Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «Найлепшы пачастунак для зяця»


Найлепшы пачастунак для зяця

...Сяргей — хлопец вясковы і, дзякуй богу, здаровы. У свае 22 ён ніякіх хвароб не ведаў. Кашляў, і тое ў першым класе, а калі нехта казаў, што галава баліць і трэба ісці да доктара, ён, як у тым анекдоце, мог пальцам пакруціць ля скроні: маўляў, костка — што там можа балець? Не верыў, карацей, нават слухаць не хацеў! Але ж...


Быў у яго блізкі сябрук — Мікіта, а ў таго — родная цётка. У Мінску жыла, але ж да сваёй сястры — маці Мікіты — у госці прыязджала. Песціла пляменніка. Неяк раз такія крутыя джынсы прывезла. І зусім задарма... Сяргею такіх падарункаў ніхто не рабіў. «Пашчасціла табе з цёткай, — пазайздросціў неяк Мікіту. — Багатая... Не скупая...» — «Але ж вельмі хворая!» — падхапіў размову сябрук. «Яшчэ што скажы, — насцярожыўся дружбак. — Нізашто не паверу, каб такая маладая, прыгожая...» — «Але ж гэта праўда, — цяжка ўздыхнуў Мікіта. — Цукровы дыябет у яе, а з гэтай хваробай дурныя жарты. Кажуць, у любую хвіліну можна памерці». — «Ды быць не можа!»

Сяргей трымаўся свайго: не можа! Але дыябетам усё ж зацікавіўся: стаў распытваць пра яго сімптомы.

Мікіта ведаў, на жаль, няшмат. Сказаў, што хворым нельга нічога салодкага, што іх пастаянна «смажыць», што ўвесь час ім хочацца есці...

Далейшую размову перапыніў званок на мабільны. Сяргею тэлефанавала яго нявеста — Алёнка. «Ты не забыўся? Мы сёння ў госці ідзём, — нагадвала жаніху. — Мая хросная ўжо чакае. Я вас пазнаёмлю, і ты ўбачыш, яна такая кулінарка!.. Я ёй хіба крышку дапамагла, а ўжо ж накаштавалася... Жоўценькую курачку з'ела... Зараз збегаю дамоў — піць вельмі хочацца...

Алёнка шчабятала нешта яшчэ, а ў душы Сяргея ўжо ўладарыў страх: «пазлы» склаліся: «Усяго накаштавалася, а потым яшчэ і курачку?! Што — цэлую?! Жоўтую ад тлушчу? Гэта ж вельмі шмат!.. Цяпер ёй хочацца піць?.. Дык усё супадае! Вось гора дык гора! У маёй Алёнкі таксама дыябет».

Бацькам пра яго нічога казаць не буду, вырашыў Сяргей. Хіба потым, пасля вяселля... А на ім перад нявестай трэба паставіць бутэльку з вадой... І ежу паціху падкладваць, а то госці заўважаць, што многа есць...

«Нічога, мы справімся, — думаў жаніх далей. — Я ў дошку разаб'юся — Алёнку вылечу!»

Вечарам, як дамаўляліся, яны ўдваіх пайшлі да хроснай. Ганна Іванаўна сапраўды і чакала, і рада была, і гэтакі стол накрыла...

Першае, што Сяргей заўважыў на ім, было блюда пернікаў у выглядзе... жоўтых курачак.

Пра лепшы пачастунак жаніх і не марыў!

Зоя НАВАЕНКА

г. п. Падсвілле


Каб мець, трэба умець

У Чарлі Чапліна, класіка нямога кіно, ёсць фільм пад назвай «Малы». Сюжэт яго вельмі просты: мужчыну падкінулі немаўля — ён гадамі гадаваў. А каб на гэта грошы мець, стварыў свайго роду «арцель». Зранку ставіў сыну задачу: «Сёння ідзём працаваць на Пятую-Стрыт»...

І вось той малы ўжо ідзе па вуліцы, каменьчыкамі разбівае шыбы ў вокнах кватэр на першых паверхах ды ўцякае ад раз'юшаных гаспадынь. А да іх — амаль у гэты ж час — ужо крочыць бацька з кантэйнерам шкла за спінай. Жанчыны тут жа спыняюць яго, просяць, каб зашкліў разбітыя вокны, плацяць грошы і дзякуюць...

Нешта трохі падобнае, як расказвала адна знаёмая, адбывалася ў іх на лецішчы:

«Пад яго мы з мужам хатку ў вёсцы купілі, — гаварыла жанчына. — Досыць часта выязджаем туды, працуем, адпачываем... З гэткай жа мэтай (калі даслоўна, то «Каб вырошчываць і ўжываць экалагічна чыстыя сельгаспрадукты») у нас магілёвец адзін з'явіўся. Што ён сеяў-садзіў на сваім участку ды чаму без жонкі, не вельмі і цікава было: у сваёй сям'і разабрацца б, са сваім гародам управіцца. А вось Пахом часцяком да суседзяў часцяком заходзіў. Праўда, не ў хату: момант лавіў, каб гаспадары ў градах былі, на падворках. Ён тады ветліва так павітаецца — папытаецца, чаму лісце ў часнаку жаўцее, як вывесці тлю з парэчак, чым агуркі падкарміць...

Мы ж з дарагой душой, што называецца: усё расказвалі яму, паказвалі, дзяліліся ўгнаеннямі, бо свой жа чалавек як быццам! Нечым цікавіцца, — значыць, хоча вырасціць... Дурнога, карацей, аніхто падумаць не мог, хоць падставы, здаецца, і былі: у адным гародзе нейкі «дабрадзей» клубніцы выбраў, у другім — спелыя памідоры паздымаў, у трэцім — паўградкі бульбы выкапаў, а ўжо найлепшыя качаны капусты — дык шмат у каго...

Мы думалі, гэта ж горад непадалёк: на розных бомжыкаў грашылі, хоць нікога з іх і не бачылі, а таму злавіць не маглі...

Злодзей сам у пастку папаўся, бо свет, як высвятляецца, вельмі цесны.

Неяк раз трапілі мы з мужам у адну кампанію. За сталом разгаварыліся, хто што пасеяў-пасадзіў, што вырасціў. Вось адна жанчына і расказвае, як зямля ды праца могуць людзей змяніць. Маўляў, Клаўка, суседка мая, свайго Пахома за чалавека не трымала, бо такі гультай, такі абібок!.. Гадамі нідзе не працаваў — капейкі ў дом не прыносіў, а калі яму ў канапе праседзеў, брат яму хату ў вёсцы купіў. І — не паверыце — чалавека як падмянілі! Ездзіць туды, працуе, жонку проста закідаў прадуктамі: то ягады вязе, то агуркі з памідорамі, то бульбу маладую... А ўжо ранняй капусты дык і мне адтуль перапала...

Удакладняем: «А ў якой жа вёсцы ўсё гэтак расце?» Жанчына тут жа ўспомніла! Так і ёсць: наша!

Мы потым схадзілі да таго «стаханаўца», паглядзелі. Ён на сваёй сялібе толькі пустазелле трохі абкошваў, а садзіць — нічога не садзіў».

...Праўду кажуць: каб мець, трэба ўмець. А хоць бы і красці, калі сумлення няма.

Валерый ГАЎРЫШ

г. Чавусы


Сарока сароку бачыць здалёку...

Будаваў я колісь дачу

А пад вокнамі — сусед.

Частавата яго бачыў —

Раскусіць не мог як след.

Мы зямельку там капалі.

Ён сваю, а я сваю,

Пра надвор'е размаўлялі,

Часам — трохі пра сям'ю...

Плётак чуў тады нямала,

Што вядзе да Грышы след,

І ў мяне штось прападала

Дык пры чым жа

тут сусед?!

...Мы дамкі пабудавалі.

Я й на іншае гатоў:

Дабрадзеі «падагналі»

Не маленькі стос прутоў.

Еду з горада на дачу,

Шмат што думаю зрабіць...

Прыязджаю — незадача:

Ля прутоў сусед стаіць...

Не дае, зладзюга, маху:

А па штучцы, пакрысе,

Арматурыну пад паху

І сабе ў падвал нясе...

Я знямеў, як часам неба:

Слоў — ніякіх не знайшоў!

Грыша буркнуў:

«А мне трэба!»

І дахаты — стрымгалоў.

...Вось такія часам «дзеі»:

Шмат чаго я перажыў!

А з прутоў тых

ад... зладзеяў

Краты Грыша парабіў.

Іван АСТРОЎСКІ

г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР


Ад яе ж напамін: усе «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі» на старонках «Звязды» не проста друкуюцца — удзельнічаюць у конкурсе на найлепшую. Вызначаюць іх, тыя найлепшыя, два журы — малое рэдакцыйнае і вялікае чытацкае, у склад якога рады прыняць кожнага ахвотнага.

Што для гэтага трэба? Па-першае, цягам года чытаць усе змешчаныя гісторыі (сайт «Звязды» ў дапамогу!), па-другое, нейкім чынам пазначаць тое, што спадабалася...

І ўсё для таго, каб бліжэй да Каляд назваць сваю дзясятку найлепшых. Творы, якія набяруць максімальную колькасць галасоў, выйдуць у лідары — з усімі адсюль наступствамі ў выглядзе ганаровых дыпломаў і каштоўных прызоў. Так што чытайце, пішыце! (напрамілы бог — з нумарам тэлефона для аператыўнай зваротнай сувязі) і, вядома ж, выпісвайце — сваю, найстарэйшую, «родную газету на роднай мове»!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».