Вы тут

Што забрала вайна ў паэта Марка Смагаровіча


Імя Марка Смагаровіча не так і шмат гаворыць сённяшнім чытачам. Аднак без яго паэзіі ўяўленне аб тэме Вялікай Айчыннай вайны ў беларускай літаратуры будзе няпоўнае. Калі ж перачытваеш старонкі напісанага ім, адразу запыняеш увагу на вершы «Фотакартка». Канешне, пры жаданні можна было б знайсці і больш арыгінальную назву. Але ці ў назве справа? Хіба мала твораў — яны з’яўляліся раней, пішуцца і цяпер, у якіх калі што і прываблівае, то хіба кідкі загаловак. Сваіх жа думак не выказваецца, а пачуцці і перажыванні лірычнага героя — надуманыя.


У Марка Смагаровіча ж — нічога, узятага напавер. Ён не спрабаваў падавацца ў чымсьці лепшым, патрафіць чытачу, не станавіўся ў позу праўдалюбца, які заўсёды ўпэўнены, што толькі адзін ён жыве правільна, астатнія павінны браць з яго прыклад. Ён напісаў пра тое, што стала часткай не яго біяграфіі:

Я ў кажушку, як сноп. Прасвет паляны.
Трафейны аўтамат наперавес.
Перад паходам кураць партызаны,
Нахмурыўся суровы грозны лес.

Звычайна ўсё і проста... Проста, як само жыццё. Як паўсядзённыя будні партызан. Прынамсі, так яны ўспрымаліся шаснаццацігадовымі юнакамі, а менавіта ў такім узросце ён і пайшоў змагацца з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 

Учарашняе ўсё гэта. Тое, што адбывалася дзесяцігоддзі назад і ў той жа час засталося назаўсёды з намі. Жыло ў памяці саміх удзельнікаў векапомных падзей і застаецца ў памяці тых нямногіх, хто яшчэ жывы. Паўстае на пажоўклых ад часу здымках. Аднак мінулае не толькі ўладна нагадвае, але і патрабуе да сябе ўвагі. Тым самым звычайная неабходнасць чалавека не забываць колішнія дарогі асацыіруецца з памяццю як катэгорыяй і сацыяльнай, і маральнай. Як не зразумець пачуццё чалавека, для якога ўсё, захаванае на фотакартцы, частка яго ўласнай біяграфіі. Ды такой, якой нельга не ганарыцца:

Я закрычу ад радасці: героі!
Руку пацісну кожнаму дружку...
Між партызан —
былых сяброў па зброі —
Стаіць маё юнацтва ў кажушку.

На жаль, паціскаў руку кожнаму з баявых сяброў нядоўга. Вайна хоць і не забрала ў яго жыццё, але прынесла страшнае гора. Тады яшчэ, калі жыццёвыя прасцягі толькі адкрываліся. Верылася ў хуткую перамогу над лютым ворагам, у тое, што ў далейшым усё адбудзецца як нельга лепш. А тут...

Прашу не залічваць мяне у калекі,
Хоць я і калека з калек,
Бо рукі, як двух дарагіх чалавекаў,
Вайна адабрала навек.

Яго жыццё, яго вайна, як, бадай, у нямногіх паэтаў, прачытваецца ў шмат якіх творах. Паўстае падрабязна, часам, магчыма, і завельмі, таму што гэта пачынала шкодзіць паэтычнаму радку, надавала яму пэўную празаічнасць. Шматслоўнасць замяняла вобразную напоўненасць. Але не пра гэта думалася, калі нема крычала перажытае. Разумеў, што знойдуцца ахвотныя папракнуць, што часам забывае пра майстэрства. А ён быў упэўнены, перакананы і ў іншым. Больш знойдзецца тых, хто не папракаць стане, выказваць пажаданні. Упэўняцца, што інакш пісаць не можа.

Нарэшце, не ўсім аднолькавы талент, а ён, як мяркуюць, — рэч пастаянная. Кожны валодае ім, наколькі Богам дадзена. Безумоўна, з гадамі прыходзіць удасканальванне. Ды ўсё адно мастакоўская планка трымаецца на той вышыні, што адпавядае табе. Ды і быў перакананы, што развітвацца з вайной не мае маральнага права. І перад памяццю загінулых сяброў, і перад уласнай памяццю таксама. Таму так часта, падрабязна і мэтанакіравана асэнсоўваў уласна перажытае, свой лёс. А яго лёс дапамагае прыгледзецца і да лёсу ўсяго пакалення, якому належаў.

У самым пачатку вайны падлеткам стаў байцом партызанскага атрада імя Чапаева. Трагедыю перажыў ужо тады, калі немцы адправілі яго бацькоў у канцлагер. Дарэчы, адтуль яны не вярнуліся.

Шмат што пра падзеі акупацыі прачытваецца ў яго творчасці. Найбольш аўтабіяграфічная паэма — «Крутыя перавалы». Аднак ёсць у ёй і позірк на падзеі больш даўнія, чым барацьба з фашызмам. Не абмінуў і гадоў калектывізацыі. Згадаў свайго бацьку, след у жыцці якога таксама пакінула вайна: «Кашляў стары, // Кожным разам // Напамінаў гэтым мне, // Што ён атручаны газам // Быў на германскай вайне». Хоць, трэба быць справядлівым, тыя змены, што адбываліся ў вёсцы, часам падаюцца занадта хрэстаматыйна. Яшчэ горш, калі месцамі прысутнічае звычайнае рыфмаванне.

Аднак пра гэтыя недагляды забываеш, калі гаворка датычыцца Вялікай Айчыннай вайны, і асабліва ўласнага лёсу. Усё перададзена з такім даверам, што выклікае павагу і да самога паэта, і да юнакоў яго пакалення. Нават з’яўляецца адчуванне, што гэта напісана не праз шмат гадоў пасля падзей, аб якіх апавядаецца.

Марку Смагаровічу не было неабходнасці ўжывацца ў вобразы, яны з’яўляліся самі, бо жылі ў яго нядаўняй памяці, узятыя з партызанскай перадавой. Як гэтае бачанне і ўспрыманне бою: «На шматкі цемру ночы рвуць успышкі стральбы». А як дакладна ўзноўлены сам характар усенароднай барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Усё паказана ў найлепшых фальклорных традыцыях, калі чалавек і прырода, паяднаныя ва ўсведамленні страшнай бяды, гатовы сумесна даваць адпор чужынцам.

У паэме нямала адведзена месца і таму жудаснаму і недарэчнаму выпадку, які перакрэсліў яго жыццё, надаў яму чорную афарбоўку. Правільней, не столькі гэтаму выпадку, колькі таму, што было за ім. Жаданне абяззброіць фашысцкую міну, якую знайшлі хлапчукі, абярнулася трагедыяй:

У рукі ўзяў змяю фашысцкай маркі,
Вось хутка джала — капсуль адкручу...
Ды раптам бляск, нібы маланка, яркі.
І пацямнела мігам уваччу.

Пасля... Цяжка пра гэта чытаць:

...Нылі крывавыя раны,
Губы шапталі: — Вады...
Чуліся мыліцаў стукі,
Гучна, нібы гром званоў,
Голас бубухкаў — Бязрукі
З ложка зваліўся зноў!

Праўдзіва, псіхалагічна выразна перадае Марк Смагаровіч сваё вяртанне да жыцця. Лірычны герой — ужо не толькі сам аўтар паэмы, але і збіральны вобраз пакутніка, які знаходзіць моц перасіліць немач. Гэта чалавек, якому цяжка, невыносна балюча і пакутліва, але ён працягвае змагацца з нямогласцю. З трагічным абставінамі, што перайначылі яго лёс. І ўзвышаецца над імі, каб, нягледзячы ні на што, працягваць жыць. 

Падобныя матывы — па сутнасці пераадольвання сябе ранейшага ў сабе сённяшнім — гучаць і ў асобных вершах, якія ўспрымаюцца дапаўненнем да паэмы. Не так важна, калі пісаліся яны — дагэтуль ці пасля з’яўлення яе. Галоўнае — блізкасць перажыванняў і адчуванняў лірычнага героя, якому трагічны выпадак вынес суровы прысуд. Страшным для яго было і тое, што з гэтым прысудам лёсу яму пагаджаліся нават некаторыя небаракі на бальнічным ложку, бо лічылі, што самі знаходзяцца ў менш драматычным становішчы.
Не выжыў, а выстаяў, не здаўся. Знаходзячыся з 1945 да 1952 года ў Бабруйскім доме інвалідаў, завяршыў навучанне ў сярэдняй школе. Некаторы час жыў у Астрашыцкім Гарадку, у 1964-м пераехаў у Мінск. На гэты час ужо засведчыў аб сабе ў літаратуры. З першым вершам выступіў у 1945 годзе ў бабруйскай абласной газеце. З 1951-га друкаваўся ў «Літаратуры і мастацтве», іншых рэспубліканскіх выданнях.

Яшчэ больш паверыў у сябе, калі выйшла першая кніга «Мой таварыш» (1955). У друку сустрэта прыхільна, што, у прыватнасці, засведчыла рэцэнзія Анатоля Вялюгіна, змешчаная 19 лістапада 1955 года ў «ЛіМе». Пачуць ад аднаго з найлепшых знаўцаў паэзіі, што аўтар дэбютнай кнігі знаходзіцца «перад яснай дарогай», а менавіта так Анатоль Сцяпанавіч назваў свой водгук, было надта прыемна. А што ў паэзіі чалавек невыпадковы, засведчыў сваімі кнігамі. Падахвоціўся пісаць і для дзяцей. Паспрабаваў творчыя сілы і ў галіне сатыры і гумару, трапіўшы на старонкі калектыўнага зборніка «Са свайго пункту гледжання» (1966). Не кажучы аб публікацыях у перыёдыцы.

Асноўнай тэмай у творчасці заставалася Вялікая Айчынная вайна, памяць аб ёй. Гэта, аднак, не значыць, што абмяжоўваўся ёю. Як і іншыя паэты, выдатна апяваў хараство наваколля, роднага сэрцу Палесся. Мілагучна пісаў пра каханне і сяброўства. Ашчадны ў выяўленчых сродках, разам з тым знаходзіў вобразы, якія гучалі свежа і непаўторна. Узяць хоць гэтыя: «Край песень і паэм Купалы, // Азёр і неба сінявы, // Ты расцягнуў баянам шпалы // Ажно да самае Масквы». Ці «прамень нібы ручнік, чало Зямлі працёр».
Умеў па-сапраўднаму цаніць жыццё, як і кожны, хто адваяваў яго ў смерці. Умеў і радавацца яму гэтаксама адкрыта і непасрэдна, па-маладому бадзёра.

Як не радавацца было, калі адчуваў сябе патрэбным людзям. Як сказаў у адным з вершаў, прысвечаным памяці свайго баявога таварыша Грышы Мароза, «вайна ў нас маладосць забрала і старасці нам не дала». Кажучы словамі Максіма Багдановіча, быў не самотны. У 1994 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусціла томік яго выбраных вершаў і паэм «Далоні Радзімы». Калі памёр, дакладна невядома. Хоць правільным будзе сказаць, што паэты ніколі не паміраюць. Абавязкова знойдзецца той, хто захоча пазнаёміцца з яго творчасцю. Ёсць ахвотныя далучыцца і да напісанага Маркам Станіслававічам. Як і да аднаго з тых, хто ішоў у шэрагу барацьбітоў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Язэп ЛІТВІНОВІЧ

Фота з фондаў Беларускага
дзяржаўнага архіва-музея
літаратуры і мастацтва
Марк Смагаровіч, 1975 г.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».