Вы тут

У Беларусі стартаваў самазбор бружмелю


Пару тыдняў таму мне так захацелася свежых ягад, што, праходзячы міма латкоў з чарэшнямі побач з тралейбусным прыпынкам, не ўтрымалася і набыла грамаў трыста. Хоць цэны тады яшчэ кусаліся: за кілаграм прывазных вітамінаў прасілі 16 рублёў. Рэдка хто з прадаўцоў дазваляе выбіраць ягады, таму можна ўявіць маё расчараванне, калі з той жменькі амаль траціну чарэшняў давялося выкінуць. Каляжанка казала, што таксама брала там клубніцы, але і яны, хоць і выглядалі прывабна, былі зусім ніякія: ні водару, ні смаку, быццам гумовыя. Распавяла я пра гэтыя няўдалыя спробы вітамінізавацца сяброўцы. А яна і кажа: «З'ездзі ў Самахвалавічы — там штогод ладзяць «самазборы» сезонных ягад. Мы летась сям'ёй збіралі там чарэшні, засталіся задаволеныя».


«Тут я хоць бачу, што збіраю»

На сайце Інстытута пладаводства я ўбачыла аб'яву, што 20 чэрвеня пачынаецца самазбор бружмелю. Пра гэтыя сінія ягады, якія знешне і па смаку нагадваюць буякі ды чарніцы, упершыню даведалася амаль два гады таму. Прыехалі з мужам да фермера па саджанцы. Набылі ўсё, што запланавалі, а ён і кажа: «Во вазьміце два кусцікі бружмелю, не пашкадуеце». Сёлета на тых кусціках з'явіўся першы ўраджай — жменька ягад. Наесціся ўдосталь пакуль не атрымаецца, таму ўзялі вядзерцы і выправіліся сям'ёй у Самахвалавічы. Агарагарадок месціцца за 13 кіламетраў ад Мінска. Выехалі раненька, думалі, будзем першыя. Але ў 9.00 каля плантацый з бружмелем ужо стаяла з дзясятак машын з мінскімі нумарамі.

— Бружмель — першыя ягады, якія саспяваюць у Беларусі: сезон звычайна пачынаецца ў канцы мая — пачатку чэрвеня, — распавядае па дарозе на ягадную плантацыю старшы навуковы супрацоўнік аддзела ягадных культур РУП «Інстытут пладаводства» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Марына Пігуль. — Але сёлета ў сувязі з такой позняй халоднай вясной тэрміны расцягнуліся. Людзі не маглі дачакацца: многія тэлефанавалі і пыталіся: калі ўжо можна прыязджаць?..

Перш чым пачаць збіраць, па парадзе Марыны Пігуль, ладзім дэгустацыю. Бо нават на суседніх кустах ягады могуць адрознівацца. Смак вар'іруецца ад кіслага да кісла-салодкага і салодкага. Сустракаецца бружмель і з лёгкай гарчынкай. Як патлумачыла спецыяліст, гэта прыкмета характэрна для пэўных сартоў.

— Каму на варэнне, то можна збіраць усе ягады, — кажа Марына Пігуль. — Калі ж паласавацца, канешне, хочацца больш дэсертнага сорту. Бясспрэчна, лепш за ўсё есці ягады ў свежым выглядзе. У халадзільніку бружмель можа праляжаць тыдзень-два пры ўмове, што ягады сухія і цэлыя, без разрыву скуркі. Каб захаваць даўжэй, я, напрыклад, пераціраю бружмель з садовымі суніцамі і замарожваю. На мой погляд, гэтыя ягады вельмі каштоўныя для варэння.

Пакуль мы смакуем ягадкі (дарэчы, есці іх тут можна ў неабмежаванай колькасці, ніхто над табой не стаіць і ў рот не зазірае), на поле падцягваюцца ўсё новыя і новыя людзі з вядзерцамі. Многія з іх, як і мы, тут упершыню. «Я з сынам прыехала, — ахвотна ўступае ў размову бабуля з кіёчкам, якая схавалася ў цянёк, каб перадыхнуць. — Неяк не падумала адзелася ва ўсё чорнае, спякотна. Па тэлевізары перадавалі, што можна прыехаць сюды пазбіраць бружмель. Я пра гэтыя ягады раней не чула. Залезла ў інтэрнэт, пачытала. Аказваецца, гэта ягада маладосці. Кажу сыну, ён не так даўно на пенсію выйшаў: «А давай з'ездзім, амаладзімся хоць» (смяецца).

Яшчэ адзін мужчына гадоў сарака прыехаў пазбіраць ягады з братам. «Калі ехаў, было столькі энтузіязму, — кажа. — Ажно пяцілітровае вядро ўзяў. Думаў, зараз хуценька назбіраю. Але вось ужо гадзіна прайшла — добра калі літр будзе. Без досведу збіраць цяжка. У нас на лецішчы ёсць некалькі кусцікаў бружмелю, але на іх ягады нейкія кіславатыя. А тут я знайшоў салодкі сорт. Вось завязу хоць крыху жонцы пакаштаваць».

Маю ўвагу прыцягнула вялікая сям'я: акрамя бацькоў з дзецьмі, збіраць ягады прыехалі таксама іх бабулі і дзядулі: «Не раз чулі — самазбор, самазбор. Вось і вырашылі паспрабаваць. Хочам паболей назбіраць. Каб і паесці было, і намарозіць на зіму. Так атрымліваецца значна танней. Не ведаем, праўда, ці вытрымаюць тут дзеці больш як гадзіну...»

Сустрэла на ягаднай плантацыі і мінчан, для якіх самазбор ператварыўся ў сапраўдную традыцыю. Прыязджаюць сюды штогод па некалькі разоў з дзеткамі, бяруць з сабой сабачак. Для многіх гэта такая своеасаблівая прагулка, від сямейнага адпачынку. «Я на рынках ужо даўно ягады не купляю, бо гэта кот у мяшку, — кажа жанчына, якая прыехала разам з мужам і сынам-школьнікам. — Тут жа я хоць бачу, што збіраю». «А для мяне збор ягад — своеасаблівая медытацыя пасля гарадскога шуму. Тут свежае паветра, сонечна, спакойна, паслухайце, як птушкі заліваюцца на ўсе лады, — кажа жанчына гадоў 40 у ружовым капелюшы. — Я вось тут, зірніце, у кусціку з ягадамі знайшла гняздо, відаць дразды звілі. Кажуць, яны вельмі любяць ласавацца бружмелем».

Тыя людзі, якія тут не першы раз, правезлі з сабой услончыкі, каб зручней было збіраць ягады, вяровачкі, каб не трымаць вядро ў руках. Мы падрыхтаваліся горш, але гэта, як я жартую, выдатная магчымасць праявіць вынаходлівасць: замест вяровачкі, у прыватнасці, мы выкарысталі матузкі, якія выцягнулі з красовак. І яшчэ: калі надумаецеся ехаць у Самахвалавічы збіраць ягады, раю надзець штаны і шкарпэткі, бо не ўсе ўчасткі яшчэ абкошаныя, можна ўлезці ў крапіву.

Ад бружмелю да хенамелесу

Праз дзве гадзіны стомленыя, з сінімі рукамі і вуснамі, але загарэлыя і навітаміненыя накіроўваемся да альтанкі, дзе касір Вераніка Сяк узважвае ягады. Нашы вядзерцы пацягнулі на 2 кілаграмы, заплацілі мы за іх 20 рублёў.

— Кошт у нас у параўнанні з той жа Камароўкай прыемны, — кажа Марына Пігуль. — На рынку за паўлітровы слоічак бружмелю вы заплаціце 12 рублёў. У нас жа кілаграм каштуе 10 рублёў. Гэта пакуль першыя ягады, потым цэны зменшацца. Плюс яшчэ ў тым, што ў нас тут ягадкі чыстыя, без усялякай хіміі, бо вы ж ведаеце, што можна зараз купіць на рынку, асабліва прывазное.

Людзі імкнуцца ў Самахвалавічы не толькі каб сэканоміць, але і каб мець выбар. Тут можна пакаштаваць усе ягады і збіраць толькі той сорт, што спадабаўся. У краме ж ці на рынку даводзіцца набываць тое, што ёсць. На ўчастку, дзе мы збіралі ягады, як я пасля даведалася, было больш за 30 сартоў бружмелю. Сярод іх і два беларускай селекцыі, выведзеныя ў Інстытуце пладаводства: «Зінры» і «Сінявокая». Усяго ж пад бружмель у Інстытуце пладаводства выдзелена больш за 5 гектараў зямлі, на якіх расце і вывучаецца каля 100 розных сартоў гэтых ягад.

Марына Пігуль прызналася, што бружмель — яе самыя любімыя ягады.

— Яны суперкаштоўныя па сваім складзе — недарэмна іх называюць ягадамі жыцця, маладосці. Бружмель утрымлівае ў чатыры разы больш антыаксідантаў, чым чарніцы, а па колькасці вітаміну С не саступае лімону. Ёсць у гэтых цуд-ягадах і селен — «элемент маладосці», які рэдка сустракаецца ў жывой прыродзе. Ён абараняе нашу імунную сістэму, павышаючы супраціўляльнасць арганізма розным вірусам і бактэрыям. А ў саюзе з вітамінамі Е і С запавольвае старэнне клетак. Больш за тое, гэтыя ягады не выклікаюць алергій, не павышаюць узровень цукру ў крыві, таму іх можна есці нават пры цукровым дыябеце. Таксама бружмель спрыяе нармалізацыі абмену рэчываў і ціску, павышае ўзровень гемаглабіну. Праўда, для беларусаў гэтыя гаючыя ягады пакуль нязвыклыя. Але, думаю, гэта справа часу.

— Тым не менш сёння першы дзень самазбору, а людзі едуць і едуць... — заўважаю я.

— Ніколі яшчэ столькі людзей не было на бружмель. Звычайна ажыятаж на маліны, чарэшні, парэчкі... — кажа касір.

У Самахвалавічах, акрамя бружмелю, можна пазбіраць і іншыя сезонныя ягады.

— Неўзабаве паспеюць суніцы садовыя (ці клубніцы, як гэтыя ягады называюць у народзе), — распавядае Марына Пігуль. — Потым парэчкі (чырвоныя, чорныя, белыя), агрэст, маліны летнія (яшчэ ў нас ёсць рэмантантныя, але яны даюць ураджай пазней — восенню), абляпіха... Карацей, можна далучыцца да самазбору пачынаючы ад ранняга бружмелю і заканчваючы чарнаплоднай рабінай, глогам, хенамелесам японскім (айва), якія пладаносяць у кастрычніку. Наогул, у нас шырокі асартымент — усяго аддзелам вырошчваем 29 ягадных культур.

— А буякі ці можна ў вас пазбіраць?

— Буякоў толькі сёлета пасадзілі паўгектара, будзем чакаць ураджаю некалькі гадоў.

Прынамсі я ўбачыла толькі адзін мінус самазбору ў Самахвалавічах. Гэта тое, што прыехаць пазбіраць ягады можна толькі ў буднія дні з 9.00 да 16.00. «Былі гады надта ўраджайныя на чорныя парэчкі, чарэшні, дык тады мы працавалі і ў суботу. Як будзе сёлета, не ведаю, паглядзім», — разводзіць рукамі касір Вераніка.

У пошуках свайго фермера

Традыцыя самазбору даволі папулярная за мяжой. Напрыклад, мая сястра, якая жыве ў Амерыцы, месяц таму даслала здымкі пляменніка на клубнічным полі. Ездзяць сям'ёй да мясцовых фермераў збіраць клубніцы ўжо не першы год. Плацяць 5 долараў з чалавека за ўваход, атрымліваюць картонныя каробкі з ручкай. Спецыяльны трактарок вязе іх на вялізнае поле. Ніхто там на варэнне вёдрамі ягады не збірае, — кажа Наташа. — У асноўным людзі прыязджаюць дзеля забавы, паказаць гарадскім дзецям, як растуць клубніцы, паесці іх з градкі. Купляць назбіраныя ягады зусім неабвязкова. Іх з задавальненнем забяруць у краме, дзе, дарэчы, можна пакаштаваць і варэнне, і пасцілу, і выпечку з джэмам з сезонных ягад ці садавіны (там яшчэ ў сезон ладзяцца самазборы персікаў, яблыкаў). На тэрыторыі фермы ёсць драўляныя арэлі, каруселі, прадаюцца мяшочкі з камянямі, змяшанымі з пяском, якія можна прамываць у вадзе праз сіта. Дзецям гэта вельмі падабаецца. Чым не ідэя для нашых буйных фермераў, як з вырошчвання і збірання клубніц зрабіць бізнес-забаву.

Ведаю, што ў Чэхіі таксама людзі замест таго, каб набываць ягады на рынку, збіраюць іх на спецыяльных фермах. Ахвотных нямала, таму там нават стварылі спецыяльную клубнічную карту, дзе месцы самазбору абазначаюцца маленькімі клубнічкамі. І кожны можа выбраць найбліжэйшую да свайго месца пражывання ферму. Там можна набыць і ўжо сабраныя работнікамі ягады, але гэта будзе каштаваць удвая даражэй, чым пры самазборы.

У нас пакуль масавы самазбор фермеры не практыкуюць, у інтэрнэце я знайшла адзінкавыя аб'явы. Але ведаю ад знаёмых, што пры жаданні знайсці свайго фермера цалкам рэальна. Прынамсі, яны некалькі гадоў таму на рынку пазнаёміліся з жанчынай, якая прадавала маліны. Цяпер штогод ездзяць да яе на ўчастак збіраць ягады самі. Я таксама вырашыла пашукаць, дзе б, акрамя Самахвалавіч, бліжэй да дому можна пазбіраць клубніц. У інтэрнэце трапіла на аб'яву фермера з Дзяржынскага раёна, які вырошчвае экалагічна чыстыя ягады і гародніну. Летась, у разгар клубнічнага сезона, ён прадаваў ягады па 6 рублёў за кілаграм. Тых жа, хто хацеў купіць танней, запрашаў да сябе на клубнічнае поле са сваёй тарай. Пры ўмове ўласнаручнага збору кошт аўтаматычна змяншаўся ўдвая. «Прыязджалі людзі, якія збіралі хто 10, хто 15 кілаграм. І мне добра (не трэба наймаць людзей), і зборшчыкам. Якія-ніякія — а новыя ўражанні: збор ягады на прыродзе — чым не адпачынак! Зараз жа не магу вам нічога абяцаць, пазваніце прыкладна праз тыдзень. З мінулай восені я не быў нават на полі, хварэў вельмі моцна. Толькі з бальніцы выпісаўся, пакуль вакол дома абкошваю, потым туды паеду». Я магла б, вядома, пашукаць іншага фермера, але мне вельмі хочацца падтрымаць менавіта гэтага. Таму абавязкова пазваню яму днямі.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым сёння прадаюць лісічкі, чарніцы і лясную суніцу?

Пачым сёння прадаюць лісічкі, чарніцы і лясную суніцу?

Карэспандэнт «Звязды» патаргавалася на рынках.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.