Вы тут

Як выгадна падаваць сябе ў кадры? Лайфхакі ад тэлевядучай Кацярыны Цішкевіч


Мы жывём у эпоху татальнага тэлебачання. Яно з намі паўсюль: у тэлевізарах, камп’ютарах, смартфонах. Нягледзячы на лёгкадаступнасць відэа, калі ўзнікае неабходнасць работы на камеру, чалавек перажывае моцны стрэс, як быццам ён у лесе нечакана сустрэўся з мядзведзем. Наступствамі такога стрэсу могуць быць скаванасць, трэмар, няправільнае дыханне, блукаючыя вочы і рукі, немагчымасць вымавіць нават слова. Так сабе карціна! А так хочацца быць свабоднымі, арганічнымі ў кадры і даносіць свае думкі лёгка і нетрывіяльна! Як гэтага дасягнуць? 


Па-першае, трэба разумець, што гледачы ўспрымаюць відэакантэнт, зыходзячы з 4 крытэрыяў: візуальны, аудыяльны, кантэкставы, эмацыянальны. 

Па-другое, каб быць гарманічнымі ў кадры, неабходна прааналізаваць збалансаванасць гэтых крытэрыяў, выявіць свае моцныя і слабыя бакі, папрацаваць над недахопамі са спецыялістам. 

Па-трэцяе, памятайце: калі вы сталі ў кадр, то павінны працаваць якасна. Матывуйце сябе на поспех, і ў вас абавязкова ўсё атрымаецца! А наш матэрыял у гэтым дапаможа.

1. Візуальны крытэрый

Аблічча і аддзенне. Што надзець і як выглядаць?

Выглядаць у кадры трэба ахайна. Тэлевізійны грым, прычоска і строй павінны адпавядаць фармату і мэце вашага выступлення. Згадзіцеся, афіцыйны каментарый на сур’ёзную тэму патрабуе пэўнай строгасці ў вонкавым выглядзе. Падрыхтуйцеся, каб не было адчування, што вас заспелі знянацку! 

Пастава. Як выгадна размясціцца ў кадры?

Калі ёсць магчымасць, запісвайце відэа стоячы. Так у вас будзе больш магчымасцяў рухацца, пераносіць вагу з адной нагі на другую, жэстыкуляваць. Можна працаваць у кадры і седзячы. Такая поза ідэальная для інтэрв’ю, калі суразмоўнікі размяшчаюцца насупраць адзін аднаго. Запісваць відэа, седзячы за сталом, не раю. Стол можа аказацца перашкодай, і паміж вамі і аўдыторыяй не атрымаецца паўнацэннага ўзаемадзеяння. 

Жэсты. Куды дзець рукі?

Блукаючыя рукі, рукі ў пазіцыі «бабуля вяжа», «ігра на баяне» ці пальцы, якія складваюцца ў ромб — гэтыя жэсты выдаюць чалавека, што моцна хвалюецца. Вы павінны разумець: хваляванне падчас работы ў кадры —нармальная рэакцыя арганізма на стрэс. Вы ж апынуліся ў нязвыклым становішчы, і арганізм такім чынам на гэта рэагуе. СВАЕ жэсты прыходзяць тады, калі вы максімальна расслабленыя. 

Як гэтага дасягнуць? Паспрабуйце практыкаванне «Расслабленне праз напружанне». Спачатку робім глыбокі ўдых, затрымліваем дыханне, напружваем усё цела ад макушкі да пятак, утрымліваем напружанне на працягу 10 секундаў. 2-3 падыходы, і вы адчуеце, як прыемнае цяпло разліваецца па вашым целе. Вы расслабляецеся. 

Візуальны кантакт. Куды глядзець і да каго звяртацца?

Аўдыё- і відэафармат складаныя тым, што немагчыма зразумець зваротную рэакцыю аўдыторыі, прааналізаваць яе і скарэкціраваць сваё маўленне. Каб аблегчыць становішча, паклічце на дапамогу «асабістага гледача». Знайсці яго проста: аўдыторыю ў некалькі мільёнаў патэнцыяльных гледачоў паменшыце да аднаго чалавека. Уявіце, што гэты чалавек — самы адданы ваш прыхільнік, які любіць вас безумоўна. Падчас відэазапісу ці эфіру звяртайцеся да яго. Глядзець пры гэтым неабходна ў вока камеры. Памятайце, зносіны пачынаюцца з кантакту вачыма. 

2. Аўдыяльны крытэрый

Мова і маўленне. Як даносіць інфармацыю?

Часта здараецца так, што нам не падабаецца, як мы гучым. Псіхалагічна давер выклікаюць нізкія галасы, добрая дыкцыя, інтанацыйна багатае маўленне. Калі ваша маўленне не адпавядае гэтым характарыстыкам, трэба заняцца пастаноўкай голасу. Пры дапамозе спецыяльных практыкаванняў можна дасягнуць выдатных вынікаў. Калі работа ў кадры здарылася знянацку, наступныя парады дапамогуць вам хутка падрыхтавацца да моўнай нагрузкі. 

  • Выконвайце галасавую дыету. Перад моўнай нагрузкай не ўжывайце арэхі, семачкі, шакалад і іншыя прысмакі. Раю адмовіцца таксама ад гарбаты, кавы і ліманаду. 
  • Піце ваду. За 1-1,5 гадзіны да моўнай нагрузкі выпіце 1-2 шклянкі чыстай негазаванай вады пакаёвай тэмпературы. Гэта дапаможа ўвільгатніць галасавыя звязкі. Размаўляць будзе лягчэй!

Зрабіце артыкуляцыйную гімнастыку. 

  • На працягу 1 хвіліны ў хуткім тэмпе вымаўляйце склад «ЛА». Пры гэтым рот павінен быць адкрыты, а сківіца — нерухомай. Так вы разамняце язык. 
  • На працягу 1 хвіліны ў хуткім тэмпе вымаўляйце склад «БА». Так вы разамняце сківіцу. 
  • На працягу 1 хвіліны папераменна складвайце вусны ў трубачку, а затым расцягвайце ва ўсмешку. Вымаўляць словы стане прасцей.
  • На працягу 1 хвіліны папераменна надзімайце то адну, то другую шчаку. Так вы расслабіце мышцы твару. 

Разагрэйце рэзанатары.

Зрабіце ўдых, а на выдыху вымаўляйце слова «ХАМММ». Цягніце літару «М», наколькі хопіць выдыху. Ваш голас «прачнецца» і загучыць аб’ёмна.

3. Кантэкставы крытэрый

Што казаць? Адказ на дадзенае пытанне, безумоўна, залежыць ад жанру і мэты вашага выступлення. Пачынаючы падрыхтоўку да здымак, адкажыце сабе на некалькі простых пытанняў:

  • Хто ваша аўдыторыя?
  • Што вы будзеце ёй расказваць?
  • Навошта аўдыторыі ваша інфармацыя?
  • Якімі словамі будзеце карыстацца?

Адмоўцеся ад штампаў, канцэлярызмаў. Зрабіце вашу мову максімальна простай для гледача. Абавязкова правядзіце рэпетыцыю вашага выступлення напярэдадні таго, як стаць перад камерай. 

4. Эмацыянальны крытэрый

Які настрой вы падорыце сваім гледачам? Невялікі жарт, камплімент, падвядзенне вынікаў, заклік да пэўнага дзеяння... Завяршэнне вашага выступлення павінна адпавядаць фармату і мэце, якія былі абраны першапачаткова. Зможаце сфарміраваць добры настрой у вашых гледачоў — і прагляды, лайкі, каментарыі і іншыя больш значныя рэакцыі гарантаваныя. 

Фота з асабістага архіва Кацярыны Цішкевіч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.