Вы тут

Кніжны знак — дарога да сяброўства


Ужо амаль тры дзесяцігоддзі жыве ў Берліне савецкі, украінскі калекцыянер кніжных знакаў Якаў Ісаакавіч Бердзічэўскі. Чалавек ва ўзросце (нарадзіўся 11 сакавіка 1932 года ў Кіеве), ён увасабляе сабою сапраўдную савецкую эпоху бібліяфілаў. Можна тольткі здагадвацца, з кім ён сустракаўся, якія кнігі траплялі на яго вочы... 


Алег Аляксандравіч Судлянкоў, мінскі бібліяфіл, які пайшоў з жыцця літаральна вось толькі што, у чэрвені 2022 года, расказваў нямала гісторый, звязаных з актыўнасцямі кіеўскага пушкініста, збіральніка экслібрысаў. Дарэчы, яшчэ ў 1987 годзе Бердзічэўскі перадаў у дар гораду Кіеву калекцыю матэрыялаў, звязаных з Аляксандрам Сяргеевічам Пушкіным, з разлікам на стварэнне гарадскога музея «Пушкініяны». Адкрыццё Кіеўскага музея А. С. Пушкіна адбылося 28 мая 1999 года... 

Самой грунтоўнай кнігай, якая ўкладзена, напісана Якавам Ісаакавічам, стала выданне «Народ кнігі: да гісторыі яўрэйскага бібліяфільства ў Расіі». І жывучы ў Германіі Якаў Бердзічэўскі працягваў дапаўняць гэту кнігу. «Народ кнігі» вытрымала некалькі выданняў. І, магчыма, будуць яшчэ новыя сустрэчы гэтага ўнікальнага зборніка з чытачамі, якія захоплены кнігай як творам мастацтва, захоплены кніжным знакам. 

Спрыянне Якаву Бердзічэўскаму ў яго станаўленні як калекцыянера, у станаўленні, фарміраванні, развіцці яго збораў аказалі многія карэспандэнты, такія ж захопленыя, як і сам кіеўскі кніжнік, людзі. Адзін з іх вялікай кагорты — беларускі мастак-графік, аўтар мноства кніжных знакаў, даследчык экслібрыса і калекцыянер Анатоль Тычына. У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца нямала лістоў Якава Бердзічэўскага, адрасаваных беларускаму паплечніку. 

Перапіска, відавочна, насіла досыць дзелавы характар. Іншыя эпісталярныя матэрыялы чытаеш як кнігу пачуццяў, асэнсаванняў падзей у тым ці іншым гістарычным часе. І ўсё ж пісьмы Якава Бердзічэўскага — таксама цікавае дакументальнае сведчанне пра развіццё экслібрысістыкі як культурнай, мастацкай з’явы 1960-1970-х гадоў. Ліставанне з Анатолем Міклаевічам Тычынам пачалося ў першай палове 1960-х... Апошнія лісты адносяцца да сярэдзіны 1970-х... Анатоль Мікалаевіч Тычына (1897 — 1986) пайшоў з жыцця ў 89 гадоў. Яшчэ ў 1980-я гг. выканаў некалькі адметных прац: «Над ракой Арэсай (1980), «Янка Купала ў камунараў Палесся» (1981), «Максім Багдановіч у Ялце» (1982), «На дзіцячай чыгунцы» (1984)... Анатолю Тычыне належаць экслібрысы пісьменнікаў Адама Мальдзіса, Уладзіміра Караткевіча, Пятра Глебкі, скульптара Заіра Азгура, якія былі выкананы ўжо ў позні перыяд яго творчасці, у пасляваенныя гады...

Цытата з аднаго з першых лістоў Я. Бердзічэўскага да Анатоля Тычыны — 8 верасня 1962 года: «Шматпаважаны Анатоль Мікалаевіч! 

Вялікі дзякуй за экслібрысы — у мяне ж амаль няма старых, таму Ваша бандэроль была для мяне сапраўдным святам. Яшчэ і яшчэ раз дзякую Вас, прыкладу максімум намаганняў і старанняў, каб і Вы былі хоць крыху задаволены мною. 

Ці ёсць у Вас экслібрысы Кайдалава?.. Ён абяцаў мне даслаць па 2 экз. поўны камплект. 

Выстаўка адчынілася, я бегла прагледзеў яе, для фундаментальнага агляду пайду ў сераду (у мяне так званы творчы дзень), бо ў нядзелю там будзе шмат народу, знаёмых і г.д.

Шлю Вам некаторыя выразкі Нарбута да 17 г. і кнігу <...> Калі будуць каталогі выстаўкі эстампа — дашлю 2-3, але пакуль іх не было. 

З беларускіх прац бачыў толькі Ціхановіча. 

Вельмі рады Вашым пісьмам з дадаткамі, на жаль, з знакаў даслаць сапраўды няма чаго (акрамя прадукцыі <...>) (Часам почырк даволі неразборлівы, нечытэльны — К.Л.). 

Гады 2-3 назад выйшла кніга “Украінская савецкая графіка”, калі ў Вас яе няма, — з задавальненнем дашлю. 

Мне ж кніг ніякіх не патрэбна, бо кніжныя знакі авалодалі ўсімі маімі бібліяфільскімі помысламі. Нават дасланая ўчора Мітрохіным кніга “Французскія народныя казкі” з аўтографам мяне абрадавала меней, чым 2-3 яго знакі, якіх у мяне, дарэчы, усяго 3. З удзячнасцю і павагай...» 

З пісьма 16 лістапада 1962 года: «Паважаны Анатоль Мікалаевіч! 

Нарэшце пасля доўгага перапынку атрымаў Ваш ліст і новыя экслібрысы, — ад усё душы дзякую Вам. 

Адказваю на пастаўленыя пытанні — кніга называецца “Украінская савецкая графіка”, — гэта вялікі альбом, які змяшчае шэраг вядомых графічных прац. Вы, прашу Вас вельмі, напішыце мне — і з задавальненнем яе Вам дашлю. 

Аб працах майго брата. Некаторыя сапраўды запазычаны (партрэты Гумілёва — з яго фотаздымка, Ахматавай — з вядомай замалёўкі Ін. Ананекава; уласны знак па мастацтву — па <...>; у экслібрысе для Гладкова выкарыстаны сілуэт Брусава работы Лізав. Круглікавай), зараз аддадзены для клішэ яшчэ 4, гэтым разам, зусім самадастатковыя. 

Буду шчыра рады атрымаць што-небудзь арыгінальнае...»

5 студзеня 1962 года Бердзічэўскі піша ў Мінск: «... Сардэчна дзякую за экслібрысы, — у мяне сапраўды 4-х з іх не было, тым прыемней была пасылка, бо, як правіла, у лістах многіх карэспандэнтаў я атрымліваю толькі дублеты. 

Кніжнымі знакамі Эстоніі цікаўлюся, але мяне, у першую чаргу, цікавяць экслібрысы, выкананыя эстнцамі для рускіх (ці рускімі для эстонцаў), а таксама працы Рыхарда Калью і Аркадзя Лайго, працы іншых мастакоў мяне цікавяць ужо толькі як мініяцюры, а не як уладальніцкія знакі. 

Калекцыю я ўсё яшчэ не акупіў, але кошт прыблізна такі — 350 знакаў па 40 р. штука. У складзе калекцыі каля 70 гербаў ( ут.л. дзесятак унікальных), дзе 30 “мироискусников”, астатнія — усе даваенныя і толькі рускія. 

У маю калекцыю, у выпадку пакупкі, увойдуць каля 150 знакаў, астатнія — у дублеты. Увогуле гэта нядорага, але гэтая цана названа прадаўцом. 

Быў бы Вам вельмі ўдзячны, калі б Вы змаглі мне даслаць яшчэ 1 экз. манаграфіі Шлюбскага пра Вас і Вашы працы (мне хацелася б прэзентаваць яе аднаму кіеўскаму мастаку-графіку). 

Анатоль Мікалаевіч, ці няма ў Вас на абмен якой-небудзь літаратуры па экслібрысах ці брашур, выдадзеных Ленінградскім таварыствам бібліяфілаў, Ленінградскім таварыствам экслібрысістаў, Ленінградскім таварыствам Калекцыянераў і інш. бібліяфільскімі арганізацыямі?

Са свайго боку буду рады выканаць, па меры магчымасці, любую Вашу просьбу, — кніжныя сувязі ў мяне даволі шырокія і трывалыя. Нядаўна набыў нарэшце I том Іваска (1905 г.), з II і III тамамі значна прасцей і думаю, што ў гэтым годзе яны абодва ў мяне будуць. Вельмі б хацелася дастаць кнігі Іваска. Перамовы па прыватных бібліятэках вядуцца мною даўно, але пакуль марна (узамен жадаюць прыжыццёвага “Руслана”, а мне шкада развітвацца, бо “Руслан” — неразрэзаны экзэмпляр у маракене <...> — пэўна, адзіны экзэмпляр, ды і набыты мною ў пакойнага Шылава. Шкада). 

Прабачце, што загаварыўся. Шлю 3 драўляных гравюры К. С. Казлоўскага — буду рады, калі яны Вам спадабаюцца...»

4 сакавіка 1965 г.: «Быў шчыра рады Вашаму лісту, дзякуй за кніжныя знакі, іх у мяне не было.

<...>

Дасланы мною Вам “Украінскі экслібрыс” зусім не каталог выстаўкі, а проста брашура, якая папулярна выкладае першапачатковыя звесткі пра экслібрыс. Выстаўка (вельмі доўгачаканая!) украінскага кніжнага знака будзе адкрыта ўвесну (ці восенню) гэтага года, да яе будзе выдадзены каталог (карэктуру я ўжо падпісаў) з 72 ілюстрацыямі, як толькі ён выйдзе, вышлю. На жаль, 2-гі экзэмпляр брашуры “Украінскі экслібрыс” даслаць не змагу, бо ў дублетах у мяне застаўся толькі 1 экз. а ў продажы даўно няма. Каталог тамбоўскай выстаўкі Казлоўскага ўсё яшчэ не выйшаў, карэктуру яго я ўжо падпісаў (мясцовае начальства раздзяліла са мною “бремя славы”: замест мяне артыкул падпісала дырэктрыса Тамбоўскага музея, а яе намеснік дадаў сваё прозвішча ў складальніках). Здаў матэрыялы для Кемераўскага каталога Казлоўскіх (бацькі і сына) і для Кіраўскага, але калі яны будуць — не ведаю. 

Вельмі прашу Вас даслаць мне па магчымасці поўны камплект Вашых кн. знакаў, калі Вы жадаеце атрымаць папку Казлоўскага, альбо — брашуру Шлюбскага “Ex-librisы А. Тычыны”. Справа ў тым, што Казлоўскі таксама пачаў збіраць экслібрысы. Думаю, што ён будзе рады Вашым знакам і, у сваю чаргу, адправіць Вам свае, а ён іх нарэзаў ужо амаль 350 штук...»

Экслібрысісты — вялікія інтэрнацыяналісты! Яны знаходзяць адзін аднаго па ўсяму свету. І Бердзічэўскі, збіраючы рускі, украінскі экслібрысы, знайшоў прызванне і ў калекцыяніраванні беларускіх кніжных знакаў. Якаў Ісаакавіч за новымі экслібрысамі ехаў у розныя куточкі Савецкага Саюза, часцей — у Маскву, Ленінград, перапісваўся з калегамі па захапленню з Кемерава, Тамбова, Кірава... 

На кастрычніцкім лісце 1965 г. з Кіева Анатоль Мікалаевіч робіць пазнаку, што адправіў Бердзічэўскаму: «3 кастрычніка 1965 г. адпраўлены знакі Чардарава і Сакалова і газета Палітэхн. Ін-та». Менавіта ў газеце Беларускага палітэхнічнага інстытута студэнт Алег Судлянкоў надрукаваў свой першы артыкул, прысвечаны кніжнаму знаку... Пройдзе час — і Алег Аляксандравіч пазнаёміцца асабіста з Бердзічэўскім. 

23 сакавіка 1969 года: «Паважаны Анатоль Мікалаевіч! Сардэчна дзякую Вас за прыязны ліст, памяць, увагу. 

Буду вельмі ўдзячны, калі дашлеце 10-20 экз. каталога, бо мне ж патрэбна перасылаць яго далей — у Польшчу, Данію, Швецыю, Канаду, ды і ў Кіеве раздаць сябрам. 

Дзякуй за экслібрыс Палікарпава, — ён вельмі добры!..»

Вось і яшчэ адно беларускае імя калекцыянера і кніжніка згадваецца ў ліставанні мэтраў сваёй справы. Валерый Палікарпаў, баранвіцкі музейшчык, збіральнік эсклібрыса і розных артэфактаў выяўленчага мастацтва, карэспандэнт напаўзабытых беларускіх мастакоў старэйшага пакалення, — асобная старонка беларускай экслібрысістыкі. 

6 сакавіка 1971 года: «Дарагі Анатоль Мікалаевіч! 

Даўным-даўно няма ад вас ніякіх вестачак, — калі б Вы ведалі, які поспех выпаў на долю Вашага экслібрыса, зробленага для мяне, то дакладна напісалі б мне. 

У мяне ўсё па старому. 

Вельмі шкада і Е. Галяхоўскага і С. Фарцінскага, — як хутка звужаецца прастора, яшчэ так нядаўна... — эх, ці варта пісаць пра гэта?!

Будзьце здаровы...»

І Фарцінскі, і Галяхоўскі таксама былі ў добрым знаёмстве з Анатолем Мікалаевічам Тычынам. І, канешне ж, пісаць пра іх у мінулым часе было скрушна і Бердзічэўскаму, і Тычыне. Якаў Ісаакавіч у сваіх карэспандэнцыях у Мінск цікавіцца тымі ці іншымі ацэнкамі Анатоля Мікалаевіча, распытвае ў яго пра ўражанні ад знаёмства з экслібрысамі свайго брата. Хвалюе кіеўскага калекцыянера і тое, як рухаецца справа з выданнем кнігі А. Тычыны і В. Шматава «Беларускі кніжны знак». Дзеліцца перажываннямі, што, напрыклад, ва Украіне ён не можа прабіць выданне падобнага характару...

Эпісталярнае сяброўства Якава Бердзічэўскага і Анатоля Тычыны — яшчэ адна старонка ў біяграфіі беларускай экслібрысістыкі. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.