Вы тут

Лукашэнка: Беларусь і Самарская вобласць маюць усе магчымасці выйсці ў гандлі на $1 млрд


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з губернатарам Самарскай вобласці Расійскай Федэрацыі Дзмітрыем Азаравым. Сустрэча адбылася ў рамках візіту дэлегацыі Самарскай вобласці ў Рэспубліку Беларусь. У цэнтры ўвагі сустрэчы кіраўніка дзяржавы і губернатара — эканамічнае супрацоўніцтва і абмен вопытам.


«Вы не проста блізкія нам людзі. Вы нашы людзі, вы прыехалі ў сваю Беларусь. Так будзе заўжды. Падзеі апошніх гадоў, дзён нас пераконваюць, што нам трэба быць разам. Нам няма чаго дзяліць. Калі мы пачнем нешта дзяліць, нас падзеляць. Вы ведаеце нашы магчымасці. Вы добра знаёмыя з Беларуссю, праграма візіту вельмі шырокая, думаю, што асноўныя кірункі вы ўбачыце», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, вітаючы гасцей. 

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў адразу вызначыць прыярытэтныя напрамкі сумеснай працы на бліжэйшую перспектыву. Паколькі, па яго словах, час дыктуе вызначацца вельмі хутка. 

Прэзідэнт прывёў статыстычныя даныя. У 2021 годзе годзе тавараабарот паміж Рэспублікай Беларусь і Самарскай вобласцю склаў практычна 700 мільёнаў долараў і павялічыўся амаль на 4 працэнты. Паказчыкі гэтага года знізіліся на 59 працэнтаў з прычыны скарачэння імпарту спецыфічных тавараў з Расіі. Пры гэтым беларускі экспарт паказвае добры прырост да мінулага года (больш за 20 працэнтаў). Цяпер айчынныя прадпрыемствы не толькі выконваюць свае абавязацельствы, але і значна перавышаюць аб’ёмы паставак запасных частак і камплектуючых, ліфтавага абсталявання, мэблі, прадуктаў харчавання, лекаў і іншых тавараў. 

«Мы рады таму, што мы ў поўным аб’ёме запатрабаваныя на расійскім рынку. Сёння ўжо не стаіць пытанне, як прадаць, як гэта было раней. Сёння стаіць пытанне, як задаволіць попыт, перш за ўсё нашай Расіі, вялізнай краіны па тых таварах, што мы вырабляем. Задача нашага ўрада — ні ў якім разе не адмовіць ні па адным з напрамкаў і не пакінуць кантракты незадаволенымі. У апошнія дні мы шмат гаварылі аб гэтым з Прэзідэнтам Расіі, абмяркоўваючы імпартазамяшчэнне», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён канстатаваў, што імпартазамяшэчнне сёння — гэта пытанне нумар адзін. І гэты працэс будзе жорстка кантралявацца. «У адваротным выпадку, мы і вы схільныя да цяганіны, бюракратызму. Усё вызначым, што трэба вырашыць, а потым як рэалізоўваць атрымліваюцца цуды. Мы гэтыя цуды бачым і я яшчэ раз, падкрэсліваю, з прэзідэнтам Расіі падвергнулі жорсткаму аналізу аж да таго, што былі дадзены адпаведным асобам распараджэння». — дадаў кіраўнік дзяржавы. 

Беларускі лідар расказаў пра тое, што ў рамках сумеснай праграмы імпартазамяшчэння былі намечаныя да рэалізацыі 15 праектаў. З іх 10 праектаў — гэта тое, што Расіі трэба, а пяць праектаў — тавары, якія могуць пайсці на знешнія рынкі з Беларусі, гэта быццам бы нецікава. Аднак і гэтымі пяццю праектамі заіцкавіўся Уладзімір Пуцін, бо для таго, каб прадаць на знешніх рынках тавар, трэба яго ў Беларусі зрабіць. А там больш за палову камплектуючых з Расійскай Федэрацыі. «І было прынята рашэнне без усялякіх агаворак тыя паўтара мільярда па імпартазамяшчэнні на Беларусь, выдзеленых з рэсурсаў Расіі, павінны быць неадкладна рэалізаваны. У адваротным выпадку мы прывядзём да таго, што выклічам унутраную незадаволенасць людзей і паўторым тое, што было пры распадзе Савецкага саюза. Памятаеце, калі з-за пральных парашкоў і кавалка хлеба мы спарадзілі незадаволенасць людзей, а потым нікчэмныя палітыкі дадалі і краіна развалілася. І мы зараз пажынаем гэты вынік. Гэтых памылак дапушчаць ні ў якім разе нельга», — растлумачыў Прэзідэнт. 

Ёсць магчымасць выйсці ў гандлі на паказчык у мільярд долараў

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, і хоць у бягучым годзе цэны выраслі па незалежных прычынах, Беларусь практычна не знізіла тэмпы імпарту з Самарскай вобласці. Беларускі бок стаў закупляць больш сланечнікавага алею, меднага дроту, падшыпнікаў. «І гэта далёка не поўны пералік прадукцыі, якую мы маглі б у вас набываць. Разлічваем, што Ваш візіт у Беларусь дазволіць збалансаваць гандаль. Ад гэтага выйграюць усе». -упэўнены ён. Асобна Прэзідэнт звярнуў увагу на закупкі сланечнікавага алею, якія варта ўжо сёння спланаваць: «Навошта кудысьці хадзіць далёка. Калі Самара вырабляе і прадае, значыць трэба там і купляць», — адзначыў ён.

Беларускі лідар упэўнены, што, сёння ёсць усе магчымасці выйсці ў гандлі на паказчык у мільярд долараў. Трэба ўсяго толькі выканаць да кропкі і коскі тое, аб чым беларускі і расійскі бакі раней дамаўляліся на розных узроўнях. «Сёння само жыццё нас да гэтага падштурхоўвае, указваючы правільны і, можа, адзіны шлях. Трэба абапірацца на сваіх. Мы гатовы істотна нарасціць аб’ёмы паставак самай сучаснай аўтамабільнай, сельскагаспадарчай, дарожнабудаўнічай і камунальнай тэхнікі», — падкрэсліў ён. 

Асобнай праблемай Аляксандр Лукашэнка назваў тэхніку для нарыхтоўкі лесу.Так здарылася, што па імпарце ні Беларусь, ні Расія тэхніку закупіць не могуць. Ён звярнуў увагу на тое, што ў апошнія гады у Беларусі засвойваецца вытворчасць лесанарыхтоўчая тэхнікі. Але пакуль яе не паспелі вывесці на серыйную вытворчасць. «Я Прэзідэнту Расіі пра гэта расказваў. Мы без гэтага не абыдземся. Гэта наша другая нафта. І каб сёння гэта ўсё разгарнуць як імпартазмяшчэнне трэба ад двухсот да двухсот пяцідзесяці мільёнаў долараў. Пуцін сказаў, што гэта цікавы праект, яго трэба вывучыць і абавязкова папулярызаваць. Трэба, каб гэты праект пайшоў. Магчыма, і Самарская вобласць знойдзе ў гэтым сваё месца». — расказаў кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што па ўмовах забеспячэння, сэрвіснага абслугоўвання і фінансавага суправаджэння Беларусь і Самарская вобласць змогуць дамовіцца. І апошнія месяцы аб гэтым сведчаць.

Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць надзвычай важным пошук новых магчымасцей для пашырэння прамысловай кааперацыі (паводле яго слоў, інтарэс павінен быць поўным і працоўныя месцы павінны стварацца як у Беларусі, так і ў Самарскай вобласці), трансферу тэхналогій і экспарту паслуг. 

«Напрыклад, нашым спецыялістам цікавыя даследаванні самарскіх навукоўцаў і экспертаў абаронна-прамысловага комплексу. Вельмі цікава і сёння запатрабавана. Мы заўсёды гатовы падзяліцца назапашаным вопытам у развіцці аграрнага сектара можам пашырыць — асартымент — паставак харчавання, удзельнічаць у праектаванні і ўзвядзенні сацыяльных і прамысловых аб’ектаў. Мы гатовы абменьвацца з вамі навуковымі дасягненнямі і іншымі тэхналогіямі», — сказаў ён. 

Усё, што паабяцаем, павінна быць жалезна выканана

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што Беларусь мае магчымасць падзяліцца напрацоўкамі ў дарожным будаўніцтве. Ён ведае аб тым, што Самарская вобласць уваходзіць у дваццатку рэгіёнаў, якія больш за ўсё інвестуюць. «Калі вы ўбачыце нашу неабходнасць удзельнічаць у Самарскай вобласці ў якіх-небудзь работах, мы будзем удзячныя вам за гэта і будзем вельмі адказна выконваць гэтыя работы», — запэўніў ён. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за эканомікай не трэба забываць і гуманітарную галіну, узаемадзеянне адукацыйных устаноў, дзеячаў культуры, працу ў інфармацыйнай сферы. Паводле яго слоў, трэба каб у Самары ведалі, чым жывуць нашыя людзі, і беларусы павінны ведаць, як развіваецца Самарская вобласць, таму тут без сродкаў масавай інфармацыі не абысціся.

«Прапаную падчас вашага візіту разгледзець усе напрамкі супрацоўніцтва, і вы павінны нам сказаць, што мы павінны і можам зрабіць для Самарскай вобласці. Адказных асоб, якія тут, хачу папярэдзіць, што ўсё, што мы тут паабяцаем, павінна быць жалезна выканана. Глядзіце каб мы не сарвалі ніводны праект. Гэта не дабрачыннасць. Мы да вашых паслуг, калі трэба недзе падставіць плячо, мы гэта гатовы зрабіць», — рэзюмаваў Прэзідэнт. 

У тэму

Супрацоўніцтва чакаецца па шырокім спектры напрамкаў

Падчас сустрэчы з беларускім лідарам Дзмітрый Азараў падкрэсліў, што Самарскую вобласць і Беларусь звязваюць сотні тысяч чалавечых лёсаў, і гэта самае каштоўнае ў адносінах. «Нас звязвае слаўная сумесная гісторыя, моцнае, надзейнае сяброўства ў сучаснасці і, упэўнены, светлая будучыня. Адзінства і згода расійскага і беларускага народаў не аднойчы дапамагалі нам спраўляцца з цяжкасцямі. Упэўнены, так будзе і зараз. Мы разам змагаліся за праўду, незалежнасць, за перамогу над злом. Мы выхоўваем нашу моладзь на прыкладах. У нас вялікая колькасць эканамічных, гуманітарных сувязей», — сказаў губернатар Самарскай вобласці. Як прыклад ён прывёў гісторыю Мікалая Калычова. Ён быў адным з першых, хто увайшоў у вызвалены ад фашыстаў Мінск, а пахаваны у Самарскай вобласці. Копіі архіўных дакументаў аб узнагароджанні Мікалая Калычова званнем Героя Савецкага Саюза за вызваленне Мінска, будуць перададзены ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

У складзе дэлегацыі Самарскай вобласці, якая прыбыла ў Мінск, ёсць людзі, якія маюць цесныя сувязі з Беларуссю. Адзін з іх — намеснік старшыні ўрада Самарскай вобласці Аляксандр Фяцісаў, выпускнік Мінскага вышэйшага ваенна-палітычнага агульнавайсковага вучылішча. Усяго ў Самарскай вобласці налічваецца 157 нацыянальнасцей, і беларусы там займаюць дастойнае месца — іх каля 10 тыс. чалавек. У мінулым годзе ў Самары створаны Парк дружбы, дзе размешчаны 20 нацыянальных падворкаў, у тым ліку і беларускі.

Пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Дзмітрый Азараў сустрэўся з журналістамі і расказаў, аб чым ішла гаворка з Прэзідэнтам. У прыватнасці, кіраўніцтва Самарскай вобласці разлічвае на садзейнічанне Беларусі ў вырашэнні праблем расійскага аўтамабільнага гіганта АўтаВАЗа і яго вяртанні да рытмічнай працы. «Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка даў указанні вельмі ўважліва паставіцца да гэтага пытання, пашыраючы тут супрацоўніцтва, павышаючы ступень лакалізацыі аўтамабіляў як у Рэспубліцы Беларусь, так і ў Расійскай Федэрацыі. Тут вялізнае поле для дзейнасці», — расказаў Дзмітрый Азараў.

Паводле яго слоў, развіццё супрацоўніцтва чакаецца па шырокім спектры напрамкаў, сярод якіх высокія тэхналогіі (супрацоўніцтва паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і вядучымі ўніверсітэтамі Самарскай вобласці, а таксама навукова-адукацыйным цэнтрам інжынерыі будучыні, які базіруецца ў вобласці), гуманітарныя сферы і, вядома, эканамічны блок.

«Упэўнены, што і тыя кааперацыйныя сувязі, якія некалі па розных прычынах былі парушаны, мы зможам аднавіць, аднавіць іх. Мы разумеем, наколькі гэта важна для нашых краін», — падкрэсліў губернатар.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Экі­пі­роў­ка» вы­дат­ні­ка. Як сэ­ка­но­міць гро­шы і нер­вы?

Апошні летні месяц (асабліва другая палова жніўня) для бацькоў школьнікаў заўсёды праходзіць пад дэвізам «Збіраемся ў школу!».

Грамадства

Хлебаробы ў пагонах. Ваеннаслужачыя дапамагаюць ва ўборцы збожжа і ўносяць важкі ўклад у харчовую бяспеку краіны

Хлебаробы ў пагонах. Ваеннаслужачыя дапамагаюць ва ўборцы збожжа і ўносяць важкі ўклад у харчовую бяспеку краіны

Падчас жніва ўсе, хто задзейнічан ва ўборачнай кампаніі, часова становяцца хлебаробамі.