Вы тут

Ратавальны авіяспецназ у гомельскім небе


У выхадныя дні і ўвесь наступны працоўны тыдзень з-за гарачых умоў надвор’я МНС Гомельскай вобласці арганізуе авіяпатруляванне. На кантролі — не толькі тэрыторыя Гомельшчыны, але і памежжа суседніх абласцей. Ратавальнікі такім чынам імкнуцца максімальна прыцягнуць увагу да вострай праблемы — гібелі людзей на вадаёмах.


Першы авіапатруль ўзняўся ў неба з Гомельскага аэрапорту. Верталёт МІ-2 даследаваў «квадраты» па маршруце на вышыні каля 300 метраў. У зоне ўвагі ратавальнікаў апынуліся тэрыторыі Гомеля, Гомельскага, Акцябрскага, Светлагорскага, Жлобінскага, Рагачоўскага, Веткаўскага і Рэчыцкага раёнаў вобласці. Падчас авіапатрулявання былі абследаваны як вадаёмы з месцамі для купання, так і «дзікія» пляжы.

Удзельнікі рэйду пры дапамозе гучнагаварыцеляў нагадалі тым, хто адпачываў, асноўныя правілы паводзін падчас адпачынку на вадаёмах, недапушчальнасці знаходжання ў вадзе ў стане алкагольнага ап’янення, а таксама неабходнасці пастаяннага кантролю за дзецьмі. 

З пачатку года ў Гомельскай вобласці патанула 20 чалавек, з іх 2 непаўналетнія. Выратавана 36 чалавек, з іх 8 дзяцей, звярнула ўвагу афіцыйны прадстаўнік Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Ксенія Тур:

— Дадзены метад прафілактычнай работы вельмі актуальны зараз. Агульнымі намаганнямі, а гэта і авіяцыйны маніторынг, і дзяжурства работнікаў МНС, таварыства ратавання на водах, пастаяннае патруляванне забароненых месцаў для купання, з прыцягненнем і РАУС, і прадстаўнікоў БРСМ, і юных ратавальнікаў-пажарнікаў, безумоўна, дасць свой вынік. На працягу ўсіх выхадных, а таксама пакуль надвор’е будзе біць цеплавыя рэкорды, увесь «выратавальны спецназ» будзе працаваць у месцах купання людзей, і акрамя кантролю абстаноўкі, будзе яшчэ раз нагадваць усе правілы бяспекі на вадзе, — падкрэсліла афіцыйны прадстаўнік абласнога ўпраўлення МНС.

Між тым ратавальнікі Гомельшчыны авіапатруляванне тэрыторый вадаёмаў сумяшчаюць таксама з палётамі па маніторынгу пажараў у прыродных экасістэмах. З-за спякотнага надвор’я ў лясах на тэрыторыі вобласці вызначаны 3 клас пажарнай небяспекі. Авіяпатрулі дапамагаюць ратавальнікам выяўляць пажары у прыродных экасістэмах на ранніх этапах.

— Мы неадкладна перадаём дадзеныя: каардынаты месцазнаходжання, умовы, колькі сіл і сродкаў спатрэбіцца на ліквідацыю, — патлумачыў старшы лётчык-назіральнік Мазырскага авіяаддзялення ДААРУ «Авіяцыя» МНС Беларусі Мікалай Лазароўскі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.