Вы тут

Цягнік Памяці вандруе па гарадах Беларусі


Чарговым прыпынкам на маршруце стаў старажытны Віцебск. Праект, ініцыіраваны кіраўнікамі верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі Наталляй Качанавай і Валянцінай Матвіенкай, сімвалічна стартаваў у Год гістарычнай памяці ў Брэсце. З 22 чэрвеня да 3 ліпеня беларускія і расійскія старшакласнікі праедуць шляхамі Вялікай Айчыннай вайны па гарадах дзвюх дзяржаў, наведаўшы значныя гістарычныя аб'екты.


Пасля горада-героя Брэста, які стаў для «Цягніка» адпраўной кропкай, дзвесце школьнікаў віталі ў Гродна. «Мы памятаем, што для нашых брацкіх народаў гэтыя дні — горкая дата — пачатак вайны, спроба знішчэння насельніцтва акупантамі. Таму галоўная мэта праекта, у якім вам пашчасціла прыняць удзел, — зберагчы і перадаць нашчадкам гістарычную праўду», — звярнуўся да прысутных памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў. Падчас другога дня ўдзельнікі праекта наведалі Новы і Стары замкі, Каложскую царкву, адзіную ў свеце імерсіўную інсталяцыю «Цягнік Перамогі», які таксама прыбыў у Гродна.

24 чэрвеня ў 9.18 школьнікі прыбылі ў паўночную сталіцу Беларусі. Удзельнікаў на пероне віцебскага вакзала сустракалі духавы аркестр і харэаграфічныя калектывы. Вітаючы гасцей, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў адзначыў, што цяжка пераацаніць уклад «Цягніка Памяці» ў патрыятычные выхаванне і станаўленне актыўнай грамадзянскай пазіцыі моладзі, таму для ўдзельнікаў праекта гэтыя два тыдні — вялікая каштоўнасць.

Знаёмства з горадам падчас экскурсійнай праграмы «Па старонках гераічнай гісторыі тысячагадовага Віцебска» было насычана вялікай колькасцю аб'ектаў. Навучэнцам давялося зазірнуць за кулісы Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», наведаць «Алею зорак» каля летняга амфітэатра, загадаць жаданне каля скульптуры «Залатая рыбка» і памерацца ростам з самым высокім чалавекам у свеце Фёдарам Махновым, помнік якому ўсталяваны ў гістарычным цэнтры валошкавай сталіцы.

Старонкі Вялікай Айчыннай вайны арганізатары праекта прапанавалі пагартаць у музеі Памяці патрыётаў Віцебшчыны, размешчаным у сутарэннях былой турмы СД-9; у абласным музеі Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова; на плошчы Перамогі каля Мемарыяльнага комплексу ў гонар герояў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў. «Кожны наведаны горад пакінуў у маёй душы моцныя ўражанні: Брэст, Гродна, Віцебск. Вайна закранула кожную сям'ю: два мае прадзядулі загінулі пад Масквой і Сталінградам. Гэтыя ахвяры, прынесеныя на алтар агульнай Перамогі, нельга забываць», — падзялілася ўражаннямі школьніца з Самары Лізавета Юркова.

У межах рэалізацыі ініцыятывы «Віцебск — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2022» хлопцаў і дзяўчат пазнаёмілі з навуковай і культурнай дзейнасцю вышэйшыя навучальныя ўстановы горада — ВДУ імя П. М. Машэрава, акадэмія ветэрынарнай медыцыны і медыцынскі ўніверсітэт. У форме квэстаў школьнікі знаёміліся са спецыяльнасцямі і абіралі для сябе магчымыя будучыя прафесіі.

Цікавым заканчэннем насычанага дня ў фестывальным Віцебску стала культурная праграма на сядзібе вядомага мастака Ільі Рэпіна ў Здраўнёве: тут моладзь наведала тэатралізаваную інтэрактыўную праграму «У пошуках папараць-кветкі» (па старым стылі менавіта 24 чэрвеня нашы продкі адзначалі Купалле), фітапляцоўку з дэгустацыяй гарбаты, маляўнічы пленэр, музычную гасцёўню.

А палове на дванаццатую ночы «Цягнік Памяці» адправіўся далей па гарадах нашай неабсяжнай краіны і брацкай Расіі. Наперадзе школьнікаў чакаюць Ржэў, Вязьма, Масква, Санкт-Пецярбург і іншыя гарады. Фінальным пунктам стане наведванне горада-героя Мінска ў дзень яго вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 3 ліпеня.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Круцяцца колы памяці...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».