Вы тут

Андрэйчанка: Кодэкс аб зямлі будзе спрыяць развіццю сельскіх тэрыторый


Нарада-семінар прайшла пад кіраўніцтвам старшыні Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі. У ёй прынялі ўдзел старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, старшыня аблсавета Ірына Раінчык. Для абмеркавання зямельных пытанняў запрасілі кіраўнікоў раёнаў, старшынь сельскіх Саветаў, дэпутатаў, прадстаўнікоў сельгасарганізацый — усіх тых, каму гэтыя пытанні бліжэй і хто добра ведае вузкія месцы.


Гаворка пра тое, што наспела вострая неабходнасць карэкціроўкі зямельнага пытання. Работа над удасканаленнем Кодэксу вялася і раней, але ў лютым Прэзідэнт паставіў задачу перад дэпутатамі паскорыцца і разгледзець яго больш комплексна і безадкладна. Законапраект быў прыняты ў першым чытанні яшчэ ў сакавіку, зараз працягваецца яго дапрацоўка да другога чытання. 

— Гістарычна так склалася, што зямельныя пытанні з’яўляюцца найважнейшымі, — адзначыў у размове з журналістамі Уладзімір Андрэйчанка. — Зроблена вялікая работа па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у існуючы закон, толькі пасяджэнняў рабочых груп праведзена 14. Новы Кодэкс будзе садзейнічаць развіццю сельскіх тэрыторый, уцягванню ў абарот зямель, якія не выкарыстоўваюцца, зняццю шматлікіх бюракратычных працэдур, якія сёння маюць месца ў зямельных адносінах. І , канешне, значная частка паўнамоцтваў будзе перадавацца зверху ўніз. 

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па аграрнай палітыцы Мікалай Шаўчук лічыць новы Кодэкс прагрэсіўным.

— Яго мэта, каб у кожным кавалачку зямлі быў гаспадар, — адзначыў ён. — У практыцы нашай камісіі існуе правіла: пры прыняцці важных законаў мы заўсёды выязджаем на месца, у рэгіёны, каб зверыць канчатковыя пазіцыі, каб выключыць памылкі, улічыць нюансы, якія ёсць на месцах і з цэнтры не заўсёды бачныя. І гэта нарада не выключэнне. 

Мікалай Шаўчук звяртае ўвагу на тое, што работа над законапраектам вялася карпатлівая яшчэ да паступлення яго ў Палату прадстаўнікоў. Шмат прапаноў было ўнесена ад дзяржкамісій, КДК, аб генеральнай пракуратуры, міністэрстваў, ведамстваў, аблвыканкамаў. Яны рабілі заўвагі, якія разглядаліся на працоўных камісіях, да ўдзелу запрашаліся ўсе зацікаўленыя, вяліся прафесійныя, сур’ёзныя спрэчкі па найбольш вострых пытаннях.

Па дзеючым заканадаўстве выдзяленне дадатковага зямельнага ўчастка магчыма толькі пад рэканструкцыю асноўнага збудавання, то бок дома, або праз аўкцыён, што не заўсёды зручна. З увядзеннем новага заканадаўства набыць такі ўчастак можна будзе без гэтых патрабаванняў. 

— Мяняецца час, падыходы ў вядзенні асабістай падсобнай гаспадаркі, — канстатуе намеснік дзяржкамітэта па маёмасці РБ Мікалай Бобер. — Законапраект аб унясенні змяненняў у Кодэкс аб зямлі накіраваны на комплекснае ўдасканаленне рэгулявання зямельных адносінаў. Паступае шмат зваротаў ад грамадзян, звязаных з урэгуляваннем зямельных адносінаў, і ў значнай ступені яны датычацца сельскіх населеных пунктаў. Людзі жадаюць, каб нормы заканадаўства адпавядалі новым павевам часу. 

Па новых нормах плошча зямельнага ўчастка будзе прапаноўвацца ў сельскіх населеных пунктах да 1 гектара. Для параўнання: сёння грамадзянам для пабудовы і абслугоўвання жылога дома выдзяляецца 25 сотак. Уступленне новага Кодэксу ў сілу дазволіць ім паўней рэалізоўваць свае правы на выкарыстанне зямлі.

Дакладчыкі казалі пра тое, што новы Кодэкс дапаможа навесці парадак ва ўсіх тых пытаннях, якія ўзнікалі ў сувязі з выдзяленнем участкаў. Прадпрыемствы і арганізацыі змогуць атрымаць дадатковыя ўчасткі пад сваё развіццё прасцей і хутчэй. 

Начальнік Бялыніцкага ДЭУ № 74 Андрэй Коласаў адзін з тых, хто з нецярпеннем чакае ўвядзення норм новага Кодэксу. Кажа, што раней, каб набыць зямлю, трэба было звяртацца на аўкцыён і праходзіць доўгатэрміновую працэдуру вырашэння пытання. Гэта магло расцягнуцца на гады, зараз, мяркуе, будзе нашмат хутчэй. Зямля прадпрыемству патрэбна для пашырэння базы і рэалізацыі новых высокатэхналагічных праектаў.

Новы Кодэкс дае таксама магчымасць без асаблівых складанасцяў разабрацца і з самавольным будаўніцтвам. Раней, каб захаваць пабудову, трэба было атрымаць дазвол Прэзідэнта. Цяпер гэта таксама вырашаецца на месцах. Наколькі гэта пытанне актуальна, сведчаць наступныя лічбы. У сваім дакладзе начальнік галоўнага ўпраўлення землеўпарадкавання Магілёўскага аблвыканкама Ірына Петручэня адзначыла, што на сённяшні дзень у Магілёўскай вобласці налічваецца 6,5 тысячы фактаў самавольнага будаўніцтва і незаконна занятых зямельных участкаў. І гэта пры тым, што інвентарызацыя праведзена пакуль толькі на 60%. 

— Новы Кодэкс дазволіць на месцах вырашаць шматлікія праблемы, — падкрэсліў старшыня Чавускага райсавета Анатоль Мацюлін. — Напрыклад, прасцей можна будзе даць участак пад усталяванне прыпыначнага пункта. Раней даходзіла да смешнага. Каб пасунуць гэты пункт умоўна на два метры ў бок, трэба было ўзгадненне з Мінскам. 

— На мой погляд, гэта мерапрыемства знакавае, — рэзюмавала старшыня Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Ірына Раінчык. — Для нас дэпутатаў базавага, пярвічнага, гарадскога, абласнога ўзроўню зямельнае пытанне вельмі важнае. Кодэкс распрацаваны з разуменнем тых зваротаў, якія паступаюць да нас на ўзроўні дэпутацкага корпуса, выканаўчай улады. За кожнай зямельнай спрэчкай стаіць пэўны чалавек, якому трэба дапамагчы, растлумачыць і аказаць садзейнічанне. І вельмі важна, каб пытанні зямельнага характару вырашаліся проста на месцах.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара, БелТА

Бялынічы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».