Вы тут

Узнёслы Купала і глыбіня філасофіі Коласа


Святкаванне юбілею, 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, працягваецца. Так у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пачала працу выстава «Песняры зямлі беларускай». Творчая спадчына класікаў прадстаўлена іх кнігамі, арыгіналамі ілюстрацый да твораў, а таксама ўласнымі рэчамі і дакументамі паэтаў. У экспазіцыю ўвайшлі і прыжыццёвыя выданні Купалы і Коласа, а таксама такія выданні, як персанальная энцыклапедыя «Слоўнік мовы Янкі Купалы», «Тлумачальны слоўнік адметнай лексікі ў творах Якуба Коласа» і многія іншыя. Мастацкая частка выставы складаецца з ілюстрацый Георгія Паплаўскага, Барыса Заборава і Васіля Шаранговіча. Для стварэння экспазіцыі былі задзейнічаны фонды Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.


Выставы, прысвечаныя Янку Купале і Якубу Коласу ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ўжо сталі традыцыйнай падзеяй. Але як распавяла генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксана Кніжнікава, у юбілейны год арганізатары вырашылі раскрыць асобы пісьменнікаў не толькі праз кніжныя выданні, але і дадалі ў экспазіцыю архіўныя матэрыялы ды ўласныя рэчы класікаў: 

— Выстава ўмоўна падзяляецца на некалькі сэнсавых блокаў. Пачынаецца экспазіцыя з Янкі Купалы, далей прадстаўлены рэчы Якуба Коласа і ілюстрацыі мастакоў. Але на гэтым нашая выстава не сканчваецца. У Музеі кнігі мы выставілі выданні з калекцыі, якая належала Янку Купале. 

Падчас мерапрыемства дырэктар музея Янкі Купалы Ганна Галінская адзначыла, што ў Год гістарычнай памяці 140-годдзе з дня нараджэння паэта з’яўляецца найважнейшай датай. Сімвалічна, што адна з выстаў, прысвечаная гэтай падзеі, праводзіцца менавіта ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Вялікае імкненне Янкі Купалы да кніг убачыў яго настаўнік Мікалай Турчановіч — ён дазволіў будучаму класіку самастойна карыстацца ягонай бібліятэкай, кнігі цалкам захапілі душу юнака. Гэты момант і вырашыў лёс паэта. 

У сваю чаргу Васіліна Міцкевіч, галоўны захавальнік фондаў музея Якуба Коласа, праўнучка паэта, звярнула ўвагу на тое, што ў юбілейны год да святкавання далучаюцца самыя розныя ўстановы па ўсёй Рэспубліцы Беларусь:

— Лічу, што праекты, якія аб’ядноўваюць розныя ўстановы, атрымліваюцца асабліва значнымі. У іх уключаюцца не толькі новыя людзі і матэрыялы, але і па-новаму адлюстроўваецца жыццё і творчасць нашых паэтаў. Я была ўражана тымі матэрыяламі, якія прадстаўлены на выставе «Песняры зямлі беларускай». Напрыклад, кнігамі з асабістай бібліятэкі Янкі Купалы — гэта сапраўдны скарб нашай краіны. Нажаль, даваенная бібліятэка Якуба Коласа не захавалася. Але наш музей захоўвае пасляваенную бібліятэку пісьменніка, у якую ўваходзіць каля 1000 выданняў, некаторых з іх няма нават у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. 

Адметнасцю выставы сталі і графічныя работы народных мастакоў Беларусі. Гісторыя беларускай кнігі заўжды была спалучана з ілюстрацыяй, адзначыла Наталля Шаранговіч, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў:

— Менавіта далучэнне да класікі Купалы і Коласа дазваляла беларускім мастакам усіх пакаленняў гаварыць пра любоў да Беларусі. На гэтай выставе мне было вельмі прыемна зноў сутыкнуцца з работамі майго бацькі — Васіля Шаранговіча. Для яго творчасць Купалы была чымсьці ўзнёслым — палёт думкі і душы. І вось гэты палёт ён паспрабаваў выказаць у сваіх літаграфіях да знакамітых паэм Янкі Купалы. А да Якуба Коласа ён прыйшоў нашмат пазней, ўжо ў сталым узросце. Для таго, каб зразумець філасофію і глыбіню творчасці класіка, яму спатрэбілася шмат гадоў. Мяркую, калі вы падыйдзеце да выстаўленых работ, угледзіцеся ў вобразы, твары, мізансцэны і дробязі, адчуеце, што нашы беларускія мастакі праз творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа хацелі нам сказаць: «Давайце любіць нашу радзіму — заўжды, паўсюль і напрацягу ўсяго жыцця». 

Арына КАРПОВІЧ
Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?