Вы тут

Настасся Марыніна аб спартыўным менеджменце і як ён развіваецца ў Беларусі


Захапляльныя спаборніцтвы, незабыўныя эмоцыі, незвычайныя перамогі і горкія паражэнні — тое, што бачаць і любяць спартыўныя аматары. Але і ў падтрыбунных памяшканнях стадыёнаў кіпіць не менш цікавае жыццё. За прыгожай спартыўнай карцінкай стаіць вялікая праца многіх людзей: менеджараў, журналістаў, адміністратараў, суддзяў, юрыстаў.

Як правіла, іх імёнаў не ведаюць. А яны робяць усё, каб публіка ведала імёны сваіх спартыўных герояў. Што такое спартыўны менеджмент і як ён развіваецца, расказала генеральны сакратар — выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі баскетбола Настасся Марыніна.


— Настасся Уладзіміраўна, на ваш погляд, як сённяшняя складаная сітуацыя ў спорце змяніла працу спартыўнага менеджара?

— Менеджар на тое і менеджар, каб хутка адаптавацца і перабудоўвацца з улікам перамен. Самая галоўная задача менеджара — арганізаваць працэс і пабудаваць усе ланцужкі, якія дазволяць прыйсці да пастаўленай мэты. Мы былі гатовыя да адхілення нашых каманд ад міжнародных стартаў. З расійскімі калегамі мы актыўна супрацоўнічаем з 2018 года, у нас ёсць пагадненне з судзейскай калегіяй, мы працуем з цэнтрам сучасных спартыўных тэхналогій «Расэнергаатам». У 2019 годзе заключылі пагадненне з Расійскай федэрацыяй баскетбола. У цэлым у нас наладжана добрае супрацоўніцтва з Расіяй. Цяпер трэба гэта супрацоўніцтва перавесці на ўзровень спорту высокіх дасягненняў. Канешне, мы не забываем пра рэзерв, які з'яўляецца самай важнай часткай усяго спартыўнага ланцужка. Мы перабудоўваем сваю працу. Але яна застаецца максімальна накіраванай на патрэбы спартсменаў, каб яны маглі прагрэсіраваць і даваць сваім краінам патрэбны вынік.

— Увогуле, у Беларусі працуе інстытут спартыўнага менеджменту?

— Другую адукацыю па спецыяльнасці «Спартыўны менеджмент і маркетынг» я атрымлівала ў нашым універсітэце фізічнай культуры. Выбар спецыяльнасці адразу пасля школы часам бывае несвядомы. А калі атрымліваеш другую адукацыю, ужо ставішся больш крытычна, забіраеш толькі тое, што трэба. Нават крытычна ацэньваючы, скажу, што ў нас выдатныя выкладчыкі. Мы вывучалі заканадаўчую базу, маркетынг, менеджмент, анатомію, фізіялогію — і ўсё гэта ад найлепшых спецыялістаў краіны. Калі чалавеку гэта не патрэбна, калі ён не хоча быць спартыўным менеджарам, ад адной выдатнай навучальнай установы ён добрым менеджарам не стане. На першым месцы павінна быць жаданне, на другім — здольнасці. На маю думку, менеджар — спецыяліст, які мае аналітычнае мышленне, умее планаваць час і арганізоўваць працэсы. Не кожны на такое здольны, і гэта нармальна. Адзін будзе добрым менеджарам-выканаўцам, другі — менеджарам-кіраўніком. Адзін будзе генерыраваць ідэі, другі — іх рэалізоўваць.

— Вы ў федэрацыі баскетбола крэатыўшчык ці выканаўца?

— У нас няма падзелу на тых, хто выконвае, і тых, хто крэатывіць. Калі трэба, напрыклад, рыхтаваць пляцоўку да мерапрыемства, гэта робяць усе. У нас поўная ўзаемападтрымка і сапраўдная камандная работа, што мне вельмі падабаецца. Усе гатовы працаваць і ў нерабочы час, ахвяруючы сваім асабістым часам. Калі да нас прыходзіць новы чалавек, адразу папярэджваем, што ў нас няма такога паняцця, як адпачынак ці «на гадзінніку шэсць вечара, і я іду дадому». І не таму, што ў нас такое злое кіраўніцтва. Амаль усе спаборніцтвы праходзяць вечарам ці ў выхадныя дні. Любы, хто працуе ў спорце: ці то журналістыка, менеджмент, трэнерская работа, — разумеюць, што выхадных і свабодных дзён амаль няма. У гэты час праходзяць спаборніцтвы, бо так зручна для мэтавай аўдыторыі — аматараў. У адпачынак кожны супрацоўнік федэрацыі ідзе з ноўтбукам, заўсёды застаецца на сувязі. Ні адзін спартсмен ці каманды не павінны пакутаваць з-за таго, што кагосьці няма ў офісе. Але тут усе фанаты сваёй справы, і праблем з гэтым няма.

— Як кіраўніцтву пабудаваць работу каманды так, каб яна была гатовая працаваць без выхадных і адпачынку?

— Па-першае, мы адразу папярэджваем пра такую асаблівасць. А па-другое, да нас прыходзяць людзі, улюбёныя ў баскетбол, і яны гатовыя працаваць у такім рэжыме. Вядома, у некаторых здараецца выгаранне, і яны звальняюцца, але праз некаторы час вяртаюцца. Адпрацаваць у такім рэжыме нават некалькі гадоў — каласальны вопыт. Еўрапейскія гульні, чэмпіянаты свету, міжнародныя матчы — кожная з гэтых падзей дае ўнікальны вопыт, які потым будзе карысны ў любой сферы. Гэта і планаванне, і арганізацыя мерапрыемстваў, выкананне пратаколаў, самаарганізацыя, прыняцце рашэнняў у экстранных сітуацыях. Часам здараюцца такія рабочыя сітуацыі, што для таго, каб іх вырашыць, трэба зрабіць цуд. Канешне, такая праца больш падыходзіць для маладых людзей, поўных жыццёвых сіл і энергіі. Тым, хто хоча жыць спакойна, такі рытм хутчэй за ўсё не падыдзе. Але для моладзі тут будзе столькі драйву, столькі ўсяго цікавага і незвычайнага! І кожнае праведзенае мерапрыемства — плюс у кар'еру і нагода ганарыцца сабой.

— Карысным вопытам, напэўна, будзе і работа са спартсменамі. Як вядома, у спорце простых людзей не бывае...

— Трэба разумець, што ўвесь спорт трымаецца на спартсменах і трэнерах. Гэта ўнікальныя людзі, творчыя, з нестандартным мысленнем і характарам. І ўся спартыўная галіна існуе толькі таму, што ёсць яны. Любы спартыўны менеджар, суддзя, адміністратар — усяго абслуговы персанал. Ні адзін менеджар не вядомы на ўвесь свет так, як вядомы Лука Дончыч, і ні адзін менеджар не прыцягвае ўвагу людзей да баскетбола так, як ён. І любы менеджар працуе ў спорце толькі таму, што ёсць такія геніяльныя спартсмены. І наша задача — зрабіць так, каб ім было максімальна камфортна. Людзі прыходзяць глядзець не на менеджараў ці суддзяў, а на спартсменаў. Таму і існуе спорт. Калісьці беларускія аматары баскетбола прыходзілі глядзець, як гуляе Анатоль Якубенка, цяпер прыходзяць глядзець на Анастасію Верамеенку, на нашу мужчынскую зборную.

— Настасся Уладзіміраўна, акрамя баскетбола, вы працавалі ў лёгкай атлетыцы. Праца менеджара ў розных відах спорту моцна адрозніваецца?

— Працуючы ў лёгкай атлетыцы, я навучылася ўсяму, што цяпер магу як менеджар. Тады ў федэрацыі лёгкай атлетыкі працавала суперпрафесійная каманда. І мне было цікава ўсё. Тады я пазнаёмілася са спецыфікай лёгкай атлетыкі. Яна складаная тым, што мае 47 відаў. У кожным — свае асаблівасці: пачынаючы ад псіхалогіі і заканчваючы арганізацыяй спаборніцтваў. Але, калі любіш спорт і разумееш, як працуе гэта піраміда, незалежна ад віду, заўсёды будзе цікава працаваць, бо ёсць накіраванасць на вынік. Кожны спартсмен, трэнер, менеджар мараць, каб былі медалі, перамогі — дзеля гэтага і працуем. І той адрэналін, які дае праца ў спорце і ўвогуле сам спорт, напэўна, не заменіш нічым. Спартсмены кожны дзень праводзяць двухразовыя трэніроўкі, не бачаць ніякага іншага жыцця, акрамя як на пляцоўцы, але яны вяртаюцца ў залу. Бо такіх эмоцый, якія дае спорт, нідзе ніколі не зведаеш. Гэта такі пазітыўны наркотык.

— А ваш вопыт работы прэс-сакратаром Нацыянальнага алімпійскага камітэта чаму навучыў?

— З маёй калегай Рымай мы жартуем, што пасля Нацыянальнага алімпійскага камітэта ў нас развілася «музейная хвароба». Калі я там працавала, НАК пераехаў у новы будынак. Ігар Анатольевіч Рачкоўскі паставіў перад намі задачу зрабіць партрэтную галерэю, а Максім Уладзіміравіч Рыжанкоў — паўнавартасны музей. Два кіраўнікі, два віцэ-прэзідэнты паставілі такія вялікія задачы. Як гэта зрабіць, амаль ніхто не ведаў. Мы наведалі вельмі шмат музеяў. Асноўным стаў музей у Лазане ў штаб-кватэры МАК. Мы глядзелі ўсё: на якіх болціках усё трымаецца, як арганізавана падсвечванне, як размешчана інфармацыя, як яна аформлена. З тых часоў, калі я прыходжу ў музеі, першае, на што гляджу, — планіроўка, афармленне памяшкання, з якога шкла выкананы вітрыны. Разумею, якая вялізная праца стаіць за афармленнем музея. Яна ўключае і менеджмент, і маркетынг, бо інфармацыю трэба прадставіць у найлепшым выглядзе.

— Выязджаючы на Алімпійскія гульні, на чэмпіянаты свету, ці часта атрымліваецца падгледзець у замежных калег нешта для сваёй працы?

— Куды б я ні выязджала, заўсёды стараюся ўбачыць тое, што можа спатрэбіцца ў маёй рабоце. Нават у невялікай спартыўнай школе ў маленькім горадзе можна ўбачыць, як арганізаваць рабочы працэс і дасягаць поспеху пры мінімальным фінансаванні, але з энтузіястамі. Часам у іншых краінах я разумею, што некаторыя працэсы ў нас не прыжывуцца. У нас проста розныя менталітэты, людзі па-рознаму ўспрымаюць інфармацыю. Напрыклад, беларускі баскетбол — жаночы. А на Захадзе робіцца стаўка на мужчынскі баскетбол, і дзяўчаты не збіраюць столькі прыхільнікаў і не карыстаюцца такой любоўю, як наша каманда. А нашы разумніцы, прыгажуні збіраюць поўны палац спорту. І калі я пра гэта расказваю, замежныя калегі вельмі здзіўляюцца. Гэта наша фішка. І на гэтым можна будаваць маркетынг. Увогуле, ва ўсім беларускім спорце лідзіруюць дзяўчаты. Гэта наша спецыфіка, і мы прасоўваем менавіта жаночы твар беларускага спорту.

— Настасся Уладзіміраўна, у вашым жыцці ёсць чалавек, на якога вы раўняецеся?

— Калі чую, што хтосьці зрабіў сябе сам, не веру ў гэта. Кожны чалавек, які ёсць у нашым жыцці, чамусьці вучыць. Канешне, першапачаткова гэта бацькі. Я са спартыўнай сям'і. Тата — экс-рэкардсмен свету, мама — член зборнай СССР па лёгкай атлетыцы. І любоў да спорту закладзена ў мяне з дзяцінства. Калі я прыйшла на тэлебачанне ў якасці журналіста, Барыс Герстэн і Уладзімір Шпітальнікаў зрабілі ўсё, каб я сфарміравалася як журналіст. Калі перайшла ў «пішучую» журналістыку, Юрый Валошын вучыў мяне пісаць тэксты так, што я плакала, бо думала, што нічога не атрымаецца, але гэта была выдатная школа. Кожны чалавек у маім жыцці нечаму навучыў. Цяпер гэта, канешне, Максім Уладзіміравіч Рыжанкоў. Для мяне ён прыклад менеджара. Я заўсёды выбірала: не дзе працаваць, а з кім, для мяне гэта вельмі важна. Прафесійныя якасці кіраўніка, калег не павінны выклікаць сумнення. Я заўсёды прыходзіла працаваць да моцнага кіраўніка. Як і ў агенцтва «Мінск-навіны», калі яго ўзначальваў Грыгорый Новікаў, вельмі складаны чалавек. Але журналісты, якія прайшлі яго школу, і сёння ўспамінаюць яго добрым словам. Ён быў таленавітым менеджарам і высакакласным журналістам. Я ішла працаваць у НАК таму, што там быў Ігар Анатольевіч Рачкоўскі, у федэрацыю баскетбола — бо там Максім Уладзіміравіч Рыжанкоў — ведала, што многаму ў іх навучуся.

— Вяртаючыся да спорту, існуе меркаванне, што спорт сёння — сацыяльная з'ява і людзі хочуць атрымліваць задавальненне не толькі ад спаборніцтваў. Таму арганізатарам турніраў трэба думаць над тым, як забаўляць публіку. Вы з гэтым пагадзіцеся?

— Калі на пляцоўцы выступаюць каманды сярэдняга ці нізкага ўзроўню, нейкія забаўкі для гледачоў маюць значэнне. Але калі на пляцоўцы выступаюць каманды топ-узроўню ці паміж сабой спаборнічаюць зоркі, то ўсё, што вакол, для гледачоў становіцца непатрэбным. Мы часам думаем, што добры буфет заменіць спартыўнае шоу. Не. Людзі прыходзяць паглядзець на зорак спорту. Калі «Цмокі-Мінск» гуляюць з «Барысфенам», на трыбунах 2-3 тысячы чалавек. Калі яны будуць гуляць з ЦСКА, людзей прыйдзе ўдвая больш. Любы балельшчык хоча бачыць перамогі сваіх спартсменаў. Гэта прадукт, які неабходна прадаваць. Калі каманды ці спартсмены ўвесь час церпяць няўдачы — як ты іх не раскручвай, якія забаўкі ні прыдумляй, людзі на спаборніцтвы хадзіць не будуць.

— Актуальная тэма асабістага брэнда спартсменаў. А ці ёсць сэнс развіваць брэнд каманды?

— Кожная каманда мае свой брэнд. З аднаго боку, гэта дасягненні каманды, а з другога — работа клубаў. «Цмокі-Мінск» паспяхова прадаюць спартыўную экіпіроўку са сваім лагатыпам, і ўсе дзеці хочуць мець майку, на якой напісана «Цмокі-Мінск». У ёй яны потым прыходзяць на спаборніцтвы. А калі казаць пра брэнд спартсмена... Сёння сфарміравалася такое паняцце, што спартсмен — гэта такі медыйны вобраз, гэта тое, як чалавек прадстаўлены ў сваіх сацыяльных сетках і медыя. Але часта ў медыя і ў жыцці — два розныя чалавекі. Наколькі важна развіваць гэты брэнд, кожны вырашае сам. Але самае галоўнае — заставацца чалавекам. Напрыклад, цяпер у нас тры спартсмены змагаюцца з цяжкай хваробай. Ім дапамагае ўся каманда, і фінансава, і маральна. Але не ўсе гэта афішыруюць. Таму, калі застаешся чалавекам, карыстаешся павагай у першую чаргу сярод сваіх калег і тых, чыя думка для цябе важная. А агульныя масы... Тут ад кахання да нянавісці адзін крок.

— Якія найбліжэйшыя планы ў федэрацыі баскетбола і беларускіх каманд?

— Цяпер для нас самае галоўнае — не згубіць рэзерв нацыянальнай каманды, а зрабіць яго яшчэ мацнейшым. Праектаў вельмі шмат. Кожны дзень з'яўляюцца новыя ідэі і праекты. Стартавала «Ліга Палова», у Астраўцы пройдзе турнір па баскетболе 3х3, з 15 да 17 ліпеня — Кубак памяці Сямёна Халіпскага. У наступным годзе Беларусь прымае ІІ Гульні краін СНД, і нашы спартсмены будуць удзельнічаць у спаборніцтвах па баскетболе 3х3. Наша задача — зрабіць так, каб наша добрая каманда стала супердобрай. Расслабляцца няма калі.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Падчас работы думаеш пра тое, каб больш сабраць». Буякі заваёўваюць папулярнасць ў Гродзенскім раёне

«Падчас работы думаеш пра тое, каб больш сабраць». Буякі заваёўваюць папулярнасць ў Гродзенскім раёне

Яшчэ гадоў 10-15 назад салодкія садовыя буякі можна было лічыць далікатэсам.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.