчоў больш эфектыўныя спецыяльныя сродкі.

Асобную ўвагу трэба ўдзяляць выбару рэпелента для абароны дзяцей. Набывайце рэпеленты толькі ў аптэках або буйных сеткавых крамах. Пры пакупцы звяртайце ўвагу на тэрмін прыдатнасці і цэласнасць упакоўкі.

— Узрост — галоўнае. На кожным сродку ўказаны ўзрост, для якога ён прызначаны. Катэгарычна не дапускаецца выкарыстоўваць для абароны дзяцей рэпеленты для дарослых. Як правіла, яны больш канцэнтраваныя, чым дзіцячыя. Гэта можа прывесці да атручэння, — звяртае ўвагу суразмоўца.

Калі вы катэгарычна не прымаеце хімічныя прэпараты, можна выкарыстоўваць натуральныя. Яны не такія эфектыўныя, як хімічныя, хутчэй выветрываюцца, іх трэба часцей абнаўляць, але яны больш бяспечныя.

Каб змякчыць наступствы ўкусу...

Найперш трэба прадэзынфікаваць пацярпелае месца. Дзецям яго можна прамыць халоднай вадой з дзіцячым мылам, а пасля апрацаваць антысептыкам, напрыклад, хлоргексідзінам. Дарослым — апрацаваць разведзеным вадой медыцынскім, нашатырным або борным спіртам ці проста вадой, змяшанай з любым адэкалонам або спіртзмяшчальнай настойкай.

На апрацаванае месца варта прыкласці лёд. Крывяносныя сасуды звузяцца, і яд запаволіць праходжанне па арганізме. Халодны кампрэс не толькі аблегчыць сверб, але і здыме ацёк. Але доўга трымаць холад нельга — гэта трэба рабіць з перапынкамі, а саму лядышку лепш закруціць тканінай.

Можна ўжыць антыгістамінныя прэпараты (ўнутр і вонкава). Пры лёгкай рэакцыі дастаткова памазаць укушанае месца спецыяльнай маззю. Пры сярэдняй цяжкасці сімптомаў могуць спатрэбіцца гарманальныя мазі, але лепш, каб іх парэкамендаваў урач. Таксама могуць спатрэбіцца таблеткі ад алергіі.

Ад свербу можна выкарыстоўваць мясцовыя сродкі. Напрыклад, мазі. Пажадана, каб мазь была на тлушчавай аснове, якая створыць на скуры плёнку і абмяжуе распаўсюджванне ўпырсканай камарам сліны.

Пашкоджаную скуру можна апрацоўваць антысептыкамі і зялёнкай. Мазь з антыбіётыкам прызначае толькі ўрач.

Народныя сродкі ад насякомых

Надзейным сродкам абароны ад мух, камароў і іншых казурак на дачы з'яўляецца металічная або капронавая сетка, прымацаваная да вокнаў і фортак. Сетку, замацаваную на драўлянай раме, можна ўставіць у праём дзвярэй.

Каб камары не заляталі ў пакой (і каб выгнаць іх з хаты), насыпце на гарачую патэльню крыху камфары. Камфарны дым не шкодны для людзей, а камары яго не выносяць. Каб адагнаць мух і камароў ад акна, замацуйце ў яго верхняй частцы планку або шнур з доўгімі стужкамі з поліэтыленавай плёнкі.

У выграбныя ямы прыбіральняў, размешчаных у двары, для знішчэння мух варта сыпаць 2-3 разы на месяц хлоркавую вапну або заліваць 1% раствор карбафосу (100 грамаў на 3 літры вады).

Адпудзіць ад сябе камароў, мошак, маскітаў, сляпнёў пры адсутнасці рэпелентаў можна сумессю з 30—40 мілілітраў любога адэкалона і 5—10 кропель гваздзіковага або анісавага алею, які можна замяніць некалькімі кроплямі валяр'яны.

Каб адпудзіць вос і пчол, адкрытыя ўчасткі цела праціраюць сумессю любога адэкалона з мятным маслам або мятнымі кроплямі (5 кропель на сталовую лыжку адэкалона). Сродак валодае ахоўным дзеяннем каля гадзіны.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.