Вы тут

На радзіме Кузьмы Чорнага прайшло свята «Цімкавіцкія вытокі»


Літаратурная Капыльшчына багатая на імёны. Сярод яе славутых ураджэнцаў — класік беларускай літаратуры Кузьма Чорны. Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ў чарговы раз адзначыў дзень яго нараджэння літаратурна-музычнам святам «Цімавіцкія вытокі». 


Напачатку госці свята наведалі Капыль, дзе іх чакала знаёмства з экспазіцыяй краязнаўчага музея і экскурсія па горадзе. Потым усіх гасцінна віталі Цімкавічы, родная вёска Мікалая Раманоўскага, якога мы ведаем па псеўданіме Кузьма Чорны. Хоць нарадзіўся ён непадалёк, у маёнтку Боркі, куды бацькі паехалі ў заробкі, Цімкавічы лічыў таксама радзімай: «...Родныя мае мясціны. Як мая душа рвецца туды! Яна заўсёды там. Там жывуць усе мае персанажы. Усе дарогі, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якія я калі-небудзь пісаў. Гэта ўсё адтуль, сапраўднае...»  

Цімкавічы памятаюць славутага земляка і рыхтаваліся да літаратурнага фэсту з усёй душой. На галоўнай сцэне прайшло ўрачыстае адкрыццё свята «Цімкавіцкія вытокі». З прывітальнымі словамі выступілі прадстаўнікі ўстаноў-арганізатараў мерапрыемства, а менавіта Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Капыльскага раённага выканаўчага камітэта, грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

Потым адбылося ўзнагароджанне пераможцаў творчага конкурсу «Родныя мае мясціны...». Узнагароды ўручалі дырэктар Музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік і намеснік старшыні СПБ Аляксей Чарота. Паэты Віктар Шніп і Навум Гальпяровіч пазнаёмілі прысутных са сваёй творчасцю.

Парадавалі жыхароў Цімкавіч і яго гасцей выступленні народнага аркестра народных інструментаў «Капыльскія дудары», народнага ансамбля народнай музыкі «Капыляне», народнага ансамбля народнай песні «Спадчына» і іншыя творчыя калектывы Капыльшчыны. На пляцоўцы «Літаратурнае падарожжа» прайшла выстава творчых работ навучэнцаў устаноў адукацыі Капыльскага раёна «Дзе прайшло маленства, там пачынаецца Радзіма». Тут жа адбылася прэзентацыя віртуальнай экспазіцыі «Ён чуў сэрца народа» да 120-годдзя Кузьмы Чорнага. 

Як заўсёды, сабрала вакол сябе зацікаўленых юных чытачоў аўтарка Выдавецкага дому «Звязда», пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая. Для тых, хто хацеў набыць кнігі і атрымаць аўтографы пісьменнікаў, якія былі на свяце, працавала выстава-продаж кніжных выданняў РВУ «Выдавецкі дом «Звязда». З вуснаў арганізатараў «Цімкавіцкіх вытокаў» прагучала, што ў іх планах зрабіць гэтае свята штогадовым. 

— Вельмі рады быў пабываць на фэсце «Цімкавіцкія вытокі», — падзяліўся ўражаннямі намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» —- галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп. — Калі прысутнічаеш на такіх святах, бачыш, колькі таленавітых людзей жыве ў беларускай правінцыі, як берагуць яны роднае слова і гістарычную памяць. Спадзяюся, што пабываў тут не апошні раз.

Людміла ІВАНОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.