Вы тут

Трэнды вясельнай моды — 2022


Лета — час вяселляў, і нават калі цёплы сезон не заўсёды радуе цяплом, вышэйназванае правіла гэта не мяняе. Як і любыя складаныя часы не адмяняюць таго, што нявеста ў гэты важны дзень хоча быць самай прыгожай і стыльнай. А значыць, час пагаварыць аб вясельных тэндэнцыях моды-2022.


Мы прывыклі да таго, што вясельная мода кансерватыўная. Але сёлета дакладным трапленнем у трэнд будзе яркая індывідуальнасць. А адзінага, так бы мовіць, «кананізаванага» моднымі дамамі трэнду (як гэта бывала раней) папросту няма.

— Сёння вяселле прынята ўспрымаць ужо не проста як урачыстае мерапрыемства — нейкую асобную падзею ў жыцці маладой пары, — адзначае вясельны стыліст Ірына Канапелька. — Гэта працяг гісторыі кахання, няхай важны, але ўсяго толькі этап яе развіцця. І канцэпцыя ўрачыстасці гэта падкрэслівае. Любімыя стравы маладых у меню свята, значныя для гісторыі кахання музычныя кампазіцыі ў плэй-лісце, адсылкі да хобі і захапленняў нявесты і жаніха — усё гэта дапамагае гасцям больш даведацца аб пары. Маладыя нібы распавядаюць аб сабе тым, хто прыйшоў іх павіншаваць. І на гэтую ідэю павінны працаваць вясельныя вобразы нявесты і жаніха. Выпадковых элементаў ні ў сцэнарыі свята, ні ў вобразах маладых быць не павінна.

І ўсё ж нейкія сілуэты мільгаюць у калекцыях вясельнай моды часцей за іншыя. Пра іх і пагаворым.

Міні, плісіроўка і ззянне

Напрыклад, у трэндзе — даўжыня міні. Смелыя кароткія вясельныя сукенкі падыдуць, відавочна, не ўсім — тут усё залежыць ад стройнасці ног. Калі нявеста ў гэтым недастаткова ўпэўненая, актуальныя доўгія сукенкі з асіметрычным выразам.

Безумоўным трэндам вясельнай моды гэтым летам стала плісіроўка. Прычым гаворка не толькі пра спадніцы. Актуальныя, напрыклад, гафрыраваныя, элегантна спадаючыя рукавы і гафрыраваныя элементы дэкору залы і святочнага стала.

Чакана актуальнае ззянне (калі стылісты рэкамендуюць упісваць бліскучыя рэчы ў паўсядзённыя вобразы, то на вяселле — сам бог загадаў). Бліскучую сукенку нявесты выбіраюць і як уласна шлюбную, і як другі ўбор, калі мяркуецца змена вобраза ўвечары або на другі дзень вяселля.

Цікавы свежы трэнд, што не паспеў надакучыць, — пер'е. У вясельных і вячэрніх вобразах галівудскіх дзіў і модных блогерак гэтая акцэнтная дэталь апошнім часам з'яўляецца рэгулярна. У больш «прыземленых» варыянтах — калі вы не інфлюэнсер і не зорка шоу-бізнесу — пер'е можна замяніць махрамі: іх лягчэй упісаць у нейкі зразумелы вобраз. Напрыклад, у стылі боха і нават у стылі мінімалізм. Які, дарэчы, цяпер на піку вясельнай моды — у гэтай сувязі як ніколі актуальныя гладкія шаўковыя вясельныя сукенкі, зманліва простыя і шляхетныя.

Дробязяў не бывае

У новым сезоне галоўная ўвага ў вобразе нявесты — зусім не сукенцы. Акцэнт — на аксесуары. Напрыклад, сонечныя акуляры: да нядаўняга часу ўявіць сабе нявесту ў сонечных акулярах было проста неймаверна, гэты аксесуар ніяк не ўпісваўся ў вясельны жаночы вобраз. Але мінулым летам менавіта сонечныя акуляры як частка жаночага вобраза сталі вясельным трэндам. А калі сёння вы набераце ў радку пошуку Google «акуляры нявесты», то ўбачыце цэлыя раздзелы ў інтэрнэт-крамах, прысвечаныя тэматычным вясельным сонечным акулярам. Таксама ў межах «акцэнту на акцэнты» ў вясельным вобразе — маленечкія белыя міні-сумачкі, буйныя завушніцы, вэлюм, банты, абадкі, дызайнерскія калготкі (яны таксама могуць стаць акцэнтам).

Дарэчы, пра завушніцы і калье: жэмчуг актуальны як ніколі. Так што можна надзець нітку жэмчугу, якой дапаўняла свой вясельны вобраз мама ці бабуля, і выглядаць суперактуальна. Праўда, у гэтым сезоне стылісты раяць спалучаць жамчужныя каралі з ланцужкамі і іншымі ўпрыгожваннямі, а не насіць іх «сола».

Яшчэ адзін трэнд, які вырас з «класікі жанру»: зноў жа ў мінулым годзе (у вясельнай модзе 2021 год быў багаты на трэнды) у вобраз нявесты вярнуліся пальчаткі — як доўгія, так і кароткія, празрыстыя і шчыльныя, белыя і — што цікава — каляровыя, як акцэнт.

Дарэчы, пра колер: туфлі ў вобразе нявесты даўно ўжо не абавязаны быць белымі. Крэмавыя, бэжавыя або нюдавыя — гэта зразумела і ўжо звыкла. Але сёння актуальныя яркія туфлі — ярка-пунсовыя ці, скажам, смарагдавыя. А то і залатыя або серабрыстыя, як страчаны туфлік Папялушкі.

А могуць быць на нагах у нявесты і зусім не туфлі. Тое, што ў якасці абутку нявеста можа выбраць кеды або грубыя чаравікі, ужо ні ў кога не выклікае здзіўлення — у 2020 і 2021 гадах так паступілі многія стыльныя дзяўчаты. Але сёння вясельная мода пайшла яшчэ далей. Цяпер шлюбную сукенку дапушчальна спалучаць з бацільёнамі і нават ботамі!

Акцэнт на ўнікальнасць

А наогул, у гэтым сезоне па вясельную сукенку неабавязкова ісці ў спецыялізаваны салон. Памятаеце, гадоў 20 і асабліва 30 таму ўсё да вяселля для нявесты (жаніхам у гэтым плане было прасцей) набывалася... скажам так, менавіта да вяселля і толькі да яго. Па сутнасці, на адзін раз. Наўрад ці нявеста, стаўшы жонкай, магла надзець шлюбную сукенку яшчэ раз — проста не было куды насіць гэтыя карункі, крыналіны і дэкальтэ. Заставалася толькі прадаць сукенку, як і аксесуары, напалову танней, чым куплялася.

Сёння ўсё па-іншаму: у трэндзе — дэмакратычнасць вясельнага вобраза і ўменне збіраць яго не толькі ў спецыялізаваных вясельных салонах, але і ў масмаркеце. Простую белую сукенку знаходзім, напрыклад, у Zara, белыя лодачкі — у шоу-руме мясцовага дызайнера, а ў салон адпраўляемся выключна па аксесуары. Або наадварот: менавіта вясельную сукенку з салона спалучаем з дэмакратычным абуткам з масмаркета.

І некалькі слоў аб прычосцы. Складаныя «пабудовы», высокія залітыя лакам начосы або ювелірнай працы локаны — выключна неактуальныя і наогул амаль што маветон. На піку папулярнасці — мінімалістычныя гладкія прычоскі і наогул прастата і элегантнасць сапраўдных лэдзі. Упрыгожваць прычоску рэкамендуецца пацеркамі і жэмчугам.

Не страціць дэталі

У мужчынскай вясельнай модзе ў апошнія гады таксама адбыўся пераварот.

— Многія жаніхі адмаўляюцца ад звыклых правілаў і выбіраюць стыль, які адлюстроўвае іх індывідуальнасць, — кажа Ірына Канапелька. — Традыцыйныя сінія і шэрыя колеры касцюма сёння саступаюць светлым адценням, а таксама актуальным у апошнія модныя сезоны ў стылі кэжуал пясочным і аліўкавым тонам. А ў цэлым у гэтым сезоне ў мужчынскім вясельным вобразе, як і ў вобразе нявесты, неверагодна важныя прадуманыя аксесуары.

Мужчынская мода ўсё ж больш кансерватыўная: традыцыйныя аксесуары жаніха — гальштук, нагрудная хустачка, бутаньерка. Выбар гальштука падпарадкоўваецца мноству законаў.

Гальштук + касцюм: улічваем фактуру тканіны, фасон і колер.

• Калі тканіна касцюма не аднатонная, гальштук патрэбны аднатонны.

• Калі касцюм цёмных тонаў, а кашуля светлая, гальштук выбіраем цёмны.

• Калі касцюм светлага колеру, гальштук таксама павінен быць светлым: блізкага тону або кантраснага.

• Па класічных канонах, гальштук павінен быць на тон святлейшы за касцюм, але на тон цямнейшы за кашулю.

• Для смокінгу (смокінгі, навеяныя стылем «Стары Галівуд», — адзін з трэндаў мужчынскай вясельнай моды-2022) неабходны гальштук-«бабачка».

Гальштук + целасклад: улічваем рост і вагу.

• Калі жаніх высокі і хударлявы, яму да твару будзе шырокі гальштук. Больш атлетычным візуальна яго зробіць гальштук у гарызантальную палоску або з буйным малюнкам.

• Калі жаніх невысокага росту і паўнаваты, зрокава стаць вышэйшым дапаможа гальштук у вертыкальную палоску або з дробным малюнкам.

• Невысокім і стройным падыдуць як гальштук з вертыкальнай палоскай, так і аднатонны.

• Буйнагабарытным мужчынам лепш выбраць шырокі гальштук з малюнкам — выразным, геаметрычным.

— А наогул, гальштук жаніха падбіраюць пад колер і стылістыку букета нявесты, — адзначае суразмоўца. — Калі ёсць бутаньерка, гальштук павінен спалучацца і з ёй па колеры. Для нагруднай кішэннай хусткі правіла тое ж. Нюанс: заціск для гальштука (калі такі маецца), не павінен быць бачны, калі пінжак зашпілены. Хустачка ў нагруднай кішэні спалучаецца толькі з доўгім гальштукам. Калі жаніх абраў гальштук-«бабачку», замяняем хустку на бутаньерку.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Здароўе

Асцярожна: ежа! Як папярэдзіць харчовыя атручэнні

Асцярожна: ежа! Як папярэдзіць харчовыя атручэнні

Як папярэдзіць харчовыя атручэнні.

Культура

След Рагнеды і два Менскі. Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю

След Рагнеды і два Менскі. Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю

 Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю.

Грамадства

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

У БДУ 82 % залічаных на першы курс набралі 300 балаў і больш.