Вы тут

Свінец паўсюль? Як гэты цяжкі метал забрудзіў планету і хто вінаваты


Аб маштабным забруджванні навакольнага асяроддзя шкоднымі і таксічнымі рэчывамі зараз ведаюць усе. Бо ні для кога не сакрэт, што атмасфера прамысловых гарадоў забруджаная выкідамі цяжкіх металаў. Яны прысутнічаюць у паветры, якім мы дыхаем, у вадзе, якую п'ём, у глебе, дзе акумулююцца каранямі раслін і трапляюць у кругаварот рэчываў у прыродзе. Менавіта таму таксічныя рэчывы можна знайсці ва ўсім, што нас акаляе: у прадуктах харчавання, у касметычных сродках, прадметах інтэр'еру. З гэтым змагацца: калі хтосьці атручваецца ў дзяцінстве, усё астатняе жыццё мае справу з наступствамі. Самыя распаўсюджаныя з цяжкіх металаў — свінец, кадмій, ртуць, нікель і волава. І асаблівую ролю адыгрывае атручэнне свінцом.

Як так атрымалася, што на планеце амаль не засталося месцаў, свабодных ад гэтага цяжкага металу? І пры чым тут ЗША? Як карпарацыям, дзякуючы іх уплыву ва ўрадавых колах, дзесяцігоддзямі ўдавалася вырабляць шкодную прадукцыю, атрымліваць шматмільённыя прыбыткі і атручваць навакольнае асяроддзе? Як свінец уплывае на наша здароўе і ці ёсць небяспечная яго доза? Пра гэта гутарым з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гуменам Гурбанніджадам. 


— Доктар Гумен, давайце адразу патлумачым, як часціцы цяжкіх металаў трапляюць у наш арганізм.

— Цяжкіх металаў у прыродзе ў свабодным выглядзе, як правіла, мы не знойдзем. Гэта наступствы прамысловай перапрацоўкі. І цяпер яны сустракаюцца ўсюды, хоць у норме так быць не павінна. І трапляюць у наш арганізм праз паветра, ежу, часам праз скуру.

Больш за ўсё апасенняў пачынаючы з ХХ стагоддзя выклікаюць атручванні свінцом. Гэта праблема існуе па ўсім зямным шары. Атручванне свінцом дастаткова цяжкае, і яго бяспечнай дозы не існуе. Цяпер у лабараторыях можна здаць аналізы на ўтрыманне свінцу, але, на вялікі жаль, сёння мы не знойдзем амаль ніводнага чалавека, у арганізме якога не было б гэтага металу.

Свінец вядомы чалавецтву апошнія восем тысяч гадоў, яго даўно выкарыстоўвалі для розных патрэб. І яго таксічнасць таксама даўно не сакрэт. У старажытным Рыме ў нейкі час водаправодныя трубы з металу, якія пастаянна ржавелі, вырашылі памяняць на свінцовыя. Іх дагэтуль знаходзяць археолагі. І пасля гэтага шмат людзей пачало гінуць — проста на вуліцы падалі і паміралі. Таксама ў той час быў папулярны посуд са свінцу. Лічылася, што ежа ў ім робіцца больш салодкай. Але ўжо з тых часоў вучоныя папярэджвалі, што гэтыя смерці і шматлікія хваробы звязаны са свінцовымі посудам і водаправоднымі трубамі.

Перш за ўсё ў наш арганізм свінец трапляе праз дыханне, на другім месцы — страўнікава-кішачны тракт, і трэці, найбольш складаны шлях, — праз скуру. Свінец мае такую структуру, што наш арганізм не можа адрозніць яго ад кальцыю. Такім чынам гэты метал назапашваецца ў касцях і, адпаведна, вельмі дрэнна выводзіцца. Фактычна, там ён пачынае кансервавацца. Пры вялікай дозе і назапашванні ў касцях ён выводзіцца мінімум праз 25 гадоў. За гэты час чалавек літаральна не выжыве. На жаль, не існуе сучасных методык, якія дапамагалі б выводзіць свінец з арганізма.

— Чым гэты метал таксічны? Як ён уздзейнічае на чалавека?

— Асноўны ўдар пры атручванні свінцом атрымліваюць мозг і нервовая сістэма. Дзеці да гэтага больш адчувальныя, малады арганізм горш рэагуе на свінец. Гэты цяжкі метал прыводзіць да зніжэння інтэлекту як у дзяцей, так і ў дарослых. І ў тых, і ў другіх рэзка змяняюцца паводзіны і псіхалогія. Таксама свінец змяншае ў мужчын і жанчын рэпрадуктыўную функцыю — зніжаецца рухавасць сперматазоідаў і павялічваецца імавернасць выкідышу. Акрамя таго, свінец выклікае змяненні ДНК, што прыводзіць да ракавых захворванняў, блакіруе работу вітаміну Д, што ў далейшым таксама выклікае дастаткова глабальныя наступствы для арганізма.

Паўтаруся, што небяспека свінцу была заўважана сотні гадоў таму, людзі даўно ведалі, што свінец — гэта вораг чалавека.

— Як атрымалася тады, што ён трапляе ў наш арганізм?

— Усё пачалося з імклівага развіцця машынабудавання ў ЗША ў пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя, у прыватнасці рухавікоў унутранага згарання з выкарыстаннем бензіну. Чым большая была магутнасць рухавіка, чым вышэйшая імавернасць самазапальвання бензіну. І ніяк не ўдавалася павялічыць магутнасць. А, як вядома, чым вышэйшае актанавае чысло, тым магутнейшы рухавік і тым даражэйшая машына. І, зразумела, на продажы такіх аўтамабіляў атрымліваюць каласальны прыбытак. Трэба было штосьці дадаць у бензін, каб знізіць імавернасць яго самазапальвання. Уладальнік General Motors Чарльз Кетэрынг наняў маладога вучонага Томаса Міджлі, каб ён вынайшаў прысадку ў бензін, якая дазволіла б павялічыць актанавае чысло.

Вучоны прыдумаў шмат рэчываў, але, з пункту погляду эканомікі, яны былі нявыгадныя. А ўладальнікі кампаніі разважалі толькі з пункту погляду эканамічнай выгады, калі ўсё іншае ідзе на задні план. У рэшце рэшт Міджлі вынайшаў злучэнне тэтраэтылсвінец. Яно дастаткова таннае, вытворчасць даволі простая, да таго ж гэта злучэнне дастаткова дадаваць у мізэрнай колькасці — атрымлівалася амаль бясплатна. Пры гэтым усе ведалі, пачынаючы ад Чарльза і заканчваючы Томасам, што гэта высокатаксічнае злучэнне і яно выклікае атручванне. Аднак, паколькі галоўным было павялічыць прыбытак, назва тэтраэтылсвінец скарацілася да этылу. І ўжо не выклікала такіх апасенняў — вынаходніцтва запатэнтавалі.

Тры гіганты з вялікімі капіталамі — General Motors, «DuPont» і «StandardOіl» стварылі завод і пачалі вытворчасць этылу. Запрашалі Томаса Міджлі, каб ён чытаў публічныя лекцыі аб сваім адкрыцці, але той адмовіўся. Як высветлілася пасля, з-за таго, што ўжо ў гэты час ён быў моцна хворы з-за атручвання ў выніку свайго ж адкрыцця.

За першыя два месяцы працы на гэтым заводзе атруцілася пэўная колькасць рабочых і пяць з іх памерлі. Ужо тады можна было дакладна сказаць, што справа дабром не скончыцца. Аднак каб неяк уладзіць справу, Томас Міджлі сабраў прэс-канферэнцыю і на працягу адной хвіліны ўдыхаў этыл, мазаў сабе на скуру, даказваючы, што рэчыва не ядавітае. Прычым рабіў гэта, нягледзячы на тое, што ўжо быў атручаным і глыбока хворым чалавекам.

Урачы Гарвардскага ўніверсітэта, міністэрства аховы здароўя ЗША, таварыства ўрачоў МАТ і іншых арганізацый папярэджвалі, што гэтая прысадка шкодная. Аднак усё роўна ўладальнікі завода казалі, што гэта ўсяго толькі дапушчэнне вучоных, якое патрабуе дадатковых доказаў. І самі ездзілі на аўтамабілях, удыхалі пары гэтага бензіну, падвяргаліся атручванню свінцом, як і іх блізкія. Усё дзеля вялікага прыбытку. Гэтак жа яны ведалі, што іх нашчадкі таксама будуць дыхаць свінцом, бо ў прыродзе ён нікуды не знікне.

— Як жа ўдалося пераламіць сітуацыю?

— Дзякуючы іншаму вучонаму, геахіміку Клеру Кэмерану Патэрсану. Ён даследаваў узрост нашай планеты, у тым ліку метадам падліку ізатопаў свінцу ў магматычнай пародзе. Калі ён аналізаваў свае разлікі, убачыў, што яны не супадаюць. Колькасць свінцу, які б узор ён ні браў, усюды большая, чым мусіць быць. Вучоны западозрыў няладнае і пачаў вымяраць узровень свінцу ў акіяне на рознай глыбіні. Чым больш павялічвалася глыбіня, тым меншай была колькасць свінцу. Таксама Патэрсан вымяраў яго ў ледніках Грэнландыі, дзе лёд назапашваецца слаямі. І зразумеў: свінец у такім выглядзе на планеце — вынік дзейнасці чалавецтва. У нязначнай колькасці ён з'явіўся каля чатырох тысяч гадоў таму, а істотная яго колькасць распаўсюдзілася ў наш час.

Ён пачаў вымяраць колькасць свінцу ў арганізме амерыканцаў, у прыватнасці ў зубах. І параўноўваў даныя з паказчыкамі ў касцях старажытных людзей. У яго сучаснікаў яны былі павялічаны ў 1000 разоў! У іншых краінах вынікі былі не лепшыя. Вучоны быў ашаломлены сваім адкрыццём.

Але прайшло яшчэ шмат часу, пакуль прысадкі са свінцом у бензіне былі забаронены. У 1980 годзе першай краінай, якая адмовілася ад бензіну з утрыманнем свінцовых прысадак, стала Японія. Потым гэта зрабілі ў іншых краінах.

— Як такое распаўсюджанне свінцу паўплывала на чалавецтва ў глабальным сэнсе?

— Свінец растварае міелінавую абалонку нервовай клеткі і змяншае выдзяленне медыятраў. Паводле апошняга даследавання вучоных, амаль 800 мільёнаў адзінак ІQ было знішчана на планеце «дзякуючы» свінцу.

Гэты цяжкі метал не толькі змяншае ІQ, але і змяняе псіхалогію, у прыватнасці павышае агрэсію. Калі вучоныя паглядзелі графік злачыннасці ў ЗША з 1956 да 2006 года, ён амаль дакладна паўтараў графік пад'ёму ўзроўню свінцу з 1936 да 1986 года. Калі паглядзелі такі ж графік у іншых краінах, убачылі моцнае падабенства. Канешне, апраўдваць злачыннасць толькі распаўсюджаннем свінцу няправільна. Але гэты метал сыграў вялікую ролю ў змяненні псіхалогіі чалавека.

Дагэтуль штогод каля 900 тысяч чалавек гіне ад змяненняў сардэчна-сасудзістай сістэмы толькі з-за свінцу. Увогуле ж лічыцца, што ў свеце загінула каля 100 мільёнаў чалавек ад атручвання гэтым металам. Пацярпелі і эліты, у тым ліку кароль Англіі і яго лорды, і бедныя народы Афрыкі. Тут няма ніякіх выключэнняў. Вядомы амерыканскі палітык Бенджамін Франклін яшчэ ў 1786 годзе сказаў, што даўно вядома пра атручванні свінцом і варта з ім заканчваць. Калі б ён трапіў у наш час і пабачыў, што адбылося, ён быў бы моцна шакіраваны.

— Прысадкі для бензіну са свінцом пачалі вырабляцца ў пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя. А забаранілі іх толькі ў 80-х гадах. Як так адбылося, што, ведаючы шкоду гэтага металу, на працягу 60 гадоў свінец забруджваў планету?

— Калі не хочацца змагацца з прычынай, з дапамогай прадажных вучоных можна змяніць стандарты, што і адбылося. ЗША доўга не хацелі прызнаваць шкодны ўплыў свінцу на наш арганізм. Праўда, пад націскам даследчыкаў і грамадскасці норма паступова зніжалася. У 1960-м яна была аж 60 адзінак, у 1973-м знізілася да 40, у 1975-м — да 30, у 1985-м — да 20, у 1990-м — да 10, 2012-м — да 5, у 2021-м — да 3,5. Насамрэч яна мусіць быць нуль.

У тым, што адбылося, не зусім правільна абвінавачваць канкрэтных людзей. Нашы паводзіны абумоўлены генетычным кодам, гэта інстынкт самавыжывання. У чалавека на першым месцы заўсёды стаяць уласныя выгады. Калі хтосьці вырабляе труны і гэта прыносіць прыбытак, як бы цынічна гэта ні гучала, яму выгадна, каб памірала больш. Пры гэтым чалавек можа нават ахвяраваць здароўем, каб задаволіць свой інстынкт нажывы. Як Томас Міджлі, які з 1940 года быў паралізаваны. Каб была магчымасць падымаць яго з ложка, ён прыдумаў складаную сістэму з вяровак і блокаў, і ў 55 гадоў загінуў, заблытаўшыся ў вяроўках гэтага механізма. Пры гэтым ён быў надзвычай багатым чалавекам.

Паколькі генетычна на працягу тысяч гадоў чалавек не мяняецца, гісторыя паўтараецца. Дадзеная сітуацыя чарговы раз даказвае, што адзін з недахопаў амерыканскай капіталістычнай сістэмы ў тым, што яна нараджае элементы, якія ёй кіруюць ці ўкараняюць сваіх людзей ва ўрад. Як бачым, нават пасля папярэджанняў міністэрства аховы здароўя, салідных універсітэтаў пра тое, што нельга выкарыстоўваць тэтраэтылсвінец, яго вытворцы стаялі вышэй законаў і дабіваліся свайго. А наступствы гэтага мы ўсе адчуваем дагэтуль. Мы ведаем выраз, што амерыканская дэмакратыя каштуе дорага, і вось так за яе мы расплачваемся па ўсім зямным шары. У найбліжэйшыя некалькі соцень гадоў чалавецтва будзе адчуваць наступствы забруджання свінцом.

General Motors выпускаў яшчэ і халадзільнікі, і Томас Міджлі вынайшаў фрэон, які, як высветлілася, разбурае азонавы слой, з-за чаго рэзка вырас рак скуры на ўсёй планеце. Зноў-такі гэта было зроблена дзеля прыбытку. А пакутавалі ўсе, у тым ліку і тыя людзі, якія адабралі яго прымяненне.

Нават калі гэтыя людзі, вобразна кажучы, гараць у пекле, нам ад гэтага не лягчэй. Адзіным спосабам не дапускаць у будучыні такіх катастроф сусветнага маштабу з'яўляецца здаровая дзяржава, якая сваімі законамі не дае асобным людзям дзеля сваёй асабістай выгады шкодзіць ўсяму жывому на планеце.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».