Вы тут

Аляксандр Радзькоў: Аб людзях пісаць складана


На старонках «Звязды» вось ужо колькі часу друкуюцца ўрыўкі з кнігі «Рэктары», аўтар якой — вядомы грамадскі дзяяч, палітык, педагог, вучоны Аляксандр Радзькоў. На яго рахунку як навукоўца — мноства падручнікаў і дапаможнікаў па матэматыцы для ВНУ і школ. А кніга «Рэктары» — чацвёртая ў пісьменніцкай кар'еры, да гэтага пабачылі свет выданні «Дыскрэтны падыход да назірання жыцця», «Мой фізмат» і «Маленькія гісторыі вялікай сям'і». У мінулым годзе Аляксандр Міхайлавіч стаў лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі. Размова пра літаратуру з палітыкам, матэматыкам і літаратарам у адной асобе дае магчымасць для асабліва філасофскага ракурсу.


— Сёння ў свеце існуюць дзве супрацьлеглыя тэндэнцыі... З аднаго боку, людзі імкнуцца як мага хутчэй засвойваць інфармацыю, чытаць як мага больш паскорана, для чаго прапануюцца розныя курсы хуткачытання. З другога боку, усё большую папулярнасць набывае тэорыя маруднага чытання — калі мастацкі тэкст успрымаецца на глыбінных узроўнях, калі ацэньваецца стыль пісьменніка, аналізуюцца закладзеныя алюзіі і сэнсы... Існаванне дзвюх такіх тэндэнцый паралельна заканамернае? Якому чытанню вы аддаяце перавагу — хуткаснаму, маруднаму, геданістычнаму, аналітычнаму? І ці не страчана сёння большасцю культура чытання — калі чытач атрымлівае насалоду ад прыгажосці тэксту, ад стылю, ад асаблівай метафары?

— Кожны чалавек уладкоўваецца ў жыцці, знаходзіць сваё месца ў людской супольнасці ў адпаведнасці са сваімі жаданнямі і пад уплывам абставін, якія для яго склаліся. І тут шмат залежыць ад прыроджаных здольнасцяў, выхавання ў сям'і, навакольнага асяроддзя. У выніку ў кожнага чалавека складаецца свая траекторыя развіцця: школа, ПТВ, каледж, універсітэт, аспірантура. Адсюль працоўная прафесія, інжынерныя ці тэхналагічныя распрацоўкі, навучанне ці лячэнне людзей, мастацкая творчасць ці навуковыя пошукі. І на гэтым шляху чалавек набывае і ўдасканальвае свае навыкі чытання, у тым ліку мастацкай літаратуры.

Мой калега па Магілёўскім універсітэце, разумнік-фізік, дацэнт Віктар Іосіфавіч Веракса, з якім мы заўсёды абмяркоўвалі навінкі сучаснай мастацкай літаратуры, будучы ўжо ў сталым узросце, неяк сказаў:

— Раней я чытаў усё запар, потым стаў кнігі для чытання выбіраць, потым стаў чытаць толькі навуковую літаратуру па спецыяльнасці, потым чытаў толькі тое, што сам напісаў, а зараз увогуле нічога не чытаю!

На мой погляд, хуткасць чытання, глыбіня пранікнення ў напісанае, ступень аналізу аўтарскага тэксту шмат у чым залежыць ад мэт, з якімі чытач узяў у рукі кнігу, ад яго агульнай культуры і прафесійнай падрыхтоўкі, ад імгненных і стратэгічных жаданняў, ад спецыфікі самога гэтага выдання. Пры гэтым вольна ці мімаволі мы падвяргаемся ўплыву сучасных форм і метадаў падачы інфармацыі, у тым ліку мастацкіх вобразаў. Таму наўрад ці сучасны чытач у большасці сваёй будзе смакаваць, напрыклад, падрабязнае апісанне ў кнізе прыгажосці прыроды. Ён гэтыя карцінкі разгледзіць на экране камп'ютара ва ўсіх колерах і ў розных ракурсах. Але ж заўсёды знойдуцца аматары, няхай і нямногія, дадумаць успрыманне навакольнага свету разам з аўтарам кнігі, паглядзець на рэчаіснасць яго вачыма. І потым, філасофію падаючага восенню з дрэва лістка можна перадаць толькі друкаваным тэкстам, як гэта мог рабіць Канстанцін Паўстоўскі.

— Прачытала ў сучаснага філосафа Ена Багоста разважанні, што пісьменніцтва — адзіная форма навуковай прадукцыйнасці, бо кар'ерныя дасягненні навукоўца вымяраюцца колькасцю ягоных кніг і артыкулаў, але пры гэтым іх друкуюць і выдаюць не для таго, каб іх прачыталі, а таму, што іх напісалі. То-бок, яны застаюцца ў вузкім коле спецыялістаў. У той час як літаратура мастацкая ствараецца менавіта для чытача і яе каштоўнасць залежыць ад чытацкага рэзанансу, для пісьменніка важны найперш эстэтычны складнік. Вы — аўтар і навуковых тэкстаў, і літаратурных... У чым для вас розніца? І ці можа быць каштоўнай кніга, якая не мае чытача? І, наадварот, наколькі часта раскручаны бестселер не вытрымлівае праверкі чытацкім густам і часам?

— У чалавецтва ёсць тры спосабы спазнання навакольнага свету — навуковыя даследаванні, мастацкі вобраз і рэлігійная вера. Навука мае на ўвазе сістэмныя назіранні, эксперымент, матэматычнае абгрунтаванне, строгую логіку правіл атрымання вынікаў і высноў. Гэта ў большай ступені рацыянальны складнік спазнання. Але ёсць і ірацыянальны, у прыватнасці інтуітыўны, эмацыянальны. Вось гэты бок вывучэння рэчаіснасці шмат у чым забяспечваюць праз мастацкі вобраз мастакі, музыкі, пісьменнікі. А што мы пакуль не ў стане зразумець, прымаем на веру, адносім да кампетэнцыі Бога. Чытанне навуковай літаратуры патрабуе грунтоўнай спецыяльнай падрыхтоўкі. А падрыхтоўка да публікацыі навуковага артыкула ці манаграфіі — гэта таксама від навуковай працы. Трэба ж папярэдне сістэматызаваць атрыманыя падчас даследаванняў вынікі, выявіць тыя, якія прадстаўляюцца новымі, правільна іх выказаць. Таму любы вучоны абавязкова будзе і публікавацца, і вывучаць навуковую літаратуру. І тое, і іншае ўваходзіць і ў яго прафесійныя інтарэсы, і ў навуковы абавязак. Навукоўцаў у грамадстве не так ужо і шмат. Фанатычных вернікаў — таксама. Таму кола тых, хто стала і з непадробнай цікавасцю чытае навуковую і рэлігійную літаратуру, не такое ўжо і вялікае. А вось мастацкую літаратуру чытаюць усе! І хоць у ёй даследуюцца гэткія маштабныя праблемы і катэгорыі, як, напрыклад, вайна і мір, злачынства і пакаранне, каханне і нянавісць, рэвалюцыя і эвалюцыя, данскія казакі і палешукі, лаліты і абломавы, яны падаюцца вобразна, эмацыянальна, шмат у чым асобасна, таму шматлікіх чытачоў і захапляюць. Не ўсе навуковыя публікацыі прадстаўляюць перспектыўныя навуковыя напрамкі і прад'яўляюць прадукцыйныя вынікі, і не ўсе мастацкія кнігі становяцца бестселерамі. Але і тыя, і іншыя — вынікі творчага пошуку, чарговых спроб і памылак на шляху спазнання навакольнага свету. І гэтыя вынікі заўсёды будуць запатрабаваны, колькі б яны ні каштавалі.

— Постіндустрыяльная эпоха — гэта свет рэчаў... На жаль, рэч, дакладней, магчымасць валодаць ёю, з'яўляецца мэтай жыццядзейнасці чалавека эпохі спажывання. Больш за тое — існуюць філосафскія тэорыі, згодна з якімі рэч валодае свядомасцю, апелююць, зразумела, найперш да віртуальнага свету, штучнага інтэлекту. Як супрацьстаяць такому светапогляду? Як пераадолець у свеце навязлівай рэкламы «інстынкт спажыўца»? Супрацьстаяць уніфікацыі? І што такое ў вашае ацэнцы штучны інтэлект — ці сапраўды ён можа канкурыраваць з чалавекам? Ці кіраваць ім?

— Я б не стаў да філасофіі спажывецтва ставіцца вельмі адмоўна. Чалавек спажывае, каб жыць. І, жадаючы жыць як мага лепш, імкнецца знаходзіць прадукты, тавары і паслугі як мага больш якасныя. І ў гэтым яго цяжка абвінаваціць. Больш за тое, прыкметны рост магчымасцяў спажывання, як правіла, даваў і скачок у развіцці цывілізацыі. Напрыклад, пераход у старажытных людзей ад палявання і збіральніцтва да жывёлагадоўлі і земляробства стаў даваць запасы харчавання, якія дазволілі некаторым з іх заняцца асэнсаваннем навакольнага свету, закласці асновы філасофіі, матэматыкі, астраноміі, фізікі, геаграфіі, медыцыны. А жаданне спажываць як мага больш энергетычных рэсурсаў дало чалавецтву спачатку паравую машыну, потым электрычнасць і атамную энергію. Зразумела, што надмерны спажывецкі попыт прыводзіў і да негатыўных наступстваў — да рабскай працы, заваявання калоній, крывавых войнаў за прыродныя рэсурсы і рынкі збыту. Але і спажыванне станавілася з часам якасна іншым. З'яўляўся попыт на навуковыя дасягненні, на ўсё большую хуткасць перамяшчэння, на літаратуру, на мастацтва, на інфармацыю. І зноў жа ўсё адбывалася скачкападобна. Спачатку чалавецтва набывала новыя тавары і магчымасці, а потым пачынала ліхаманкава думаць, што з імі рабіць. І з'яўляліся праблемы: атамная бомба, кланаванне, фэйкавая інфармацыя. Штучнаму інтэлекту пакуль далёка да ўзроўню чалавечага мыслення, але яго з'яўленне — чарговы скачок у развіцці спажывецкага рынку, і як бы нам пастарацца ў гэтай справе пазбегнуць вялікіх праблем...

— У расійскага пісьменніка Аляксея Іванова яшчэ на золку інтэрнэтаўскай эпохі з'явіўся раман «Кам'юніці», у якім ён апісаў існаванне інтэрнэт-супольнасці як падзеленай на маленькія сегменты, у кожным такім сегменце — свой свет, у якім спажыўцы існуюць як у акварыуме, бо для іх падбіраюцца навіны згодна з іх запытам, укідваюцца каментарыі, якія ствараюць пэўную карціну... Наколькі свядомасць сучаснага чалавека дэфармаваная такім існаваннем? Як супрацьстаяць фэйкам і маніпуляцыі свядомасцю? І ці прысутнічаеце вы і вашы блізкія ў сацыяльных сетках? Можа, маеце свой блог?

— Людзі заўсёды дзяліліся на групы — па плямёнах, вёсках, княствах і краінах. Або па прафесіях, інтарэсах, захапленнях. Або па ідэалагічных поглядах, па веравызнанні. І знаходзілі, як паміж сабой мець зносіны — на сходках або семінарах, у царкве або ў тэатры, з дапамогай барабана там-там або лістоў, па тэлефоне або ў камп'ютарных сетках. Зносіны ўзбагачаюць, развіваюць інтэлект, падтрымліваюць цікавасць да жыцця. А каб не даць сябе падмануць, уцягнуць у непатрэбныя справы, не павесціся на хлуслівую інфармацыю, трэба думаць над сваімі ўчынкамі, навучыцца здабываць інфармацыю з розных крыніц і давяраць правераным людзям. Мяне так вучылі бацькі, школьныя настаўнікі і выкладчыкі ВНУ. Ды і жыццё вучыла, бывала, што і сурова. Мне, напрыклад, спачатку было непрыемна чытаць у сацыяльных сетках абразы ў свой адрас. Не крытыку, не пярэчанні, не абгрунтаванні нязгоды з маімі рашэннямі або доказамі, а проста лаянку. Думаў пры гэтым, як можна, не ведаючы чалавека, ананімна, за спінай абразіць яго, разумеючы, што не будзеш за гэта пакараны. Потым я перастаў на гэта зважаць. Такі блогер сам сябе высякаў, нават не разумеючы, што многія людзі ведаюць мяне асабіста, і я не зусім такі, якім ён мяне спрабуе ўявіць. Мае родныя і блізкія сябры свае блогі не вядуць, але ў сацыяльных сетках прысутнічаюць. Ім, як і мне, бліжэй непасрэдныя зносіны.

Аляксандр Радзькоў прэзентаваў у штаб-кватэры ФПБ свае кнігі.

— У вашай кнізе «Рэктары» вялікая ўвага ўдзяляецца ўменню наладзіць кантакт з падначаленымі, студэнтамі, чалавечнасці ў адносінах... Фактычна, гаворка пра эмпатыю. Але ж не ўсе ёю валодаюць... Як не згубіць магчымасці развіць здольнасць да суперажывання? Як вы вырашалі праблему выхавання эмпатыі, суперажывання ва ўласнай сям'і? Якія былі ўражлівыя выпадкі ў вашым дзяцінстве, у дзяцінстве вашых дзяцей і ўнукаў, калі закладаліся асновы чалавечнасці — так бы мовіць, моманты імпрытынгу? Як адбывалася далучэнне да гістарычнай памяці — на ўзроўні роду, краіны?

— Сям'я — самая зразумелая і дзейсная мадэль грамадства. Асабліва вялікая сям'я. Там з нараджэння закладваюцца і паслядоўна фарміруюцца правілы ўзаемаадносін паміж людзьмі ў цэлым і ў калектыве ў прыватнасці. Бабулі, дзядулі, бацькі, дзядзечкі і цётачкі, браты і сёстры — ты ўнутры гэтага соцыуму, там на цябе ўздзейнічаюць і старэйшыя, і малодшыя, ты вымушаны ўвесь час вызначаць сваё месца ў рэальнай суполцы. У маёй сям'і расло пяць братоў. Я быў другім і ўвесь час быў змушаны адхінацца ад старэйшага брата і паспяваць пры гэтым «цюкнуць» малодшага. Пасля такой загартоўкі ў гэтым хлапечым братэрстве я не адчуваў ніякіх цяжкасцяў ні ў вайсковым, ні ў студэнцкім, ні ў вытворчым калектыве. Гісторыя нашай сям'і глыбокая. Напрыклад, наш прадзед па маці Свірыд Карпавіч Дзергачоў яшчэ да Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі з вёскі Вотня, што над Дняпром, пад Быхавам, быў прызваны для праходжання службы на Балтыйскі флот. Быў непісьменны, але за час службы навучыўся чытаць, пісаць і, як кемлівы матрос, быў камандзіраваны на англійскія верфі для прыёмкі пабудаваных там для Расіі ваенных караблёў. Там жа засвоіў англійскую мову, а пасля службы вярнуўся ў родныя мясціны прасякнутым рэвалюцыйнымі ідэямі. Арганізаваў у Вотні камуну, яны купілі трактар, пабудавалі вадзяны млын. Для барацьбы з немцамі, а потым з белапалякамі арганізаваў і ўзначаліў партызанскі адрад. Умацоўваў на Быхаўшчыне савецкую ўладу, у сорак першым, у 62 гады, настаяў на сваім прызыве ў Чырвоную Армію, палкавым камісарам пайшоў на фронт, і там быў смяротна паранены. А ягоная дачка Яўгенія сустрэла вайну студэнткай трэцяга курса медыцынскага інстытута, пайшла ў партызанскі атрад, ёй даручылі схаваць у вёсцы і выхадзіць параненага савецкага лётчыка, іх адсачылі гестапаўцы, сурова дапытвалі, жорстка катавалі. Перад публічным расстрэлам Жэня паспела крыкнуць:

— Людзі! Мы ім нічога не сказалі! Нікога не выдалі! Адпомсціце за нас!

Яны ўдваіх пахаваны за ваколіцай вёскі Журавічы ў Рагачоўскім раёне, над іх магілай абеліск, нам кранальна бачыць, як беражліва яго даглядаюць мясцовыя жыхары. Мы таксама часта там бываем...

І нашы бацькі былі франтавікамі. Нам ёсць што памятаць і што берагчы. Здольнасці да суперажывання шмат у чым, на мой погляд, прыроджаныя. Але развіваюцца і ўмацоўваюцца сапраўды ў сям'і. Лепей у вялікай. Аднак жыццё не вітае крайнасцяў. Немагчыма ўсіх шкадаваць да слёз ці адчытваць да лаянкі. Таму трэба правільна абраць сабе прафесію, будучую траекторыю жыцця. І сваім дзецям, і вучням я раіў першапачаткова разабрацца: ты хочаш працаваць з механізмамі ці з людзьмі? Калі з людзьмі, то іх вучыць ці лячыць? Калі ты адчуваеш у сабе задаткі кіраўніка — паспрабуй іх праявіць у БРСМ, у студэнцкай грамадскай арганізацыі, у будатрадзе. Ты адразу адчуеш, ці давяраюць табе людзі, ці ідуць за тваімі заклікамі. І хачу выказаць патрэбную для будучага кіраўніка любога ўзроўню ўмову. Зрабі перш што-небудзь прыкметнае, значнае, у прафесіі ці ў іншай справе, каб навакольныя ўбачылі твой розум, валявыя якасці, тую ж эмпатыю.

— А цяпер пра эмпатыю ў больш буйных маштабах... Неаднойчы даводзілася збіраць дыскусіі наконт падыходаў да выкладання літаратуры. Фактычна, гэта ці не адзіны школьны прадмет, які скіраваны да этыкі, скіраваны на выхаванне суперажывання. А ўсё часта зводзіцца да тэксту як змесціва інфармацыі, да завучвання фактаў. Як жартуюць філолагі, школьнік мусіць ведаць, якога колеру занавескі былі ў гасцёўні Таццяны Ларынай, а вось чаму яна адмовіла Анегіну — так і не зразумее. Што вы думаеце на гэты конт? Як адбываліся ўрокі літаратуры ў вашай школе?

— Школьныя навучальныя праграмы не безразмерныя, а навуковае спазнанне жыцця развіваецца ўсебакова і вельмі інтэнсіўна. А для жыцця выпускніку сярэдняй школы патрэбны сучасныя веды. Вось і ідзе барацьба за навучальныя гадзіны: колькі іх аддаць на матэматыку, колькі — на біялогію, колькі — на літаратуру? Каму аддаць перавагу ў праграме па літаратуры — класікам, або сучасным аўтарам? Які тут мусіць быць баланс? А сучасныя дзеці ўвогуле чытаць не хочуць. Яны спажываюць столькі інфармацыі — яркай, дынамічнай, шчыльна ўпакаванай, сучаснай, цікавай — што ім да перажыванняў Таццяны Ларынай ці пакут Радзівона Раскольнікава? Таму складальнікамі навучальных праграм павінны быць аўтарытэтныя вучоныя-мэтры, якія ведаюць і асноўныя напрамкі развіцця навуковай галіны, і патрэбы сучаснага навучальнага працэсу. Пры гэтым мы ўсе мусім разумець, што школьная праграма пішацца не для вучняў і не для іх бацькоў. Для настаўніка! І ён яе рэалізоўвае ў навучальным працэсе, імкнучыся навучыць, захапіць сваім прадметам кожнага свайго вучня, няхай гэта будзе старанная дзяўчынка-выдатніца або хлапчук-свавольнік, якому нават проста сядзець за партай у цяжар. Да восьмага класа я вучыў па беларускай літаратуры толькі тое, што задавалі на ўроках. А потым да нас у школу прыехаў працаваць Уладзімір Іванавіч Новікаў. Урокі беларускай літаратуры сталі спектаклямі! Як ён чытаў вершы і байкі, як ён характарызаваў літаратурных герояў, як захапляльна расказваў пра беларускіх паэтаў і пісьменнікаў! Аднойчы прымусіў кожнага з нас напісаць апавяданне. Я з тых часоў засвоіў, наколькі цяжкая і непадатлівая гэта справа — сачыніцельства. Сам я прыдумаць нічога не здолеў. Знайшоў у нейкім літаратурным часопісе аповед пра першае школьнае каханне і перапісаў яго, замяніўшы герояў сваімі аднакласнікамі. Актыўнасць аднакласнікаў у пазнаванні сябе ў вобразах герояў выратавала мяне ад абвінавачанняў у плагіяце. А потым Уладзімір Іванавіч арганізаваў школьны тэатр. На прэм'еру «Пінскай шляхты» ў заводскі клуб прыйшлі ўсе жыхары нашага працоўнага пасёлка. Гэта быў фурор! Вось такія Уладзіміры Іванавічы дакладна ведаюць, што дзеці павінны ведаць з класікі і каго трэба абавязкова пачытаць з сучасных паэтаў і празаікаў. Іншая справа — як знайсці для школы такіх настаўнікаў...

— У працяг пра мову... Ёсць тэорыя, што мова — жывая стыхія, якая валодае ўласнай ментальнасцю... Прынамсі, тое сцвярджаў акадэмік Ліхачоў. Таму так важны для пісьменніка выбар мовы, якая для яго — больш, чым інструмент... І важна, каб родная мова, неацэнны наш духоўны скарб, захавалася і развівалася... Што трэба зрабіць, каб пацягнуліся да беларускай мовы?

— Дэканам філалагічнага факультэта Магілёўскага ўніверсітэта доўгі час працаваў вядомы беларускі літаратуразнаўца Яраслаў Іванавіч Клімуць. З ім было надзвычай цікава абмяркоўваць як новыя публікацыі сучасных аўтараў, так і класічную літаратурную спадчыну. Аднойчы я яго спытаў:

— Навошта Аркадзь Куляшоў перакладаў на беларускую мову паэму Аляксандра Пушкіна «Яўгеній Анегін»? Кожны беларус без цяжкасці можа чытаць гэты твор у арыгінале, лепш за аўтара, тым больш Пушкіна, дакладна гэта не напішаш, мы ўсе са школьных гадоў дасканала вывучылі гэты раман у вершах. Чаму Куляшоў узяўся за гэты даволі рызыкоўны занятак?

Адказ Яраслава Іванавіча памятаю да гэтага часу:

— Як ты не разумееш? Гэта ж для развіцця беларускай мовы!

Так, мова — гэта жывая субстанцыя. Яна нараджаецца, развіваецца, папаўняецца, нешта набывае, і нешта губляе, і нават можа памерці. Я гэта ўсвядоміў непасрэдна, калі ў 2003 годзе беларускія мовазнаўцы праз майго дарадцу прафесара Віктара Іванавіча Іўчанкава звярнуліся ў Міністэрства адукацыі з просьбай падтрымаць на дзяржаўным узроўні распрацоўку і прыняцце новых правілаў арфаграфіі і пунктуацыі беларускай мовы. Як аказалася, гэта вельмі актуальная задача. Апошняя рэдакцыя гэтых правіл была 50 гадоў таму, у газетах, часопісах, кнігах, падручніках кожны аўтар прытрымліваўся сваіх правілаў. А як быць з дзелавымі паперамі, як школьніку пісаць дыктоўкі і сачыненні, ад ацэнкі якіх часта залежыць яго лёс? Я дакладваў гэтае пытанне Прэзідэнту, і было прынятае рашэнне распрацоўваць і прымаць адпаведны закон! Гэтыя правілы навялі пэўны парадак у правапісе, працуюць да гэтага часу, але мова ўзбагачаецца, жыве. Упэўнены, хутка прыйдзе час зноў да іх вяртацца. Я люблю слухаць і чытаць майстроў беларускага слова. Па родзе сваёй службовай дзейнасці часта сустракаўся з паэтамі і празаікамі, мастакамі і артыстамі, навукоўцамі і школьнымі настаўнікамі, якія пішуць і размаўляюць на беларускай мове. Іх беларускую мову я заўсёды слухаў з задавальненнем, наша родная мова ў іх вуснах гучала мякка, меладычна, нязмушана. У размовах з імі я неўзаметку для сябе таксама пераходзіў на беларускую мову. А калі я чытаю Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна, Міколу Мятліцкага, Георгія Марчука, Алеся Бадака, Віктара Шніпа, то часам не адразу разумею, на якой мове напісаны тэкст! Для мяне сапраўды і русская, і беларуская мовы родныя. Хаця, напрыклад, беларуская мова Івана Шамякіна мне бліжэйшая за абароты і словы, якімі часта карыстаюцца сучасныя аўтары. У яго яна натуральная, зразумелая, вясковая ці што, а ў іх шмат у чым надуманая, нейкая штучная, якая дэманструе непатрэбную стараннасць у засваенні і ўжыванні. Але мне гэтая сітуацыя знаёмая яшчэ па навуковай сферы. Тое, што ў сваім дакладзе на семінары выкладае аспірант, не зразумела нікому з прысутных. Змест жа выступлення акадэміка на найскладанейшую тэму даступны і зразумелы кожнаму. Аспірант яшчэ не прасякнуўся праблемай, не адчуў яе глыбіні і маштабу, да канца не ўсвядоміў і не зразумеў. Але акадэмік таксама быў аспірантам — усяму свой час. Мова, як і любая жывая субстанцыя, не церпіць гвалту ў адносінах да сябе. Я памятаю, як на пачатку 90-х выкладчыкаў ВНУ прымусілі чытаць лекцыі на беларускай мове. Я тады чытаў студэнтам курс вышэйшай алгебры, з новымі і нязвыклымі для іх тэорыямі, тэрмінамі і абстрактнымі паняццямі. Найскладанейшая матэматычная дысцыпліна. Усе падручнікі на рускай мове, спецыяльная тэрміналогія не распрацавана, выкладчык на кожным слове спатыкаецца, часта губляе логіку выкладання. На рускай мове алгебру шмат хто не разумее, а тут яшчэ такое выкладанне... У выніку студэнты пачынаюць ціха ненавідзець і алгебру, і выкладчыка, і беларускую мову. Нашто гэта рабіць? Мова патрабуе да сябе паважлівага, нават трапяткога стаўлення, і тады яна будзе натуральна развівацца і цешыць нас сваёй прыгажосцю і бязмежнымі магчымасцямі.

— Шмат гаварылася і пра тое, што ў пакалення эпохі інтэрнтэту іншая свядомасць. Так званае кліпавае мысленне. І што дарослыя ніколі не засвояць віртуальную рэальнасць так, як дзеці, якія з маленства прывучаныя да гаджэтаў, і ўвогуле тым кліпавым мысленнем нас палохалі... Час ідзе, людзі жывуць, усе ўзросты асвоілі віртуальную рэальнасць... Што вы думаеце пра тое кліпавае мысленне — гэта міф ці рэальнасць? Ці сапраўды дзеці эпохі інтэрнэту вырастаюць нейкімі іншымі?

— Менавіта на наша пакаленне прыпала сітуацыя ў развіцці цывілізацыі, калі дзеці ў асваенні тэхналогій апярэдзілі бацькоў. Ну калі гэта было такое, каб бацька пытаўся ў сына, як ажыццявіць тую ці іншую аперацыю на камп'ютары ці проста настроіць мабільны тэлефон?! Мы гэта перажылі! Усе разам асвойвалі новыя інфармацыйныя тэхналогіі і прыстасоўваліся да іх. У пісьмовай мове з'явіўся слэнг камп'ютарных зносін, відэакамера ў тэлефоне зрабіла кожнага адначасова сцэнарыстам, рэжысёрам, аператарам і артыстам. Зносіны паміж людзьмі сталі інтэнсіўнымі, насычанымі, усёабдымнымі і аўтарскімі. Вядома, вельмі цікавымі і захапляльнымі. Але за гэта даводзіцца плаціць. Тым жа кліпавым стылем мыслення. Няма ж калі глыбока задумвацца, хуткасці перамяшчэння на мясцовасці, успрымання і перадачы інфармацыі ўзраслі кратна. Нічога, асвоімся, перажывём. Гэта ж цікава. Бо пешшу практычна перасталі хадзіць. Ездзім! І на вялікіх хуткасцях. Хоць для павольнай і глыбокай гутаркі з сябрам ідзём у парк на шпацыр. А ўспаміны Шамякіна лепш прачытаць, чым паглядзець пра яго дакументальны фільм, не гаворачы ўжо пра кліп. І дзеці, унукі нашы пасталеюць і таксама прытармозяць, каб больш у жыцці зразумець і лепш сабой распарадзіцца.

— Вы — навуковец, матэматык... Ёсць нямала прыкладаў у гісторыі сусветнай літаратуры, калі навукоўцы — фізікі, хімікі, матэматыкі — рабіліся выбітнымі пісьменнікамі-фантастамі. Бо хто лепей за навукоўца прыдумае праўдападобную навукова-фантастычную тэорыю? Ці любіце чытаць фантастыку? Якога кшталту? Ніколі не было спакусы штось у тым жанры сачыніць?

— Часам навукова-фантастычнае апавяданне цяжка адрозніць ад навуковай працы. Напрыклад, «Тры законы робататэхнікі» Айзека Азімава. Ён, вядомы вучоны-хімік, вывеў аксіяматыку паводзін робатаў, а потым прапісаў серыю апавяданняў-сітуацый, калі прытрымліванне гэтых законаў прыводзіла іх да тупіку. Узрушальная праца! Я яшчэ рэкамендую для чытання «Даведнік па навуцы» гэтага аўтара — яркае і захапляльнае апавяданне пра гісторыю навуковых адкрыццяў. Але папярэджваю, што гэта бібліяграфічная рэдкасць. Аркадзь і Барыс Стругацкія не былі прафесійнымі навукоўцамі, але атрымалі добрую адукацыю (Аркадзь — астраном, Барыс — лінгвіст-перакладчык). Іх аповесці да гэтага часу ўзрушаюць мяне сваёй навуковай арыгінальнасцю, смелымі гіпотэзамі і псіхалагічнай напружанасцю. Яны, як сапраўдныя навукоўцы, мыслілі мадэлямі. Напрыклад, наведванне Зямлі іншапланецянамі ў «Пікніку на ўзбочыне» яны параўноўваюць з прывалам людзей каля мурашніка. Турысты там пасядзелі і пакінулі пасля сябе вогнішча, плямы ад віна і ліманаду, зламаны ліхтарык, выкарыстаную батарэйку і іншае бытавое смецце. А як гэта ўсё ўспрыме мурашыная цывілізацыя? Вось гэты стыль мыслення мадэлямі прыцягнуў мяне і да навуковай працы, і да чытання навуковай фантастыкі. Я і зараз яе чытаю, яна мяне не адпускае! Ці напішу што-небудзь сам у гэтым жанры, не ведаю. Падобна, да гэтага яшчэ не саспеў.

— Ці ёсць для вас штосьці агульнае ў матэматыцы і літаратуры? Гэта ж толькі на першы погляд матэматыка — нешта ўтылітарнае... А многія філосафы разважалі пра «магію лічбаў», пра гармонію сусвету, якую шукае і літаратура, і матэматыка...

— Вядомы навуковец-фізік Джозая Гібс быў у свой час абраны членам Лонданскага каралеўскага таварыства. На ўсіх яго пасяджэннях ён прысутнічаў, але ніколі не выступаў, быў паглыблены ў свае думкі. Але ў той раз ішла дыскусія аб неабходнасці паляпшэння выкладання ў школах і каледжах англійскай мовы, і для гэтага прапаноўвалася дадаць навучальныя гадзіны на яе вывучэнне, зняўшы іх з матэматыкі. Абураны Гібс падхапіўся і, на здзіўленне прысутных, выказаўся:

— Матэматыка — гэта мова!

І сеў.

Мне запомнілася на гэтую тэму яшчэ адна гісторыя. Давід Гільберт неяк заўважыў працяглую адсутнасць на навуковых семінарах свайго аспіранта. На пытанне, дзе ж ён прапаў, яму адказалі:

— Ён пакінуў заняткі матэматыкай і сышоў у паэты.

— Гэта правільна! — заключыў Гільберт. — Для заняткаў матэматыкай у яго мала ўяўлення!

Адказваючы на пастаўленае пытанне, на гэтым я мог бы і спыніцца. Але хачу дадаць, што матэматыка патрабуе дакладнасці фармулёвак, строгай логікі выкладу, кампактнасці матэрыялу, што непазбежна прыводзіць аўтараў-матэматыкаў да сухасці твораў. Але думкі, фактуру матэматыкі навучаны падаваць дакладна.

— Вы працуеце ў жанры мемуарнай літаратуры, у беларусаў у гэтым багатыя традыцыі... Але пры ўяўнай лёгкасці гэта вельмі складаны жанр, бо вымагае ўвесьчаснага выбару. Наколькі шчырым можна быць, пра што сказаць, што апусціць, ці можна даць месца ўласным суб'ектыўным ацэнкам? Не сакрэт, што ў мемуарах некаторых беларускіх пісьменнікаў ёсць моманты проста нейкага «звядзення рахункаў» з непрыемнымі аўтару асобамі і, наадварот, непамернае ўсхваленне сябе. Якімі прынцыпамі кіруецеся вы, калі пішаце?

— Аб людзях пісаць складана. Кожны чалавек — гэта космас! Такі ж маштабны, неспазнаны і вабны. І думаюць усе па-рознаму. Дарэчы, аб чалавечым арганізме мы ўжо ведаем нямала. Напрыклад, зразумелі, як выпрацоўваецца кроў, лімфа, сліна. Але так і не разумеем, як выпрацоўваецца думка? Таму выказаць здагадку, што чалавек падумае аб напісаным пра сябе, складана. Мой калега і сябар прафесар Вячаслаў Аляксеевіч Шаршуноў пра маю кнігу «Дыскрэтны падыход да назірання жыцця» сказаў:

— Ставяцца да яе па-рознаму. Але чытаюць усе.

Ды людзі — гэта справы і ўчынкі, дасягненні і няўдачы, сяброўства і непрыязнасць, радасці і журботы, суровая проза і лёгкі гумар. Людзі — гэта прадстаўленне эпохі, людзі — гэта разумнае жыццё ва ўсіх яго праявах. Ну як яго не вывучаць? Як пра яго не пісаць? Напрыклад, аб кіраўніках беларускіх універсітэтаў. Рэктар — гэта буйны навуковец, аўтарытэтны выкладчык, руплівы гаспадарнік ды яшчэ і ўплывовы палітык. І ўсё гэта ў адной асобе. Я назіраў іх у справе як студэнт і выкладчык ВНУ, як іх калега і як іх кіраўнік. З трох ракурсаў. І зразумеў, што яны шмат у чым забяспечваюць цывілізацыйнае развіццё грамадства. Расказваючы пра кожнага з іх як пра асобу, я аналізую, імкнуся ўсвядоміць, зразумець глыбіню і маштабы філасофіі вышэйшай адукацыі, прызначэнне ў грамадстве ўніверсітэтаў і іх рэктараў. Некаторыя з іх могуць і не прыняць мае погляды, характарыстыкі і адзнакі ў стаўленні асабіста сябе, але я ўпэўнены, што ў цэлым яны са мной згодны.

Пытанні задавала Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».