Вы тут

Шалёныя дачнікі. Дыягназ як гарантыя жыццяздольнасці


Яго, гэты дыягназ, я паставіла нядаўна сама сабе. Некалькі гадоў супраціўлялася, спадзявалася, што не накрые, — не атрымалася, усе сімптомы ў наяўнасці. Сёння, напрыклад, з раніцы насілася па крамах насення, шукала спаржавую фасолю. Вы ведаеце, так і не знайшла таго насення — трэба ў абед на Камароўку ехаць. Нейкая паскуда ў зямлі зжэрла ўсё, што было пасеяна ў маі, палова грады стаіць пустая. Не пакідаць жа на ўсё лета. Так што фасоля патрэбная да выхадных кроў з носу. І я знайду яе абавязкова, нават калі прыйдзецца аб'ехаць увесь Мінск і прыгарад...


Хаця, каб спытаўся: навошта мне тая фасоля трэба? Кожны ж дзень яе не ясі, калі захочаш, дык вунь у любой краме круглы год у замарожаным выглядзе — роўненькая, зялёненькая. І недарагая — калі палічыць, колькі аддасі за пасеяць-перасеяць-падкарміць, дык тое на тое і выйдзе. Але навошта куплёнае, калі можна сваё? А зямля што, гуляць будзе? Акурат гэтыя пытанні і ёсць першыя сімптомы хваробы «шалёны дачнік». І хвароба пачынае вельмі хутка прагрэсіраваць, калі пытанні падмацоўваюцца дзеяннямі.

Вось, напрыклад, вы думаеце, я з тых крам насення з пустымі рукамі выйшла? Як бы не так! Зараз прааналізавала змесціва торбы, якая ўжо пачала адцягваць плячо, і сама з сябе дзіўлюся: калі паспела ўсё гэта з паліц пахапаць? Карацей, у торбе ляжаць: пяць пачкаў рознай салаты (яшчэ ёсць, але хай будзе ў запас, падсеяць), бутэлька бярозавага дзёгцю (бабулі ў краме казалі, што калі ім вакол намазаць ствалы груш ці яблынь — не будзе тлі), цуда-атрута ад смаўжоў і слімакоў (вось я сёлета іх і пачастую, а то летась усе перцы пагрызлі), матычка, падобная на маленькі плужок (добра будзе памідоры ды капусту падсыпаць). Гэта, зазначу, купленае «з выпадку» — ішла ж я па фасолю! І то часу асабліва не было, інакш у торбу «з выпадку», але вельмі патрэбнае, проста не змясцілася б...

Пра тое, што са мной нешта не так, я пачала здагадвацца, калі «завісла» на агародзе ў піжаме і хатнім халаце. Выйшла з раніцы па патрэбе на пару хвілін — і прапала. Ды так, што дамашнія ўжо захваляваліся і паслалі дзяцей мяне шукаць. А я — што я: парнік адкрыла, паглядзела на памідорчыкі, ці падраслі за тыдзень. Я ж іх — кожнае каліва — у твар ведаю, сама сеяла, гадавала, перасаджвала. Пасля пайшла на агуркі паглядзела, на кабачкі, на гарбузікі, на бурачкі... Апошнія якраз з раніцы ў цяньку ад яблынь, ды пасля дажджу — так хораша і прыемна іх палоць... Карацей кажучы, за гэтым карысным заняткам (у халаце і піжаме) мяне і засталі пляменнікі, якіх ужо выправілі шукаць цётку Лену, якая прапала, не паснедаўшы, невядома куды. Вось тады я, глянуўшы на сябе ў люстэрка, і паставіла канчатковы дыягназ: шалёны дачнік.

Шалёнага дачніка не варта блытаць са звычайнымі вясковымі гаспадарамі, хаця ён і стараецца пад іх мімікрыраваць. У вясковага гаспадара работы на зямлі не менш, але ў яго ўсё размерана і больш-менш спакойна. У шалёнага дачніка (а гэту заразу падчэпліваюць тыя, хто жыве і, галоўнае, працуе ў горадзе) усё робіцца наскокам і за раз — на выхадныя. З адпаведнымі фізічнымі наступствамі — скручанай спінай, болем у каленях, руках і іншых частках цела. Мы нядаўна пра гэта з пастаянным экспертам «Звязды» доктарам Гуменам разважалі. Ён цалкам рэзонныя пытанні задаваў: ці вартыя тыя памідоры (якія яшчэ не факт, што не з'есць фітафтора, калі не згледзіш), каб класці на іх уласнае здароўе? Не разумееце вы, доктар, шалёных дачнікаў. Спіна пабаліць і пройдзе. А вось калі не дапалоць ці яшчэ што не дарабіць — вось тады і сапраўды захварэць можна ад перажыванняў! Бо, бывала, не спіцца ноччу, ляжыш і думаеш: вось паўзе па рэчцы туман, запаўзае праз шчыліны ў парнік... Я ж кажу — дыягназ.

У шалёных дачнікаў свая вельмі добразычлівая супольнасць. У крамах, на рынках, нават у тралейбусах і метро яны па нейкіх толькі ім вядомых прыкметах пазнаюць адно аднаго. Ну, вы ж таксама заўважалі, як абсалютна незнаёмыя паміж сабой людзі ўжо праз пару хвілін захоплена размаўляюць, дзеляцца сакрэтамі падкормкі агуркоў або спрачаюцца аб перавагах зялёнага мыла над гаспадарчым у барацьбе са шкоднікамі? Ну дык гэта дакладна яны! Непрымірымымі праціўнікамі шалёныя дачнікі становяцца толькі ў адным выпадку — у выхадны дзень у грамадскім прыгарадным транспарце. Тады пра ўсялякую салідарнасць усе забываюцца і клапоцяцца толькі пра тое, каб убіцца ў маршрутку або аўтобус і па магчымасці камфортна размясціць свой багаж — дубцы-саджанцы, рукзак, вядро... Спіс мяняецца ў залежнасці ад перыяду дачнага сезона...

Што характэрна, хвароба гэта, асабліва апошнім часам, надзвычай заразная і перадаецца шляхам назірання і пераймання вельмі хутка. І гэта, трэба заўважыць, зусім іншая яе разнавіднасць, чым тая, што была на пачатку 1990-х, калі шалёнымі дачнікамі парабіліся амаль усе гараджане — каб элементарна пракарміцца. Цяпер расклад іншы: побач з сядзібамі скрозь стаяць машыны, нярэдка дарагія, увечары амаль з кожнага двара даносіцца водар шашлыкоў... А ўсё роўна шалёныя дачнікі на гэтых самых падворках стаяць з раніцы пятай кропкай угору (здараецца, нават у піжаме) і полюць (перасаджваюць, сеюць) нешта, што без праблем і нават без асаблівага ўрону для бюджэту могуць купіць у любой краме.

Пра гэта мы нядаўна размаўлялі з суседкай, якая ні разу не вясковы чалавек. Дачу яны побач з намі купілі гадоў восем назад і спачатку толькі касілі на ўчастку траву. Зараз жа ў іх — і цяпліца, і перцы пад дугамі, і малады сад, і грады. А з гаспадыняй, якая працуе ў сталіцы перакладчыцай, мы стаялі і спачатку размаўлялі пра цуда-сродак — тэхнічны нашатырны спірт, які і крыніца азоту для раслін, і атрута для шкоднікаў... «Вось спытай: навошта мне ўсё гэта, — разважала яна. — Усё ж купіць можна... Я пра гэта думала і нядаўна зразумела: мне так надзейней. І дачцэ маёй надзейней. Нібыта я не градкі пасадзіла, а сама ў гэту зямлю карані пусціла...»

А з каранямі ў зямлі хай паспрабуе хто цябе з яе зрушыць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.