Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Чаму воўк лёг на бабулю?»


Мы здымалі пакой у добрай жанчыны, звалі яе Алена Іванаўна. У яе было два сыны: цыбаты 14-гадовы Сярожа і малы Саша. У Сярожы часам ішла носам кроў, і, калі рэзка ўставаў з крэсла, мог страціць прытомнасць. Арганізм не спраўляўся з хуткім ростам хлопца. Вучобу ён ледзь-ледзь выцягваў на тройкі. Не дзіва пры такім стане здароўя.


Настаўнікі настойліва рэкамендавалі перавесці Сярожу ў школу для асаблівых дзяцей. Алена Іванаўна была катэгарычна супраць: «Я не магу пагадзіцца — гэта пазнака на ўсё жыццё. Звычайная школа — гэта як усе. Нават калі два гады ў адным класе праседзіць, як-небудзь здадзім экзамены».

Мы атрымалі сваю кватэру і пераехалі. Калі ў нас з’явіліся дзеці, таксама паўсталі праблемы. Старэйшая дачка ў тры гады ведала шмат вершаў і песенек. Малодшая, Танюша, ні ў тры гады, ані ў чатыры, ані ў пяць што-небудзь завучваць адмаўлялася наадрэз. Мне было не па сабе, бо я да школы вывучыла табліцу множання.

Ужывала я метад бізуна і перніка. Не дапамагло. Распавядала ёй казкі і купляла шакаладкі як стымул. «Танечка, паўтары: Мішка касалапы па лесе ідзе, — прасіла я. — Дам шакаладку». Ці то Танечка шакалад не любіла, ці то што, але яна толькі куксілася і маўчала. Чым больш я яе ўгаворвала, тым больш упарта яна маўчала.

Загадчыца садка прапанавала перавесці Танюшу ў спецыялізаваны садок, там маленькія групы, і з дзеткамі працуюць псіхолаг і лагапед. На сямейным савеце мы пагаравалі і вырашылі: «Калі так лепш для дзіцяці — перавядзем». З’ездзілі ў спецыялізаваны садок, пагаварылі. Нам далі накіраванне, яшчэ патрэбна была даведка ад псіхолага.

Завязаўшы дачцэ прыгожыя банцікі, мы паехалі ў паліклініку. Не магу перадаць, як балела душа. Перад кабінетам псіхолага сэрца сышло ў пяткі. Які вынесуць «вердыкт»? «Цётка будзе задаваць пытанні, адказвай старанна. Усё памятаеш? Колькі табе гадоў?» — вучыла я дачку ўсю дарогу ў паліклініку.

Сярод малюнкаў і цацак за сталом сядзела лекарка у белым халаце.

— Якія ў цябе прыгожыя банцікі, — пачала доктар гутарку з пахвалы. — Як цябе завуць?

Танечка нясмела назвала імя.

— А ты ведаеш казкі? — спытала псіхолаг.

Танечка маўчала.

— А ведаеш казку пра Чырвоную Шапачку?

Танечка кіўнула.

— Раскажы.

Танечка маўчала.

— Я табе дапамагу, — сказала псіхолаг. — Жыла-была маленькая дзяўчынка, звалі яе... Чырвоная...?

— Шапачка, — дадала Таня пасля паўзы і не міргаючы ўтаропілася на цётку.

— ... Па якой сцежцы яна пайшла да бабулі, калі несла піражкі, па доўгай або па кароткай?

— Па доўгай, — адказала Танечка.

Я падбадзёрылася. Танюша не распавядала казку, затое адказвала на пытанні.

— Па якой сцежцы ёй загадала ісці маці?

— Па кароткай.

— Каго яна сустрэла на доўгай сцежцы?

— Ваўка.

— Ён спытаў, куды Чырвоная Шапачка ідзе?

— Ага.

— Яна яму расказала пра піражкі і бабулю?

— Ага.

— І што зрабіў воўк?

Маўчанне. Казку з яе выціскалі. Адказы былі аднаскладовыя, але яна слухала 
ўважліва.

— Воўк пабег да бабулі?

— Ага.

— А калі дабег да дзвярэй, што зрабіў?

— Тузануў за вяровачку.

— Бабуля дазволіла яму ўвайсці?

— Ага.

— І што зрабіў воўк?

— Лёг на бабулю.

Фінал казкі быў нечаканым для мяне і псіхолага. Мы здзіўлена пераглянуліся. Я насцярожылася. Дзе яна такое магла пачуць?

— І што? — асцярожна спытала псіхолаг пасля паўзы. Мы замерлі ў чаканні. «Божа, дзе яна магла такое пачуць? Цяпер абавязкова што-небудзь ляпне», — я са страхам чакала адказу.

— І з’еў, — проста адказала Танечка. Псіхолаг і я ўздыхнулі з палёгкай.

— Ну, паходзіце ў спецыялізаваны садок, — псіхолаг працягнула накіраванне з відавочным сумневам у голасе. Напэўна, у мяне быў вельмі засмучаны выгляд, таму што яна дадала: — Гэта не прысуд. Падцягнецца, а там будзем глядзець, у якую школу вызначаць.

На наступную раніцу я паразмаўляла з выхавальніцай дзіцячага садка. «На пытанне, што зрабіў воўк у доміку бабулі, Танечка адказала: “Лёг на бабулю”. Дзе яна магла такое пачуць?»

Калі я забірала дзіця з садка, выхавальніца сказала: «Мы яшчэ раз паглядзелі сёння мульцік “Чырвоная Шапачка”. Калі воўк адкрывае дзверы, ён адразу скача на ложак да бабулі. Магчыма, Танечка зразумела гэта так, што ён лёг на бабулю».

Я паехала да Алены Іванаўны параіцца. Сярожа ўжо скончыў вучылішча і працаваў на заводзе. «Не ведаю, што рабіць, — сказала я. — Вось такая сітуацыя». «Не пераходзьце нiкуды, — параіла яна. — Ёсць дзеці, якія проста не хочуць паўтараць. У школу пойдзе, пабачыце».

Таня так і не вывучыла да школы ніводнага верша. А потым пайшла ў школу і вучылася, як усе, нават была выдатніцай. Скончыла ўніверсітэт, потым аспірантуру, а цяпер яна прафесар. Хіба маглі мы падумаць, што наша Таня стане прафесарам? Да гэтага часу мы жартуем з дачкой: «Чаму воўк лёг на бабулю?»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.