Вы тут

У сістэме адукацыі няма тупіковых траекторый для моладзі


15 чэрвеня ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі стартавала прыёмная кампанія. Яна будзе доўжыцца да 20 жніўня. Таму падаць дакументы ў прыёмную камісію, каб атрымаць рабочую спецыяльнасць, будзе не позна і пасля завяршэння прыёмнай кампаніі ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах.

У Міністэрстве адукацыі сцвярджаюць, што ў прафтэхустановы ідуць атрымліваць адукацыю самыя розныя катэгорыі выпускнікоў школ, у тым ліку і дастаткова паспяховыя, якія мелі ў школе добрыя адзнакі, часам нават медалісты.


У звязцы з заказчыкамі кадраў

— Моладзь пачынае разумець, што прафесійная адукацыя — гэта прэстыжна, цікава і перспектыўна. Штогод больш за трэць выпускнікоў школ працягваюць свой шлях ва ўстановах прафесійнай адукацыі. Іх выбар — гарантыя першага працоўнага месца, шырокія магчымасці для прафесійнага самаўдасканалення і асобаснага развіцця, для пабудовы паспяховай прафесійнай кар'еры, — падкрэслівае першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава.

У бягучым годзе прыём будуць весці 122 установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі па больш чым 250 прафесіях. Акрамя таго, адукацыйныя праграмы па падрыхтоўцы рабочых рэалізуюць 43 установы адукацыі іншых узроўняў (каледжы, філіялы ВНУ). Сетка прафесійна-тэхнічных устаноў раўнамерна размеркаваная па ўсёй краіне. Яны ёсць у любой вобласці ў крокавай даступнасці і дазваляюць асвоіць актуальныя для канкрэтнага рэгіёна спецыяльнасці.

Сёлета на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі плануюць прыняць больш як 26 тысяч чалавек. У структуры прыёму будуць захаваны тэндэнцыі мінулых гадоў: спецыяльнасці рэальнага сектара эканомікі складуць каля 74 працэнтаў. Усе ўстановы прафтэхадукацыі працуюць у вельмі шчыльнай звязцы з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў і аператыўна рэагуюць на патрэбы рынку працы. Таму прыём па адных спецыяльнасцях прыпыняецца, а па іншых, наадварот, адкрываецца. Напрыклад, сёлета распачнецца падрыхтоўка па 141 новай для асобных навучальных устаноў прафесіі і прыпыніцца падрыхтоўка па 132 прафесіях і спецыяльнасцях. Але гэта не азначае, што прыёму па гэтых спецыяльнасцях не будзе ў іншым рэгіёне.

Напрыклад, Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Кедышкі адкрывае на базе дзевяці класаў набор на новую спецыяльнасць — «Тэхналогія апрацоўкі металаў ціскам». Залічэнне будзе праводзіцца на падставе конкурсу сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. За тры гады навучэнцы атрымаюць адразу тры кваліфікацыі: «Каваль ручнога кавання» (трэцяга разраду), «Каваль-штампоўшчык» (трэцяга разраду) і «Электрагазазваршчык» (трэцяга разраду). У цяперашні час усяго тры ўстановы адукацыі ў краіне рыхтуюць кавалёў. А з гэтага года да іх далучыцца яшчэ і каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Кедышкі.

У Гродзенскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы камунальнай гаспадаркі сёлета ўпершыню будзе весціся падрыхтоўка навучэнцаў па кваліфікацыі «Слесар па зборцы металаканструкцый», у Лідскім дзяржаўным прафесійным політэхнічным ліцэі — па кваліфікацыях «Аператар станкоў з праграмным кіраваннем», «Станочнік шырокага профілю». У Гродзенскім электратэхнічным каледжы адкрываецца набор на новую спецыяльнасць «Сацыяльная работа» з прысваеннем рабочай кваліфікацыі «Сацыяльны работнік». Навагрудскі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй пачынае падрыхтоўку па прафесіі машыніст крана аўтамабільнага ў інтэграцыі са спецыяльнасцю «Электрагазазваршчык».

Сацыяльны пакет — моцны аргумент

У Мінскай вобласці ў бягучым годзе плануецца прыняць на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі 3054 навучэнцы.

«Апошнія гады ўсе выпускнікі нашых устаноў прафесійнай адукацыі былі забяспечаны першым працоўным месцам, — падкрэслівае начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Мікалай Башко. — Гэта вельмі важна, таму што гарантаванае працаўладкаванне — пэўная падушка бяспекі для маладога чалавека. Мінская вобласць у інвестыцыйным плане вельмі прывабная, а рабочыя прафесіі для яе надзвычай важныя. Штогод мы аналізуем вынікі ўступнай кампаніі, вывучаем патрэбы рынку працы, мяняем падыходы па адкрыцці новых спецыяльнасцяў. Разумеем, што параўноўваць колькасць хлопцаў, якія паступілі на спецыяльнасць «Трактарыст», сёння і 20 гадоў таму, няправільна. Хоць бы таму, што тэхніка і ўмовы працы змяніліся, і такой колькасці трактарыстаў, як раней, ужо не патрабуецца.

Дырэктар Мінскага дзяржаўнага абласнога каледжа Вадзім Дордаль упэўнены, што за рабочымі прафесіямі — будучыня, яны будуць заўсёды, без іх — ніяк.

«Летась у выніку прафарыентацыі на 190 месцаў у нас было пададзена больш за 400 заяў. Конкурс у каледж быў даволі высокі. Мы бачым, як развіваюцца тэхналогіі і тэхналагічнае абсталяванне. Сёння рабочы чалавек — гэта зусім не той рабочы, што быў 10–20 гадоў таму. Ад яго патрабуюцца зусім іншыя веды. Напрыклад, адна з рабочых прафесій — аператар лініі ў вытворчасці харчовай прадукцыі. Калі раней на лініі стаяла па 40—50 чалавек, то цяпер яе абслугоўваюць 4-5. Тут ужо патрабуюцца камп'ютарныя, тэхнічныя, тэхналагічныя веды зусім іншага ўзроўню», — кажа дырэктар.

Вадзім Дордаль лічыць, што навучэнцам і іх бацькам трэба тлумачыць, што рабочая прафесія дае шмат пераваг. Нават калі ты потым па скарочанай праграме паступіш у вышэйшую навучальную ўстанову і зоймеш кіруючую пасаду, то будзеш ведаць сітуацыю знутры. «Да нас паступаюць дзеці з высокімі баламі. Яны не саромеюцца рабочай прафесіі. У гэтым годзе я выпускаю групу ў 29 чалавек, 20 з якіх заканчваюць каледж з чырвонымі дыпломамі. Пры гэтым 16 з іх паступалі да нас медалістамі. Мы ганарымся, што дзеці ідуць у прафесію свядома. Немалаважны момант у замацаванні на першым працоўным месцы мае і сацыяльны пакет, які пасля заканчэння навучальнай установы прапануюць прадпрыемствы нашым выпускнікам. Па-першае, гэта частковая аплата здымнай кватэры або выдзяленне жылля, большасць прадпрыемстваў менавіта так і робяць. Па-другое, заработная плата, потым умовы працы плюс добразычлівая атмасфера ў працоўным калектыве... Калі маладому чалавеку камфортна, ён адпрацуе на прадпрыемстве па размеркаванні і застанецца працаваць там далей», — кажа Вадзім Дордаль.

Спецыялісты ў «сухім будаўніцтве»

Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 12 з'яўляецца базавай пляцоўкай па падрыхтоўцы нацыянальнай каманды да WorldSkіlls па кампетэнцыі «Абліцоўка пліткай». Для гэтага тут ёсць матэрыяльна-тэхнічная база, абсталяваныя плошчы, патрэбныя матэрыялы і, галоўнае, кадры. Намеснік дырэктара ліцэя па вытворчым навучанні Ігар Удавенка з'яўляецца міжнародным экспертам па гэтай кампетэнцыі, не адзін год рыхтуе ўдзельнікаў і пераможцаў конкурсаў прафесійнага майстэрства. З 2013 года ў ліцэі функцыянуе рэсурсны цэнтр па кваліфікацыі «Аздабленчыя будаўнічыя работы».

— Тры гады таму мы разам з кампаніяй Knauf адкрылі новую спецыяльнасць «Мантажнік каркасна-абшывачных канструкцый сухога будаўніцтва». І калі першы год у нас былі праблемы з наборам навучэнцаў, бо не ўсе разабраліся, наколькі перспектыўная гэта спецыяльнасць, то цяпер вельмі добра працуе сарафаннае радыё і праблем з камплектаваннем няма, — расказвае Ігар Удавенка. — За апошнія гады ў будаўніцтве няўхільна павялічваюцца аб'ёмы прымянення «сухіх» будаўнічых матэрыялаў, якія дазваляюць вырашаць на прафесійным узроўні самыя разнастайныя задачы: гэта планіроўка і арганізацыя ўнутранай прасторы будынкаў, дызайн, акустыка, гука- і цеплаізаляцыя памяшканняў, аздабленне і ўцяпленне фасадаў, даху і інш. Мантажнік каркасна-абшываных канструкцый сухога будаўніцтва — спецыяліст з адпаведнай падрыхтоўкай і кваліфікацыяй у галіне «сухога» спосабу будаўніцтва. Дарэчы, на апошнім Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства «WorldSkіlls Belarus 2020» навучэнец ліцэя Яўген Бакавец заняў першае месца па кампетэнцыі «Сухое будаўніцтва і тынкавальныя работы». Таксама мы — адзіная прафесійна-тэхнічная ўстанова адукацыі ў Мінску, дзе рыхтуюць спецыялістаў па ўкладцы паркету. На базе ліцэя адкрыты першы і адзіны ў Беларусі цэнтр навучання па кваліфікацыі «Укладчык падлогавых пакрыццяў».

Увогуле, у ліцэя склалася вельмі плённае сацыяльнае партнёрства з айчыннымі і замежнымі кампаніямі, вытворцамі будаўнічых матэрыялаў. Яны выдзяляюць сродкі на набыццё матэрыялаў, з якімі працуюць нашы навучэнцы ў майстэрнях. Прымаючы ўдзел у арганізацыі адукацыйнага працэсу, вытворцы вучаць працаваць з новымі тэхналогіямі і прасоўваюць сваю прадукцыю на беларускім рынку, а ўстанова адукацыі ўдасканальвае матэрыяльна-тэхнічную базу і рыхтуе спецыялістаў, якія маюць навыкі работы з інавацыйнымі матэрыяламі.

За апошнія тры гады агульная колькасць заявак на падрыхтоўку спецыялістаў, згодна з заключанымі дагаворамі аб узаемадзеянні ліцэя з арганізацыямі-заказчыкамі, узрасла больш як удвая. Штогод ад базавых арганізацый у адрас установы адукацыі прыходзяць падзячныя лісты па выніках праходжання навучэнцамі вытворчай практыкі. Многія з навучэнцаў працягваюць свой працоўны шлях на прадпрыемствах, дзе яны праходзілі вытворчае навучанне. Ігар Удавенка заўважае, што рукамі сёння можна зарабіць нават больш, чым галавой, прафесіяналы — нарасхват.

Хто ён, сучасны рабочы?

— Рабочыя спецыяльнасці заўсёды будуць запатрабаваныя ва ўсіх сферах. Нават пры навучанні ў ВНУ сучасны студэнт тэхнічнага профілю імкнецца атрымаць паралельна яшчэ і рабочую спецыяльнасць. Бо, каб стаць добрым інжынерам, трэба валодаць навыкамі эксплуатацыі абсталявання, разумець спецыфіку і структуру прамысловых працэсаў, — падкрэслівае Ірына Старавойтава. — Спецыялісты, якія спачатку навучаліся ў прафесійна-тэхнічнай установе, затым — у сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай, сёння самыя запатрабаваныя і паспяховыя. Менавіта ім работадаўцы аддаюць перавагу пры правядзенні конкурсу на пасаду, ім давяраюць найбольш складаную, адказную працу, з імі раяцца. І ўсё таму, што яны добра ведаюць увесь працэс вытворчасці не толькі тэарэтычна, але і практычна. 

— Сучасныя тэндэнцыі сведчаць, што праца будзе станавіцца ўсё больш высокатэхналагічнай, — кажа рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі. — Адукацыйнае асяроддзе ў нашых навучальных установах дазваляе навучэнцам асвоіць кампетэнцыі, запатрабаваныя не толькі сёння, але і найбольш перспектыўныя, аб якіх перадавыя прадпрыемствы толькі задумваюцца. Яны, дарэчы, хутка падхопліваюць такіх выпускнікоў. Сучасны рабочы — гэта эрудзіраваны, высокакваліфікаваны спецыяліст, які, акрамя прафесійных ведаў, павінен валодаць спецыфічнымі навыкамі ў сумежных галінах, у тым ліку разбірацца ў інфармацыйных тэхналогіях, робататэхніцы і г. д. Мяжа паміж рабочым і інжынерам усё больш размываецца.

Сёння ў сістэме адукацыі няма тупіковых траекторый для моладзі. Калі сям'я стаіць перад выбарам, ці варта ісці дзіцяці пасля дзевяці класаў у сістэму прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то хачу запэўніць, што пасля завяршэння навучання перад выпускніком адкрыты ўсе дарогі для прырошчвання сваіх кампетэнцый. Выпускнікі 11-х класаў усяго пасля аднаго года навучання ў ПТВ могуць прэтэндаваць на скарочанае навучанне на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. А далей для іх адкрыты шырокі спектр адпаведных спецыяльнасцяў у ВНУ, дзе можна навучацца ў вочнай і завочнай форме. Маладым людзям, якія стаяць перад прафесійным выбарам, трэба прыслухацца да сябе і адказаць на пытанні. Хто я: даследчык або хачу быць, напрыклад, спецыялістам па рамонце электрамабіляў? Падумайце, наколькі цікава вам будзе развівацца ў абранай сферы. Хачу падкрэсліць, што патрэба ў прадстаўніках рабочых прафесій і спецыялістах сярэдняга звяна пастаянна нарастае. А стэрэатып, што прафесійна-тэхнічная адукацыя — толькі для няўдачнікаў, сёння не актуальны».

Будзь у курсе!

У рамках праекта «Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі» супрацоўнікамі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі быў распрацаваны комплекс анлайн-методык «Профітэст».

Тэсты арыентаваны на старшакласнікаў і маладых людзей, якія стаяць перад выбарам будучай прафесіі. Методыкамі могуць скарыстацца і дарослыя, якія задумваюцца аб змене прафесіі і роду сваёй дзейнасці. У прыватнасці, тэст «Прафесія для цябе» дапаможа вызначыць сферу дзейнасці і прафесію, якая адпавядае тыпу асобы дарослага чалавека, у якіх ён мае ўсе шанцы дабіцца прафесійнага поспеху.

Прафарыентацыйныя тэсты дазваляюць ацаніць прафесійныя інтарэсы і схільнасці, матывы выбару прафесіі, вызначыць прафесійна-асобасныя асаблівасці, важныя для пэўнай прафесійнай дзейнасці, і пабудаваць індывідуальную адукацыйную траекторыю.

Знайсці тэсты можна на інтэрнэт-рэсурсе.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.