Вы тут

Калі цвілі васількі, альбо Успамін аб няспраўджаным каханні


...Тая нядзеля ў мяне атрымалася вольнай ад штодзённых клопатаў, і мне (як цяпер помню) захацелася прабегчы па сваіх любімых мясцінках: па Макаравых кусціках, паддуб'і, лажках...

Там было столькі ўсяго прыгожага, што (не паверыце!) падмывала жаўранкам узляцець у неба і заспяваць!

Але ж гэтага чалавеку не дадзена, таму я, раскінуўшы рукі, прабегла ўніз па сцяжынцы да Лісінага Логу і... спынілася: у нізінцы сінім воблакам цвілі васількі. Яны былі такія пяшчотна-прыгожыя, што не ўтрымалася — нарвала, спляла сабе вянок, нарвала букецік маме. Думала, яна ўзрадуецца, а тая, наадварот, заплакала. Сказала: «Дачушка, як жа ты падобна на Олю»...

Я ведала, што ў мамы была малодшая сястра, што яна памерла ў ліпені 1944-га, але як...


«За год да вайны, — мама гаварыла ціха, голас яе дрыжаў, — я скончыла тэхнікум, атрымала дыплом і размеркаванне на працу, прыехала на Віцебшчыну ў сваё мястэчка Чарэя. Там жылі мае бацькі, тры сястры і два малыя брацікі. Усе разам мы палолі грады, бегалі па грыбы і ягады, хадзілі з татам на рыбу, купаліся... Волечка ў вадзе была як тая рыба! Ніхто перагнаць не мог!

Неяк, помню, наплаваліся з ёй, прылеглі адпачыць, і яна прызналася, што сябруе з хлопчыкам, што пасля школы яны дамовіліся разам паступаць у медінстытут...

Мы з сястрычкай сакрэтнічалі, і нам было так добра, што я нават засмуцілася, калі ўбачыла, што да нас падплывае лодка. «Гэта ён, — пачырванеўшы, усміхнулася Оля, — мой Андрэйка».

Хлопец мне спадабаўся: вясёлы, а ўжо ж закаханы...

Мы пераплылі з ім на процілеглы бераг возера. Там, пад стагадовымі дубамі, было настолькі прыгожа, што я ўголас стала чытаць вершы. Волечка слухала, а вось Андрэй... раптам знік. Мы нават хацелі на яго пакрыўдзіцца, але не паспелі, бо ён (і гэтак жа раптам з'явіўся, нават з кветкамі: мне падаў рамонкі, а Волечцы — васількі, ледзь не ахапак!

Мы тады плялі вянкі, лавілі рыбу, варылі юшку, елі... Андрэй аказаўся на здзіўленне гаспадарлівым: ён прыхапіў з сабою ўсё, што трэба... Мы былі такія шчаслівыя!..

Праз год Оля і Андрэй скончылі школу. Пасля выпускнога доўга гулялі па нашай Замкавай вуліцы, а недзе ў гэты час ужо ішла вайна. У пачатку ліпеня яна дакацілася і да мястэчка. Людзі сталі сведкамі жудаснай расправы над яўрэямі, якія спрадвеку жылі побач, працавалі, ніколі не рабілі зла. І, тым не менш, загінулі тады і старыя, і дзеці, і зусім маладыя хлопцы-дзяўчаткі — аднакласнікі Олі і Андрэя.

...У мястэчку, у царкве, фашысты размясцілі свой гарнізон. Для таго каб знішчыць яго, партызанам патрабаваліся звесткі аб узбраенні, колькасці ворагаў. Каб здабыць іх, мае сёстры Оля і Марыя (на той час — жонка палітрука, з якім паспела паездзіць па гарнізонах і навучыцца разбірацца ў зброі, заўважаць замаскіраваныя агнявыя кропкі) хадзілі нібыта цёткі Насты, што жыла непадалёк ад царквы, адпраўляліся ў іншыя вёскі, каб выканаць тое ці іншае заданне партызан.

Хутка ў іх былі дакладныя звесткі аб гарнізоне: фашысты паставілі кулямёты на званіцах, а самі хаваліся за тоўстымі сценамі. Шмат умацаванняў было і на подступах да мястэчка. Летам 42-га Марыю арыштавалі, некалькі дзён пратрымалі ў турме. Адзін з паліцаяў перадаў нам адтуль запіску. Там паведамлялася, што выдаў яе дырэктар школы, што абвінавачваюць — у дапамозе «бандытам», што пагражае расстрэл... Маня прасіла паклапаціцца пра яе дзяцей і развітвалася...

Мы, яе сям'я, нічога зрабіць не змаглі. Маню расстралялі восьмага жніўня, а ў верасні партызаны атакавалі мястэчка, знішчылі ўмацаванні на подступах. Праўда, царква і касцёл, дзе заселі фашысты, былі непрыступныя.

У час бою некалькі партызанаў трапілі ў рукі ворагаў, іх кінулі ў падвал мясцовай бальніцы, а доктару Раманаву загадалі зрабіць перавязкі.

Да нас дайшла вестка, што сярод параненых — і Андрэй. Оля адразу ж знікла з дому. Не было яе цэлую ноч, а назаўтра аказалася, што і параненыя, і паліцаі, якія іх ахоўвалі, зніклі.

Фашысты арыштавалі доктара Раманава і яго сям'ю, схапілі многіх мясцовых жыхароў, кінулі ў турму Олю. На допытах яе моцна білі, але яна маўчала.

У гэты ж дзень партызаны пайшлі на вырашальны штурм, адбілі ў немцаў мястэчка і ўсіх зняволеных.

Олю дадому Андрэй прынёс на руках. Яна не магла стаяць, не магла размаўляць...

Але ж паступова сілы вярталіся, і яна, відаць, выжыла б, калі б немцы не ўзяліся бамбіць мястэчка. Людзям давялося хавацца ў зямлянках. Там ад сырасці, холаду і голаду многія пачыналі хварэць, а ўжо малыя ды нездаровыя...

Ад запалення лёгкіх памёр наш маленькі Гена, сын Марыі, пагоршала і Волечцы. А калі яна пачула, што ў час бою загінуў Андрэй, то злягла зусім...

Неяк раз, праўда, паклікала мяне і сказала: «Вось каб лыжачку мёду... Я, здаецца, з'ела б і адразу паправілася».

Іголку ў стозе сена адшукаў бы тады прасцей, чым мёд у спустошаных вёсках! Але ж я ведала, што трэба зрабіць, каб выратаваць сястру, і таму, не раздумваючы, рушыла ў дарогу.

Знаёмыя вёскі сустракалі мяне комінамі знішчаных хат, па бязлюдных вуліцах бегалі здзічэлыя сабакі. Мне было страшна, але я не спынялася — бегла, ішла і прасіла людзей, каб дапамаглі. Мне спачувалі, нешта раілі, але мёду не меў ніхто. Хіба ўрэшце...

Дзед, да якога дайшла ўжо ледзь не ноччу, даведаўшыся, адкуль, вынес чарачку. У ёй быў мёд. Ад радасці я ўпала на калені і пацалавала старому руку. Яго большай унучцы аддала сваю апошнюю кофтачку і пабегла дамоў — ратаваць сястру.

Для яе ж непадалёк ад дома нарвала букет васількоў.

Волечка яшчэ ўбачыла яго, паднесла да вуснаў, пачула, што я прынесла мёду, усміхнулася і быццам бы заснула...

У той жа дзень, 13 ліпеня, сястрычкі маёй не стала.

Пахавалі яе ў белай сукенцы, у вяночку, з букецікам васількоў».

...Я пачула гэты аповед вельмі даўно, калі была зусім маладой. Потым мы з мамай неаднойчы ездзілі на яе Бацькаўшчыну, у мястэчка Чарэя. Былі і на магіле Олі, побач з якой, зусім непадалёку, пахаваны яе Андрэй.

...Што, можа, цікава, мамачка мая памерла ў той самы 13-ы ліпеньскі дзень, як і яе сястра.

Васількі на іх магілы прыносяць мае ўнукі.

Тамара КОХАН

Мінскі раён


«Ён многае паспеў зрабіць...»

На гэтым здымку, справа, Ілья ісакавіч Глушцоў, які нарадзіўся і жыў на Бялыніччыне, працаваў настаўнікам матэматыкі, а калі пачалася вайна, апынуўся на фронце.

Ваяваў, што называецца, ад званка да званка, узнагароджаны одэнамі Айчыннай вайны першай і другой ступеняў, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Кенігсберга», «За абарону Каўказа», «За ўзяцце Берліна» і многімі іншымі...

На радзіму Ілья Глушцоў вяртаўся летам 1946-га. Аднак да роднай Магілёўшчыны не дабраўся: спыніўся на Зэльвеншчыне, пазнаёміўся з мяцовай прыгажуняй-настаўніцай — пажаніліся, гадавалі сына і дачку.

Працаваў настаўнікам, дырэктарам Мештавіцкага дзіцячага дома і Бародзіцкай школы. Пасля вайны праблем усюды хапала, але Ілья Ісакавіч умеў іх вырашаць. Ён многае паспеў зрабіць і для ўстаноў, дзе працаваў, і для адукацыі наогул. У 1968 годзе яму было прысвоена званне «Заслужаны настаўнік БССР».

...Вайна моцна падарвала яму здароўе: франтавыя раны не далі дажыць нават да пенсіі. Аднак тое, што ён мог зрабіць для людзей, зрабіў.

Сяргей ЧЫГРЫН

г. Слонім


А «патанней» нічога не было...

Роднае слова... Якое ж яно цёплае, якое блізкае! Здавалася б, толькі бяры яго — карыстайся! Але ж не, як пагляджу, мала ахвотных. Куды болей тых, хто цураецца...

У вёсцы, дзе я нарадзіўся, па-беларуску гаварылі ўсе. На рускую пераходзілі хіба начальнікі, але сам гэты пераход даваўся ім цяжка і пачынаўся з такой трасянкі...

Помню, у школу разам са мной хадзілі дзве стрыечныя сястрычкі — дочкі родных братоў. Адзін з іх быў трактарыстам, але ж весяльчак, гаварун, артыст... У клубе ставілі камедыю «Лявоніха на арбіце», дык ён сыграў Лявона, прычым так, што ім і застаўся — займеў мянушку.

Брат яго быў зусім іншы: дужа ганарыўся, што выбіўся ў начальнікі (хоць і малыя), аж са скуры вылузваўся — стараўся размаўляць па-руску. І дачцэ загадаў.

Тая, ужо старшакласніцай (сведкі расказвалі) летам зайшла ў краму — стала выбіраць тканіну (тады многія шылі). Паглядзела і адну, і другую, а грошай, мусіць, мала было?

— Потанее нету? — спытала ў прадавачкі.

Тая памацала паркаль: як быццам і гэты зусім не тоўсты?..

Толькі потым дайшло:

— Танней, — сказала, — няма.

Я гэта да таго, што да дзядзькі гэтай дзяўчыны прыляпілася мянушка Лявон, а да яе самой — Танея.

А пішу я пра іх для таго, каб нагадаць словы Багушэвіча, што добра ведаць мову суседскую, але ж найперш трэба ведаць сваю. І не прадаваць яе ні за якія грошы! А тым больш «патанней».

М. КАМАРОЎСКІ

г. Орша

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?