Вы тут

У Кіраўску дапамагаюць інтэгравацца ў грамадства і зарабляць


Навучыць людзей з інваліднасцю жыць самастойна — адна з найважнейшых задач спецыялістаў цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Але ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян сталага ўзросту невялікага гарадка Кіраўска (што ў Магілёўскай вобласці) вырашылі пайсці далей і паставілі перад сабой амбіцыйную задачу навучыць маладых людзей са складанымі дыягназамі цалкам інтэгравацца ў жыццё грамадства, зарабляць грошы для сябе і сваёй сям'і і быць матэрыяльна незалежнымі.


Не сакрэт, што сучасны свет вельмі няпросты, і знайсці ў ім сваю дарогу складана нават маладым людзям, у якіх няма праблем са здароўем. А наяўнасць прыроджаных або хранічных захворванняў дадае «невядомых» у гэта і без таго складанае ўраўненне. Таму на пачатку дарослага жыцця кожнаму неабходна добразычлівая дапамога і падтрымка ўважлівых і адказных дарослых. І асабліва яна патрэбна маладым людзям з інваліднасцю.

Не шкадаванне, а павага

Пуцёўка ў прафесію для многіх маладых людзей з інваліднасцю ў Кіраўскім раёнё пачынаецца ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян сталага ўзросту. Тут хлопцы і дзяўчаты (калі ў іх ёсць жаданне, схільнасць да творчасці і фізічная магчымасць) праходзяць курсы рамеснікаў.

— Пасля рамесных курсаў прадугледжана навучанне ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. Куляшова па напісанні бізнес-плана, — распавядае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Кіраўскага райвыканкама Вольга Мяржый. — Склаўшы бізнес-план, рамеснік атрымлівае дзяржаўную субсідыю на набыццё неабходных матэрыялаў і пачынае працаваць.

Курсы існуюць з 2015 года, і за гэты час у раёне з'явілася сем маладых рамеснікаў.

— Самая першая наша вучаніца, маладая жанчына з інваліднасцю, цяпер актыўна працуе і можа цалкам сябе забяспечыць, — распавядае Наталля Фіневіч, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян сталага ўзросту цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Кіраўскага раёна. — Больш за тое, нядаўна яна адкрыла ІП і — яшчэ адна радасная для нас навіна — выйшла замуж. Яе муж — чалавек без інваліднасці. У сям'і расце дачка. Іншая наша дзяўчына-інвалід, паспрабаваўшы ў працоўных майстэрнях мылаварэнне, захацела прайсці курсы па гэтым кірунку. Стала на ўлік у сектар занятасці як беспрацоўная, адвучылася на курсах рамеснікаў, потым яе адправілі ў Магілёўскі ўніверсітэт на курсы па напісанні бізнес-плана, аказалі дапамогу і садзейнічанне ў яго складанні (бо гэта таксама сур'ёзная праца, асабліва калі бізнес-план чалавек піша ўпершыню). Яна атрымала субсідыю і сёння паспяхова працуе. У яе ёсць свой Іnstagram і тэлеграм-канал, яна выязджае на выставы-кірмашы — не толькі абласныя і рэспубліканскія, але і міжнародныя. Паспяхова рэалізуе сваю патрэбу ў творчасці і мае магчымасць зарабляць на жыццё.

У ахвотных прайсці рамесніцкія курсы недахопу няма, бо, акрамя пенсіі па інваліднасці (памер якой вельмі сціплы), чалавек атрымлівае магчымасць дадатковага заробку.

— Прынята лічыць, што інвалід бездапаможны, яму патрэбныя «нянькі». Гэта не так, — падкрэслівае Наталля Леанідаўна. — Такім людзям, хутчэй, патрэбныя магчымасці. Чалавек, які мае групу інваліднасці, абдзелены здароўем, вельмі часта валодае моцнай воляй і вялікімі талентамі. Яны імкнуцца паказаць сабе і свету: «Я магу!». І заслугоўваюць не жалю і шкадавання, а велізарнай павагі.

Працаваць і зарабляць

У прасторнай майстэрні працатэрапіі аддзялення дзённага знаходжання ёсць пастаянная экспазіцыя творчых работ: вытанчаныя інтэр'ерныя рэчы, чароўныя мяккія цацкі, вясельны і святочны дэкор.

Інструктар па працоўнай тэрапіі Вераніка Пятруша знаёміць мяне з Аленай Гаўрыленкай. Яна працуе з фааміранам, стварае дызайнерскія свечкі і духмянае хэнд-мэйд-мыла. Яна ўжо рамеснік. Вераніка Васільеўна расказвае, што яшчэ адна яе вучаніца, Ангеліна, зараз у Магілёве, ва ўніверсітэце. Яе бізнес-план будзе прысвечаны вязанню.

— На нядаўнім абласным фестывалі творчасці інвалідаў «Разам мы зможам больш», арганізаваным Магілёўскай абласной арганізацыяй ГА «БелТІЗ» у Магілёве, работы Ангеліны занялі першае месца, — адзначае яна.

Кірункі, па якіх можна прайсці навучанне на курсах рамеснікаў, — лозапляценне і бісерапляценне, мылаварэнне і свечкаварэнне, вязанне і вышыўка, работа з саломай, стварэнне дызайнерскіх вырабаў з фаамірану і скуры. Магчыма, хутка ў гэты спіс дададуцца і іншыя кірункі. А ідэя стварэння такіх курсаў з'явілася ў супрацоўнікаў аддзялення дзённага знаходжання, калі наведвальнікі, прыходзячы па тыя ці іншыя паслугі, сталі цікавіцца, ці нельга набыць рамесныя вырабы або замовіць нешта падобнае па сваім эскізе. Рамесныя курсы вырашаюць вельмі важную праблему, кажуць спецыялісты цэнтра. Людзям з інваліднасцю (асабліва калі казаць пра «цяжкія» групы) працаўладкавацца не проста, і афіцыйную занятасць з іх маюць нямногія. Атрыманне прафесіі залежыць ад індывідуальнай праграмы рэабілітацыі, дзе прапісаны напрамкі, у якіх мае права працаваць чалавек з тым ці іншым захворваннем, тлумачаць спецыялісты. І часам гэты спіс вельмі невялікі. Так што прафесія рамесніка — сапраўды добрае рашэнне.

— Цяпер дапамагаем набыць статус рамесніка таленавітаму маладому чалавеку. Але ўзнікла праблема. Ён атрымліваў інваліднасць да ўвядзення індывідуальных праграм рэабілітацыі — тады было іншае заканадаўства, і ў яго няма ІПР, дзе прапісана, што ён можа быць рамеснікам. Мы звярнуліся ў абласны МРЭК, неўзабаве паедзем на камісію, — распавядае Наталля Фіневіч. — На жаль, пакуль мы не выпрацавалі алгарытм узаемадзеяння з МРЭКамі.

Іх логіка — раз можаш працаваць, працуй, а мы здымем табе групу. Але нам важна захаваць для нашых падапечных і пенсію, і права на субсідыю для старту рамесніцкай дзейнасці. Узяць хоць бы гэтага маладога чалавека: ён пражывае з мамай-пенсіянеркай, чаму б не даць яму магчымасць зарабляць з дапамогай сваёй працы і таленту?..

«Паказаць, што яны не адны...»

У тэрытарыяльным цэнтры перакананыя: рамесніцтва для людзей з інваліднасцю акрамя ўсяго іншага — выдатны спосаб паверыць у сябе. Менавіта веры ў сябе ім часам не хапае. Творчая праца, асабліва калі яе вынікі запатрабаваныя — гэта свайго роду шлях да сябе, магчымасць прыняць і палюбіць сябе. Рукадзелле, з аднаго боку, дазваляе належаць да вялікай групы крэатыўных і творчых людзей, з другога — быць унікальным, ствараючы свой непаўторны творчы стыль.

Вядома, далёка не ўсе могуць стаць паспяховымі рамеснікамі. Здараецца, да творчай працы проста няма схільнасці. А часта дыягназ не дазваляе, напрыклад, бываць на выставах і форумах, дзе рамеснікі прадстаўляюць пакупнікам свае работы. У шэрагу выпадкаў супрацоўнікі цэнтра суправаджаюць «выпускнікоў» рамесных курсаў, каб дапамагаць ім у дарозе.

— Акрамя таго, у нас ёсць сумесны праект «Самастойнае пражыванне людзей з інваліднасцю» з аграэкасядзібай у вёсцы Лешчанка, — распавядае Наталля Леанідаўна. — Ужо не першы год нашы выхаванцы выязджаюць у свайго роду «летні лагер» і дзесяць дзён жывуць у асобных доміках. Самі сабе гатуюць і самі сябе абслугоўваюць (зразумела, пад нашым пастаянным наглядам). Так яны вучацца жыць самастойна, і, мне здаецца, вынік такога «лагера» кожны раз вельмі прыкметны.

Наталля Леанідаўна зноў і зноў вяртаецца ў размове да сваіх падапечных, іх поспехаў і здзяйсненняў:

— Адзін з хлопцаў, якія наведваюць наша аддзяленне дзённага знаходжання, мае дыягназ «ДЦП». Ён скончыў дзевяць класаў спецыялізаванай школы для дзяцей-інвалідаў і вельмі хоча вучыцца далей. Але «адзінаццацігодкі» для такіх дзяцей у раёне няма. А хлопец разумны і таленавіты. Зараз мы дапамагаем яму паступіць у каледж на агранома: збіраем дакументы, атрымліваем медыцынскае заключэнне, што ён можа працаваць па гэтай спецыяльнасці. Спадзяюся, хутка будзем святкаваць яго паступленне і радавацца поспехам у вучобе. А далей, цалкам магчыма, — Горацкая акадэмія. Чаму б і не? Хто сказаў, што нашы хлопцы і дзяўчаты горшыя за іншых студэнтаў?

Суразмоўніца перакананая:

— Людзям з інваліднасцю даводзіцца быць мацнейшымі за тых, каму пашанцавала са здароўем. І, мабыць, галоўнае для іх рэабілітацыі (асабліва калі гаворка пра моладзь) — паказаць ім, што яны патрэбныя, што яны не адны. Што ў іх вераць. А калі верым у іх мы, значыць, і яны ў сябе павераць!

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.