Вы тут

Зона рызыкоўнага земляробства


Прачытала нататкі Алены Ляўковіч пра шалёных дачнікаў і задумалася. А я які дачнік? Не, «шалёны» ў гэтым кантэксце гучыць як званне, да якога яшчэ даслужыцца трэба. Калі правесці нейкую паралель са званнямі вайсковымі, то гэты будзе, відаць, як палкоўнік, а я недзе яшчэ ў лейтэнантах хаджу. Гэткі дачнік-сузіральнік, як той казаў, куды крывая выведзе.


Не, у мяне ёсць града, і не адна. Ну бо як жа: у адпачынку там сядзець і цыбуліну альбо пучок кропу з горада везці? Усяго патрошку саджу. Але раблю гэта хутчэй у якасці эксперыменту. Зямля ў нас, варта сказаць, зусім не ўрадлівая. Камянецкі раён багаты на каменне ды пясок. Не было выпадку пацікавіцца ў аграномаў, якім балам ацэньваецца глеба ў ваколіцы, але падазраю, што вельмі невысокім. Ёсць культуры, якія тут зусім не растуць. Папярэджвала мяне суседка Ліда, што не варта сеяць радыску, а я не паверыла, правільней сказаць, рашыла праверыць. Некалькі гадоў запар сеяла, але ўраджаю не мела: радыска тая сядзіць, нібы чахне ў зямлі, а потым карані хутка цвярдзеюць, не ўясі. І перцы не выраслі, першыя гады спрабавалі іх садзіць. А вось памідоры, калі пашанцуе, могуць урадзіць. Агуркі бываюць кожны год. Няма сэнсу садзіць многа. Калі стаіць такая во спёка, як цяпер, а бываць там даводзіцца толькі выхаднымі, то ўсё можа перасохнуць. Як суседзі жывуць пастаянна і паліваюць штодня свае агароды, у іх не дзіва, што вырастае.

Так што не раблю трагедыі, калі эксперымент аказваецца няўдалым. Нездарма ж я пачынала сваю працоўную дзейнасць у сельгасаддзеле раённай газеты. Тады давялося многа камунікаваць з аграрыямі, ад іх пачула, што нашы мясціны — гэта зона рызыкоўнага земляробства. Праўда, цяпер непапулярны такі выраз, бо ўсе ківаюць на тэхналогіі, навуковыя дасягненні. Вядома, можна засыпаць палі ўгнаеннямі, заліць гербіцыдамі, зрабіць кропельны паліў. Але ў нас спакон вякоў земляробства ўтрымлівала пэўныя рызыкі, а цяпер і пагатоў, улічваючы агульную экалагічную карціну ды глабальнае пацяпленне. Таму і аддаём свой агародны эксперымент на водкуп прыродзе: як будзе. З падкормкі гэтым разам выкарыстоўвалі толькі настой крапівы.

Летась задумалі з дачкой заняцца клубніцамі, перасадзілі — рассадзілі, палолі некалькі разоў. Але, відаць, не ўгадалі з мясцінай, на сонцы тая града аказалася. Ды і рэгулярны паліў клубніцы любяць, як сказалі дасведчаныя назіральнікі, адным словам, няшмат ягад паспела, хоць цвілі яны вельмі багата. А вось гарох вырас добры, ужо першы раз назбіралі на суп. Дарэчы, аднойчы ў магазіне насення выпадкова ўзяла пакецік бобу. Там было тры зярняткі, пасеялі, вырас, і так нам спадабаліся ў супе гэтыя мясістыя далікатныя бабы, што на наступны год знарок купілі.

З усходжасцю цяперашняга насення ёсць праблемы. Калі мы толькі купілі дом, я цэлую граду астраў перад вокнамі сеяла. Цяпер яны не ўзыходзяць, спрабавала ў гаршку прарошчваць, усё роўна не растуць потым. У многіх знаёмых тая ж карціна. Ці то насенне няякаснае, ці нейкі іншы збой, але мае любімыя астры не растуць, хоць плач. А вось лілеі, якія раней не вельмі любіла, радуюць. Купіла на рынку неяк адну цыбуліну, прадаваў зусім малы хлопчык — падтрымаць тое дзіця захацелася. І вырасла белая лілея. Потым мы з выпадку на базары купілі лілейнае дрэва, экзотыкай падалося, раней такога не бачылі, і яно расце. Вясной хораша цвілі гіяцынты, якія мне падарыла наша шаноўная чытачка Клаўдзія Літвінчук.

Мая суседка праз дарогу, таксама дачніца, Наталля Міхайлаўна вырошчвае толькі кветкі. Яна працуе галоўным бухгалтарам буйнога прадпрыемства, гаворыць, што дом набывала для адпачынку, на сядзібе і без агарода работы хапае. Яна, праўда, не выключае, што агарод яе зацікавіць пасля таго, як выйдзе на пенсію. А на нашай вуліцы ўжо амаль усе з дачнікаў-аматараў за апошняе дзесяцігоддзе перайшлі ў катэгорыю дачнікаў-прафесіяналаў. Прыйшла да такой высновы, калі палола сваю граду ў апошнія майскія выхадныя. Раней на палеткі выходзілі дружна ў суботу, а цяпер, гляджу, а я адна. Бо суседзі, як выглядае, зрабілі ўсё за тыдзень. Яны выйшлі на пенсію, перасяліліся сюды, хто на лета, а хто і назусім. Асобныя развялі нават невялікую гаспадарку, як Зінаіда са Сцяпанам, гадуюць курэй і трусоў. Іншыя прыязджаюць на сезон і старанна апрацоўваюць свае соткі агарода. Вось яны абменьваюцца паміж сабою тэхналогіямі, падкормкамі, насеннем, расадай. У параўнанні з імі мы — сузіральнікі-практыканты. Але, па-першае, цяпер я дакладна ведаю, ці ёсць жыццё на пенсіі. Некаторыя былыя гараджане пасля выхаду на заслужаны адпачынак літаральна знайшлі сябе. Памятаеце імператара Дыяклетыяна: «Калі б вы бачылі, якую я вырасціў капусту...» А па-другое, ад гэтага вясковага дома мы ўсёй сям'ёй атрымліваем задавальненне, ляцім туды кожны вольны дзень. Не ўкладваючы вялікіх сродкаў, нешта перабудоўваем, добраўпарадкоўваем. Робім невялікі рамонт сваімі рукамі. Напрыклад, сын студэнтам другога курса самастойна разабраў даволі вялікую гаспадарчую пабудову, якая стаяла акурат пасярэдзіне двара. І гэта аказалася дарэчы. Цяпер на тым месцы мы разбілі граду. Праўда, у спёку там можа пазасыхаць, во як з клубніцамі атрымалася, а вось вяргіні паабапал растуць добра. Побач вінаград разросся, для яго зрабілі каркас. Некалькі першых гадоў ягады нават не збіралі: кіслы гатунак. Аднойчы выпадкова ў інтэрнэце наткнулася на рэцэпт віна. Рызыкнула, і атрымалася нешта. Цяпер кожную восень робім віно. Хто каштаваў, не ганіць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

У БДУ 82 % залічаных на першы курс набралі 300 балаў і больш.

Калейдаскоп

Склад для дачніка. Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму

Склад для дачніка. Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму

Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму.