Вы тут

Доблеснае лета, або Як правесці школьныя канікулы з карысцю


Другі год запар пасля непрацяглага перапынку на базе вайсковай часці 3214 унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў функцыянуе кругласутачны ваенна-патрыятычны лагер «Доблесць». На працягу дзевяці дзён школьнікі пераймаюць вопыт старэйшых настаўнікаў: займаюцца страявой, збіраюць і разбіраюць зброю, адпрацоўваюць сілавыя прыёмы, вучацца арыентавацца на мясцовасці... Зніжку на ўзрост, вядома, ім робяць. У астатнім — усё як у арміі. Дарэчы, самаму юнаму выхаванцу лагера — усяго сем гадоў.


Ахвотных шмат

На тэрыторыі воінскага злучэння сфарміравана першая змена ваенна-патрыятычнага лагера. Плануецца, што за перыяд летніх канікул «Доблесць» арганізуе адпачынак для шасці змен, куды ўвойдуць школьнікі з усіх раёнаў сталіцы. Праўда, адпачыць фізічна наўрад ці атрымаецца: штодзень выхаванцы вывучаюць прадметы баявой падрыхтоўкі падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння, практыкуюцца ў аказанні ваенна-медыцынскай дапамогі, асвойваюць навыкі стральбы са страйкбольнай, пнеўматычнай і агнястрэльнай зброі. Рэгулярна праходзяць заняткі і па асновах бяспекі жыццядзейнасці: падрастаючае пакаленне павінна разумець, як паводзіць сябе ў той ці іншай надзвычайнай сітуацыі. Акрамя таго, ёсць магчымасць пазнаёміцца з тэхнікай, якая стаіць на ўзбраенні вайсковай часці, паспрабаваць свае сілы ў рукапашным баі.

Узрост дзяцей, якія вырашылі такім чынам правесці частку летніх канікул, — з сямі да 14 гадоў. Трапіць у лагер можа кожны. Для гэтага напрыканцы года бацькам, якія жадаюць, каб іх дзеці яго наведвалі, трэба напісаць заяву ў школе, дашкольнай установе адукацыі. У выніку адбываецца размеркаванне. На дадзены момант усе шэсць змен, якія запланаваны, ужо распісаны. Праводзіцца на тэрыторыі часці яны будуць ажно да 30 жніўня ўключна.

— Ахвотных шмат, — адзначае камандзір узвода ваенна-патрыятычнага лагера капітан Яўген
ГАЛАЎКО.
 — Для дзяцей адпачынак у падобнага роду лагерах патрэбны. З нашага боку важна зрабіць усё для таго, каб дзецям было цікава. Думаю, гэта атрымліваецца: многія з дзяцей пасля заканчэння змены не хочуць вяртацца дадому, просяць застацца тут, запісваюцца на другую, на трэцюю змены.

І гэта нягледзячы на тое, што хлопчыкі ў лагеры знаходзяцца кругласутачна. Дзяўчынкі начуюць дома. Раніцай бацькі іх прыводзяць, а ўвечары забіраюць дадому.

Адчуць сябе абаронцам

Лета — выдатная пара. А лета, праведзенае з карысцю, застаецца ў памяці надоўга. Выхаванцам лагера няма калі сумаваць. Ваенна-патрыятычны лагер — гэта добрая магчымасць для школьнікаў адчуць на сабе жыццё і побыт абаронцаў Айчыны. Усяго за некалькі дзён хлопцы і дзяўчаты асвоілі страявы крок, збудавалі найпрасцейшыя схованкі, вывучылі спосабы аказання першай дапамогі пры раненні... Паспелі наведаць музей унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь і пазмагацца ў Клубе вясёлых і знаходлівых.

Кожны дзень у лагеры не падобны на папярэдні. Калі ў «Доблесці» знаходзіліся карэспандэнты «Звязды», для выхаванцаў была арганізавана ваенізаваная міні-эстафета «Зарніца». Акрамя таго, дзеці патрэніраваліся ва ўстаноўцы турыстычных палатак, у развядзенні вогнішча без выкарыстання запальніц і запалак. Таксама школьнікі вучыліся арыентавацца на мясцовасці, шукалі схаваныя ад іх сакрэтныя прадметы. І ўжо не першы раз прыгатавалі ежу на вогнішчы, смачна паелі. Пасля сытнага абеду выхаванцы роўным строем пайшлі ў размяшчэнне, дзе кожнаму з іх вызначана месца для сну.

Два лепшыя сябры Кірыл Юцаў і Яраслаў Каза вельмі задаволены тым, як праходзіць іх лета. Бацькі хлопчыкаў таксама сябруюць. Кірыл ужо год наведвае ваенна-патрыятычны клуб «Рысь». Даведаўшыся, што на базе воінскага злучэння адкрываецца летні лагер, вельмі ўзрадаваўся. Правесці канікулы з карысцю прапанаваў і свайму сябру.

Яраслаў прызнаецца, што першапачаткова не вельмі хацеў ісці ў лагер, але ўжо з першых гадзін, праведзеных тут, ніколькі аб гэтым не пашкадаваў. «Мне ўсё тут падабаецца, — кажа школьнік. — Хачу навучыцца навыкам рукапашнага бою і асвоіць стральбу са зброі».

— Абавязкова буду дапамагаць свайму сябру, бо я ўжо шмат ведаю пра вайсковую службу, — далучаецца да размовы Кірыл. — Распавяду Яраславу пра ўсе званні, навучу, як правільна аддаваць воінскае прывітанне. Наогул, мы яшчэ з зімы чакалі гэтай змены. У лагеры «Доблесць» нас вучаць вайсковай справе. Мы ўжо ўмеем ставіць палаткі, страляць са страйкбольнай зброі, з паветраных вінтовак — халастымі патронамі, вядома. Акрамя гэтага, нас навучылі страявой падрыхтоўцы. Цяпер мы ведаем, як правільна засцілаць армейскі ложак, даведаліся, які парадак павінен быць у салдата. Мне тут вельмі падабаецца, хлопцы дружныя. За гэтыя дзевяць дзён я адчуў сябе сапраўдным абаронцам Айчыны.

Лагер як маленькае жыццё

Пяцікласніца Зарына Валуевіч у падобным лагеры ўпершыню. Дзяўчынцы тут вельмі падабаецца. «Асабліва запомніліся заняткі па стральбе, скалалазанні, — кажа школьніца. — Таксама нас водзяць на розныя экскурсіі. У лесе мы разводзім вогнішчы, ставім палаткі, рыхтуем ежу. Нас тут вучаць вольнай барацьбе і медыцыне. Калі нешта не атрымліваецца, хлопцы дапамагаюць — яны ў нас самыя дружныя і добрыя».

— У лагеры нас шмат чаму навучылі, — расказвае Яфім Іванец, які толькі пойдзе ў першы клас. — Асабліва ўразіла стральба з сапраўдных аўтаматаў. Мы хадзілі ў лес, наведвалі вяровачны гарадок, удзельнічалі ў конкурсах, гулялі ў «кракадзіла» і ў «самы спрытны», спявалі розныя песні, танцавалі, хадзілі ў музей. А яшчэ нас навучылі адціскацца на кулачках і пакаталі на сапраўдным бронемабілі! Мне ўсё падабаецца, тут крута! Я набыў шмат сяброў. Сюды прыйшлі і тыя сябры, з якімі я быў у мінулым лагеры. Я ўжо не першы раз тут. У гэты нават яшчэ больш цікава.

Лагер — гэта маленькае жыццё. Незабыўныя ўражанні і прыгоды, новыя сябры і цікавыя падзеі — вось тое, што хлопцы і дзяўчаты атрымалі тут усяго за некалькі дзён. За кароткі час школьнікі пазнаёміліся з армейскім жыццём, набылі карысныя ваенна-прафесійныя навыкі і, магчыма, захочуць у будучыні звязаць сваё жыццё са службай ва ўнутраных войсках. Ім тут, несумненна, будуць рады.

Усяго падчас летніх канікул ва ўнутраных войсках арганізавана 20 ваенна-патрыятычных лагераў, з іх — 14 кругласутачнага знаходжання. Больш як 700 хлопчыкаў і дзяўчынак, акрамя пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, будуць займацца ідэалагічнай, фізічнай, медыцынскай падрыхтоўкай, наведаюць мноства экскурсій і канцэртаў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Шалі — прыемныя навіны, леў — добрыя справы. Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалі — прыемныя навіны, леў — добрыя справы. Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Авен. Панядзелак прынясе вам рамантычны настрой, хаця трэба працаваць

Калейдаскоп

Што вы ведаеце пра беларускае жніво? «Ураджайны» тэст

Што вы ведаеце пра беларускае жніво? «Ураджайны» тэст

Надышоў жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час.