У работах па рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Хатынь» плануюць задзейнічаць каля 200 студэнтаў. Аб гэтым расказала камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ Надзея Шахоўская.
«Ахвотных трапіць на Усебеларускую маладзёжную будоўлю ў «Хатыні» было шмат, аднак набор у нас абмежаваны. Работы на аб'екце будуць арганізаваны паэтапна, у тым ліку будуць і валанцёрскія заезды ў выхадныя. Першым прыступіў да работы студатрад БНТУ, паколькі гэты ўніверсітэт — флагман студатрадаўскага руху. Далей у рэканструкцыі прымуць удзел хлопцы і дзяўчаты з Лагойскага раёна, якія шмат разоў бывалі ў гэтым мемарыяльным комплексе. А пасля да работ прыступяць студэнты з Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. Далей па меры з'яўлення аб'ёмаў работ будуць падключацца і астатнія ахвотныя», — распавяла Надзея Шахоўская. Паводле яе слоў, хоць у работах плануюць задзейнічаць каля 200 студэнтаў, з улікам таго, што ў мемарыяльны комплекс хлопцы і дзяўчаты будуць прыязджаць амаль кожныя выхадныя, чалавека-гадзін і чалавека-дзён, на думку Надзеі Шахоўскай, будзе не менш за тысячу.
«Мы рэканструіравалі «Хатынь» 20 гадоў таму, і тады БРСМ атрымаў падзяку ад кіраўніка дзяржавы. Цяпер прыйшло наступнае пакаленне, якое таксама будзе выконваць такія работы. Гэта вельмі важна і сімвалічна, паколькі моладзь стане правадніком тых каштоўнасцяў і той памяці, якую захоўвае гэтае месца», — сказала камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў.
Студэнцкі будаўнічы атрад «Мінск-955» імя Героя Савецкага Саюза Івана Ільіча Кустава пачаў 14 чэрвеня работы на аб'ектах капітальнага рамонту і рэканструкцыі Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь», якому Указам № 176 Прэзідэнта Беларусі ад 13 мая 2022 года прысвоены статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. Першы студэнцкі будаўнічы атрад для работы на знакавым гістарычным аб'екце — рэканструкцыі мемарыяла «Могілкі вёсак» у мемарыяльным комплексе «Хатынь» — сфарміраваны на базе штаба працоўных спраў БРСМ Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта ў складзе дзесяць чалавек.
Прыняць удзел ва Усебеларускай маладзёжнай будоўлі могуць юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 14 да 31 года, у тым ліку ў складзе студэнцкіх атрадаў. Гэта дазволіць аб'яднаць іх грамадзянска-патрыятычнай ідэяй, будзе садзейнічаць павышэнню сацыяльнай актыўнасці моладзі, а таксама папулярызацыі і развіццю студатрадаўскага руху.
Паміж ЦК БРСМ і Дзяржаўным мемарыяльным комплексам «Хатынь» заключаны мемарандум аб супрацоўніцтве. Яго мэта — узаемадзеянне бакоў па папулярызацыі грамадзянскіх каштоўнасцяў, патрыятычным і духоўна-маральным выхаванні моладзі праз гістарычную памяць, арганізацыю вольнага часу моладзі, уцягванне юнакоў і дзяўчат у сацыяльныя валанцёрскія праекты.
Запіс у студэнцкія атрады яшчэ ідзе. Зусім хутка будуць стартаваць адзін за адным рэспубліканскія працоўныя праекты. Сярод іх, акрамя «Хатыні», — маладзёжная будоўля «БелАЭС». Таксама ў юнакоў і дзяўчат будзе магчымасць папрацаваць на такіх буйных прадпрыемствах, як «МАЗ» і «Атлант». Акрамя гэтага, плануюцца выезды ў Расійскую Федэрацыю на міжнародныя і ўсерасійскія студэнцкія будоўлі.
Каб трапіць у студатрады, хлопцам і дзяўчатам трэба здаць сесію, азнаёміцца з асновамі працоўнага заканадаўства, а самае галоўнае — мець жаданне працаваць. Акрамя таго, пажадана валодаць добрым здароўем, паколькі праца патрабуе немалых фізічных намаганняў.
Сяргей РАСОЛЬКА
Фота: БелТА
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.