Вы тут

Званне «Народны пісьменнік Беларусі» прысвоена Мікалаю Чаргінцу


Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь вядомаму беларускаму празаіку, ганароваму старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі (а ў 2005 — 2022 гг. Мікалай Іванавіч Чаргінец — старшыня СПБ) прысвоена ганаровае званне «Народны пісьменнік Беларусі». 


Фота БелТА

Высокая адзнака — сведчанне таго шырокага грамадскага прызнання, якое за дзесяцігоддзі займелі мастацкія творы аднаго з самых вядомых літаратараў краіны. Прыйшоўшы ў мастацкую літаратуру болей як 50 гадоў назад (а ў Саюз пісьменнікаў Чаргінца прынялі ў 1977-м), Мікалай Іванавіч напісаў і выдаў каля ста раманаў дэтэктыўнага, прыгодніцкага характару. Пісьменніка заўжды хвалявалі і тэмы грамадска-палітычнага, сацыяльнага характару. «А ён не вярнуўся з боя», «Стрэл у мінулае», «За секунду да стрэла», «Крывавыя метры», «Маёр Ветраў», «Уцёкі», «Апошні герой», «Рызыкоўная гульня», «Служба — дні і ночы», «Сыны», «Таямніца Чорных Гор» — вось назвы толькі некаторых твораў беларускага празаіка. Дарэчы, па многіх з іх напісаны сцэнарыі, пастаўлены кінафільмы.

За кнігамі Мікалая Чаргінца, высокую ацэнку якім давалі народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алесь Марціновіч, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук Уладзімір Гніламёдаў, доктар філалагічнгых навук Іван Саверчанка, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Георгій Марчук, іншыя вядомыя літаратуразнаўцы, літаратурныя крытыкі, — жыццёвы вопыт, уражанні, прынесеныя не толькі з назіранняў за тымі ці іншымі сацыяльнымі, грамадскімі з’явамі, але і ўражанні і перажыванні пісьменніка як непасрэднага ўдзельніка многіх падзей. 

Нарадзіўся пісьменнік 17 кастрычніка 1937 года ў Мінску. Маленства правёў у акупіраваным фашыстамі горадзе. На свае вочы бачыў злачынствы гітлераўцаў і іх прыспешнікаў-калабарацыяністаў розных нацыянальнасцей. Мо таму ўжо ў час пісьменніцкай сталасці Мікалай Чаргінец напісаў бліскучы па сіле суперажывання раман «Аперацыя «Кроў»...

Падлеткам Мікалай захапіўся футболам. Спартыўныя дасягненні маладога чалавека надзіва ўражлівыя!.. У 1958 — 1962 гг. Чаргінец гуляў у першынстве Савецкага Саюза па футболу. У класе «А» у сезонах 1958-1959, 1961 гг. правёў 27 матчаў. Працаваў на заводзе. Закончыў Вышэйшую школу трэнераў (1963) і юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Служыў у міліцыі. Прайшоў шлях ад лейтэнанта міліцыі да генерал-лейтэнанта ўнутраных войскаў. Службу нёс у крымінальным вышуку, узначальваў транспартную міліцыю рэспублікі. 

Высокія пасады, якія прайшоў Мікалай Чаргінец у міліцыі, заўсёды былі звязаны з жывой практычнай работай. Дзесяткі спраў, злачынстваў, раскрытых вопытным аператыўнікам, літаральна выратавалі чалавечыя жыцці, аднавілі справядлівасць, прывялі да пакарання злачынцаў. Як аператыўнік высокага гарту ён быў названы лепшым па службе і ў горадзе, і ў рэспубліцы, і ў Савецкім Саюзе!.. Шматабсяжнае мастацкае мышленне пісьменніка дапамагло творцу паставіць розныя надзвычай важныя для грамадства пытанні. І следам яго кнігі дазволілі чытачу ўнікнуць да вырашэння самых сур’ёзных праблем. Дарэчы, тыражы кніг М. Чаргінца, выдадзеных у Мінску, Маскве, іншых гарадах постсавецкай прасторы, у розных краінах свету на рускай, беларускай і іншых мовах, роўныя некалькімі мільёнам экзэмпляраў. Раманы беларускага празаіка перакладзены на беларускую, англійскую, французскую, азербайджанскую, таджыкскую і іншыя мовы народаў свету. 

У 1996 — 2008 гг. Мікалай Іванавіч Чаргінец тройчы абіраўся ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь. Узначальваў Пастаянную камісію Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, а таксама Камісію Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі па пытаннях знешняй палітыкі. У перыяд з 1998 па 2008 гг. — дэлегат Рэспублікі Беларусь у ААН. Аб’ехаўшы дзесяткі краін свету, прыняўшы ўдзел у многіх міжнародных канферэнцыях, сустрэўшыся з вядомымі палітыкамі, кіраўнікамі розных краін, пісьменнік набыў каласальны мастацкі вопыт, здолеў увабраць у сябе розныя меркаванні і думкі. Якраз гэта і з’яўляецца грунтам для многіх твораў, якраз гэта падказвае і надалей раманісту новыя сюжэты, дазваляе арыентавацца і ў тых складаных парадыгмах сусветнай палітыкі, якія і сёння займаюць нашу свядомасць. 

Пісьменніка, палітыка, грамадскага дзеяча даволі часта запрашаюць да ўдзелу ў розных медыйных, аналітычных праектах. Думка, выказаная Мікалаем Іванавічам, прымушае шмат каго задумацца пра рэчаіснасць, паразважаць пра будучыню. 

Асобная частка біяграфіі пісьменніка — яго служба, выкананне інтэрнацыянальнага абавязку ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан (1984 — 1987). Пра той час — у яго раманах «Сыны», «Таямніца Чорных Гор», творах, якія ўжо адразу пасля часопісных публікацый у «Нёмане» выклікалі грамадскі рэзананс, займелі водгукі літаратурна-мастацкіх крытыкаў.

Служба ў міліцыі, удзел у баявых дзеяннях у Афганістане, грамадская і палітычная, творчая дзейнасць пісьменніка адзначаны многімі ўзнагародамі: ордэнам Айчыны III ступені, ордэнам Пашаны, ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам Дружбы (Расійская Федэрацыя), ордэнам Чырвонага Сцяга (Афганістан), ордэнам «За мужнасць» (Афганістан), ордэнам Югаслаўскай зоркі з залатым вянком II ступені, іншымі ўзнагародамі. Мікалай Чаргінец — заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь. 

У 2005 годзе разам з калегамі па творчаму цэху Мікалай Чаргінец стварыў Саюз пісьменнікаў Беларусі, які яму і даверылі ўзначаліць. Займаючы гэту грамадскую пасаду да сакавіка 2022 года, Мікалай Чаргінец паспеў рэалізаваць мноства творчых, грамадскіх інціыятыў, праводзячы ў жыццё дзяржаўную палітыку ў галіне айчыннай культуры, пашыраючы прастору мастацкага слова ў грамадстве. Сёння Мікалай Чаргінец — ганаровы старшыя Саюза пісьменнікаў Беларусі. Узначальвае грамадска-палітычны кансультатыўны савет пры Саюзе пісьменнікаў. Мікалай Іванавіч з’яўляецца і сустаршынёю Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. 

Прысваенне звання «Народны пісьменнік Беларусі» — дастойная дзяржаўная ацэнка мастацкай і грамадзянскай пазіцыі Мікалая Чаргінца. Нагадаем, што, пачынаючы з 1920-х гадоў, у нашай Айчыне склалася цэлая кагорта народных паэтаў і народных пісьменнікаў — Янка Купала, Якуб Колас, Пятрусь Броўка, Міхась Лынькоў, Кандрат Крапіва, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Пімен Панчанка, Іван Мележ, Іван Шамякін, Андрэй Макаёнак, Янка Брыль, Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Іван Навуменка, Іван Чыгрынаў. І народны пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец, яркая асоба ў літаратурным, мастацкім свеце нашай Айчыны, — у гэтым шэрагу. 

Ігнат ПАЎЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Шалі — прыемныя навіны, леў — добрыя справы. Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалі — прыемныя навіны, леў — добрыя справы. Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Авен. Панядзелак прынясе вам рамантычны настрой, хаця трэба працаваць

Калейдаскоп

Што вы ведаеце пра беларускае жніво? «Ураджайны» тэст

Што вы ведаеце пра беларускае жніво? «Ураджайны» тэст

Надышоў жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час.