Вы тут

Качанава: Еўрапейскія краіны павінны быць удзячныя савецкаму народу за вызваленне ад фашызму


Беларуска-расійскі патрыятычны праект «Цягнік Памяці» з Брэста накіраваўся ў свой першы рэйс. Гэты ўнікальны беларуска-расійскі праект стартаваў 21 чэрвеня ў Брэсце. Пасажырамі цягніка сталі 200 беларускіх і расійскіх школьнікаў, па 100 чалавек ад кожнай краіны. Разам яны праедуць па 15 гарадах Беларусі і Расіі. Хлопцы і дзяўчаты наведаюць памятныя мясціны, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, сустрэнуцца з ветэранамі, прымуць удзел у тэматычных сустрэчах, убачаць многія славутасці, культурныя, гістарычныя аб'екты. А галоўнае, пазнаёмяцца, будуць шмат камунікаваць, абменьвацца думкамі і меркаваннямі.


«Цягнік Памяці» не мае аналагаў, раней нічога падобнага не праводзілася. А ідэя нарадзілася падчас адной з сустрэч кіраўнікоў верхніх палат парламентаў краін — Старшыні Савета Федэрацыі Расіі Валянціны Матвіенкі і Старшыні Савета Рэспублікі нашай краіны Наталлі Качанавай. У снежні мінулага года сенатары абмяркоўвалі розныя аспекты работы з маладым пакаленнем. Тады ж было дадзена даручэнне распрацаваць праект, які пасадзейнічае прыцягненню маладых людзей да вывучэння гісторыі. Хутка нарадзілася агульная канцэпцыя праекта, арганізатары вырашылі звязаць даты — 22 чэрвеня — дзень пачатку вайны — і 3 ліпеня — дзень вызвалення Мінска. Яны і сталі храналагічнымі рамкамі паездкі.

Расійскія ўдзельнікі акцыі прыбылі ў Брэст ў 13 гадзін 21 чэрвеня. На вакзале іх сустракалі беларускія ўдзельнікі праекта разам з аркестрам 38-й Брэсцкай асобнай дэсантна-штурмавой брыгады. На прывакзальную плошчу прывітаць юнакоў і дзяўчат таксама прыбылі кіраўнік Брэсцкага гарадскога Савета Мікалай Красоўскі, намеснік старшыні аблвыканкама Генадзь Барысюк, дэпутаты, сенатары.

Першыя словы наказу прагучалі з вуснаў намесніка старшыні Савета Федэрацыі РФ Канстанціна Касачова. Ён пажадаў школьнікам добрай дарогі, цікавых сустрэч і незабыўных уражанняў. Са шчырымі словамі пажаданняў да калегі далучыўся беларускі сенатар Віктар Лісковіч.

Крыху пазней Канстанцін Касачоў адзначыў, што арганізатары маюць намер развіваць праект. Налета да беларускіх і расійскіх школьнікаў запросяць далучыцца іх равеснікаў з краін удзельнікаў АДКБ, потым спіс будзе пашырацца. А на юбілейным «Цягніку» 2025 года ў шэрагах пасажыраў мяркуюць убачыць таксама маладых людзей з краін Усходняй і Заходняй Еўропы, словам, усіх, хто пажадае далучыцца да асветніцка-патрыятычнай акцыі.

...Першыя сустрэчы, першыя ўражанні заўсёды хвалюючыя. Імі падзяліліся з карэспандэнтам расійскія школьніцы. Кацярына Ісаенка прыехала з Краснаярска.

— З першых хвілін мяне ўразіла цёплая сустрэча, добразычлівасць людзей на беларускай зямлі, — сказала Каця. — Спадзяюся, што тут мы знойдзем сяброў на ўсё жыццё. Соня Шаўчук з Наўгародскай вобласці, як і яе таварышка па паездцы, раней ніколі не была ў Беларусі:

— І хоць надвор'е падрыхтавала нам маленькія выпрабаванні, атмасфера тут дружалюбная, цёплая, усё падабаецца. Лічу вялікім гонарам для кожнага з нас удзел у гэтым праекце. Вельмі добра, што наш маршрут пачынаецца ў Брэсце, я даўно марыла пабываць у Брэсцкай крэпасці, пра якую нам расказвалі на ўроках гісторыі, а тут ёсць магчымасць убачыць на свае вочы. Наогул, люблю бываць у музеях, адкрываць нешта новае. Спадзяюся, што і беларускім сябрам спадабаюцца экскурсіі ў расійскіх гарадах.

Афіцыйная частка сустрэчы «Цягніка Памяці» прайшла ў Брэсцкім тэатры лялек. Удзельнікаў прывітала Наталля Качанава:

— Вельмі знакава, што мы сустракаемся з вамі на гераічнай брэсцкай зямлі, — сказала Наталля Іванаўна, — адсюль пачынаецца шлях праекта. Калі мы гаворым пра вайну, успамінаем Брэст, таму што адсюль 81 год назад пачала сваё шэсце на нашай краіне тая страшная вайна. Месцам трагедыі і гераізму стала Брэсцкая крэпасць. Менавіта сюды ідуць людзі кожны год у чатыры гадзіны раніцы, каб аддаць даніну павагі і смутку. Спадзяюся, што праект дапаможа захаваць памяць у вашых сэрцах, і вы будзеце з часам перадаваць памяць далей, новым пакаленням, каб захоўваць мір, бо нічога чалавеку не патрэбна, калі няма міру і спакою. Мы задумалі гэты праект для таго, каб вы самі ўсё ўбачылі і адчулі, каб пачулі праўду аб вайне з першых вуснаў. У вас будзе такая магчымасць.

Тыя краіны, якія вызваліў савецкі народ ад карычневай чумы, павінны быць удзячныя савецкаму народу. Тады гэта была трагедыя для ўсіх, а сёння — бяспамяцтва: зносяць помнікі, выракаюць на забыццё памяць людзей, якія цаной свайго жыцця абаранілі мір і свабоду. Гэта бесчалавечна, такога быць не павінна. Мы вельмі спадзяемся, што праўда пераможа і ўсё ў свеце зразумеюць, што самае галоўнае — мір і спакой. У чалавека жыццё адно, нельга яму бяздумна распараджацца», — падкрэсліла Наталля Качанава.

Мадэратарам сустрэчы ў тэатры выступіў кіраўнік Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў. Ён заклікаў удзельнікаў праекта расчахляць свае гаджэты падчас паездкі, здымаць і расказваць равеснікам пра знакавыя месцы, напрыклад, абарону крэпасці ў Брэсце, пра бітву пад Ржэвам, блакаду Ленінграда, калі будуць у названых гарадах.

Урачыстая цырымонія старту беларуска-расійскага праекта адбылася ў Брэсцкай крэпасці. На плошчы Цырыманіялаў да ўдзельнікаў акцыі далучыліся юнармейцы Паста Памяці. Дзеці абмяняліся сімваламі акцыі, разам усклалі кветкі да Вечнага агню.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.