Вы тут

Ад эканомікі і пастаўкі ўгнаенняў да адпаведнага адказу Захаду. Галоўнае з заяваў Лукашэнкі і Пуціна ў Санкт-Пецярбургу


Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустрэліся ў Санкт-Пецярбургу. Характэрна, што перамовы прымеркаваны да даты 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі, паведамляе БелТА.


Ахоп тэм сустрэчы надзвычай шырокі — ад пытанняў лагістыкі і эканамічнага супрацоўніцтва да рэагавання на пагрозы ваеннай бяспекі і ўзаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях. У полі зроку кіраўнікоў дзяржаў застаюцца і пытанні, звязаныя з будаўніцтвам Саюзнай дзяржавы, ход рэалізацыі намечаных мэтаў.

«Дзень не радавы, таму мы з вамі дамаўляліся пабачыцца. І аб’ём нашага ўзаемадзеяння такі, што патрабуе пастаяннай зверкі гадзіннікаў, што мы і робім», — растлумачыў Уладзімір Пуцін неабходнасць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Было адзначана, што беларуска-расійскі тавараабарот за мінулы год павялічыўся больш чым на траціну і склаў больш за $38 млрд. У першыя чатыры месяцы гэтага года павелічэнне працягваецца, тэмп росту, як удакладніў прэзідэнт Беларусі, склаў 110%.

«Так што мы на правільным шляху, мяркуючы па ўсім. Расія праінвеставала ў эканоміку $ 4 млрд за папярэднія гады, гэта нашы прамыя інвестыцыі. Ёсць інвестыцыі і з боку беларускіх прадпрыемстваў. У нас добрыя вялікія сумесныя праекты», — сказаў расійскі лідэр.

Аб пастаўцы угнаенняў на сусветны рынак

Уладзімір Пуцін, у прыватнасці, праінфармаваў свайго беларускага калегу аб ходзе і выніках нядаўняй дыскусіі на форуме БРІКС: «Многія з выступоўцаў выказвалі заклапочанасці, звязаныя з перабоямі паставак харчавання і ўгнаенняў, ростам цэн на прадукты харчавання на сусветных рынках. Маючы на ўвазе, што Беларусь і Расія з’яўляюцца найбуйнейшымі пастаўшчыкамі на сусветны рынак, мне б хацелася з вамі таксама на гэты конт пагаварыць у плане задавальнення патрэбаў сусветнага рынку і нашых пастаянных кліентаў».

Агульнавядома, што Беларусь і Расія займаюць значную долю на сусветным рынку, па некаторых відах угнаенняў яна даходзіць да 25%. «Гэта вельмі значны аб’ём на сусветных рынках. Недахоп угнаенняў, вядома, зніжае віды на ўраджай на наступны год. Усё гэта вельмі сумна, — заўважыў Уладзімір Пуцін. — Мы з вамі дамаўляліся распачаць усе дзеянні, якія ад нас залежаць, каб задавальняць попыт нашых спажыўцоў і нашых кліентаў».

Расійскі бок знаходзіцца ў цесным кантакце з адпаведнымі профільнымі ўстановамі ААН па тэме харчовай бяспекі. «Я б вас таксама хацеў пра гэта праінфармаваць, як складваецца гэтая праца», — сказаў Прэзідэнт Расіі.

«Але ж у нас няма праблем з пастаўкамі ні збожжа, ні угнаенняў на рынак. Не трэба на нас гэта вешаць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Гэта праўда. Менавіта аб гэтым я хацеў пагаварыць. Многія нашы партнёры просяць аб павелічэнні паставак. Трэба проста прагаварыць дэталі, звязаныя з лагістыкай. Летась Расія паставіла 40 з лішнім мільёнаў тон збожжавых на сусветныя рынкі. У гэтым сельхозгоду, да наступнага лета, мы гатовыя будзем паставіць, напэўна, звыш 50 мільёнаў тон. Я ведаю, што і Беларусь нарошчвае вытворчасць, пад вашым кіраўніцтвам беларуская сельская гаспадарка развіваецца вельмі ўпэўнена, паспяхова, — адзначыў Уладзімір Пуцін. — Што тычыцца ўгнаенняў, то трэба аб’яднаць намаганні, каб дапамагчы нашым традыцыйным партнёрам атрымаць неабходнае».

Аб лагістыцы і будаўніцтве беларускага порта

Аляксандр Лукашэнка ў першай палове дня 25 чэрвеня азнаёміўся з ходам будаўніцтва беларускага порта ў Бронцы. Гэтую тэму ён падняў і на сустрэчы з расійскім лідарам: «Я пабываў у Бронцы, там, дзе мы плануем пабудаваць беларускі порт. Дзякуй за падтрымку. Вы адобрылі той праект будаўніцтва. Я паглядзеў. Мне вельмі прыемна было ўбачыць, што такое Кранштат. Тварам да твару сутыкнуцца. Дамба, будаўніцтва якой скончылі пры велізарным вашым садзейнічанні. І паглядзець іншыя месцы. Наогул паглядзець з вады, што такое Піцер. Для мяне гэта было вельмі важна. І карысна з пункту гледжання будаўніцтва партовай гаспадаркі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Нас задавальняе тое месца, якое пазначана і падтрымана вамі. Месца добрае. Мы ўжо паволі пачынаем там грузіць мінеральныя ўгнаенні. Думаю, што там будзе самы магутны порт. Нават, можа быць, нам яго не хопіць. Але, як мы дамовіліся, там будзе відаць, калі трэба будзе пашырацца», — дадаў Прэзідэнт.

Аб імпартазамяшчэнні і рэалізацыі 15 буйных праектаў

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на сустрэчы з расійскім лідэрам планаваў у тым ліку абмеркаваць пытанні эканомікі. «Традыцыйная наша тэма – імпартазамяшчэнне. Мы прапанавалі 15 буйных праектаў. Расійскі бок адобрыў іх. Вы нас падтрымалі ў плане сумеснага фінансавання гэтых праектаў. Калі ўсё пойдзе так, як мы запланавалі, у бліжэйшы час мы пачнем выпускаць імпартазамяшчальную прадукцыю», — сказаў Прэзідэнт.

«Гэта значыць тыя кампаніі з недружалюбных краін, якія пастаўлялі нам — у Расію і Беларусь — прадукцыю... Мы на працягу гэтага і наступнага года можам вырабіць сваю», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

 

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што хацеў бы абмеркаваць з Уладзімірам Пуціным шэраг прыватных пытанняў у галіне эканомікі.

У сваю чаргу Прэзідэнт Расіі распавёў, што абмяркоўваў з кіраўніцтвам урада пытанні выдзялення крэдытных рэсурсаў, аб якіх была дасягнута дамоўленасць раней, накіраваных на тое, каб стварыць фінансавыя магчымасці для беларускіх прадпрыемстваў пачаць выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыі. «І не толькі імпартазамяшчальнай, а для стварэння сваіх інжынерных прапрацовак, каб выйсці на больш высокі ўзровень таго, што Беларусі і Расіі трэба», — удакладніў Уладзімір Пуцін.

Паводле яго слоў, урад Расіі згодны, што частка гэтых рэсурсаў можа і павінна быць выкарыстана беларускімі прадпрыемствамі, каб мець магчымасць вырабляць прадукцыю і для рынкаў трэціх краін. «У канчатковым выніку і Расія будзе ў гэтым зацікаўленая, маючы на ўвазе ўзровень нашай кааперацыі», — упэўнены кіраўнік расійскай дзяржавы.

Аб пытаннях абароны і адпаведным адказе на дзеянні Захаду

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адпаведная тэматыка для краін крытычна важная ў сувязі з тым, што адбываецца на Захадзе.

«Нас вельмі турбуюць пытанні трэніровачных палётаў самалётаў ЗША і НАТА, якія трэніруюцца несці ядзерныя боегалоўкі. Нас гэта вельмі напружвае. Таму я прашу вас разгледзець пытанне люстранога адказу на гэтыя рэчы. Без перабору. Яны трэніруюцца несці ядзерныя боегалоўкі. Вы, калі ласка, дапамажыце нам хаця б прыстасаваць нашы самалёты, якія ў нас ёсць, якія могуць несці ядзерныя зарады. Я не кажу аб тым, што мы заўтра перавязем (ці вы перавязеце) туды ядзерныя боепрыпасы. Але нам нельга жартаваць. Мы памятаем 1941-ы, калі нас закалыхвалі: “усё будзе добра, усё ціха, ніхто не нападзе”. А потым аказаліся не гатовыя да гэтага. Таму для нас вельмі сур’ёзная сітуацыя. Не ў першы раз стаўлю перад вамі гэтае пытанне. Ведаю, што вы разглядалі ў Міністэрстве абароны. Хацелася б пачуць, як будуць развівацца тут падзеі», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

«Я не хаваю, я стаўлю пытанне аб тым, каб мы маглі быць гатовыя да ўсяго, нават да ўжывання самай сур’ёзнай зброі для таго, каб абараніць нашу Айчыну ад Брэста да Уладзівастока. Гэта наш непасрэдны абавязак», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Што тычыцца трэніровачных палётаў авіяцыі ЗША і партнёраў па НАТА, то кіраўнік дзяржавы заўважыў: «Калі трэніруюцца, то, напэўна, нешта думаюць. Бо навошта трэніравацца?».

«Комплекс пытанняў абароны і бяспекі мы сур’ёзна павінны абмеркаваць, каб людзі нашы – расіяне і беларусы – разумелі, што яны знаходзяцца пад сур’ёзнай абаронай», — рэзюмаваў беларускі лідар.

У сваю чаргу Уладзімір Пуцін, кажучы аб пытаннях бяспекі, звярнуў увагу, што ў Еўропе ў амерыканцаў захоўваецца 200 ядзерных тактычных боезапасаў (у асноўным гэта атамныя бомбы), якія знаходзяцца ў 6 еўрапейскіх краінах — членах Паўночнаатлантычнага блока НАТА. «Для іх магчымага ўжывання падрыхтаваныя 257 самалётаў, і не толькі амерыканскіх, але і гэтых згаданых мною краін», — растлумачыў Прэзідэнт Расіі.

«А ў Расіі ні адной такой базы?» –  удакладніў беларускі лідар.

«А ў Расіі няма», — сцвярджальна адказаў Уладзімір Пуцін.

Ён таксама адрэагаваў на заўвагу кіраўніка беларускай дзяржавы, што на дзеянні ЗША можна было б адказаць люстрана: «Можна. Але нам з вамі нават люстрана, напэўна, не варта адказваць, няма неабходнасці. Але я з вамі цалкам згодны, што паклапаціцца аб безумоўным забеспячэнні нашай бяспекі, бяспецы Саюзнай дзяржавы, а можа быць, і іншых краін АДКБ, мы проста абавязаныя».

«Таму я прапаную наступнае, — працягнуў Прэзідэнт Расіі. — На ўзбраенні беларускай арміі знаходзіцца досыць вялікая групоўка самалётаў СУ-25. Іх можна было б даабсталяваць, праўда, гэтая мадэрнізацыя павінна быць праведзена на авіяцыйных заводах Расіі (мы з вамі дамовімся, як гэта зрабіць), і адпаведным чынам пачаць падрыхтоўку лётнага складу. Гэта першае».

«І другое. Як мы з вамі і дамаўляліся, вы ставілі пытанне аб гэтым, рашэнне ў нас прынята: на працягу бліжэйшых некалькіх месяцаў перададзім Беларусі ракетна-тактычныя комплексы “Іскандэр-М”, якія, як вядома, могуць прымяняць як балістычныя, так і крылатыя ракеты, прычым як у звычайным, так і ў ядзерным выкананні», — дадаў Уладзімір Пуцін. Ён прапанаваў даручыць міністрам абароны і начальнікам генеральных штабоў дзвюх краін прапрацаваць усе дэталі, звязаныя з гэтым.

«Так. Згодны абсалютна», — адказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра жахлівую палітыку кіраўніцтва Польшчы і Літвы

«Нас вельмі напружвае сітуацыя і тая палітыка, якую праводзяць нашы суседзі. Вы, увогуле, ведаеце. Гэта кіраўніцтва Польшчы і кіраўніцтва Літвы. Палітыка на канфрантацыю. І вам хапае ад іх. Асабліва ва Украіне ў апошні час наймітаў больш за ўсё, як мы заўважаем, з Польшчы. Я не разумею, навошта гэта ім трэба – канфрантацыя. Ясна, што за спіной стаяць, падштурхоўваюць, але палітыка агідная. Агрэсіўныя паводзіны», — сказаў беларускі лідар.

У гэтым жа плане дзейнічае і Літва, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. «У апошні час нарастае паток інфармацыі па нагоды іх задумы спыніць транзіт з Расіі праз Беларусь у Калінінград, ізаляваць Калінінград. Слухайце, гэта падобна аб’яве нейкай вайны. Недапушчальныя падобныя рэчы ў сучасных умовах», — сказаў ён.

Пра жаданне Беларусі павысіць свой статус у ШАС

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы заявіў аб жаданні Беларусі павысіць статус краіны ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва: «Хачу з вамі пагаварыць з нагоды Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, дзе мы назіральнікі. Магчыма, параімся, вы падтрымаеце павелічэнне, пашырэнне нашага статусу. Часу ўжо прайшло нямала. Думаю, мы там лішнімі не будзем».

Аб Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Гродне

На сустрэчы размова зайшла і аб маючым адбыцца ў Гродне чарговым Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі. «Абмяркуем пытанне правядзення Форуму рэгіёнаў. Думаю, што мы, як звычайна, прымем удзел у ім у выглядзе відэаканферэнцыі. Гэты форум праводзяць парламентарыі – верхнія палаты парламентаў у нас і ў Расіі. Яны добра арганізоўваюць і правядуць у Гродне вельмі добры форум», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.