Вы тут

Насустрач будучыні і гераічнаму мінуламу


«Цікава будзе пабачыць розныя гарады і знайсці новых сяброў»

Вучань магілёўскай СШ № 18 Максім Лянчэўскі свой 16-ы дзень нараджэння адзначыць у дарозе. 22 чэрвеня ён адправіцца з Брэста ў падарожжа на Цягніку Памяці па гарадах Беларусі і Расіі разам са сваімі аднагодкамі з дзвюх краін.


— Калі патэлефанавалі са школы і прапанавалі ўдзельнічаць у гэтым праекце, я адразу ж пагадзіўся, — расказвае Максім. — Мне падалося цікавым праехацца на цягніку па Беларусі і Расіі і паглядзець нашы і расійскія гарады. Асабліва Санкт-Пецярбург. Кажуць, што там зараз белыя ночы і яны вельмі прыгожыя. Наогул, у Расіі быў толькі раз, ездзіў з сябрамі ў Пушкінскія горы. Але гэта не тое. Тут вялікая двухтыднёвая праграма, я нават не ўсю яе яшчэ вывучыў. Вельмі зацікавіла таксама рэканструкцыя першага бою Вялікай Айчыннай вайны ў Брэсцкай крэпасці.

Максім спадзяецца, што ў дарозе атрымаецца знайсці і новых сяброў. У цягніку будзе сто чалавек з Беларусі і сто з Расіі. Дарэчы, дзень нараджэння Максім упершыню будзе адзначаць удалечыні ад родных і блізкіх. Прызнаецца, што гэта яго не засмучае, хутчэй наадварот. З бацькамі і сябрамі можна і потым адзначыць, а тут нешта новае, нестандартнае. І гэта павінна быць цікава. Тым больш што адзначаць яго ён будзе нават не ў Беларусі, а ў суседняй краіне.

— Мы ў чаце ўжо абмяркоўвалі гэта пытанне, — прызнаецца ён. — Я ведаю ўсіх, хто паедзе з Магілёўскай вобласці, лічы, ужо завочна пасябравалі. Ведаю, хто чым займаецца, што з сабой браць у паездку. Асабліва нічога там і не спатрэбіцца. У цягніку, кажуць, усё будзе, нават настольныя гульні. З асабістага бяру толькі тэлефон і навушнікі.

Суразмоўца прызнаецца, што ў будучыні марыць стаць праграмістам, распрацаваць свой софт, не выключае, што зможа стварыць навучальныя гульні для школьнікаў. Яго любімыя прадметы — інфарматыка, фізіка, матэматыка. Ён пераможца конкурсаў і алімпіяд па біялогіі, экалогіі, фізіцы, інфарматыцы. Удзельнічаў у навукова-даследчых работах па фізіцы і біялогіі, летась яго работа па біяэкалогіі заняла першае месца ў рэспубліцы.

— Спачатку яна задумвалася як эксперымент у рамках фізікі, — расказвае Максім. — Але гэта вынаходніцтва можна прымяняць у сферы біялогіі і экалогіі. Разам з настаўнікам сабралі танны і просты ў выкарыстанні прыбор з датчыкам вуглякіслага газу. З дапамогай гэтага прыстасавання можна кантраляваць якасць паветра ў месцах, дзе вельмі шмат людзей, або для стварэння аптымальных умоў для раслін.

Максім прызнаецца, што гэта падарожжа будзе самае незвычайнае і самае вялікае. І нават тое, што прыйдзецца столькі дзён правесці ў дарозе, не напружвае. Гэта ж цікава. Дні падчас такіх мерапрыемстваў бягуць непрыкметна.

Нэлі ЗІГУЛЯ


Шанаваць малую радзіму, вывучаць гісторыю краіны

Канстанцін Шульжык жыве ў вёсцы Амелянец Камянецкага раёна. Сёлета ён скончыў 10 клас. Юнак вельмі сур'ёзна ставіцца да вучобы, сваімі профільнымі прадметамі лічыць матэматыку і фізіку, у будучыні плануе набыць тэхнічную спецыяльнасць і разам з тым з задавальненнем вывучае гуманітарныя дысцыпліны.

— Год таму нашу школу ў Амелянцы закрылі, вучні сталі ездзіць у Пагранічную, за 18 кіламетраў, — расказвае Косця. — У новай школе мне вельмі спадабалася, як працуюць настаўнікі, яны ўмеюць падказаць, накіраваць, раскрыць і развіць здольнасці. У нас цудоўны настаўнік гісторыі Вячаслаў Уладзіміравіч Ваўранюк. Яго ўрокі праходзяць на адным дыханні. У пачатку навучальнага года мне прапанавалі напісаць конкурсную творчую работу на тэму «Ведай сваю Канстытуцыю». І зусім нечакана для сябе я стаў пераможцам у конкурсе. Пісаў як разумеў. Акцэнт зрабіў на двух кірунках: інавацыі, без якіх немагчымы прагрэс у эканоміцы і грамадстве, і стаўленне да старэйшага пакалення. У нашай вёсцы пражывае каля 300 чалавек. З іх добрая траціна — людзі сталага ўзросту, многія даволі старыя. Гэтыя людзі ўсё жыццё прысвяцілі нялёгкай калгаснай працы. Лічу, што яны заслужылі большай увагі грамадства, чым маюць: і ў плане абслугоўвання, памеру пенсій, а таксама пашаны ад маладога пакалення. Лічу гэта заданнямі нам на будучыню. Наогул, я вельмі люблю сваю малую радзіму і яе людзей.

Дарэчы, як пераможца названага конкурсу Канстанцін Шульжык удзельнічаў у сустрэчы з Наталляй Качанавай 23 лютага, пабываў у Савеце Рэспублікі і Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Уражаннямі потым дзяліўся са школьнымі таварышамі.

І хоць Косця марыць паступіць у ВНУ тэхнічнага профілю, гісторыяй сваёй краіны цікавіцца даўно. Ён таксама актывіст валанцёрскага руху, член школьнай каманды «Што? Дзе? Калі?», якая летась заняла першае месца ў раёне. Калі даведаўся, што стаў удзельнікам патрыятычнай акцыі «Цягнік Памяці», вельмі ўзрадаваўся. Ад паездкі чакае новых цікавых знаёмстваў, сустрэч, уражанняў. Сказаў, што асабліва чакае экскурсійную праграму, цікава пабываць у памятных гістарычных месцах. Акрамя таго, спадзяецца пазнаёміцца з многімі равеснікамі, знайсці аднадумцаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Камянецкі раён


«Унутраны патрыёт у такія моманты гаворыць: «Гэта сапраўды крута!»

Вучань 11 класа Рэчыцкай сярэдняй школы № 7 Дзмітрый Каробачка — прызёр рэспубліканскага конкурсу «Патрыёт.by», пераможца раённага этапа конкурсу «Лідар года» і рэспубліканскага злёту «Лагер бяспекі». Дзмітрый — камандзір школьнай каманды юных ратавальнікаў-пажарных «Багор»: дапамагае раскрыць талент пачынаючых байцоў маладзёжнага руху бяспекі, натхняе на новыя рэкорды ў спаборніцтвах.

— У вучняў маёй школы да дзейнасці Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных вялікая цікавасць. У школьным аб'яднанні па інтарэсах сабралі каманду. Рыхтуемся і выступаем на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Сёлета сталі прызёрамі абласнога злёту-конкурсу: у баявым разгортванні паказалі лепшыя вынікі, паставілі рэкорды ў выкананні гэтага нарматыву спаборніцтва. Я даўно вызначыўся са сваёй будучай прафесіяй. Вучуся ў фізіка-матэматычным класе, але значную ўвагу ўдзяляю фізічнай падрыхтоўцы, трэніроўкам, бо мару стаць студэнтам Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі. Зацікаўленне праблемамі бяспекі яшчэ ў малодшых класах далі ўпэўненасць у сабе, магчымасць пераадолець боязь выступленняў, выхавала мяне як сённяшняга камандзіра каманды. Тады я ў вобразе «Флікера» ў гульнявой форме расказваў на мерапрыемствах аб правілах паводзін на дарозе. Выступіць у такім перфомансе бяспекі мяне сталі запрашаць па ўсім горадзе. Сёння я перакананы, што патрыёт краіны не толькі ведае і шануе гісторыю свайго народа, любіць малую радзіму, але і любіць сваіх землякоў, гатовы прыйсці ім на дапамогу ў самыя цяжкія хвіліны.

Як у юнака з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй цікаўлюся ў Дзмітрыя, які, на яго погляд, патрыятычны праект асабліва зацікавіць падлеткаў, маладых людзей?

— Вядома, сёння моладзі цікава ўсё, што звязана з камп'ютарнымі тэхналогіямі. Таму патрыятычны праект, лічу, павінен быць у выглядзе мабільнага дадатку. Праз гульнявыя элементы, магчыма, квэсты, ён будзе расказаць пра важныя гістарычныя вехі нашай краіны. Праз віртуальную рэальнасці цікава было б аднавіць, што ў тваім родным населеным пункце, раёне адбывалася ў час Вялікай Айчыннай вайны, ці іншы адметны гістарычны прамежак часу. Такі мабільны патрыятычны праект можна выкарыстоўваць і на занятках у школе. Асабліва важна, каб мабільны дадатак аб гісторыі для моладзі гарантаваў дакладныя правераныя факты і звесткі. Так, нас вучаць крытычнаму пошуку інфармацыі ў сеціве і рабоце з ёй. Але са свайго прыкладу магу сказаць, што амаль штодзень у сацыяльных сетках ствараюцца быццам групы па інтарэсах для падлеткаў, маладых людзей, якія падаюць інфармацыю аб гістарычных падзеях не толькі некарэктную, але і супярэчлівую, хлуслівую.

Такія праекты, як «Цягнік Памяці», упэўнены вучань з Рэчыцы, — захапляльны патрыятычны маладзёжны квэст, пазнавальны, эмацыянальна насычаны, які гарантуе жывыя зносіны і магчымасць знайсці сяброў, пабываць там, дзе нават не марыў.

— Да пандэміі я двойчы ў складзе беларускай дэлегацыі актывістаў БРСМ браў удзел у летнім лагеры для маладзёжных клубаў аб'яднанага цэнтра «Маналіт» у Курскай вобласці. Сёлета зноў атрымаў запрашэнне. Дакладна магу сказаць, што вопыт міжнароднага сяброўства неацэнны. Калі ў міжнародным лагеры мы прадстаўлялі нашу дэлегацыю, выклікалі фурор. Падрыхтавалі як інфармацыйныя, так і забаўляльныя мерапрыемствы толькі на беларускай мове. Дык вось, увесь час самым частым запытам удзельнікаў маладзёжных клубаў было паразмаўляць, навучыць іх нашай мове, расказваць аб гісторыі краіны па-беларуску. Унутраны патрыёт у такія моманты гаворыць: «Гэта сапраўды крута!».

Наталля КАПРЫЛЕНКА


«Хочацца больш даведацца аб значных падзеях у канкрэтных гарадах»

Мы сустрэліся з Кірылам Аблажэвічам, 10-класнікам СШ № 16 горада Гродна літаральна напярэдадні гэтага незвычайнага падарожжа. Пакуль ён яшчэ не вельмі дакладна ўяўляе сабе гэту паездку, але маральна да яе гатовы. Разлічвае сабраць як мага больш інфармацыі аб маршруце, каб пасля расказаць аб ім у класе, на пасяджэнні Маладзёжнага парламента і проста ў сямейным коле.

Кірыл у ліку 200 беларускіх і расійскіх вучняў прымае ўдзел у міжнародным праекце «Цягнік Памяці». Расказаў, што быў вельмі ўзрушаны, калі ў школе яму паведамілі аб гэтым. Прызнаўся: стала няёмка, што абралі менавіта яго. Было відаць, што хлопец не вельмі любіць расказваць аб сваіх дасягненнях. А іх аказалася не так і мала. Бо менавіта яго актыўная грамадская пазіцыя, ініцыятыўнасць і чыста чалавечая прыстойнасць далі падставу для ўдзелу ў праекце.

— Мяне цікавяць падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Наша школа носіць імя Героя Савецкага Саюза казаха Агадзіла Сухамбаева. Ён загінуў летам 1944 года пры вызваленні Гродна, паўтарыўшы подзвіг Аляксандра Матросава. У маёй сям'і таксама былі ўдзельнікі вайны, гэта мой стрыечны прадзед, які загінуў пры вызваленні Польшчы. Магчыма, у будучыні таксама стану ваенным. Зараз прымаю ўдзел у роце ганаровай варты. Мы нясём Вахту памяці каля Вечнага агню і брацкай магілы ў гарадскім парку. Нам выдаецца спецыяльная форма, і гэта вельмі хвалююча. За тыя хвіліны, што стаіш каля помніка, заўсёды ўяўляеш нейкія ваенныя падзеі: ці то з фільмаў, ці то з расповедаў ветэранаў. Думаю, што падчас паездкі змагу даведацца шмат новага аб тых, хто здабываў для нас будучыню, — запэўніў Кірыл.

Хлопец лічыць, што і ў сучасным жыцці таксама можна сябе праявіць дастойнымі ўчынкамі, нават у школьныя гады. Ён камандзір валанцёрскага атрада «Падорым дабро», дэпутат Маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў, актывіст БРСМ. За сваю грамадскую дзейнасць узнагароджаны дыпломамі, пераможца абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. А яшчэ Кірыл не баіцца ніякай працы. Умее і дровы секчы, і траву касіць. Ён надзейны памочнік дзядулі і бабулі, якія жывуць у Астравецкім раёне. Аказалася, што яны шматгадовыя падпісчыкі газеты «Звязда» і, вядома, будуць вельмі рады прачытаць пра ўнука ў сваім любімым выданні.

Дарэчы, паездка ўзрушыла не толькі Кірыла, але і ўсю сям'ю. Маці Марына Іванаўна нават паспела пазнаёміцца з насычанай праграмай. Яна лічыць, што падрыхтоўка і арганізацыя паездкі вядзецца на высокім узроўні. Графік вельмі шчыльны: экскурсіі, музеі, сустрэчы, канцэрты, магчымасць абмяняцца думкамі і знайсці новых сяброў. Яна пераканана: праект «Цягнік Памяці» дазволіць нагадаць знакавыя падзеі і даты мінулага, каб маладое пакаленне цаніла мір, свабоду сваёй краіны, ганарылася гераізмам народа. Яна ўпэўнена, што паездка будзе незабыўнай, пазнавальнай і прыемнай для ўсіх яе ўдзельнікаў.

Кірыл з жартам прыгадаў, што маці наказала яму дакументаваць свае ўражанні, усё тое, што адбываецца на шляху, і падмацоўваць фотаздымкамі. Ён упэўнены, што родныя будуць і самі сачыць праз сродкі масавай інфармацыі за маршрутам цягніка.

Маргарыта УШКЕВІЧ


«Імкнецца ва ўсім зразумець сутнасць»

Станіслаў Вонсік скончыў 10 клас у школе № 2 гарадскога пасёлка Бешанковічы, што на Віцебшчыне. Дарэчы, школа гэта носіць імя Героя Савецкага Саюза Міхаіла Мікалаевіча Ткачэнкі, легендарнага лётчыка родам з Бешанковічаў.

— Стас вучыцца ў нас толькі з першага верасня, а да гэтага — у Спецыялізаваным ліцэі МУС ў Мінску, — расказала пра свайго вучня класны кіраўнік 10 класа Ірына Голубева. — І для мяне было дзіўна, наколькі хутка ён пасябраваў з аднакласнікамі і ўліўся ў новы калектыў. Стас абраў профільны клас, дзе на павышаным узроўні вывучаецца біялогія і хімія. І адразу праявіў сябе — перамог у другім этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па хіміі. Увогуле, вельмі адказны як у плане вучобы, так і ў плане нейкіх школьных даручэнняў. Нават пасля хваробы прыходзіў падрыхтаваным да ўрокаў. Спакойны, вытрыманы, з павагай і тактам ставіцца да ўсіх аднакласнікаў і настаўнікаў. Дарэчы, Стас перамог у раённым і ўдзельнічаў у абласным этапе інтэлектуальнага шоу «Я ведаю!». Удзельнічаў у раённым турніры па гісторыі роднага краю «Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі маёй малой радзімы». Наведвае факультатывы, яго адразу вылучыў наш настаўнік па дапрызыўнай падрыхтоўцы юнакоў Аляксандр Сяргеевіч Падольскі. Нездарма Стас некалькі гадоў правучыўся ў ліцэі МУС.

Што да будучыні, Станіслаў пакуль у пошуку, кажа Ірына Васільеўна. «Калі мы здавалі рэпетыцыйнае тэсціраванне, ён абраў прадметаў больш за іншых, бо яшчэ не вырашыў, куды будзе паступаць, але спадзяецца за лета вызначыцца. У яго выбар: здаваць матэматыку з хіміяй, гэта значыць хіміка-тэхналагічны профіль, альбо матэматыку з фізікай», — дадала педагог і прызналася: вельмі ганарыцца тым, што яе вучань трапіў у праект «Цягнік Памяці».

У Стаса ёсць старшыя і малодшыя браты і сёстры, расказаў яго бацька Іван Уладзіміравіч. «Хлопец імкнецца ва ўсім зразумець сутнасць, — ахарактарызаваў ён сына. — Разважлівы. Думаю, яму пашанцавала з настаўнікамі. Школа ў Бешанковічах вельмі добра працуе з дзецьмі. Сын і сам імкнецца да развіцця, і педагогі гэта заўважаюць і падштурхоўваюць яго. Менавіта тут ён захапіўся гісторыяй. У ліцэі, дарэчы, таксама быў выдатнікам».

«Важна ведаць гісторыю не толькі малой радзімы, але і краіны ў цэлым, — працытавалі Станіслава «Віцебскія весткі». — Што датычыцца Бешанковіцкага раёна, калі зазірнуць углыб гісторыі, то можна знайсці важны факт: у ліпені 1812 года на працягу трох дзён пад Астроўнам ішлі бязлітасныя баі 1-й Рускай арміі Барклая-дэ-Толі, якая адступала, з французскай арміяй. Сваімі ведамі аб гістарычным мінулым Віцебшчыны абавязкова падзялюся з удзельнікамі праекта «Цягнік Памяці». Павінны быць моцныя сувязі паміж беларускай і расійскай моладдзю, бо славянскія народы аб'ядноўвае вялізнае трагічнае мінулае, у тым ліку самая кровапралітная ў гісторыі чалавецтва вайна — Вялікая Айчынная».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА


«Для мяне гэта вялікі гонар і давер»

Яна Сапоцкая закончыла 10 клас Слуцкай сярэдняй школы № 8. Як кажуць, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Дзяўчына выдатна вучыцца. Яна пераможца раённага конкурсу «Вучань года», творчых абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, удзельніца ўзорнага ансамбля танца «Папараць-кветка», наведвае факультатыўныя заняткі музычнага кірунку на базе сваёй школы, актыўна займаецца спортам. Дзяўчына віртуозна грае на фартэпіяна, танцуе, пяе, выконвае сольныя нумары. Нездарма яе кандыдатуру калектыў ансамбля прапанаваў для ўдзелу ў патрыятычным праекце «Цягнік памяці».

— Для мяне гэта вялікі гонар і давер з боку кіраўніка, харэографа нашага музычнага ансамбля Ірыны Віктараўны Лаўровай, сяброў, — кажа Яна. — Вядома, крыху хвалююся: як успрымуць мяне ў новым калектыве, як буду наладжваць кантакт з равеснікамі. Цікава будзе пазнаёміцца з беларускімі, расійскімі хлопцамі і дзяўчатамі, наведаць расійскія гарады, даведацца пра іх гісторыю. Праграма мерапрыемства вельмі разнастайная і насычаная: экскурсіі, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Мяркую, гэтае падарожжа значна пашырыць мой кругагляд, абагаціць новымі ведамі, знаёмствамі. Акрамя таго, дасць магчымасць больш даведацца аб трагічных старонках Вялікай Айчыннай вайны, подзвігу нашых продкаў. Мой прадзед Міхаіл Арсеньевіч Міхневіч удзельнічаў у ваенных падзеях, узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны І ступені, медалямі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў». У нашай сям' і захоўваюць яго фатаграфію, берагуць памяць аб родным чалавеку.

— А якія школьныя прадметы ты найбольш любіш? — пацікавілася ў Яны.

— Я больш схільная да засваення моў — беларускай, рускай, англійскай. Магчыма, буду паступаць у лінгвістычны ўніверсітэт.

Удалося мне датэлефанавацца і да маці Яны Сапоцкай.

— У нас з мужам дзве дачушкі. Мы вельмі ганарымся сваімі дзяўчынкамі: разумніцы, прыгажуні, актывісткі. Старэйшая вучыцца ва ўніверсітэце культуры, таленавітая, з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, узначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю ўстановы адукацыі. Малодшая, як бачыце, таксама не адстае, — расказала Святлана Іванаўна.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?