Вы тут

Памёр протаірэй Сергій Гардун


Пра ўсіх, каго добра ведаў, гаварыць у мінулым часе нязвыкла і цяжка. 


А ў гэтым выпадку яшчэ цяжэй з-за таго, што сваю ўладнасць драматычны час нагадвае так неспадзявана. У вечнасць адышоў протаіерэй Сергій Гардун — клірык Свята-Духавага кафедральнага сабора, свяшчэннік-прафесар, выкладчык Мінскай Духоўнай семінарыі з моманту яе аднаўлення і Мінскай Духоўнай акадэміі ад заснавання, першы прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ. 

Ад самага пачатку а.Сергій уваходзіў у склад Беларускай Біблійнай Камісіі, узначаліўшы рабочую групу па перакладзе на сучасную беларускую мову Свяшчэннага Пісання. Склаў і сам пераклаў Беларускі малітваслоў, актыўна уключаўся ў выдавецкія справы, у прыватнасці ― Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы. Нельга не адзначыць таксама, што многія гады ўсёй нашай краіне ён даваў каментарыі на беларускай мове да ўрачыстых богаслужэнняў на Ражджаство і Уваскрасенне Хрыстова.

Карацей кажучы, гэта якраз такая асоба, адсутнасць якой будзе доўга і балюча ўспрымацца, бо неаднойчы паўстане праблема: а кім жа яе замяніць?!

Мяне з высокашаноўным протаіерэем Сергіем тры дзесяцігоддзі звязвалі як многія агульныя справы, так і шчырыя сяброўскія адносіны. У свой час ад імя актыву Біблійнай Камісіі віншаваў яго з юбілеем пастырскага служэння. Тады напісаліся вось якія словы: 

«Ваша высокапрападоб’е, дарагі айцец Сергій!

Усе, хто знаёмы з Вамі, сведчаць, што Гасподзь шчодра адарыў Вас, а Вы належным чынам скарысталі дараваныя Ім таленты, набыўшы заслужаны аўтарытэт клапатлівага пастыра, глыбокага багаслова, нястомнага місіянера, красамоўнага прапаведніка, адказнага педагога, прынцыповага публіцыста, грунтоўнага філолага-перакладчыка... Так што для ўсіх, хто Вас ведае, Вы з’яўляецеся пацвярджэннем слоў Апостала: “Усё магу ў Іісусе Хрысце, Які мяне ўмацоўвае”. І мы, хто на працягу ўжо даволі значнага часу мае гонар і задавальненне быць побач з Вамі, гэта адказна сведчым. Прыміце ад нас самыя сардэчныя віншаванні ў сувязі з дваццацігоддзем пастырства і духоўна-асветнай дзейнасці, а таксама пажаданні шмат-шмат гадоў яшчэ служыць у славу Богу і на карысць Айчыны.

А больш і лепш няхай скажуць пра Вас тыя, хто будзе віншаваць з многімі наступнымі юбілеямі».

Пасля гэтага, слава Богу, былі яшчэ юбілеі. Аднак больш іх, на жаль, не будзе, паколькі дарагі і незабыўны айцец Сергій адышоў да Госпада.

Падай яму, Госпадзі, Царства і далучэнне да вечных Тваіх даброт і Твайго бясконцага блажэннага жыцця асалоду!

Іван ЧАРОТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».