Вы тут

«Родны Мінск я пакінуў, нямецкай бамбёжкаю гнаны...»


Для кожнай беларускай сям'і дзень 22 чэрвеня 1941 года стаў пачаткам трагедыі. Мая мама, хоць ёй у той дзень было ўсяго пяць, пакінула ў сваіх успамінах запіс: «Многае сцёрлася з памяці, але ёсць рэчы, якія не забываюцца. 22 чэрвеня пачалася вайна». Так сталася, што наша сям'я з Пухаўшчыны тады апынулася пад Ленінградам, дзе мая бабуля працавала на чыгунцы, і мама ўспамінала: «Гул самалётаў, і ў Вырыцу ўехалі немцы на танках, самалёты скідвалі бомбы, і мы вырылі зямлянку на агародзе і падчас бамбёжак хаваліся там. У доме насупраць, дзе жыў чыноўнік, пасяліліся немцы, з гаспадаром хутка паразумеліся. Пасля ў яго працавалі некалькі чалавек нашых палонных салдат у якасці рабоў. Наша сям'я спрабавала дапамагчы палонным. Аднаго схавалі ў лазні. А нехта, магчыма, гаспадар дома, заўважыў, палоннага папярэдзілі мае родныя, і ён паспеў збегчы. Але данос на нашу сям'ю быў, і немцы вырашылі з намі расправіцца. У іх працавала перакладчыцай наша знаёмая, яна нас папярэдзіла, што нас расстраляюць. І мы ўсёй раднёй, з трыма малымі дзецьмі, сабраўшы тое-сёе з рэчаў, адправіліся агародамі ў шлях». Наперадзе была родная Беларусь, вогненная вёска, канцлагер і вызваленне... Раю такія гісторыі паспець занатаваць, паспець распытаць тых, хто памятае. Былі такія гісторыі і ў беларускіх пісьменнікаў, і часта яны ўвасабляліся ў старонкі твораў. Давайце разам пагартаем тыя старонкі і даведаемся, як пачалася вайна для нашых класікаў.


Страшная ціша вёскі

Пенталогія Івана Шамякіна «Трывожнае шчасце» ў многім аўтабіяграфічная. Галоўны герой, Пеця, ажаніўся з аднакласніцай Сашай. Але калі Саша была цяжарная, Пецю забралі ў войска... Гэта рэальная гісторыя пра Шамякіна і ягоную жонку Марыю. Другі раман пенталогіі, «Начныя зарніцы», пачынаецца з таго, што Саша, вясковая фельчарка, нараджае дачушку. Яна і шчаслівая, і сумуе па сваім Пецю, які не можа тут прысутнічаць... Раптам да Сашы прыходзіць яе доктарка.

«Марыя Сяргееўна села на табурэт побач з ложкам і пагладзіла Сашыны валасы. Але Саша не магла адвесці позірку ад яе твару: звычайна асветлены добрай усмешкай, ён быў нейкі ажно счарнелы, з запалымі вачыма, з непрыгожымі складкамі каля рота, быццам Марыя Сяргееўна пастарэла раптам на многа-многа гадоў.

— А што здарылася, Марыя Сяргееўна? — нясмела спытала Саша.

Рука ўрача пакінула гладзіць яе валасы і мацней прыціснулася да галавы.

— Няшчасце, Саша. Вялікае няшчасце.

— Для каго?

— Для ўсіх...

— Няшчасце для ўсіх? — не разумела Саша.

— Вайна, Саша. — Марыя Сяргееўна азірнулася: у палаце нікога не было, відаць, парадзіхі выйшлі гуляць.

Саша адчула, як страшэнна закалацілася яе сэрца, як закалола ў скроні і зноў разануў боль у жываце. Словы ўрача пачалі далятаць як бы здалёк.

— Я выгнала карову... вярнулася да сябе, уключыла прыёмнік... Звычайна так рана станцыі маўчаць. А тут... што робіцца ў эфіры! Усе нямецкія станцыі... Уся Еўропа! Выступаў Гітлер... Яны бамбяць Кіеў... Кіеў! Гэта зусім блізка ад нас... Зусім... Вось тут... — Яна паказала рукой, і Саша паглядзела на акно, за якім шумеў ясны летні ранак, чуліся дзіцячыя галасы, сігналы машын, рыпелі фурманкі і людзі мірна ехалі на рынак, яшчэ нічога не ведаючы. І на міг Сашы здалося, нібы ўсё, што яна пачула толькі што, — гэта працяг страшнага сну. А цяпер яна прачнулася і чуе зусім іншае».

Зразумела, першая думка Сашы — як жа там Пеця, які служыць у Запаляр'і? Вестка даходзіць да вяскоўцаў, многія з якіх зараз пойдуць ваяваць... І тут з'яўляецца яркая мастацкая дэталь: насуперак Сашыным чаканням, у вёсцы вельмі ціха... Хоць нават звычайныя праводзіны ў армію заўсёды адбываліся шумна.

«Яна не адразу зразумела, што робіць цішыню такой напружанай, страшнай. Толькі калі выйшла на вуліцу, тады зразумела: няма вясёлага гоману дзяцей. Звычайна ў такі ясны летні вечар усюды — на кожнай вуліцы, на выгане, каля сажалкі, на калгасным стадыёне — гуляюць дзеці, усюды іx смех, крыкі, гоман. У гэты ж вечар дзяцей нідзе не было, і ад гэтага рабілася жудасна; Саша адчула страшны подых вайны. Якое ж гэта вялікае гора, калі яго зразумелі, адчулі нават дзеці, самыя маленькія нават!»

З выпускным балем, дзяўчынкаю ў белым і вальсам да раніцы

Ва Уладзіміра Караткевіча таксама была свая гісторыя вайны... Падлеткам ён неаднойчы спрабаваў збегчы на фронт, потым цудам знайшоў згубленых бацькоў. Старэйшы брат загінуў на фронце... У рамане «Чорны замак Альшанскі» ў галоўнага героя, гісторыка Антона Косміча, шмат падабенства з аўтарам. Але «жыццяпіс гэтага старога кавалера» трохі адрозніваецца ад біяграфіі аўтара, цалкам магчыма, што ў ім ёсць нешта ад біяграфіі старэйшага брата Караткевіча.

«На два гады раней, чым трэба, скончыў школу. Шчанюком з мокрым пыскам. У сорак першым. Напярэдадні. З выпускным балем, дзяўчынкаю ў белым і вальсам да раніцы. Дурны, збіты, зацяганы дрэннымі пісьменнікамі прыём. Але тут так і было. На жаль і тугу. Таму што той раніцай дзве першыя бомбы ўпалі на паштамт і кінатэатр. Мы з ёю былі ў кінатэатры, так што ўсё гэта здарылася на маіх вачах.

Трос перад ваенкомам пасведчанне аб заканчэнні школы. Пашпарта яшчэ не было. Але паверылі. Быў... здаровая, словам, вымахала доўбня. Узялі.

І сербануў я тут спаўна. Родны гарадок. Адступаем. Над паравым млынам адзіны ўцалелы рэпрадуктар, і з яго бравурны марш. І нараўлянін Каляда, камандзір майго аддзялення, увесь у пыльных бінтах, разануў па ім з аўтамата (мала іх яшчэ тады было, ледзь не адзінкі).

Разануў, «каб не звягав, паразіт».

Тут і скончылася мая ўзнёслая маладосць».

«Што пад той, пад вярбой, салдат ранены...»

Героям аповесці Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага» давялося сербануць спаўна ў ваеннае ліхалецце. Аўтар апісваў уласнае дзяцінства, жахі нямецкай акупацыі. А пра пачатак вайны малыя героі даведваюцца так... У іх хаце на куце пад абразамі стаяла невялікая ружовая скрынка — радыё. Хлопчык Іван з малодшым братам Глыжкам вырашылі паглядзець, як яно працуе... І зламалі. Бацька паклікаў майстра Бусліка, рамантаваць.

«Паглядзеў Буслік спачатку на радыё, потым на нас з Глыжкам і па-змоўніцку падміргнуў. Затым ён пакалупаўся крыху ў дроціках, скрынка пашыпела, пакашляла, быццам у глотцы яе нешта перасела, і строгім незнаёмым голасам сказала: «Наше дело правое, враг будет разбит, победа будет за нами»

Бацька аж ускочыў з лаўкі.

— Што гэта?

— Здаецца, вайна,— няўпэўнена адказаў Буслік, потым згроб свае абцужкі, адвёрткі, шрубкі-болцікі і, махнуўшы рукой на бутэльку, якую бацька паставіў на стол, выбег з хаты.

Вайна. Бацька надзеў на галаву шапку і таксама ляпнуў дзвярыма.

Што такое вайна, я ведаю. Вайна — гэта калі бацьку прыносяць з сельсавета павестку, каб ён хуценька збіраўся ў нейкі там ваенкамат. Тут маці пачынае плакаць і збіраць торбу. Бабуля таксама ходзіць па хаце з кута ў кут і гаворыць, што якой толькі пошасці на чалавека не прыдумаюць. І ў мяне шкрабаюць на душы кошкі, але я трымаюся, стараюся, каб не заплакаць. Я мужчына».

Бацька Івана ўжо быў на вайне — калі вызвалялі Заходнюю Беларусь... Цяпер ён зноў збіраецца на фронт. На праводзіны прыйшлі вяскоўцы, размовы невясёлыя...

«— Давайце мы лепш спяём,— перабіла мужчынскія размовы цётка і, не чакаючы згоды, зацягнула высокім, прарэзлівым голасам.

У нас з Санькам аж у вушах зазвінела.

Ой, паля вы, паля,

Вы зялёны паля.

Мужчыны набралі духу і ляніва загулі басамі:

А чаму ж на вас, паля,

Ураджаю няма?..

— Трэба вышэй, —
параіў Скок і пачаў дапамагаць цётцы:

А чаму ж на вас, паля,

Ураджаю няма?..

Ад натугі ў суседа выступілі на шыі жылы і пачырванеў твар. Здавалася, вось-вось у яго горле лопне нейкая струна і ўсё скончыцца. Але струна не лопаецца, і тонкі, чысты голас плавае над басамі:

Толькі вырасла адна

Кучаравая вярба-а-а!

— Вось, мой татка, як спяваюць, — пахваліўся Скок і зноў зацягнуў. Спяваючы, ён закідвае галаву ўгару, быццам певень п'е ваду.

Што пад той, пад вярбой,

Салдат ранены...

Яго падтрымала цётка:

Ў галавах у яго

Вараны конь стаіць.

Тут маці, якая да гэтага ўсё набівалася гасцям, каб яны паспыталі то бліноў, то студзіны, моўчкі паднялася з-за стала і, закрываючыся ад людзей хусткай, выйшла ў сенцы. Басы змоўклі. Толькі высокі голас суседа ўсё не хацеў сціхаць:

На грудзях у яго...

І раптам голас абарваўся. Апошнія словы Скок не праспяваў, а, уздыхнуўшы, прагаварыў:

Сцяг чырвовы ляжыць...

Настала цяжкая цішыня, толькі муха дзінькала ў акне, б'ючыся аб шыбу».

«Але ўжо агульны цяжар лёг на плечы кожнага»

Раман Алеся Адамовіча «Вайна пад стрэхамі» таксама мае аўтабіяграфічны характар. Галоўны герой, хлопчык Толя, сын загадчыка сельскай бальніцы і аптэкаркі, — гэта і ёсць Алесь Адамовіч. У раздзеле «Вайна ўваходзіць у дом» апісана раніца 22 чэрвеня 1941 года, калі «Людзі ў пасёлку не ведалі, што ўсё тое, пра што яны думалі і клапаціліся, чаму радаваліся і аб чым бедавалі ў гэтую чыстую чэрвеньскую раніцу, было зусім не такім важным, як ім здавалася: ужо некалькі гадзін ішла вайна».

У гэты час чатырнаццацігадовы Толік Корзун едзе ў прапыленай паўтаратонцы — вяртаецца дадому з гасцявання ў дзядзькі. Ён шчаслівы, усім усміхаецца... Вось і родная хата... Маці... Але яе голас гучыць не так, як звычайна.

«— Вайна, сынок. З Нямеччынай.

Нешта засмактала ўнутры, так бывае, калі арэлі ляцяць уніз. Вайна! Учора яшчэ такое незаўважнае сярод іншых слоў, звернутае ў кніжнае мінулае і няпэўна далёкую будучыню, слова гэтае раптам злавесна ажыло, яно ўстала, як плаціна, упоперак усіх думак, жаданняў, пачуццяў. Не ведаючы, што і як сказаць маці, бледнай і заплаканай (ён толькі цяпер убачыў гэта), сын пастараўся зрабіць сур'ёзны і нават спалоханы твар і паспяшаўся сысці да мужчын».

Бацька Толі з'ехаў на аэрадром... А людзі сабраліся каля слупа з радыё, слухалі, «і такое было адчуванне, што кожны стаіць і прыгнечана цяміць: што страціў ён сёння, што недарабіў, не пабачыў, не паспеў? Яшчэ нікога з тых, што стаялі тут, пад прышашэйнымі хвоямі, вайна не закранула, але ўжо агульны цяжар лёг на плечы кожнага. Апоўдні, а гэта толькі першае паведамленне аб вайне, распачатай у тры гадзіны ночы. Не мы на тэрыторыі ворага, а ён на нашай, ягоныя самалёты над нашымі гарадамі. Гэта бянтэжыць, але не палохае. Людзі ўсё ж не разумеюць немца: што прымусіла яго кінуцца на сцяну, загадзя нязломную? Вось-вось павінна быць паведамленне, што нечаканы наскок ворага адбіты. Што такое паведамленне будзе, вераць амаль усе, яго прагна чакае, хоча пачуць і той, хто заўтра кінецца на ўсход з дзецьмі на руках, і той, хто сустрэне ворага на парозе сваёй хаты з непераходзячай нянавісцю, і нават сёй-той з тых, хто хутка пачне падлічваць свае крыўды ці хто праз нейкі месяц павяжа на рукаў белую анучу паліцая».

Што распавялі дзіцячыя цацкі

Паэма Аркадзя Куляшова «Сцяг брыгады» напісаная ў выглядзе паэтычнага дзённіка. Яе пачатак адлюстроўвае тое, што перажыў сам паэт. Дачка Валянціна ўспамінала: «24 чэрвеня Мінск перажыў жудасную бамбардзіроўку, і бацька разам са знаёмым журналістам і выкладчыкам пад бомбамі шукаў ваенкамат, каб запісацца на фронт. У Калодзішчах на армейскім пляцы толькі чырвоныя пятліцы нагадвалі пра тое, што тут была армія — усе сталічныя ваенкаматы ўжо выехалі. Убачыўшы гэта, бацька страціў прытомнасць. Гэта быў яго першы інфаркт. Сябры па няшчасці неслі яго барысаўскімі балотамі тры дні. Урэшце Куляшоў устаў на ногі, і яны дабраліся да Оршы, дзе яшчэ дзейнічаў прызыўны пункт»

У паэме прыводзяцца кранальныя падрабязнасці адыходу з Мінска.

«Як ад роднай галінкі

дубовы лісток адарваны,

Родны Мінск я пакінуў,

нямецкай бамбёжкаю гнаны.

Міма дрэў, міма дрэў

Усю ноч я ішоў, — за спіною

Родны горад гарэў,

І не ведала сэрца спакою.

Я здарожыўся, сеў

каля хатак чакаючы сонейка

У блакнот свой

заношу пачатак

Вандроўнага дзённіка...

Што сказалі мне рэчы,

Калі я выходзіў з кватэры?

Рэчы хатнія ўсе

Аглядаў я з маўклівай тугою,

Бо прасілі мяне па чарзе,

Каб забраў іх з сабою.

А ні лыжкі, ні міскі

Застацца ў кватэры

не хочуць,

Не згаджаюцца кніжкі,

Каб вораг паліў іх на плошчы.

Конь майстэрскай работы,

З кардону, на колах

драўняных,

Мне сказаў: — На каго ты

Пакідаеш нас, занядбаных?

Забяры, гаспадар, бо я тут

Усё роўна загіну...

Хіба я не вазіў з кута ў кут,

З кута ў кут твайго сына?

Як вайна пачалася, ты быў, гаспадар, на раёне,

І адтуль да сям'і ў родны

горад прыехаў ты сёння.

Гаспадыня ж учора

З малымі пайшла да вакзала,

А мяне яна з гора

На поезд з сабою не ўзяла.

Не хацеў адпусціць

мяне сын,

Пакідаючы хату,

Не згаджаўся,

каб жыў я адзін,

Каб я жыў без дагляду».

Так, дзень 22 чэрвеня ў кожнай сям'і застаўся сваймі трагічнымі ўспамінамі... Галоўнае — каб памяць пра гэта перадавалася далей. А творы беларускіх пісьменікаў дапамогуць у гэтым.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».