Мне было ўсяго пяць гадкоў, але той першы дзень вайны я цудоўна помню.
Тата з раніцы пайшоў на завод і хутка вярнуўся — ужо з павесткай: на вакзал, да цягніка, які адпраўляўся на фронт, яму трэ было ісці ў той самы дзень.
Для нас, а найболей для мамы, гэта было як гром сярод яснага неба! Яна плакала, хапалася за тату, губляла прытомнасць... І гэта пры нас, дзецях.
Не менш дзіўна паводзіў сябе і тата. Ён хапаў на рукі то мяне, то браціка Геню, то зусім маленькую Зіну, зноў кідаўся да мамы і то цалаваў яе, то адпойваў вадой.
На крык і плач у нашай кватэры зайшоў сусед, які павінен быў працаваць у другую змену. Пачуўшы, што тата атрымаў павестку, ён пабег па сваю, каб не адстаць, каб калі ісці, то разам... А тым часам мы — тата, мама і я (на каго пакінулі малых, я не помню) ужо спяшаліся на вакзал.
Па дарозе тата ўвесь час стараўся супакоіць маму. Ён казаў ёй: «Не бойся! Я хутка вярнуся! З фінскай жа вайны вярнуўся, — значыць, вярнуся і з гэтай. Бог пашкадуе маіх дзяцей, не пакіне сіротамі... А фашыстаў трэба прагнаць... Вось разаб’ём, пакажам, дзе ракі зімуюць, і я вярнуся. Чакайце!»
Каля цягніка было сапраўднае стоўпатварэнне! Нехта адчайна плакаў-галасіў, нехта нешта крычаў, штурхаўся... І раптам…
Над усім гэтым крыкам-стогнам-адчаем грымнуў... бравурны марш: духавы аркестр іграў «Развітанне Славянкі».
Пад гукі гэтай урачыстай музыкі будучыя франтавікі заходзілі ў вагоны, цягнікі краналіся з месца, набіралі хуткасць... І ўслед за імі, размахваючы сарванымі з галоў хусткамі, беглі жанчыны — жонкі, маці, сёстры... Гэта быў дзень усяленскага смутку, усяленскай бяды, дзень адчаю, дзень слёз…
Нам, дзецям вайны, не забыць гэты плач.
Не забыць усяго перажытага! Сярод прозвішчаў тых, каго прызываў Віцебскі гарваенкамат і хто дамоў не вярнуўся, ёсць прозвішча майго таты — Гапееў Максім Іосіфавіч. Яго партрэт разам з іншымі ў дзень Перамогі па вуліцах Глыбокага праносіць унук — мой сын. І гэты полк сапраўды Бессмяротны.
Час няўмольны. Ён не ідзе — ляціць і, на жаль, забірае з сабой апошніх ветэранаў, удзельнікаў вайны, зараз наступае наша чарга — дзяцей.
Нам ёсць што ўспомніць, ёсць што расказаць (было б каму запісваць!). Нашы пакуты, а найбольш — сапраўдны гераізм жанчын, нашых мам — заслугоўваюць асобных помнікаў!
Іх, дасць бог, некалі паставяць! Не пры нас дык, можа, хоць потым, бо яны патрэбныя: не мёртвым, а жывым. Каб помніць і берагчы мір.
Зоя НАВАЕНКА (ГАПЕЕВА)
г.п. Падсвілле
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.