Вы тут

Лукашэнка: Беларусь і Самарская вобласць маюць усе магчымасці выйсці ў гандлі на $1 млрд


Беларусь і Самарская вобласць Расіі маюць усе магчымасці выйсці ў гандлі на паказчык $1 млрд. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Самарскай вобласці Дзмітрыем Азаравым, перадае БелТА.


«Не ўдаючыся ў статыстыку, хачу сказаць: ёсць усе магчымасці выйсці ў гандлі на паказчык $1 млрд тавараабароту. Трэба ўсяго толькі выканаць да кропкі і коскі тое, аб чым мы раней дамаўляліся на розных узроўнях. Сёння само жыццё нас да гэтага падштурхоўвае і паказвае той правільны, магчыма, адзіны шлях. Трэба абапірацца на сваё», — сказаў беларускі лідар.

Паводле ацэнак беларускага боку, у 2021 годзе тавараабарот з Самарскай вобласцю склаў практычна $700 млн і павялічыўся амаль на 4 працэнты. Паказчыкі гэтага года знізіліся на 59 працэнтаў з-за скарачэння імпарту спецыфічных тавараў з Расіі. Пры гэтым беларускі экспарт паказвае добры прырост да мінулага года (больш за 20 працэнтаў). Цяпер айчынныя прадпрыемствы не толькі выконваюць свае абавязацельствы, але і значна перавышаюць аб’ёмы паставак запасных частак і камплектуючых, ліфтавага абсталявання, мэблі, прадуктаў харчавання, лякарстваў і іншых тавараў.

Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці Беларусі істотна нарасціць аб’ёмы паставак самай сучаснай аўтамабільнай, сельскагаспадарчай і дарожна-будаўнічай тэхнікі.

Асобна кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на лесанарыхтоўчай тэхніцы, вытворчасць якой апошнія гады асвойваецца ў Беларусі, але серыйная вытворчасць пакуль не наладжана. А гэта прадукцыя запатрабавана і ў Расіі. «Я Прэзідэнту (Расіі. — Заўвага БелТА) гэта ўсё расклаў. Без гэтага ж мы не абыдземся, асабліва Расія. Гэта, як я сказаў, наша другая нафта (лясныя рэсурсы. — Заўвага БелТА). І пад гэта сёння, каб усё гэта разгарнуць як імпартазамяшчэнне, патрэбна мінімум ад 200 да 250 мільёнаў долараў. Ён гаворыць: гэта цікавы праект, мы павінны яго вывучыць і абавязкова пашыраць. Ва ўрадах трэба цяпер каб праект гэты пайшоў. Можа, і Самарская вобласць знойдзе ў гэтым сваё месца», — расказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Упэўнены, што па ўмовах забеспячэння, сэрвіснага абслугоўвання, фінансавага суправаджэння мы можам дамовіцца. І апошнія месяцы аб гэтым сведчаць», — сказаў Прэзідэнт.

«Хоць у бягучым годзе цэны выраслі па незалежных ад нас прычынах, Беларусь практычна не знізіла тэмпы імпарту з вашай вобласці. Мы сталі закупляць больш сланечнікавага алею, меднага дроту, падшыпнікаў. Але гэта далёка не поўны пералік прадукцыі, якую мы маглі б у вас набываць. Разлічваем, што ваш візіт у Беларусь дасць магчымасць збалансаваць гандаль. Ад гэтага выйграюць усе», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Вельмі важным з’яўляецца і пошук новых магчымасцей для пашырэння прамысловай кааперацыі. «Цікавасць павінна быць поўная. І рабочыя месцы павінны стварацца як у Беларусі, так і ў Самарскай вобласці», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адзін напрамак супрацоўніцтва — трансфер тэхналогій і экспарт паслуг. Напрыклад, беларускім спецыялістам цікавы даследаванні самарскіх вучоных і экспертаў абаронна-прамысловага комплексу. У сваю чаргу Беларусь заўсёды гатова падзяліцца назапашаным вопытам у развіцці аграрнага сектара, можа пашырыць асартымент паставак прадуктаў харчавання, удзельнічаць у праектаванні і ўзвядзенні сацыяльных і прамысловых аб’ектаў. Ёсць гатоўнасць абменьвацца навуковымі дасягненнямі і тэхналогіямі, у тым ліку напрацоўкамі ў дарожным будаўніцтве.

«Калі вы ўбачыце нашу неабходнасць удзельнічаць у Самарскай вобласці ў якіх-небудзь работах, мы будзем удзячныя вам за гэта і будзем вельмі адказна выконваць гэтыя работы. Вядома, за ўсёй эканомікай, гандлем нельга забываць і гуманітарны напрамак. У гэтым плане мы павінны ўзаемадзейнічаць. І ў галіне адукацыйных устаноў, дзеячаў культуры, работы ў інфармацыйнай сферы. Трэба, каб у Самары ведалі, чым жывуць нашы людзі, чым яны дыхаюць. І мы павінны ведаць, як развіваецца Самарская вобласць. Таму тут без СМІ не абысціся», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў у ходзе візіту губернатара разгледзець усе напрамкі супрацоўніцтва: «Вы павінны нам сказаць, што мы можам і павінны зрабіць для Самарскай вобласці. Мы да вашых паслуг. Калі трэба і мы можам падставіць недзе плячо, мы гэта гатовы зрабіць».

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.