Вы тут

Спадчына Пераможцаў


Дождж. Цёплы і лагодны. Альбо грозная навальніца. Дождж розны. Але ён заўжды акрапляе гэтымі днямі нашу зямлю. І нават калі мы ўсе забудземся пра тую нагоду жалобы. Калі мы настолькі «дэмакратызуемся», што дазволім таптаць нашу зямлю з сімваламі крыві і роспачы. Калі замест кіраўнікоў у нас будуць часовыя служкі заходніх інтарэсаў. Калі падчас панавання над нашым розумам талерантнасці і мультыкультуралізму зарастуць сцежкі да апошняга абеліска з чырвонай зорачкай. Калі ад першых нот гімна абароны Айчыны Аляксандрава перастануць бегаць па нашых целах мурашкі. Тады неба ўсё роўна будзе плакаць. Не можа яно інакш у самы працяглы дзень года.


Нават калі мы забудзем дзяцей Хатыні і Чырвонага Берага. Адвернемся ад памяці пра замардаваных падпольшчыкаў у сутарэннях гестапа. Калі пачнём праводзіць парады нацыяналістаў, топчучы сціплыя магілкі, — апошняе прыстанішча народных герояў — партызан. Калі нам кінуць, а мы, нібы пад кіраўніцтвам тэлеграмнага рэжысёра-ідэолага, падхопім «хопіць аб вайне». Калі фатаграфіі франтавікоў мы звязём на лецішча, каб не заміналі цацкам, прывезеным з заморскіх турнэ, альбо постмадэрновым «карцінам». Калі нашчадкі салдат Перамогі замест партрэтаў возьмуць у рукі сцяжкі з апошленымі колерамі вясёлкі. Канешне, гэта на нашай зямлі ні пры якіх умовах немагчыма, але калі ўявіць гэта, неба ўсё роўна будзе плакаць. Плакаць слязьмі кожнага трэцяга загінулага, спаленага, замучанага. Сыпаць не попел, а кроплі ачышчальнай вады славянскай ахвяры.

Зараз не разумеюць мову душы, размаўляюць лічбавай лексікай. Пачакайце, а калі мы падлічым ненароджаных беларусаў. Пра матэрыяльныя страты і казаць нават не буду. Але гэты рахунак можна было б прад'явіць ужо, дарэчы, не такой камфортнай і не такой багатай Еўропе. Санкцыі. Спачатку няхай разлічацца па рахунках са спаленай Беларуссю. З нашчадкамі тых халопаў-беларусаў, што вызвалілі Польшчу ад гнёту нацызму.

А цяпер мяне турбуе, што застанецца ў тройчы вызваленай рускімі Іванамі «Эўропе», каб адплаціць нашчадкам багатыроў Суворава і Жукава, Кутузава і Ракасоўскага. Што «неверагодная» Еўропа можа даць таму сціпламу салдату, што выратаваў нямецкую дзяўчынку каля сцен Рэйхстага і ўсю Еуропу — ад жудаснага нацызму і знішчэння. Ёсць такое паняцце «Стакгольмскі сіндром». Напэўна, у Старога Свету якраз гэты сіндром да нацызму. І геапалітычная хвароба развіваецца разам з пражэрлівай вантробай, што апетытна імкнецца вайной пайсці «нах остэн».

Вайну яны пакінулі сучаснасці. Вайну супраць памяці аб нашых героях і супраць нашай Перамогі. І колькі б да таго хціва немцы не кляліся, раскідваючы сваю віну ў выглядзе сэканд-хэнду і некалькіх купюр. Менавіта да 22 чэрвеня 2022-га яны запланавалі пастаўкі цяжкай артылерыі ва Украіну.

Сімвалічна. Раней супраць Брэсцкай крэпасці, зараз супраць мірных людзей Данбаса. Для пагардлівага еўрапейца звыклая справа «хрысціць» у сваю веру нескароных усходніх герояў стрэламі і снарадамі. Але калі раней яны ішлі свіннёй супраць усіх славян, дык зараз прызвычаіліся свінню падкладваць.

Украінцы спакусіліся. Канешне, падручнікі гісторыі для аднаго народа за сорасаўскія грошы можна перапісаць. Перапісаць, але не змяніць. Тэўтоны застаюцца на дне Чудскага возера. А каля сцен адной толькі крэпасці над Бугам загінула ў тры разы больш нацыстаў хвалёнай 45-й дывізіі, чым за ўвесь час кампаніі ў Польшчы. Толькі параўнайце. Старая, мікалаеўскага часу, Крэпасць, і тэрыторыя адной з найбуйнейшых еўрапейскіх краін. Яе абскубены арол ізноў спрабуе расправіць крылы «ад можа да можа», бо сапраўды ў Польшчы для немцаў была «кампанія», а з намі ВАЙНА.

Усё суадносна. Каб зразумець жахлівасць вайны, трэба спазнаць каштоўнасць міру. Мне здаецца, гэтую атмасфернасць адюстроўвае Няміга. Чаму? Давайце палічым. Па-першае, тут адчуваецца мір душы. Адразу некалькіх храмаў — панаванне малітвы. Над шматпавярховым трафікам спажывецкай культуры гандлёвых цэнтраў, над няўрымслівым гоманам лайтовай Зыбіцкай узвялічваецца галоўны сабор краіны. Архітэктурная дамінанта віленскага барока ўзвышаецца над канструктывізмам сучаснага будаўніцтва. Але яны па-беларуску мірна суіснуюць. Як сціплае духоўнае з матэрыяльным. Адпачывай. Целам і душой. Таму такое прывабнае гэтае месца і для гараджан, і для гасцей, і для турыстаў. А калі званіцы Свята-Духавага сабора пачынаюць «гаманіць» паміж сабой са званіцамі касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі, то адчуваеш этнаканфесійны мір. А паміж імі ратуша. І кожнае імгненне гэтага міру па-беларуску адлічвае гадзіннік на гэтым сімвале самадастатковасці.

Нядаўна ў гэтых гістарычных лакацыях пейзажа мірнага жыцця ці то здымалі кіно, ці то быў вулічны спектакль. Але ўсю карціну — ад крыжоў храма да падэшвы набярэжнай Свіслачы — балюча працяў зычны і самы вядомы фрагмент Левітана. Пра вайну. Мурашкі па целе, развагі аб мінулым, ахінулі ўспаміны пра дзядулю-франтавіка, загінулых і спаленых родзічаў. У сучаснаць вярнуў грукат скейта і дзіцячы смех.

Мір. Таму мы маем права называць свае праспекты — праспектамі Пераможцаў. А на будынках велічны, як і наша гісторыя, надпіс: «Слава Пераможцам».

Яўген ПУСТАВОЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?