Вы тут

Карысныя ўласцівасці рапсавага алею, аб якіх вы не ведалі


Апошнім часам аб рапсавым алеі даводзіцца чуць усё часцей. Дыетолагі і фуд-блогеры актыўна спрачаюцца пра яго карысць ці шкоду. Але большасць дыетолагаў сыходзіцца на думцы, што рапсавы алей — гэта суперфуд нашых шырот: каштоўная крыніца поліненасычаных тлустых кіслот, а значыць, залог здароўя сасудаў і маладосці скуры.


Зрэшты, пакуль што рапсавы алей з прычыны шматгадовай звычкі нашага кансерватыўнага спажыўца не складае сур'ёзнай канкурэнцыі сланечнікаваму і аліўкаваму. Хутчэй ён лічыцца экзотыкай для аматараў ЗСЖ — у адным шэрагу з ім звычайна пералічваюць алей гарчычны, соевы, ільняны і г. д. 

Сапраўды, у еўрапейскіх краінах, высокаразвітых краінах Азіі і ў ЗША рапсавы алей лічыцца суперфудам — прадуктам, які валодае адмысловымі карыснымі ўласцівасцямі. А ў Беларусі з прычыны кліматычных умоў з усіх алейных культур лепш за ўсё расце менавіта рапс. 

Ужываць рапсавы алей ці не? І што ў ім добрага?

Прадукт атрымліваюць з насення расліны сямейства капусных з ярка-жоўтымі кветкамі.

Фота pixabay.com

На сёння разам са сланечнікавым рапсавы алей з'яўляецца адным з найбольш спажываных у свеце раслінных алеяў. Ён характарызуецца збалансаваным спалучэннем насычаных, поліненасычаных і монаненасычаных тлустых кіслот, змяшчае вялікую колькасць вітаміну Е. Каштоўна тое, што гэты прадукт з'яўляецца крыніцай незаменных тлустых кіслот сямейства амега-6 (лінолевая кіслата) і амега-3 (ліналенавая кіслата), якія спрыяюць умацаванню сценак сасудаў і зніжэнню ўзроўню халестэрыну ў крыві. Характэрна, што ён змяшчае ў дзесяць разоў больш амега-3, чым аліўкавы.

Фота БелТА

Дарэчы, рапсавы алей у Еўропе і ЗША называюць «паўночным аліўкавым» або «рускім аліўкавым», паколькі па ўтрыманні алеінавай кіслаты ён не саступае аліўкаваму, адзначыла спецыяліст. Багатае ўтрыманне амега-3-6-9 поліненасычаных тлустых кіслот у лепшы бок адрознівае яго ад сланечнікавага, у якім іх значна менш ці ўвогуле няма. Тлустыя амега-кіслоты зніжаюць у крыві ўзровень шкоднага халестэрыну, нармалізуюць стан крывяноснай сістэмы, умацоўваюць сценкі сасудаў. Памяншэнне ўтрымання халестэрыну ў крыві спрыяе прадухіленню сардэчна-сасудзістых захворванняў.

Ёсць у рапсавага алею і яшчэ адзін плюс: ён істотна паскарае метабалізм, спрыяючы зніжэнню вагі. Гэта ўласцівасць усіх прадуктаў з высокім утрыманнем амега-тлушчаў — яны эфектыўна ліквідуюць вастрыню пачуцця голаду. Бонус — паляпшэнне памяці і кагнітыўных функцый (што асабліва каштоўна для ўдарнікаў разумовай працы і людзей пасля 55—60 гадоў), рост прадукцыйнасці работы мозга і моцныя косці.

Пратаколы даследаванняў рапсавага алею паказваюць, што суадносіны амега-3 і амега-6 у ім аптымальныя для засваення арганізмам. Ідэальным дыетолагі лічаць баланс гэтых рэчываў у прапорцыі 1:4 і ніжэй. У рапсавым алеі гэта суадносіны 1:2. Для параўнання: у сланечнікавым — 0,1:199. Таму вытворцы брэндавых харчовых прадуктаў (у тым ліку для дзіцячага харчавання) у Еўропе сёння паўсюдна выкарыстоўваюць харчовы алей з рапсу, што не падвяргаўся геннай мадыфікацыі.

Што яшчэ дадаць да пераліку плюсоў? Вітаміны ў складзе: А аднаўляе зрок, В умацоўвае нервовую сістэму, F удзельнічае ў тлушчавым абмене, Е падтрымлівае імунітэт і не дае старэць.

— Рапсавы алей — крыніца такаферолаў (вітаміну Е), якія валодаюць антыаксідантнымі ўласцівасцямі і перашкаджаюць акісленню ліпідаў.

Гэта значыць, прадукт спрыяе захаванню маладосці скуры, сіле і росту валасоў. І, нарэшце, нельга пакінуць па-за ўвагай нізкі кошт прадукту ў параўнанні з аліўкавым.

А як наконт крытыкі?

Адкуль ногі растуць у негатыўнага стаўлення да рапсавага алею? У гэтай культуры няпросты шлях да нашага стала. Многія стагоддзі рапс проста выполвалі як пустазелле. Радзімай рапсу лічацца краіны Міжземнамор'я. З часам культура была завезена ў Англію. У Расійскую імперыю трапіла ў XІX стагоддзі, у СССР да 1960-х вырошчвалася як тэхнічная. Справа ў тым, што пры адцісканні алею са старых сартоў рапсу ў прадукце высокім было ўтрыманне шкоднай для чалавека эрукавай кіслаты. Таму рапсавы алей ужывалі для вытворчасці мыла і выкарыстоўвалі ў тэкстыльнай галіне. Але ў 1961 годзе ў Канадзе быў выведзены сорт рапсу «Канола», дзе гэты кампанент мінімальны. Сучасныя высокаўраджайныя сарты, якія вырошчваюцца па ўсім свеце, даюць магчымасць атрымліваць рапсавы алей, дзе ўтрыманне эрукавай кіслаты меншае за 0,2 %. Дадайце сюды сучасныя тэхналогіі атрымання алею і сістэму кантролю якасці: утрыманне эрукавай кіслаты ў рапсавым алеі, які паступае ў харчовую прамысловасць і гандлёвую сетку, не павінна перавышаць 0,5 %. Так што небяспекі няма, ды прадузятасць засталася. Зрэшты, паступова яна сыходзіць у мінулае, і новы для многіх прадукт знаходзіць належнае месца ў рацыёне.

Рапсавы алей рэкамендуецца ўжываць у кулінарыі для запраўкі салатаў і выкарыстоўваць для гатавання страў. Ён не мае яркага паху і смаку, затое можа максімальна падкрэсліць смак прадуктаў. Лепш за ўсё выкарыстоўваць яго для запраўкі агароднінных салатаў, а таксама для марынадаў, соусаў і хатніх маянэзаў, мясных, рыбных і крупяных страў.

Дарэчы, менавіта рапсавы алей ідэальны для гатавання страў у фрыцюры: кавалачкі атрымліваюцца залацістымі і апетытнымі, а сам алей не дыміць. Іншая справа, што гэты спосаб кулінарнай апрацоўкі наўрад ці можна назваць здаровым і карысным.

Звернемся да практыкі

На што звярнуць увагу, выбіраючы рапсавы алей? У першую чаргу, як ні банальна гэта гучыць, не палянуйцеся прачытаць інфармацыю на этыкетцы. Перш за ўсё вас павінна зацікавіць утрыманне эрукавай кіслаты — у ідэале 0,3 % і не вышэй. Колер прадукту павінен быць светла-жоўты, а ў бутэльцы не павінна быць асадку. Захоўваюць рапсавы алей у шкле, а прадаюць часцей у пластыкавых бутэльках. Значыць, дома пераліце алей з бутэлькі ў слоік і шчыльна закрыйце. Захоўваць прадукт рэкамендуецца ў цёмным, сухім, халаднаватым месцы і берагчы ад прамых сонечных прамянёў: ад сонца алей цямнее і страчвае водар, а таксама вітамін Е, з-за якога прадукт лічыцца асабліва каштоўным.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Што пакажа «Славянскі базар у Віцебску»? Добры настрой і незабыўныя ўспаміны гарантаваны

Што пакажа «Славянскі базар у Віцебску»? Добры настрой і незабыўныя ўспаміны гарантаваны

Канцэртныя праграмы, тэатральныя пастаноўкі, майстар-класы, кірмаш і многае іншае.

Грамадства

З серады дажджы, а з чацвярга спякота «адпусціць»

З серады дажджы, а з чацвярга спякота «адпусціць»

Начныя тэмпературы стануць яшчэ ніжэй у пятніцу.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.