Вы тут

Кнігу аб партызанскім руху ў гады ВАВ прэзентавалі ў Брэсцкай крэпасці


Пераклічкай агульнай памяці назваў адзін з удзельнікаў мерапрыемства круглы стол па праблемах захавання гістарычнай памяці. Пасяджэнне адбывалася ў дзвюх дзяржавах адначасова. На сувязі з канферэнц-залай Брэсцкай крэпасці быў Цэнтральны музей Вялікай Айчыннай вайны ў Маскве. І калі ў 12 гадзін у Беларусі была аб'яўлена хвіліна маўчання, акцыю падтрымалі маскоўскія ўдзельнікі


У Музеі абароны Брэсцкай крэпасці праходзіць круглы стол, прысвечаны 81-й гадавіне з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У ім прымаюць удзел беларускія і расійскія дзяржаўныя дзеячы, журналісты, гісторыкі, супрацоўнікі музеяў і архіваў. Некаторыя спікеры падключыліся да мерапрыемства ў анлайн-рэжыме. Удзельнікі круглага стала апоўдні хвілінай маўчання ўшанавалі памяць ахвяр вайны.

Сустрэчу адкрыў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў. Ён падкрэсліў, што ў сучасных умовах абарона гістарычнай памяці і гістарычнай праўды становіцца ўсё больш актуальнай. Тры гады таму нарадзілася традыцыя ў сценах Брэсцкай крэпасці прадстаўляць кнігі, прысвечаныя экспазіцыям ваенна-гістарычных музеяў. Сёлета прадстаўлена кніга «1941—1944. Беларусь — Расія. Партызанскі рух у гады Вялікай Айчыннай вайны», якая стала чарговым праектам Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

Дзмітрый Мезенцаў адзначыў, што першыя экзэмпляры выдання ўжо перададзены на рабочыя сталы прэзідэнтам краін Аляксандру Лукашэнку і Уладзіміру Пуціну. Дзяржсакратар выказаў спадзяванне, што кніга не проста ляжа на паліцы бібліятэк, але стане нагодай для абмеркавання перш за ўсё ў школах, ВНУ, любых маладзёжных калектывах.

Губернатары Брэсцкай і Бранскай абласцей — Юрый Шулейка і Аляксандр Багамаз — расказалі, як падтрымліваецца памяць аб вайне ў іх рэгіёнах.

— Брэстчына — край помнікаў і абеліскаў. На жаль, — сказаў Юрый Шулейка. — У нас у кожным горадзе, кожнай, нават самай малой, вёсцы ёсць помнікі ахвярам вайны. І цяпер многія з гэтых помнікаў мы аднаўляем.

Яго калега Аляксандр Багамаз паведаміў, што на Браншчыне ў гады вайны дзейнічала 139 партызанскіх атрадаў, а 12 партызан Браншчыны былі ўдастоены звання Герояў Савецкага Саюза. Згадалі і легендарнага бранскага партызана Міхаіла Рамашына, які вызначыўся ўдалай аперацыяй, што на месяц затармазіла рух варожых войскаў. Вось такім людзям і прысвечана новае выданне.

На круглым стале як у Брэсце, так і ў Маскве прысутнічала нямала маладых людзей, былі і школьнікі. Менавіта ім адрасаваны падобныя выданні, да іх душ і сэрцаў імкнуцца дастукацца аўтары. Дзмітрый Мезенцаў на правах вядучага пасяджэння задаваў пытанні юным удзельнікам, прыцягваў іх да гутаркі, цікавіўся меркаваннямі пра іх асабістае адчуванне гэтай тэмы — тэмы вайны і захавання памяці пра яе. Прагучала прапанова ў наступныя гады даручыць арганізацыю і правядзенне такога мерапрыемства маладым людзям. На неабходнасць работы з моладдзю, на пошук новых фарматаў работы акцэнт зрабіў намеснік старшыні Савета Федэрацыі Расіі Канстанцін Касачоў.

Тэму працягнуў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў. Паводле яго меркавання, тая сітуацыя, якую мы маем на інфармацыйнай прасторы, у нейкай меры стала вынікам заспакаення ў мінулыя гады. Маўляў, мы ўсё ведаем пра вайну, усё сказана, усё напісана, і праўда пра вайну — непахісная. Аказалася, што не так, што апаненты тым часам не драмалі. І светапогляд пакалення 1990-х гадоў нараджэння склаўся пад уплывам асобных інтэрнэт-рэсурсаў і пэўнага інфармацыйнага вакууму, калі пра некаторыя аспекты вайны гаварыць было быццам бы няёмка. Але надзею ўсяляе той факт, што цяперашняе маладое пакаленне разважае і думае па-іншаму. Значыць, ёсць сэнс у кнігах, пераглядзе вучэбных праграм, мастацкіх творах, якімі цяпер мы актыўна запаўняем прабелы. «Кніга з'яўляецца дастойным класічным правадніком той гістарычнай праўды, якую мы адстойваем і якая патрэбна маладому пакаленню», — сказаў міністр.

Менавіта кнігі, падобныя той, якую прэзентавалі ў Брэсцкай крэпасці, спрыяюць выпрацоўцы індывідуальнай гістарычнай свядомасці як асновы маральных прынцыпаў. Гэтая думка прагучала ў выступленні дырэктара — галоўнага рэдактара Выдавецкага дома «Звязда» Аляксандра Карлюкевіча.

Агульная работа на карысць гістарычнай памяці працягваецца. Значыць, будуць новыя праекты, новыя выданні.

Святалана ЯСКЕВІЧ

Фота Віктара ДРАЧОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».