Вы тут

Нездавальняльная мастацкая прапаганда. Год 1984...


Андрэй Ануфрыевіч Бембель быў з кагорты скульптараў-сацрэалістаў. Нарадзіўся ў 1905 годзе ў Веліжы, у тагачаснай Віцебскай губерні.


З 1924 да 1927 года вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме ў М. Керзіна. Што да настаўніка, то Міхаіл Аркадзьевіч Керзін (1883—1979) кіраваў тэхнікумам з 1923 да 1932 гг. Да гэтага часу — у 1918—1923 гг. — выкладаў у мастацкай школе ў Веліжы. Рабоце Керзіна папярэднічалі ў гісторыі навучальнай установы перыяды легендарных Марка Шагала і Казіміра Малевіча. Відавочна, як і іншых мастакоў-выкладчыкаў з Веліжа, Керзіна запрасілі з мэтай навесці парадак у тэхнікуме. І адным з першых крокаў Керзіна стала пераправерка ведаў усіх былых студэнтаў. Дзеля гэтага Міхаіл Аркадзьевіч запрасіў з Пецярбурга майстроў жывапісу, малюнка, наладзіў пераэкзаменоўку. Шмат каго адлічыў, бо раней на вучобу прымалі болей па рэвалюцыйнай прыналежнасці, а не па здольнасцях. Многія рашэнні па арганізацыі вучобы Міхаіл Аркадзьевіч прымаў аднаасобна. Старая каманда палічыла гэта абразай. Я. Мінін, Ю. Пэн, С. Юдовін, выступіўшы з калектыўнай заявай, разам з групай навучэнцаў пакінулі тэхнікум. З 1932 года Керзін працаваў у Мінску. Яго вучні — Заір Азгур, Аляксей Глебаў, Андрэй Глебаў, Анатоль Анікейчык, Сяргей Селіханаў.

У 1931 годзе Андрэй Бембель закончыў Ленінградскую акадэмію мастацтваў. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. З 1949 года — на выкладчыцкай працы, з'яўляецца адным з арганізатараў і першых выкладчыкаў Мінскага мастацкага вучылішча. З 1953 года — у Беларускім тэатральна-мастацкім вучылішчы. Двойчы — у 1950—1954 і 1982—1986 гг. — узначальваў Саюз мастакоў БССР. Першыя манументальныя работы — рэльефы для Дома ўрада (1932—1934) і Дома афіцэраў у Мінску (1932—1936). У час Вялікай Айчыннай вайны стварыў скульптурны партрэт Героя Савецкага Саюза лётчыка Мікалая Гастэлы. Пасля Вялікай Айчыннай вайны зрабіў (у 1954 годзе) гарэльеф «9 мая 1945» для манумента Перамогі на плошчы Перамогі ў Мінску (1954). Прымаў удзел у стварэнні Кургана Славы (1969). Андрэй Ануфрыевіч з'яўляецца адным з аўтараў (сумесна з А. Кібальнікавым і У. Каралём) мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» у Брэсце. Бембель — аўтар помніка Дзмітрыю Мендзялееву перад будынкам хімічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Творчыя, арганізатарскія і ваенныя заслугі вядучага беларускага скульптара-сацрэаліста адзначаны многімі дзяржаўнымі ўзнагародамі: ордэнам Леніна, ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам «Знак Пашаны», ордэнам Айчыннай вайны І ступені, званнямі заслужанага дзеяча мастацтваў Беларускай ССР, народнага мастака Беларускай ССР...

У Бембеля былі ўсе падставы даваць ацэнкі, рабіць высновы... І таму зразумелым падаецца яго ліст у ЦК Кампартыі Беларусі ад 6 лютага 1984 года... Штуршком для кіраўніка грамадскага аб'яднання стаў адзін даклад. Хоць, відавочна, усё выкладзенае ў звароце ў ЦК КПБ назбірвалася як набалелае і раней...

Чытаем ліст, падпісаны старшынёю Саюза мастакоў БССР Андрэем Бембелем: «Саюз мастакоў БССР, уважліва азнаёміўшыся з аналітычным дакладам інстытута мастацтва-
знаўства, этнаграфіі і фальклору «Стан і асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускага мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фалькларыстыкі», сарыентаваным на асвятленне праблем беларускай культуры, лічыць неабходным зрабіць адпаведныя заўвагі і прапановы — па пунктах (якія датычацца СМ БССР).

1. Нельга пагадзіцца з асноўнымі высновамі даклада адносна якасці падрыхтоўкі да мастацкіх выставак. Між іншым, гэтыя пытанні заўсёды стаялі і стаяць сёння ў сферы ўвагі Саюза мастакоў БССР. Аднак варта прызнаць, што непасрэдная ацэнка твораў, як тых, што знаходзяцца ў працэсе працы, так і тых, што прадстаўляюць мастакі для экспанавання, разглядаецца мастацкімі саветамі і выставачнымі камітэтамі з недастаковай глыбінёй аналізу.

Прычыны тут розныя, у тым ліку і злоўжыванне некаторымі членамі савета і выстаўкамаў сваім становішчам, асабліва калі гэта датычыцца закупак і заключэння дагавораў, і асабістыя прыхільнасці, і ў шэрагу выпадкаў недастатковая кампетэнтнасць членаў.

Негатыўным бокам гэтага пытання з'яўляюцца і тыя абставіны, што ў нашай практыцы гадамі існуе значнае перабольшванне колькасці экспануемых выставак, у выніку чаго мастак практычна не паспявае да чарговай экспазіцыі, а імкненне пастаянна выстаўляцца нараджае непрадуманасць задумкі, няспеласць і незавершанасць прац.

Акрамя таго, няўзгодненасць у сістэме фінансавання з боку Міністэрства культуры і СМ БССР адмоўна ўплывае на лёс твораў, якія трапляюць у перапоўненыя сховішчы Дзяржаўнага мастацкага музея БССР і Дырэкцыі выставак СМ БССР.

Саюз мастакоў ужо некалькі гадоў ставіць пытанне пра заключэнне доўгатэрміновых дамоў на сацыяльна значныя творы высокага грамадскага гучання, якія маглі б якасна напоўніць не толькі буйныя мастацкія музеі, але і культурныя ачагі меншага маштабу...»

Цяжка сумясціць розныя часіны, нават розныя стагоддзі, ды і таксама розныя ўклады жыцця... І ўсё ж, азіраючыся на мінулыя дзесяцігоддзі, параўноўваючы практыкі, якія існавалі раней у стасунках мастака і ўлады, разумееш, што пытанні, узнятыя А. Бембелем у лютым 1984 года, у той ці іншай форме існуюць і сёння. А што датычыцца сацыяльнага заказу, то і ўвогуле адбываецца часам узвышэнне малапрафесійнага і малазразумелага па сваёй сутнасці мастацтва.

Чытаем далей зварот у ЦК Кампартыі Беларусі: «... На жаль, нездавальняльная праца нашай прапаганды пакуль што выключае магчымасць часовых і пастаянных экспазіцый на прамысловых прадпрыемствах, у дамах культуры і клубах аб'яднанняў і гаспадарак. Аднак зараз Саюз прыступіў да арганізацыі такой працы, непасрэдна выйшаўшы з гэтай і іншымі праблемамі на буйныя вытворчыя аб'яднанні Мінска. У найбліжэйшы час спадзяёмся таксама якасна ўпарадкаваць экспазіцыі сельскіх мастацкіх галерэй. Лічым, што стварэнне такіх галерэй — пачатак гэтага культурнага мерапрыемства СМ БССР і мясцовых партыйных і савецкіх кіраўнікоў у справе шырокага эстэтычнага выхавання народа». Адрасоў такіх галерэй у нашай краіне хапае і сёння. Часам яны працуюць нават на грамадскіх пачатках... Часцей — як філіялы гарадскіх і раённых краязнаўчых музеяў. Як, напрыклад, у Слуцку, Светлагорску, Мар'інай Горцы... Ёсць і прыклады прыватных мастацкіх галерэй. Здараецца, што многія мастакі і пішуць свае работы наўмысна, з разлікам на набыццё твора той ці іншай галерэяй. Прыклады паказваюць, што гэта не лепшыя здабыткі выяўленчага мастацтва...

«Мяркуецца, што перад адкрыццём буйных мастацкіх выставак варта канчатковае рашэнне пра якасць экспазіцыі прымаць не толькі адпаведным выстаўкамам, але і актывам Саюза з прыцягненнем прадстаўнікоў секцыі крытыкі і Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.

Пажадана было б разгледзець пытанне пра сутнасць і характар сацыяльнага заказу на сумесным пасяджэнні Міністэрства культуры, Саюза мастакоў БССР з удзелам інстытута».

Сёння сацыяльны заказ, відавочна, становіцца прэрагатывай не толькі адпаведнага ведамства. Як кажуць, музыку, тон задаюць самі заказчыкі... І выдатна, калі гэтыя заказчыкі ідуць у рэчышчы інтарэсаў краіны, грамадства, калі яны ўлічваюць прафесіяналізм выканаўцаў, не паддаюцца некатораму эпатажу, не ставяць у аснове сваіх рашэнняў адсутнасць спецыяльных ведаў, ды нават і мастацкага густу. Розныя ўстановы (а датычыцца гэта найперш універсітэтаў краіны) займелі звычку ў калідорах развешваць мастацкія партрэты сваіх кіраўнікоў, лепшых прафесараў. Добра, калі выканаўцы работ ставяцца да «сацыяльнага заказу» адказна, узважваюць і ўзровень свайго майстэрства, і характар пранікнення ў тэму... Здараецца часам усё іначай. Карысці ад такога плёну няшмат...

«...2. На з'ездах мастакоў БССР і адпаведных пленумах па сінтэзе архітэктуры і мастацтва рабіліся і сёння робяцца спробы ўсталяваць болей цесныя, дзейсна творчыя сувязі і кантакты мастакоў і архітэктараў, але, на жаль, практычна далей размоў не пайшло.

На V пленуме Праўлення СМ БССР у студзені г.г. у справаздачным дакладзе старшыні было ізноў закранута гэтае пытанне. У ім гаварылася пра надзённую неабходнасць арганізацыі групы манументальнага сінтэзу ў сістэме майстэрань Мастацкага фонду БССР, у якую змаглі б увайсці мастакі-манументалісты і скульптары, жывапісцы і майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, архітэктары, мастацтвазнаўцы, якія спецыялізуюцца па пытанні сінтэзу. У красавіку — маі г.г. вызначана правесці аб'яднаны Пленум праўленняў Саюза мастакоў і Саюза архітэктараў БССР.

3. У сістэме СМ БССР працуе «Агітплакат», ствараюцца розныя плакаты па многіх пытаннях палітычнага, эканамічнага, культурнага жыцця рэспублікі».

Пытанне сучаснага плаката ўвогуле з'яўляецца пытаннем з пытанняў!.. Вось дзе велізарныя магчымасці для супрацоўніцтва з грамадствам, для развіцця сацыяльнага заказу!.. А ці многа мы зараз бачым, трымаем у памяці ацэнак рэчаіснасці, выкладзеных менавіта праз плакат?!.

«...4. Пытанне пра раздзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута на мастацкі і тэатральны СМ БССР ставіць ужо болей 30 гадоў.

Далей. Пры падрыхтоўцы навуковых прац па гісторыі беларускага мастацтва і савецкага перыяду варта, на наш погляд, актыўней выкарыстоўваць асабістыя архівы і ўспаміны прадстаўнікоў старэйшага пакалення мастакоў, непасрэдных удзельнікаў стварэння сучаснай структуры і формы вывучэння
выяўленчага мастацтва ў рэспубліцы.

Чатыры гады назад Інстытуту мастацтва, этнаграфіі і фальклору АН БССР было прапанавана сваім навуковым супрацоўнікам напісаць даследаванне на тэму: «Станаўленне і развіццё школы выяўленчага мастацтва ў Беларусі за перыяд з 20-х гадоў да сапраўднага часу», аднак да гэтага часу гэтая праца яшчэ не распачата па невядомых прычынах. Захапленне Інстытута мастацтва, этнаграфіі і фальклору даўніной не павінна адхіляць вучоных, у тым ліку і маладых, ад праблем і аналізу ў галіне развіцця сучаснай мастацкай культуры Беларусі і іншых падобнага характару пытанняў».

Пытанні, пастаўленыя Андрэем Бембелем у звароце ў ЦК Кампартыі Беларусі, хутчэй за ўсё і тады, у сярэдзіне 1980-х гг., засталіся без асаблівай увагі. Пра гэта можна меркаваць і ў звязку адсутнасці рэзалюцыі ці то сакратара ЦК КПБ альбо хоць бы адпаведнага аддзела... Зразумела, аддзела культуры. Ліст Андрэя Бембеля носіць, як падаецца зараз, актуальны характар, пытанні, узнятыя старшынёю Саюза мастакоў БССР у 1984 годзе, у большасці сваёй, відавочна, патрабуюць вырашэння і ў сённяшніх абставінах развіцця выяўленчага мастацтва, і беларускай нацыянальнай культуры ўвогуле.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Фота з архіва БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым сёння прадаюць лісічкі, чарніцы і лясную суніцу?

Пачым сёння прадаюць лісічкі, чарніцы і лясную суніцу?

Карэспандэнт «Звязды» патаргавалася на рынках.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.